Напа́сць ’несправядлівае абвінавачванне, паклёп’ (Нас., Яруш.), ’нагавор, паклёп’, ’гора, бяда’ (Гарэц.), ’дарэмшчына’ (робіць як за напасць), ’нагавор, паклёп’, ’бяда, гора’ (ТС), напась ’выдумка, памылковае непраўдзівае абвінавачванне, нападкі’ (бялын., Янк. Мат.), напа́сць (napáść) ’бяда, гора’ (рагач., будакаш., Мат. Гом., Пятк.); сюды ж напа́слівы ’які ўзводзіць на іншых паклёп, ставіць іх пад падазрэнне’, напа́сны ’небяспечны’, напа́ставаць ’несправядліва узводзіць на каго-небудзь віну, паклёп; паклёпнічаць’ (Нас.), напаснык (< напастник) ’чалавек, які прыносіць бяду, няшчасце’ (Булг.); рус. напасть ’няшчасце, бяда’, ’нагавор’, ’прынясенне’, ’нечаканае шчасце, удача’, укр. ’прычэпка’, ’бяда, няшчасце’, ’штраф’, ’паклёп’, польск. napaść ’напад, прычэпка’, ’прымус’, ’бяда, няшчасце’, ’хвароба коней і інш.’, чэш. nápast ’няшчасце’, ’прынада; западня’, ст.-чэш. ’цяжкасць’, ’жах’, славен. napâst ’нападзенне’, серб.-харв. на́паст ’няшчасце, бяда, напасць’, балг. напа́ст ’напасць, бяда, няшчасце’, макед. напаст ’тс’, ст.-слав. напасть ’спакуса’, ’нападкі’, ’няшчасце’. Шырокая семантыка сведчыць, што гэта хутчэй за ўсё самастойнае для кожнай славянскай мовы, аднак дастаткова старажытнае ўтварэнне ад дзеясловаў тыпу напа́сць, напада́ць, што маюць вялікі спектр значэнняў: ’напасці, наляцець’, ’наваліцца’, ’апанаваць’, ’раптоўна з’явіцца’, ’прыгнятаць’ і інш. (Махэк₂, 389; Фасмер, 3, 43).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)