Ста́так 1 ‘гурт буйной дамашняй жывёлы’, ‘пагалоўе; быдла; рагатая жывёла’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Арх. Федар., Шымк. Собр., Бяльк., Сержп., Сл. ПЗБ; полацк., Шн. 2), ‘чарада кароў’ (ЛА, 1), ‘буйная рагатая жывёла’ (Нас., Мал.), ‘стада’ (Шат., Касп.), ‘інвентар; стада’ (Др.-Падб.), ‘стада авечак, коз і да т. п.’ (Мядзв.), ‘рухомая маёмасць’, ‘стада жывёлы’ (Федар. 7), ‘пасудзіна’, ста́ток ‘інструмент’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ), ста́ткі толькі мн. л. ‘снасці, прылады, прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), ‘рэшткі, спадкі, спадчына’ (Нас.), ст.-бел. статокъ ‘маёмасць’ (Ст.-бел. лексікон; Сташайтэне, Абстр. лекс., 161), ‘буйная рагатая жывёла’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́ток ‘статак’, рус. ста́ток ‘дастатак; маёмасць’, зах. ‘жывёла’, польск. statek ‘рухомая маёмасць; жывы інвентар’, дыял. ‘быдла, хатняя жывёла’, н.-луж. statk ‘прадпрыемства; дзеянне; справа’, чэш. statek ‘маёмасць, рэчы’, дыял. ‘буйная рагатая жывёла’, славац. statok ‘тс’. Прасл. дыял. *statъkъ, дэрыват ад *stati ‘стаць’ з суф. ‑ъkъ. Гл. Махэк₂, 675; Фасмер, 3, 745. Шустар-Шэўц (1356–1357) мяркуе, што *statъkъ утворана ад праславянскага назоўніка *statь (параўн. стаць 2, постаць, гл.; рус. стать ‘пастава’) з суф. ‑ъkъ; Борысь (576) выводзіць ад прасл. *statъ < *stati. Ст.-бел. статокъ ‘рэчы, маёмасць’ Булыка (Лекс. запазыч., 78) лічыць паланізмам, што, ведаць, не мае падстаў.