Пост ’устрыманне ад скаромнай ежы’, ’перыяд устрымання’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’сама посная страва’ (Шат.). Параўн. укр. піст, рус. пост, польск. post, н.-луж. spót, в.-луж. póst, чэш. půst, славац. pôst, славен. pòst, серб. по̂ст, макед. пост, балг. пост, ст.-слав. постъ. Сюды ж по́снікаць, по́снікаваць, постува́ць ’тс’ (калін. Мат. Гом., ТС), по́стуваць, по́ставаць ’пасціць, пасціцца’ (Бяльк., Нас., Мат. Гом., Байк. і Некр., Ласт.), по́сціць ’тс’ (светлаг., хойн., Мат. Гом.), постава́нне ’нястачы’ (Юрч. СНЛ), по́стываць ’цярпець нястачы’ (Юрч. Вытв.), по́сны, пасны́ ’без мяса і малака; нятлусты’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. Брэс.; воран., Сл. ПЗБ), ’цвярозы’ (карм., Мат. Гом.), ’худы’ (Ян.), ’неўрадлівы (пра глебу)’ (в.-дзвін., Сл. ПЗБ), по́сніна, по́сніца, пасната́ ’посная ежа’ (Шат., Касп.; брасл., Сл. ПЗБ; добр., Мат. Гом.). Старажытнае агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. fasto ’пост’ (Міклашыч, 260; Фасмер, 3, 340–341; Шустар-Шэўц, 2, 1139), паводле іншых, *postъ < *postiti sę ’пасціцца’ < гоц. fastan або ст.-в.-ням. fasten ’тс’ (Махэк₂, 500–501), параўн. ням. fest ’стойкі, трывалы, трывушчы’. Банькоўскі (2, 716) следам за Ліндэ выводзіў з грэч. άπαστος ’галодны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пот1 ’вадкасць, вылучаемая падскурнымі залозамі’, ’вільготны налёт на прадметах’ (ТСБМ: пух., бяроз., КЭС; драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.; Сл. ПЗБ, Ян., ТС, Бяльк.), ст.-бел. пот (Сл. Скар.), сюды ж путкі ’потны’ (Нас., Касп., Байк. і Некр.). Параўн. укр. піт, рус. пот, польск. pot, в.-луж. pót, чэш. pot, славац. pot, славен. pȏt, серб. по̏т, харв. pôt, балг. пот, макед. пот, ст.-слав. потъ ’тс’. Няма адпаведнікаў у балтыйскіх мовах. Агульнапрынятая этымалогія (Міклашыч, 260; Махэк₂, 474; Скок, 3, 17; Фасмер, 3, 343; Голуб-Копечны, 288; Шустар-Шэўц, 2, 1141; Бязлай, 3, 94) ад *pok‑/*pek‑ (што звязана з пячы, гл.) > *pok‑tъ (дзе ‑іь‑ — суфікс, як у мост, молат і пад.) > *potъ. Даслоўна азначае ’выпек’, ’вынік перагрэву’. Семантычна блізкія н.-луж. znoj ’пот’, ст.-слав. варъ/вара ’тс’.

Пот2 ’воск’ (Анох.). Звязана з уяўленнем пра тое, што воск так выдзяляецца ў пчол, як пот з цела чалавека: пчолы воск поцяць. Гл. пот1.

