Луб1 ’валакністая частка кары дрэў’, ’палоска кары ліпы, вяза’, ’кош, каробка’, лубі́на ’тоўстая кара з ліпы’, лубʼе, лубі́на старая — са знявагай аб старых людзях (ТСБМ, ТС, Бес., Бяльк., Касп., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.). Укр. луб, бойк. луба, лупа, рус. луб, польск., н.- і в.-луж. łub, чэш., славац. lub, славен. lȗb, серб.-харв. лу̑б, lȕb макед., балг. луб. Прасл. lubъ ’кара з дрэў і вырабы з яе’, генетычна роднаснае да літ. lùobas ’кара з елкі ці ліпы’, lùbos ’столя’, lubà ’дошка’, ст.-прус. luba ’дошка’, лат. luobs ’лушпіна’, luôbît ’лупіць, лузгаць’, алб. labë ’кара, корак’, ст.-ісл. laupr, ст.-англ. lēap ’буч, кошык’, лац. liber < *lubro ’лыка, кніга’ (параўн. ст.-пск. лубъ ’грамата’ — Філін, Происх., 611). Да і.-е. *loub(h)‑o < leub(h)‑ ’здзіраць кару, лыка; лупіць, лускаць’ (Фасмер, 2, 526–527; Слаўскі, 5, 269; Скок, 2, 322–323; Махэк₂, 342; Бязлай, 2, 153; Шустар-Шэўц, 11, 782–783).

Луб2 ’драўляная абечайка вакол каменя ў жорнах ці млыне’ (Кліх, Тарн.), ст.-польск. łub (XVI ст.), н.-луж. łub, ст.-чэш., славац. lub, балг. луб ’тс’. Магчыма, яшчэ прасл. lubъ з тым жа значэннем. Да луб1 (гл.).

Луб3 ’задняя частка бота’ (брэсц., Тарн.). Відаць, з польск. зах.-прус., кялецк., кракаўск. łub ’тс’, łuba ’цвёрдая і крохкая падэшва’. Да луб1 < прасл. дыял. lubъ, luba (Слаўскі, 5, 270).

Луб4 ’накрыўка для чоўна’ (гродз., Нар. сл.). Да луб1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ха1 ‘жанчына, якая трэ лён’ (Сцяшк.). Да церці (гл.). Суфікс ‑уха, які ўтварае назвы асоб па прафесіі, узыходзіць да прасл. *‑uxa, прадуктыўнага ў паўночных славян і ў славенскіх гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75).

Тру́ха2 ‘картачная гульня’ (ТС). Няясна.

Труха́ ‘пацяруха, перацёртае сена, салома’ (ТСБМ; Некр. і Байк., Сл. ПЗБ; бялын., ЛА, 2), ‘дробныя сухія рэшткі чаго-небудзь’, ‘што-небудзь нікчэмнае, бескарыснае’ (ТСБМ; Сержп. Прык.), ‘трухлявая драўніна’ (Мат. Гом.), ‘старая драўляная будыніна’ (Вушац. сл.). Укр. труха́ ‘пацяруха’, трухва ‘гніль у дрэве’, рус. труха́ ‘пацяруха’, ‘парахня’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трухлявы’, ‘змрочны’, чэш. troucha, trouch ‘што-небудзь спарахнелае’, славац. trúch ‘тс’, серб. тру̏ва ‘пацяруха’, трух, тру̀шни хле̏б ‘хлеб з мякінай’, харв. truha ‘адкіды’, славен. trûšje зборн. ‘гніль’. Прасл. *truxa, *truxъ — зборныя назоўнікі, суадносныя з і.-е. *trou̯‑s‑ ‘раскрышаны’, ‘струхлелы’, ‘састарэлы’ (Борысь, 643; Арол, 4, 110). Фасмер (4, 114) у якасці роднасных падае лат. tràusls ‘ломкі, крохкі’, trusls ‘гнілы, прэлы’, trusêt, trust ‘гніць, прэць’, літ. traušùs ‘ломкі, крохкі’, traũšti ‘крышыцца’. Сной (Бязлай, 4, 231) мяркуе, што праславянская аснова мела *‑ǫ, магчыма, другаснае (Новое в рус. этим., 240). Гл.: Буга, Rinkt., 1, 489; 2, 632; Зубаты, Studie, 1(2), 120–121; Каруліс, 2, 453; Скок, 3, 515; Бязлай, 4, 230–231; Шустар-Шэўц, 1536, 1540; ЕСУМ, 5, 661. Меркаванні пра варыянтнасць асноў прасл. *trux‑/*trus(k)‑, што дае магчымасць ідэнтыфікацыі *truxa з *truska, *truskъ, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 50–51 (гл. труск).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Раздзяліцца на часткі ад рыўка, рэзкага руху. Цыгарка ў .. [Машы] разарвалася, і махорка высыпалася на зямлю. Шамякін. І вось металічны канат, які павінен абавязкова разарвацца, калі па ім пройдуць ролікі нагружанай скрыні, узнят на мачту. Даніленка. // Дарвацца ў адным або некалькіх месцах. Кашуля разарвалася.

