Бу́сяць ’цалаваць’ (Касп.), бу́сіць ’тс’ (Гарэц., Нас.), бусява́цца ’цалавацца’ (Сцяшк. МГ); бу́ся, бу́сі ’пацалуначкі’ (дзіцячае; Шат., Гарэц., Нас., Бесар.), бу́ські (даць буські) ’пацалаваць (дзіця)’ (Сцяц.), бу́ськы ’пацалунак’ (Клім.), бу́ські, бу́сенькі ’тс’ (Бяльк., Касп., Нас.). Укр. бу́зя ’рот, твар’, да́ти бу́зі ’пацалаваць’. Параўн. далей польск. buzia ’роцік; пацалунчык’, балг. бу́за ’шчака’, рум. buză ’губа’, алб. buzë ’тс’, лац. bucca ’рот’, ням. Buß ’пацалунак’, bussen ’цалаваць’, літ. bučiúoti ’цалаваць’, bùč, bùčiu (выклічнік) і г. д. Лічыцца гукапераймальным словам, вядомым (у розных фанетычных варыянтах) у многіх мовах. Гл. Слаўскі, 1, 52; Коржынэк, Studie, 194; Фрэнкель, ZfslPh, 13, 234; Фрэнкель, 61. Але Рудніцкі (242) думае пра памяншальнае ўтварэнне ад губа́: губа́ > губу́ся > бу́ся > бу́зя. Кюнэ (Poln., 47) мяркуе, што бел. слова запазычана з польск. buzia.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Біць. Рус. бить, укр. би́ти, ст.-рус., ст.-слав. бити, польск. bić, чэш. bíti, балг. би́я, серб.-харв. би̏ти і г. д. Прасл. biti bii̯ǫ. Корань дыфтангічны *bhei̯‑. Параўн. грэч. φιτρός ’ствол дрэва, кол, калода’, ст.-в.-ням. bīhal ’сякера’ (ням. Beil), ірл. benim (*bnināmi) рэжу, б’ю і г. д.’ Бернекер, 117; Траўтман, 33; Фасмер, 1, 169; Слаўскі, 1, 31. Махэк₂ (54–55) рэканструюе biti bьjǫ. Ад слав. biti ўтворана шмат розных вытворных: bi‑dlo (параўн. бел. бі́ла ’спінка ложка; язык у звоне і г. д.’, бі́ліцы ’набіліцы’), bi‑čь ’біч’, bi‑tva ’бітва’; асабліва многа форм ад *bi‑t‑ (біта́; бітка ’падбітае яйцо; снапы, раскладзеныя на таку для малацьбы; ахапак сухога лёну; вялікая суконная хустка’ < ’бітая хустка’; біту́к ’коўдра, палавік’; біту́н ’задзірысты чалавек’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вало́га1 ’поліўка з малака або канаплянага семя’ (КЭС, Вешт.); ’заправа, прыгатаваная з канаплянага семя’ (Лекс. Палесся); ’масла, усё скаромнае’ (віц.), валіга ’рэдкі жыр’ (Касп.). Паўн.-рус. волога ’скаромная вадкая страва; масла, малочныя прадукты: сыр, смятана, тварог і інш.’, укр. волога ’вільгаць’. Усходнеславянская семантычная інавацыя’ < прасл. *volga ’вільгаць’ (Вештарт, Бел.-рус. ізал., 16; Фасмер, 1, 340; Скок, 3, 606).

Вало́га2 ’барана’ (КСТ). Магчыма, валога < валока (ад валачыць). Параўн. у фанетычным плане валошка і валожка ’Centaurea cyanus L.’ Параўн., аднак, укр. воложити ’палоць, трапаць’.