Пот3 ’рыжы, непрыдатны асадак у дзёгці’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, да под ’ніз’ (гл.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прамы́ ’роўны, выцягнуты ў якім-небудзь напрамку, без выгібаў, некрывы; непасрэдны, без прамежкавых ступеней’; ’шчыры, праўдзівы, прынцыповы’ (ТСБМ). Рус. прямой, укр. прямій, ст.-рус. прямъ ’прамы, правільны; справядлівы, просты’, чэш. přímý ’прамы’, славац. priamy ’тс’, славен. prẹ̑m ’прамы’, ст.-слав. прѣмь ’прамы, правільны’; сюды ж польск. uprzejmy ’ветлівы, шчыры’ (< ’прамы, правільны’), серб.-харв. према ’насупраць’, прама, прам ’насупраць’. З прычыны наяўнасці ў корані галосных a і e прасл. форма вызначалася па-рознаму: або як *pręmъ (Зубаты, AfslPh 15, 496 і наст.), або як *prěmъ (Голуб-Копечны, 301). Фасмер (3, 395) абедзве рэканструкцыі лічыць спрэчнымі і дапускае кантамінацыю *prēmos і *prōmos (*pramъ). Славянскія словы роднасныя грэч. πρόμος ’пярэдні, той, хто стаіць на чале’, з інш. вакалізмам: πράμος ’тс’, окс. promom ’першы’, ст.-ісл. framr ’добры, смелы, прыдатны’, ст.-в.-ням. fruma ’карысць, выгада’ і інш. Гл. таксама Махэк₂, 493; Скок, 3, 33–35. У беларускай мове магло захавацца толькі на ўсходзе тэрыторыі, паколькі ў сучаснай літаратурнай мове ўспрымаецца як русізм (Станкевіч, Зб. тв., 1, 32; Пацюпа, Гармонія, 25). Тое ж адносна славенскай сцвярджае Сной₂ (566).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́ўда, проўда ’ісціна, адпаведнасць рэчаіснасці’, ’правільнасць’, ’справядлівасць’, ’на самай справе, сапраўды’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ’няўжо’ (паст., Сл. ПЗБ), ’так, але, дакладна’ (ТС), ст.-бел. ’права’: ни грабили товара силою без правды (Станкевіч, 1, 369). Рус., укр. пра́вда, ст.-рус. правьда, польск., в.-луж. prawda, н.-луж. pšawda, чэш., славац. pravda ’праўда’, серб.-харв. пра̑вда ’праўда; судовая справа’, славен. právda ’закон; палажэнне; судовая справа’, балг. пра́вда ’праўда’, ’пагалоўе скаціны’, макед. пра́вда ’праўда, справядлівасць’, ст.-слав. прдвьда ’тс’. Прасл. *pravьda (Слаўскі, SP, 1, 63) разглядаецца як іменны дэрыват ад *pravъ (гл. правы) (Фасмер, 3, 352; Махэк₂, 481; Шустар-Шэўц, 2, 1152; Мартынаў, Этимология–1968, 248; Скок, 3, 26; Сной₂, 559), аналагічны да крыўда (гл.), насуперак Трубачову (Этногенез₂, 222–223), які на падставе словаўтваральнай сувязі суфікса ‑ьda з дзеяслоўнымі ўтварэннямі на ‑itі‑ выводзіць гэтыя назоўнікі ад *kriviti і *praviti (гл. правіць) з семантыкай ’правеж, катаванне’. Сюды ж дэрываты: праўдзі́вы ’справядлівы, шчыры’ (Нас., ТС), про́ўдзіць ’гаварыць праўду’ (Шат.), пра́ўдзіць ’збывацца’ (Сл. ПЗБ). Але праўдзівы ў значэнні ’сапраўдны, нефальшывы’ — з польск. prawdziwy. Параўн. правдзівы грыб, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Млець ’траціць прытомнасць, свядомасць’, ’абміраць’, ’слабнуць, нямець’, ’вянуць’, ’баяцца’, ’доўга парыцца ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Шат., Гарэц., Растарг., ТС; тураў., КЭС; КЭС, лаг.; смарг., Сл. ПЗБ). Укр. млі́ти, рус. млеть, ст.-рус. мьдлити, польск. mdleć, чэш. omdlíti, ст.-чэш. mdléti, славац. mdlieť, славен. medléti, medȅl, medlȇn ’слабы, худы’, харв. mlȇdan ’худы’, ст.-ц.-слав. мъдлъ. Не зусім яснае слова. Паводле Скока (2, 442), харв.-славен. прыметнікі — самастойныя ўтварэнні з blijed ’бледны, цьмяны’. Бязлай (2, 175) супастаўляе славен. medléti з рус. модеть ’слабець’ (гл. бел. мадзе́ць) і з медленный (як Бернекер, 2, 64 і Фасмер, 2, 632), але і з літ. maũsti ’ныць, сумаваць, быць прыгнечаным’, выводзячы прасл. форму mъdъlъ — другую ступень рэдукцыі да muditi, аднак дапускаючы таксама і кантамінацыю розных блізкіх лексем: maleti, mleti, mlahav. Махэк₂ (356–357) апрача рус. медлить дадае яшчэ меледа́ ’прамаруджванне’, выводзячы прасл. форму mьdъ, а паводле меледи́тьmeld‑. Сюды ж бел. мля́вы ’пазбаўлены бадзёрасці, вялы, слабы, стомлены, павольны’ (ТСБМ) < мляўкі ’тс’, ’парны, гарачы, які даводзіць да млявасці’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Мат. Маг.; КЭС, лаг.), млевота ’стомленасць’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Молат1, мо́лот ’вялікі цяжкі малаток’, молото́к, малаток, мылаток ’тс’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Шат., Бяльк., Тарн.; Сл. ПЗБ, ТС; драг., Жыв. сл.; нясв., Нар. словатв.). Укр. молот ’тс’, валынск. ’даўбешка’, рус. молот(ок), польск. młot, чэш., славац. mlat, славен. mlȃt, серб.-харв. мла̑т, балг. млат, ст.-слав. млатъ; прасл. moltъ з’яўляецца іт. пранікненнем (maltos) на зах.-балт. моўную перыферыю (Мартынаў, Балто-слав.-ит. изогл., Мн., 1978, 28). Блізкай да гэтай версія Нідэрмана (IF, 15, 109) — лац. malleus (< maltens) і Махэка₂ (368). Іншыя (гл. Фасмер, 2, 647) — малаімаверныя.

