Куса́ць ’хапаць, раніць зубамі’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., ТС, Касп., Сержп. Пр., Яруш.). Укр. кусати, рус. кусать ’тс’, балг. късам, серб.-харв. ку́сати, славен. kósiti ’тс’, польск. kąsać, чэш. kousati, славац. kúsať, в.-луж. kusać, н.-луж. kusac ’тс’. Прасл. kǫsati ўтворана ад kǫsъ (< *kǫdsъ). Параўн. літ. ką́sti, kándu ’кусаць’, лат. kuôst, kuôdu ’тс’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі менш надзейныя. У даным выпадку назіраецца страта першаснага дзеяслова (як гэта характэрна для славянскіх моў) і замена яго адыменным дзеясловам (Бернекер, 601; Траўтман, 116).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ваўчо́к ’дзіцячая цацка’ (БРС). Рус. волчо́к ’тс’ (з XVI–XVII стст.?). Ад волк, воўк (цацка выдае гукі, нібы выццё); параўн. і чэш. назву гэтай цацкі vlk (Шанскі, 1, В, 153; гл. таксама Фасмер, 1, 346–347, які прыводзіць як паралель лат. vilks ’воўк’ у назвах розных інструментаў і ўказвае, што і ў ням. мове розныя інструменты носяць назву ’воўк’). Менш пераконвае Гараеў, 54 (гл. і Праабражэнскі, 1, 94): сувязь з дзеясловам волочиться. У бел. мове ваўчок, відавочна, запазычанне з рус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абаро́г, абараг ’чатырохсхільная стрэшка для сена’ (Клім.), ст.-бел. оборогъ ’стог, сцірта’ (Гарб.), оборогъ ’сцірта’ (Нас. гіст.), обарогъ, оброгъ з 1557 (Булыка Запазыч.); укр. оборіг ’тс’, польск. bróg стрэшка на чатырох жэрдках для захоўвання сена, збожжа’, ст.-чэш. brah ’тс’. Згодна з найбольш пашыранай версіяй да берагчы (гл.). Параўн. Брукнер, 41; Слаўскі, 1, 44; Фасмер, 3, 106. Аднак лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй аб запазычанні з германскай (с.-н.-ням. barg ’хлеў на слупах’). Гл. Буга, 3, 758. Менш верагодна генетычная агульнасць з германскім словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зіпу́н ’даўняя верхняя вопратка’. Рус. зипу́н. Ст.-рус. зипунъ (1583 г.), зипунецъ (1577 г.), зипунишко (1568 г.). Ст.-бел. зипунъ (1552 г.). Верагодна, з новагрэч. ζιπούνι < венец. zipón < іт. giubbone (параўн. юбка). Фасмер, Этюды, 63–64; Булыка, Запазыч., 122; Шанскі, 2, З, 92. Менш верагодная думка, што зіпун < тур. zubun, zybun. Шыпава, Сл. тюрк., 139; Кубанава. О тюркизмах русской диалектной лексики, 1967, 32–34. Супраць Фасмер, 2, 98 (дзе іншая літ-pa). Дзмітрыеў (Строй, 534, 558, 565) не ўключыў слова ў спісы цюркізмаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казе́лкі ’кружкі ў «чапёлках» красён, па якіх праходзіць вяровачка і рухае ніты’ (Інстр. II). Калі дэфініцыя правільная, можна меркаваць аб субстытуцыі назвы кабылка, якая абазначае гэтыя і іншыя дэталі красён. Незалежная дэрывацыя ад казёл, казёлак менш верагодная па семантычных прычынах. Можна, аднак, дапусціць, што тут адлюстраваны выпадак адвольнага выбару тэрміна для дэталі, якая ў ліку іншых традыцыйна называецца рознымі дэрыватамі ад заонімаў і жорсткая прывязка тэрміна неабавязковая. Звяртае на сябе ўвагу другая назва рэаліі — качолкі, якая магла зрабіць уплыў на структуру разглядасмага слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карабе́ль, укр. корабель, рус. корабль, чэш. koráb, славац. koráb, польск. korab, ст.