Вало́га3 ’дрыгва’ (Шатал.). Роднаснае з вільгаць, рус. влага, ц.-слав. влага, укр. волога ’вільгаць’. Да агульнаславянскага *volga, якое адлюстравана ва ўсіх славянскіх мовах са значэннямі ’вільгаць, вада, вадкасць, масла, жыр’ і інш. (Рудніцкі, 1, 467). Параўн. валака́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ванта́жыцца ’сур’ёзна, не на жарт бароцца’ (Мядзв.). Можна вылучыць некалькі версій, звязваемых з рознымі значэннямі гэтага слова. Рус. вантажиться, вантажничать ’адводзіць шмат часу заляцанням’ (адкуль вальтажиться ’тс’), укр. вантаж ’карысць, выгада’ да франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ (Фасмер, 1, 270); параўн. польск. (у сярэднія вякі) awantaż ’даход, набытак’. Укр. вантаж, вантага ’груз’, вантажити ’грузіць’. Рудніцкі (1, 309) услед за Шавялёвым (ZfslPh, 23, 146–167) выводзіць з ватага, тлумачачы ‑н‑ як аргатычны інфікс; параўн. рус. ватажаться ’вадзіцца’ (Дабр., 53). Гэту версію аспрэчвае Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 130), які схіляецца да думкі, што зыходным значэннем укр. вантажити было ’звязваць, абмотваць, загортваць’, вантажити да вантух ’вялікі мех, грубае палатно для запакоўкі’. З апошняй версіі і трэба, відаць, выводзіць бел. вантажыцца з развіццём значэння ’звязвацца > вазіцца > бароцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́раск ’крык, верашчанне’ (БРС, Нас.). Рус. ве́реск, укр. ве́реск, польск. wrzask, чэш. vřesk, балг. врясък, серб. ври̑сак і г. д. Прасл. *verskъ ’вераск, верашчанне’. Сюды ж *verščati ’верашчаць’ (< *verskēti): ст.-рус. верещати, бел. верашча́ць, укр. вереща́ти, рус. вереща́ть, польск. wrzeszczeć, чэш. vřeštěti, ст.-слав. врѣштати, балг. врещя́, серб. ври́штати і г. д.; таксама *verskati, *versknǫti: ст.-рус. верескати, укр. вере́снути, чэш. vřiskati, балг. вря́скам і г. д. Роднасныя: літ. verkšlénti ’злавацца, плачучы’, verkšnóti ’плакаць’ (*versk‑), ver̃kti ’тс’, лат. varkšêt ’квакаць’ (*varsk‑). Магчыма, слав. *versk‑ з *verk‑sk‑ (тады першапачатковую форму мы маем у літ. ver̃k‑ti). Словы гукапераймальнага паходжання. Сюды ж і слав. *vъrčati, *vъrkati (параўн. укр. ворча́ти, рус. ворча́ть, чэш. vrčeti, vrkati і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 296–297, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адлё́т ’лоўкі, смелы’ (Бір. дыс., КТС), адлётны: отлетный (конь) ’выдатны, цудоўны’ (Нас.) поўнасцю ідэнтычныя з рус. залёт, залётный (у тым ліку залётные кони) (аб рускіх формах гл. Кошалёў, БЕ, 1964, 11, 76). Прыпадабненне да лёт, лётаць. Гэта відаць з параўнання польск. zaloty, zalotny ’заляцанні, залётнік’, семантычна тоесных zalety, zaletny. Брукнер (644) характарызуе першы тып форм як «памылковы». Чэш. zálety, славац. zálety ’заляцанні’ разам з іх польскімі адпаведнікамі ўзыходзяць да польск. zalecać się ’зарэкамендаваць сябе’, славац. zaliečat sa ’імкнуцца спадабацца’. Цікава супаставіць з гэтымі формамі больш далёкія па сэнсу бел. залеціць ’запэўніваць, пераконваць’ (гл.) і славен. zalecati ’ацэньваць, жадаць’ (Безлай, SR, 12, 225–226, Слаўскі, 4, 96). Усе гэтыя словы ўзводзяцца да прасл. lětь ’свабода, мажлівасць, магчымасць’, гл. лець ’можна’ і паралелі да яго (Мартынаў, SlW, 64).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аргуме́нт ’довад’ (БРС). Рус., укр. аргумент, польск. (з XVI ст.) argument. Ст.-бел. аркгументъ (XVII ст. — Гіст. мовы, 1, 298; Гіст. лекс., 108), ст.