Молат2 ’мука са змешанага збожжа’ (Нас.), беш. мо́лът ’асадак з вадкасці’ (Нар. сл.), молата ’сусла, піўная гушча’ (Грыг.). Укр. молот ’солад’, ’жамерыны’, рус. валаг. молодь ’пена на маладым піве, квасе’, польск. młoto, młóto, młota ’солад, які выходзіць пры прыгатаванні піва’, чэш., славац. mláto ’адыходы пры гатаванні піва’, славен. mláto, mláta ’тс’, серб.-харв. мла̏та ’стоўчанае і згатаванае зерне для варэння піва’. Прасл. molto (якое з mel‑ti > малоць), запазычанае з прагерм. у выглядзе malta (Мартынаў, Лекс. взаим., 126–128; Уленбек, РВВ, 20, 40; Бернекер, 2, 73 насуперак Міклашычу, 200, Мацэнаўэру, CS, 255; Траўтман, Altpreuß., 400).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мора, мо́рэ ’частка акіяна, вялікая прастора вады’, ’вялікая колькасць’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк., Бес., ТС), стол. ’заліты вадою луг’ (Нар. лекс.). Укр. море, рус. море ’мора’, ’возера’, польск. morze, н.-, в.-луж. mor jo, чэш. moře, славац. more, славен. morjȇ, серб.-харв. мо̏рје, макед. море, балг. море́, ст.-слав. море. Прасл. morje ’мора’. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãrios, mãrės ’Куршскі заліў’, жамайцк. ’мора’, ’Балтыйскае мора’, ст.-прус. mary, лат. mare, mara ’заліў’, гоц. marei ’мора’, ірл. muir, лац. mare ’тс’, з іншай ступенню чаргавання: ст.-в.-ням. muor ’лужына, балота’, ст.-фрыз. mâr ’роў, ставок’, англ. marsh, новав.-ням. Marsch ’забалочаная нізіна’, хецк. ma(r)‑marra ’балота’ (Фасмер, 2, 654–655 з л-рай). І.‑е. *mari ’мора, стаячая вада’, якое на слав. глебе пашырылася суфіксам ‑o‑, як ezero, pleso (Махэк₂, 374). Шпэхт (Dekl., 119) выводзіць і.-е. праформу *mor‑(u)‑ ’цёмны колер’, параўн. ст.-грэч. μόρυχοσ ’брудны, цемнаваты, змрочны’, каўказск. mere, merede, merevi ’вада, глыбіня, возера’, манг. mörö ’вялікая рака’ (Скок, 2, 456; Бязлай, 2, 195; Гамкрэлідзэ–Іваноў, 672–3, 943).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мя́ккі, мя́кі, мякі́, мʼя́ккі, мя́ккій ’няцвёрды, няжорсткі’, ’тонкі, шаўкавісты, эластычны’, ’далікатны’, ’падатлівы на апрацоўку’, ’прыемны для ўспрымання’, ’свежы’, ’не зусім выразны’, ’хісткі’, ’нястрогі’, ’лёгкі’, ’цёплы’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Грыг., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; віл., Нар. сл.), ст.-бел. мяккий ’гнуткі, не цвёрды’, ’лянівы’, ’бесклапотны’, ’ілжывы, здрадлівы’ (Булахаў, Гіст., 128). Укр. мʼягки́й, рус. мя́гкий, мя́гок, польск. miękki, палаб. mąkė, mątkė, н.-луж. měki, в.-луж. mjehki, чэш. měkký, славац. mäkký, славен. méhek, mékek, mehak, серб.-харв. мѐк, макед. мек, мекан, балг. мек, ст.-слав. мѧкъкъ. Прасл. mękъ(kъ), да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. minkyti ’мяць, мясіць’, mìnkštas ’мяккі’, лат. mîksts, mĩkus ’тс’, mîkt ’размягчацца’, mîcît ’мяць’, ст.-інд. mácaté ’раздрабляе’, ст.-грэч. μάσσω ’мяшу’, алб. mekë ’слабы’. Да і.