Лу́піна ’губа’ (докш., Янк. Мат.), ’тоўстая губа’ (міёр., Нар. словатв.). Да лу́па1 (гл.).

Лупі́на ’вонкавая абалонка плода, семя’, ’шкарлупіна ад яйка’, ’высеўкі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Сл. ПЗБ), лупі́нка ’скура льнянога семя’ (Уладз.), лупі́ны ’бульбяныя ачысткі, адходы пасля ачысткі пладоў, семя, караняплодаў’ (ТСБМ, Бес., ТС, Вешт., Сцяшк.), лупі́нне ’шалупіны’ (ТСБМ). Укр. лупи́на, польск. łupina, палаб. lai̯pai̯nə, н.-луж. łupina, lupʼiny, upʼiny, в.-луж. łupizna, łupina, lupina, чэш. lupina, мар. łupina, славац. lupina, славен. lupína, lupinja, серб.-харв. лу̀пина, љу̀пина, лу̏пина, ц.-слав. лупина. Прасл. lupina ’абалонка, покрыва чаго-небудзь: шалупайка, шкарлупіна, лушпіна, кара, луска, ракавінка’ ўтворана ад lupiti > лупі́ць1 (гл.). Такі ж суфікс і ў літ. lupynà ’скурка, лупіна, луска’, ’худы конь’ (Слаўскі, 5, 341). Гл. Liet. term. 182, дзе Грынавяцкене і інш. бел. лексему выводзяць з літ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́шка1, ляшок ’мэндлік, укладка снапоў у полі ў колькасці ад 5 да 13 штук’ (Выг., Шатал., Сцяшк., Сцяшк. Сл.; зах.-палес., ДАБМ, к. 286), ляхэ́ ’тс’ (там жа). Укр. валын. лʼешка ’верхні сноп, якім накрываецца капа (збожжа)’, бран. ляшка. Да лях ’паляк’ (гл.). Спосаб наймення мэндлікаў паводле назваў народнасцей ці людзей, назіраецца на бел. тэрыторыі больш шырока: параўн. віл. (ДАБМ, п. 205) хахлы́ ’укладка з 5–6 снапоў, ба́бка, ба́бкі (паўсюдна), хойн. дзядок (Выгонная, БЛ, 6, 63). Рус. ляшина ’капа сена’ генетычна (у прасл. перыяд) з’яўляецца роднаснай да лях (якое з lęd‑chъ < lędo), аднак у ст.-рус. мове яна развілася асобна: lędо > лядо > лядина > ляшина (аб чаргаванні д//ш гл. Аткупшчыкоў, Из истории, 133).

Ля́шка2 ’сцягно’ (гродз., крыч., КЭС; Гарэц., Касп., Бяльк., Нас.). Да ля́га, ля́жка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́лна, ма́льна, ма́льне ’мала што, малаважна’, ’амаль, трохі, зусім мала’ (Нас., Нар. Гом.), ма́лны ’малы’, малнасць ’малаважнасць’, ’нямнога’ (раг., Нар. Гом.; горацк., КЭС; Нас.). Рус. смал., наўг. ма́лность ’невялікая колькасць’, ма́льный ’няважны, нязначны, дробязны’, серб.-харв. ма̏лан і ма̀лен ’малы, маленькі’. Утворана ад малы і суф. ‑ъn/‑ьn (як касны́ ’касы’). Гом. мальне Казлова (БЛ, 21, 61–62) уключае ў лік бел.-серб.-харв. ізалекс і лічыць яго трансформай прасл. malone. Неімаверна. Значэнне ’чуць не’ не адзінае ў гэтай лексемы (гл. вышэй). Параўн. аналагічна ўтворанае літ. mažnè ’амаль не, трохі’.

Мална́1 ’татарскі мула’ (Шат.), ’той, хто многа гаворыць’ (шальч., воран., трак., Сл. ПЗБ). З літ. malnà ’тс’ < málti ’малоць’ (Грынавяцкене, там жа, 3, 25; Liet. term., 182).

Мална́2 ’бліскавіца’ (ігн., Сл. ПЗБ). Рус. валаг. мо́лня ’тс’. Да маланка1 з маладня (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маца — старажытная мера сыпучых цел, роўная 0,325 вядра, а паводле М. Гарбачэўскага (Словарь древ. акт. яз., 203), = 1 варшаўскаму гарцу, або 3,76 літра; ст.-бел. маца ’мера збожжа’ (1509 г.) запазычана са ст.-польск. maca, якое з с.-в.-ням. mëtze, суч. ням. Metze ’гарнец’ (Булыка, Лекс. запазыч., 153).