-слав. корабль, балг. кораб, серб.-харв. ко̏рабаљ, славен. korabelj. Лічыцца праславянскім запазычаннем з грэч. χαςάβιον (Бернекер, 567). Спасылка на адзінасць гэтага эвентуальнага праславянскага грэцызма нічога не даводзіць, бо праблема палеабалканізмаў у праславянскай мове зусім не вывучана. Зафіксаванае толькі ў візантыйскую эпоху грэч. καράβιον тым не менш перадаецца ў славянскіх мовах з ‑bъ‑, а не ‑v‑, што гаворыць на карысць яго палеабалканскага паходжання (параўн. Трубачоў, Эт. сл. 11, 46–48).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастру́ля ’каструля’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. кастрю́ля (дыял. кастру́ля), укр. кастру́ля (у Фасмера, 2, 208: укр. костру́ля). Запазычанне з еўрапейскіх моў. Паводле Фасмера, там жа, відавочна, узята з ням. мовы (Kastrol, Kasserolle). Першакрыніцай з’яўляецца франц. casserolle ’каструля’ (Фасмер сумняваецца, што першакрыніцай можа быць гал. kastrol або н.-ням. kastroll). Шанскі (2, К, 88) усё ж мяркуе, што хутчэй за ўсё крыніцай рус. слова з’яўляецца гал. мова (у Пятроўскую эпоху гэта слова было ў марской лексіцы); ням. крыніца здаецца менш верагоднай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ткале́ ’на ўсякі выпадак, хоць, хаця’ (слонім., Нар. словатв.), тка́ле ’ўсё ж, аднак’ (ганц., Ск. нар. мовы), ’толькі, адно’ (Сержп.), тка́ля ’можа, каб’ (лях., Цыхун, вусн. паведамл.), тколе́ ’жа, ж’ (пін., Жыв. сл.; Сл. Брэс.), тколэ́ ’усё-такі, усё ж, аднак’ (пін., Нар. лекс.). Відаць, да папярэдняга (гл.), ускладненае дадатковай канцавой часціцай ‑ле (< ‑*lě, параўн. але, гл. ESSJ SG, 1, 319). Менш верагоднае вывядзенне з тыке́ле, тыке́ля ’толькі’ (Ласт., 706) або з літ. tik ’толькі, адно’, лат. tikai ’тс’ (Санько, Крыўя, 1996, 1, 93).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыці́н1 ’сховішча; прыстанішча; прытулак’ (Нас., Стан.), ’прытон’ (Гарэц.). Укр. дыял. прити́н ’прыстанак, прытулак’, рус. дыял. прити́н, притю́н ’месца, дзе што-небудзь знаходзіцца, адбываецца’; ’месца для вартавога; вартаўнічы пост’; ’месца, дзе любяць збірацца’; прити́нное (притю́нное) место ’месца, дзе ахвотна збіраюцца, прыемнае месца’. Паводле Варбат (Морфонология, 80), прасл. *pritinъ ад *tęti (гл. прыціна́ць, цяць).

Прыці́н2 ’папрок’ (Касп.), прыці́нкі ’рэзкія папрокі, шпількі’ (Нас.). Да прыціна́ць (гл.); параўн. рус. смал. при́цинки ’папрокі, прыдзіркі’, укр. притя́ти слово ’рэзка адказаць’, притя́ты язиќ(а) ’прымусіць каго-небудзь менш гаварыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аце́п ’выклічнік для адгону сабакі’ (Нас.). Меркаванні Насовіча пра сувязь з рус. цепь ’ланцуг’ (пагроза ланцугом: «А на цепь!») здаюцца малаверагоднымі. Магчыма, звязана з укр. аці́ба ’выгук для адгону сабак’, якое Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 124) суадносіць з рум. tíbă ’тс’ і іншымі адгоннымі выгукамі тыпу а псік, што дазваляе раздзяліць слова на а і ціба насуперак Рудніцкаму, 1, 43, (а!‑ці!‑ба!); параўн. таксама балг. ти́ба, макед. чиба ’тс’, далейшая гісторыя якіх застаецца няяснай. Менш верагодна ад е́паць ’біць’, параўн. польск. ciepać, рус. тепти́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)