-е. *men(ə)k‑ ’мяць, драбіць’. Іншая ступень чаргавання асновы — му́ка, мука́ (гл.) (Бернекер, 2, 42–43; Траўтман, 184; Буга, Rinkt, 1, 463; Мее, Études, 326; Брукнер, 327; Фасмер, 3, 28; Скок, 2, 400–402; Бязлай, 2, 176; БЕР, 3, 719–720). Паводле Махэка₂ (358), прасл. mękъkъ утворана ад ужо не існуючага дзеяслова męk‑ati, męką (як славац. šibký ад šibati).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мярэжа, мерэжа, мярэжка ’ажурны ўзор, празрыстая вышыўка на тым месцы, дзе з тканіны выцягнуты ніткі’ (ТСБМ, Гарэц., Растарг., Мат. Гом., ТС); мярэжа, мярэжына, мерожа, мерэжа, мірэжа, мірожа, мярожа, мірожы ’рыбалоўная снасць з двума заходамі, нацягнутымі на абручы і злучанымі сценкай’ (ТСБМ, Крыв., Др.-Падб., Касп.; полац., З нар. сл.), ’сетка, конусападобна нацягнутая на палкі’ (Сл. ПЗБ; паўн.-усх., КЭС), іўеў. ’нерат з крыламі’ (Сцяшк. Сл.), ’лавушка, падобная да аднакрылага венцера’ (Паазер’е, Браім, 67), мерожа ’лазяны самалоў-пастка’ (Крывіцкі, Зб. Крапіве). Укр. мере́жа, рус. мерёжа, ст.-польск. mrzeża, каш. mřeža, чэш. mříže, ст.-чэш. mřiežě, славац. mreža, славен. mréža, серб.-харв. мре̏жа, макед., балг. мрежа, ст.-слав. мрѣжа. Прасл. mergi̯a (> merža ’рыбалоўная сеткай ’агароджа’), роднаснымі да якога з’яўляюцца лат. meȓga, maȓga ’парэнчы, рашотка, галерэя’, ’плот’, ’хор у царкве’, літ. márška ’невялікая рыбалоўная сетка’, marškiniaĩ ’кашуля’, ст.-грэч. βρόχος (< *μρόχος) ’сіло, вяроўка, пятля’, ірл. braig (< *mragi‑) ’ланцуг’, braga (< *mragant‑) ’вязень’ (Бернекер, 2, 38; Траўтман, 182; Мюленбах-Эндзелін, 2, 563; Фартунатаў, AfslPh, 4, 580; Фасмер, 2, 601; Бязлай, 2, 201). Сюды ж мерэжыць ’мярэжыць’, ’імжэць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мя́са, мя́со, мʼя́со, мʼя́са, мне́со ’туша ці частка тушы забітых жывёл або птушак’, ’мышцы цела рыб’, ’мышца’, ’мякаць, мяздра пладоў і ягад’ (ТСБМ, Яруш., Жд. 1, Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; зэльв., Жыв. сл.; в.-дзв., Шатал.), мʼя́со ’слёзная залозка ў воку’ (Дразд.). Укр. мʼясо, мнясо, рус. мясо, польск. mięso, каш. mjąso, палаб. mąsi < męsьje, н.-луж. měso, в.-луж. mjaso, чэш. maso, славац. mäso, славен. mesȏ, серб.-харв. ме̑со, макед. месо́, балг. месо́, ст.-слав. мѧсо ’мяса’. Прасл. męso роднаснае да ст.-прус. mensā (або без устаўнога ‑n‑: літ. mėsà, meisa, лат. misa, mięsa, ст.-інд. māṁsám, máms, māḥ, алб. mish, арм. mis ’тс’, тахар. B misa. І.‑е. mē(m)so‑ (Бернекер, 2, 43–44; Траўтман, 178–179; Фрэнкель, 427–428; Покарны, 725; Фасмер, 3, 30–31; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 759). Сюды ж мясае́д, мясае́дніца ’перыяд ад каляд да масленіцы, калі дазваляецца (паводле законаў праваслаўнай царквы) есці мяса’ (ТС, Яруш., Сл. ПЗБ; шчуч., Сцяшк. Сл.) — параўн. серб.-харв. месојеђе, ст.-славен. mesojeja, мясі́ва ’мясная страва’ (Нас.), мясюга ’мяса добрай якасці’ (капыл., Жыв. сл.), меся́ны ’мясісты’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)