Ма́ца ’набітая конскім воласам скураная падушачка, якая ўжывалася друкарамі для набівання набору фарбай’ (ТСБМ). З рус. ма́ца ’валік для фарбы’, якое з італ. mazzo ’дубінка, дручок’ (Мацэнаўэр, Cizí sl., 247; Фасмер, 2, 585).

Маца́ ’тонкія сухія праснакі з пшанічнай мукі, якія (паводле яўрэйскага абраду) выпякаліся да вялікадня’ (ТСБМ, Нас.). З ідыш maze, якое са ст.-яўр. maṣṣā ’праснак’ (Вінер, ЖСт, 1895, 1, 64; Карскі, Труды, 173; Фасмер, 2, 585). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 153) і Кюнэ (74), запазычана з польск. maca ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́чаха, ма́чыха, ма́ччыха, ма́чоха, ма́чэха, ма́чуха ’няродная маці’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Бес.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.). Укр. мачоха, рус. ма́чеха, ма́чиха, ст.-рус. мачеха, мачиха, мащеха; польск., луж. macocha, каш. macecha, чэш. macecha, macocha, славац. macocha, славен. máčeha, серб.-харв. ма̏ћеха, ма̏ћаха, ма̏ћуха, макед. маштеа, маќеа, маќева, балг. ма́штеха, маштиха. Прасл. matjexa, якое з mati, утворана пры дапамозе экспрэсіўных суфіксаў ‑exa, ‑oxa, ‑uxa, ‑ixa (Фасмер, 2, 586; Бязлай, 2, 159). Аднак Зомер (IF, 11, 54) мяркуе, што зыходнай формай будзе параўнальная ступень лексемы māter‑*matrjesī. Бел. мачоха ’мачаха’ (Кліх, Маш.) мае націск на ‑о‑ пад уплывам польск. мовы. Сюды ж драг. ма́чоха ’трама’ (Нар. сл.), малар. ’самая тоўстая лёстка ў драбіне воза’ (Нар. словатв.) і ма́чоха, ма́чуха ’папярочны край берда’ (Уладз.), паўд.-гом. ма́тчыха, ма́чуха ’тс’ (ЛАПП).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галда́ ’галас’ (Сцяшк. МГ, Шат.), галда́ць ’невыразна гаварыць’ (Шат.). Дакладныя адпаведнікі ў рус. мове. Параўн. рус. га́лда́ ’крык, голасныя размовы, лаянка; крыклівы чалавек’, галде́ть ’крычаць, лаяцца, лаяць каго н.; гаварыць, размаўляць; зваць каго-н.; лодарнічаць’, га́лдить (аналагічныя значэнні) і да т. п. Этымалогія не вельмі ясная. Паводле Фасмера, звязана з польск. gałda ’шум, гвалт’ і далей праз *galъda з германскімі формамі (гоц. goljan ’вітаць’, ням. gellen ’голасна гучаць, крычаць’). Падрабязна Брукнер, 48, 209 (гл. яшчэ Брукнер, 140: пад giełda). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 14 (які лічыць першапачатковай формай у рус. мове окаючыя го́лда́ і да т. п.). Усё ж такі канчатковай этымалогіі яшчэ няма (мяркуемая суфіксацыя ‑d‑ не можа быць бясспрэчнай). Бел. дзеяслоў галда́ць не мае адпаведнасці ў рус. мове, дзе прадстаўлены толькі марфалагічныя тыпы галде́ть, галди́ть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гамані́ць ’гаварыць, нагаворваць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Сцяшк.). Рус. гомони́ть ’крычаць, шумець’, укр. гомоні́ти. Параўн. далей польск. gomonić się ’сварыцца; быць не ў ладах’, славац. homoniť ’шумець, крычаць’. Слав. дзеясловы лічацца вытворнымі ад *gomonъ (зах.-слав. і ўсх.-слав. словы); параўн. бел. го́ман ’размова, шум, крык’, укр. го́мін, славац. дыял. homon, польск. gomon і г. д. Сама лексема *gomonъ, паводле Слаўскага (1, 315–316), знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі з усх.-слав. *gomъ: *gamъ ’галас, шум’ (параўн. гам ’крык, шум’). Меркаванні аб далейшых сувязях гэтага этымалагічнага гнязда гл. у Слаўскага (там жа). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 436; Шанскі, 1, Г, 125–126. Да гэтага сямейства слоў адносіцца і гамана́ (Сцяшк. МГ) (адносна словаўтварэння гэтага апошняга параўн. гавара́ ’гутарка, гаварэнне, мова’), далей гамо́нка ’пагалоска’ (БРС), ’размова’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ганча́рка1 ’анучка, якой бяруць з печы гаршкі’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. паўд. ганчи́рка ’тс’, гончи́рка, гончу́рка, гонча́рка (гл. СРНГ, 6, 136; 7, 13). Даль прыводзіць (пад ганчи́рка) і форму гарнчи́рка, але няправільна параўноўвае з гарнец ’гаршчок’. Укр. ганчі́рка. Этымалогія слова спрэчная. Можна звязаць гэта слова з бел. ганча́р, укр. ганча́р, гонча́рГрынч.: ганча́рь, гонча́рь), рус. гонча́р (ст.-рус. гърньчаръ, горъчарь), што добра звязваецца і семантычна. Наўрад ці можна прыняць этымалогію Цімчанкі, 1, 508: магчыма, гэта запазычанне з ням. Handscheure. Для такой версіі няма ніякіх падстаў. Няясна, якая матывацыя ў слова ганча́рка (гынча́ркаБяльк.) ’гатунак махоркі’, якое, бясспрэчна, уваходзіць у сямейства лексем ганча́р, ганча́рка.