2. Узарваўшыся, распасціся на часткі. Недзе зусім блізка разарваўся снарад. Шамякін. Проста перад танкам разарвалася граната, не даляцеўшы да яго. Чорны. Ён жа думаў пра смерць, Пра сваю, калі раптам снарадам Разарвецца зямля пад нагамі І вочы агнём апячэ. Бураўкін.

3. Стаць несуцэльным, разамкнутым, з разрывам. Вярсты праз дзве лес з аднаго боку дарогі зноў разарваўся вясёлаю палянкаю. Колас. Кабрыялет спускаўся да рачулкі па спадзістым адхоне. Лазняк па берагах разарваўся, паказаўшы драўляны масток. Караткевіч. Калона пахіснулася і разарвалася. Жычка.

4. перан. Спыніцца, парушыцца. Сувязі разарваліся.

5. перан. Пра неабходнасць выканаць адразу мноства спраў, пабываць адразу ў многіх месцах. Старая ледзь не разарвецца: і бульбу свінням у карыце сячэ, і бліны скідае, і мые цадзілку. Васілевіч. Магдалена не магла разарвацца. Ёй усюды трэба было паспець. Чорны.

•••

Хоць разарвіся — ужываецца пры ўказанні на незвычайна вялікую занятасць, неабходнасць быць адразу ў некалькіх месцах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассе́сціся, ‑сядуся, ‑сядзешся, ‑сядзецца; пр. рассеўся, ‑селася; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Сесці, размясціцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Усе мае таварышы даўно ўжо расселіся ў вагоне, уладзіўшы транспартныя справы, а майго чамадана ўсё не было. Лынькоў. На тратуары расселася чародка галубоў, якія нешта дзяўблі на асфальце. Гроднеў.

2. Разм. Сесці свабодна, заняўшы шмат месца. — Пасуньцеся, вельмі шырока расселіся, — пачуў .. [чалавек], як праз сон, нечы голас. Прокша. Глушэц чым далей, то ўсё болей Дзесь на суку за тоўстай хвояй Рассеўся важна і балбоча. Колас. // Пасяліцца. Там, дзе на разлегласці раней яшчэ быў рассеўся Мазавецкі з сваім новым хутарам, цяпер быў проста-такі цэлы фальварак. Чорны. // перан. Шырока разрасціся. Высока, разл[о]жыста Расселася пры хаце Стара-старая ліпа, Паважная, як свацця. Купала.

3. Сеўшы, затрымацца доўгі час; сесці дзе‑н. надоўга. Прайшло некалькі хвілін у здранцвення «Чаго ж гэта я расселася? Трэба нейкую раду даваць», — спахапілася нарэшце Ірына Віктараўна. Пальчэўскі. — Ну і што там з гэтай кнігай рассеўся? Дроў сушэйшых пайдзі прынясі!.. Брыль.