-укр. аргументъ (канец XVI ст.) з лацінскай, магчыма, праз польскую, як і рускае, зафіксаванае ў мове Курбскага ў XVI ст. (Шанскі, 1, А, 137) з націскам на другім складзе. Націск на апошнім складзе ў беларускай мове ў выніку ўздзеяння рускай мовы ці формы множнага ліку польскай (argumenty) замацаваўся ўжо ў XIX ст. (Нас.); Насовіч прыводзіць і бытавое значэнне аргументы ’хабар’, што дае падставы меркаваць аб адсутнасці перапынку ва ўжыванні слова і робіць непатрэбным дапушчэнне аб паўторным запазычанні слова з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76; Гіст. лекс., 233), дзе сучасны націск замацаваўся ў канцы XVIII ст. (Шанскі; менш дакладна — Фасмер, 1, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ачэ́п1 (БРС, Шат.), ’бервяно, што кладзецца на апошні вянок зруба’, ’бервяно, якое кладзецца над дзвярыма або войнамі’ (Сцяшк.), ’бэлька на хаце’ (свісл., дзятл., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), ачэпа ’тс’ (ваўк., В. В.), учэпа ’тс’ (Шушк.), ачэп ’узор вугла з вертыкальнымі зарубкамі’ (КЭС, лаг.), параўн. польск. oczap, ocap, осера ’бервяно над дзвярыма ў хаце; бэлька ўздоўж сцяны, якая злучае (oczepia) слупы апоры’. Ад ачапіць ’пакласці зверху, ахапіць’, гл. чапаць; геаграфія назвы на польскай тэрыторыі (Мазоўша, Любліншчына) сведчыць аб яе запазычанасці, параўн. указанні на архаічнасць канструкцыі на беларускай тэрыторыі, гл. Бел. нар. жыллё, 44.

Ачэ́п2 ’жэрдка’ (Арх. ГУ), укр. очепа ’крук, бусак, якім прыцягваюць плыт да берага’, рус. очап ’калодзежны журавель; жэрдка для падвешвання калыскі’. Гл. очап; параўн. Фасмер, 3, 177.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жамяра́1 ’шалупінне’ (Касп.), ’жамерыны’ (полац., Нар. сл., 76, 198), ’адходы ад воску’ (ашмян., З нар. сл., 208), ажаме́ры ’жамерыны’ (полац., Нар. сл., 76, 195), жамяру́ха (ашмян.) жэмухі ’адходы ад воску’ (рагач., З нар. сл., 208). Рус. калін., пск. жемёра, жемера́, жимера́, ’жамерыны’, ’адходы ад воску’, ’гушча ад кофе, чаю, квасу’, кур. жемери́ха ’жамерыны.’ Суфікс ‑ер‑а, ‑ʼар‑а мае, відаць, як і ‑ар‑а (Сцяц., Бел. нар. сл., 202), зборнае значэнне. Корань жем‑, жьм‑ прадстаўлены ў жаць2 і шэрагу іншых слоў (гл. жмаць). Першаснае значэнне ’адходы пры выцісканні’, як жаме́рыны (гл.).

Жамяра́2 ’драбяза (пра дзяцей)’ (вілейс., Жыв. сл., 78, 94). Рус. уладз. жемера́, жимера́ ’непаседа’. У выніку пераасэнсавання жамяра́1 (гл.): ’дробныя рэчыўныя адходы’ > ’драбяза наогул’ > ’дробныя дзеці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жніво́ жні́ва ’уборка збожжа; ураджай’ (ТСБМ), жнітво́ (в.-дзвін., Шатал.). Рус. абл. жнива́ ’час уборкі’, дыял. жни́во́ ’жніво’, укр. жни́во, жнива́ ’тс’, польск. żniwo ’тс’, н.-луж. уст. žnivo, чэш., славац. žnivo ’тс’, балг. дыял. жни́во ’зжатае збожжа’. Ст.-рус. жниво (XVI ст.). Ц.-слав. жьниво (Міклашыч, Lex. palaeosl.). Як бел. словаўтварэнне разглядае Сцяцко (Афікс. наз., 41), але слова мае прасл. характар, калі ўлічыць яго агульнаслав. пашырэнне. Ад кораня žьn‑ (жаць1) з суфіксам i‑v‑о (гл. пра суфікс Мейе, Études, 371–373). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 295) лічыць, што гэта адсубстантыўнае ўтварэнне, указваючы на вытворнасць ад *žьnь (параўн. чэш. žeň ’жніво’), аднак, магчыма, і аддзеяслоўнае (як ст.-слав. сѣчиво ад сѣк‑ѫ, тѧтива ад тѧт‑и). Параўн. яшчэ. ст.-рус. жнитво, жнитва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)