Ганча́рка2 ’гатунак махоркі’ (Бяльк.). Няяснае слова. Відаць, звязана з ганчар, ганчарка1 (гл.), але матывацыя застаецца незразумелай (няма дадатковых даных аб самой рэаліі і яе гісторыі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ду́ма1 ’дума, думка’, ду́маць, таксама дума́ ’думка’ (Нас., Касп., Шат.). Лексемы *duma, *dumati вядомы амаль ва ўсіх слав. мовах (акрамя чэш. і славац., дзе dumati, dumať запазычаны з польск.). Семантыка іх розная (’думаць’, ’памятаць’, ’гаварыць’, ’меркаваць’ і г. д.); падрабязны агляд форм, значэння гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 154–156. Найбольш абгрунтаванай этымалагічнай версіяй (агляд версій у Трубачова, там жа) з’яўляецца дапушчэнне сувязі *duma, *dumati з *dъmǫ, *dǫti ’дуць’ (адсюль і шматлікасць семантыкі адпаведных слоў у слав. мовах). Параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. взаим., 82–84. Ад *dumati ўтвораны бел. ду́мка, укр. ду́мка.

Ду́ма2 ’ганарыстасць, пыха’ (Нас.). Запазычанне з польск. duma ’тс’, якое звычайна лічыцца герм. па паходжанню. Гл. Слаўскі, 1, 179; Брукнер, 103. Параўн. і ду́мны ’горды, ганарысты’ (гл.). Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 154–156.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўла́ць ’крычаць’ (Мат. Гом.), жаўні́ць ’паўтараць адно і тое’ (Касп.), жаўрі͡ети ’размаўляць, жартаваць’ (Бес.). Рус. перм., ярасл. жа́вля́ть ’жаваць, чаўкаць’, валаг. желва́чить бурчаць, лаяцца, прасіць’, наўг., алан., тамб., смал., валаг. желнить ’ціха, доўга гаварыць’, балг. дыял. жавре се, жевря се ’крыўляцца пры гаварэнні’, джевря(м) се ’скардзіцца’, чэш. želovati. У бел. гаворках прадстаўлены тры тыпы падаўжэння (‑l‑, ‑n‑, ‑r‑) і.-е. кораня *gōu‑, *gou̯‑, *gū‑ ’крычаць, клікаць’, адлюстраванага ў говар, гаварыць, гутарыць (гл.); пры чаргаванні галоснага ое вынікаюць формы тыпу *geur‑, *geuər‑, адкуль журыцца (гл.), жаўрэць, а з іншымі падаўжэннямі жаўлаць, жаўніць. Параўн. яшчэ гом. жаўна ’крыклівае дзіця’. Гл. жаўна. Краўчук, Зб. Крапіве, 195–196; Супрун, Бюлетин за съпост. изследв., 1976, 5, 76. Іначай, як гукапераймальнае, тлумачыць балг. формы БЕР (t, 529), што мала верагодна, калі мець на ўвазе не ўлічаныя там паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)