4. Даць трэшчыны, раскалоцца. [Алегу] ўявілася вялікая крыга, якая плыла па шырокай рацэ, потым натужліва цярнулася аб [нешта] неадольнае, мацнейшае за яе, крыгу, і расселася папалам. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́жань, ‑жня, м.

1. Старая адзінка меры даўжыні, роўная 3 аршынам, або 2,134 м, якая ўжывалася ў Расіі і Беларусі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. І сад развінуўся, ліствою багаты, На сажань у глыб заплялося карэнне. Панчанка. Дуброва сапраўды была блізка, сажняў за дзвесце ад хутара. Чарнышэвіч.

2. Паверхня чаго‑н. або колькасць якога‑н. матэрыялу, роўныя гэтай меры (пагоннай, квадратнай або кубічнай). Сажань зямлі. Сажань дроў. □ Прабегшы некалькі дзесяткаў сажняў краем даліны, крынічка зноў хавалася ў зямлю. Колас. І Ларывон Масеевіч прыгадвае, як сажнямі ставіў некалі дровы, як цягаў двуручную пілу. Мяжэвіч.

3. Прылада для абмервання зямельных участкаў. З драўлянымі сажнямі хадзілі натоўпы сялян і парабкаў па панскіх палях. Броўка. Вось з рагатым сажнем ідзе калгасны брыгадзір, які намяраў касцом працадні. Шкраба.

•••

Бачыць на тры сажні пад зямлёю гл. бачыць.

Касы сажань у плячах — шыракаплечы, магутнага складу (пра чалавека). Марыя Міхайлаўна ўважліва агледзела рослага правадніка. Касы сажань у плячах. Волат. Мяжэвіч.

Сажнем носа не дастаць — тое, што і крукам (шастом) носа не дастаць (гл. дастаць). Ледзь апякунства выкарміць яго, Глядзі, і сажнем не дастанеш носа. Ляпёшкін.

У касы сажань ростам — пра рослага, высокага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смала́, ‑ы; мн. смо́лы, смол; ж.

1. Ліпкі пахучы сок, які выдзяляецца хваёвымі і некаторымі іншымі раслінамі. Свеціць сонца. Смала Пацякла дзе-нідзе Па хваёвых ствалах. Бядуля. У пакойчыку было цёпла, ціха, утульна. Пахла смалою свежага дрэва. Колас.

2. Цёмнае вязкае з непрыемным пахам арганічнае рэчыва, якое ўтвараецца пры сухой перагонцы дрэва. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне. Багдановіч. [Максім:] «Бацькава чайка — старая: смалы і часу на канапачанне спатрэбіцца больш, чым уся яна варта». Брыль. Дзям’ян Хрысцюк і Тодар Касцецкі з другімі мужчынамі тоўстай «бабай» з бярозавага камля заганялі чорныя, вымазаныя смалою палі. Дуброўскі.

3. Разм. Пра назойлівага, надакучлівага чалавека. Не хацелася .. [Сідараву] аддаваць сваю вушанку чужому хлапцу. Але ж гэты чорны прыстаў... Смала, а не чалавек... Чыгрынаў. — Ну і смала ж ты, — пакруціў галавой стары. — Я ж сказаў, што і табе не варта ведаць. Ляўданскі.

4. Спец. (пераважна мн. смо́лы, смол). Спец. Назва некаторых арганічных рэчываў, якія атрымліваюцца сінтэтычным шляхам і выкарыстоўваюцца ў вытворчасці лапу, пластмасы і для іншых мэт. Сінтэтычныя смолы. Каменнавугальная смала. Тарфяныя смолы.

•••

Шавецкая смала — цёмнае вязкае рэчыва для прасмолкі дратвы.

Ліпнуць смалой гл. ліпнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урасці́, урасту, урасцеш, урасце; урасцём, урасцяце, урастуць; пр. урос, урасла, ‑ло; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Па меры росту пранікнуць углыб, прарасці ўнутр. Моладзь наўтыкала вярбовых калоў, і ўраслі яны ў зямлю, распусцілі вецце. Чарнышэвіч. Каб не засохнуць і прыносіць ураджай, .. [яблыні] неабходна было падняцца, урасці карэннем у гэтую глебу. Сяргейчык. / у перан. ужыв. Аднавяскоўцы ж кажуць інакш. Самусь, маўляў, урос у зямлю па калені, нішто яго не скруціць, не выкарчуе аніякі сівер. Б. Стральцоў.

2. перан. Арганічна, па меры развіцця, увайсці ў састаў чаго‑н. Наватарская па форме і зместу, паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады» арганічна ўрасла ў нацыянальную літаратуру і фальклор, яна цесна звязана з рускай класікай. Гіст. бел. сав. літ.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асесці, уехаць у зямлю. Хатка такая старая, што амаль па вокны ўрасла ў зямлю. Гаўрылкін. Кладка ўрасла ў зямлю, некалькі жэрдак зламалася, але хадзіць па ёй усё яшчэ было можна. Асіпенка. / у перан. ужыв. Як не ўрасці ў зямлю, Калі Чаўпе другі па-шчырасці: — Бач, гераініны пайшлі, Турбот хапіла вырасціць... Барадулін.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зарасці, парасці. Урос пагорак жорсткаю травою. Вітка. Густа ўрасла лесам зямля. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ахламо́н ’неарганізаваны, неакуратны, зацюканы чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), вахламон ’неахайны чалавек’, вахламоня ’неахайная жанчына’, вахламондзія ’тс’ (Яўс.); слова вядома на большай частцы Беларусі са значэннямі ’чалавек, недалёкі ў разумовых адносінах’, ’чалавек без пачуцця ўласнай годнасці’, ’дрэнна выхаваны, некультурны чалавек’, ’неакуратны, неахайны чалавек’, ’неахайна адзеты чалавек’, няўклюда’ і інш. Рус. охламон дурань і гультай’, рус. дыял. охламон ’вялікі чалавек, у якога не ўсё ў парадку’. Няясна. Найбольш натуральнай здаецца сувязь з хлам ’старызна, дрэнь’ (Нас.), якое, паводле Бірылы, Бел. антр., 2 (пад Ахламёнак), можа выступаць у форме ахлам, параўн. таксама рус. дыял. хлам ’лахманы, старызна’, хламунинастарая, зношаная адзежына’; параўн. таксама серб.-харв. hlamina ’зношаны абутак, уступкі’ (Скок, 1, 671); тады першапачаткова ахламон ’неахайна адзеты чалавек’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй як у разявон ’разява’, пры гэтым магчымы ўплыў кантамінаваных форм тыпу рус. пск. ахломотья лахманы’. Аднак, прымаючы пад увагу аддзеяслоўны характар форм тыпу разявон, можна дапусціць утварэнне ахламон ад хламаць, хламнуць (ад гукапераймальнага хлам!), параўн. хламаць ’есці’ (пра свіней; рэдка абразліва — пра чалавека, КСТ), экспр. ’есці’ (Сержп., Грам., 61), хламнуць ’праглынуць (Бел. фраз., 62), суфіксацыя ахламон як у матон ’круцель, махляр, дзялок’ (Яўс., ад матаць); тады ахламон ’некультурны чалавек, мужык’, параўн. хамула ’некультурны чалавек’ ад хамаць ’прагна і гучна есці’, рус. дыял. охряпок ’дзеравеншчына, няўклюда’ ад хряпать ’есці многа’. Жаргонны характар слова дазваляе лічыць верагодным таксама дапушчэнне Супруна (вусн. паведамл.) аб сувязі з грэч. ὄχλος ’чэрнь, натоўп’ (да ст.-грэч. ὀχλο‑μανέω ’імкнуцца да папулярнасці’?), аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці. Параўн. з іншай суфіксацыяй ахлама́н ’неацёсаны, тупы чалавек’ (Цых.). Гл. Цыхун, БЛ, 8 (1975), 58–59.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стара́цца ‘рупіцца, імкнуцца’, ‘прыкладаць намаганні, шчыраваць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Ян., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), старе́цца ‘рупіцца, клапаціцца’ (Нас.), стара́нны, стара́тлівы, старэ́нны ‘клапатлівы; хуткі ў рабоце’ (ЛА, 3), ст.-бел. старати сѧ ‘тс’, старѣють сѧ ‘стараюцца’ (Карскі 2-3, 388). Параўн. укр. стара́тися, рус. стара́ться, польск. starać się, в.-луж. starać so, н.-луж. staraś se, чэш. starati se, славац. starať sa, серб.-харв. ста̏рати се, славен. stȃrati se, балг. стара́я се ‘старацца’. Прасл. *starati sę ‘мучыцца з чым-небудзь, імкнуцца да чаго-небудзь, старацца’, якое да і.-е. *(s)ter(ə)‑/*(s)trě‑; гл. Борысь, 575. Роднаснае лат. starîgs ‘старанны’, літ. starìnti ‘цягнуць з цяжкасцю’, ст.-прус. stūrnawiskan ж. р. Тв. скл. адз. л. ‘сур’ёзнасць, важнасць’, англ.-сакс. stierne ‘сур’ёзны, строгі’, лац. sternāx ‘упарты, заўзяты’ (Фасмер, 3, 746 з літ-рай). Меркавалі таксама, што слова роднаснае стары, гл. (Скок, 3, 328; Брукнер, 513; Гуйер, LF, 50, 1923, 319–320, Шустар-Шэўц, 1354–1355). Махэк₂ (574) у якасці паралеляў прыводзіць яшчэ ням. stören, ст.-в.-ням. stōran ‘перашкаджаць’. Версію пра этымалагічную тоеснасць *starati (sę) з прасл. *terti (гл. церці), што грунтуецца на славен. tárati ‘мучыць’, ‘напружана працаваць’, terati ‘дапытваць, мучыць’ і пад., прапануе Куркіна (Этимология–1994–1996, 207), што патрабуе падмацавання матэрыялам іншых славянскіх моў. Гл. таксама Варбат, Зб. Вінаградаву₂, 77–82: спроба, грунтуючыся на бел. ста́рыць ‘садраць’, давесці паходжанне *starati sę ад *terti, гл. церці; параўн. таксама старкава́ны ‘стары, зморшчаны’ (Сцяшк. Сл.) ад та́ркаць, та́рыць ‘церці на тарцы’, ‘штурхаць’ (там жа). Гл. агляд версій у Новое в рус. этим., 217.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аказа́цца, акажуся, акажашся, акажацца; зак.

1. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Паліна, вясёлая і рухавая, адразу ж аказалася ля механізмаў. Кавалёў. Гомель, у якім у той час жыла.. сям’я [Кавалёвых], аказаўся на крыжавых дарогах рэвалюцыі. Дуброўскі. // Апынуцца ў якім‑н. становішчы. Аказацца на волі. Аказацца ў небяспецы.

2. Стаць, з’явіцца на справе, у сапраўднасці якім‑н., кім‑, чым‑н. [Страмілін:] Там будзе відаць, чыё асвятленне акажацца больш правільным. Крапіва. Пятро аказаўся чалавекам гаспадарлівым. Пальчэўскі. // безас. Стаць вядомым, відавочна выявіцца. У .. [Савося і Аксені], аказалася, было даўнішняе, старое каханне. Гамолка.

3. Знайсціся, быць у наяўнасці. Чыстай паперы за вокладкамі не аказалася. Лобан.

4. Падаць голас, вестку; азвацца, загаварыць. Старая, відаць, разы са два збіралася загаварыць з палякам, глядзела нават на яго, нямогла трасучы падбароддзем, ды так дагэтуль і не сабралася аказацца. Брыль. [Астаповіч:] — Можа.. [Вялічка] там жыве сабе шчасліва. І табе, адзінокаму бацьку, калі-небудзь акажацца. Чорны. // Адгукнуцца, прагучаць. Вось аказаўся і гудок цягніка, у якім апынулася Марылька. Якімовіч. // Выдаць сваю прысутнасць. Мне здавалася, што калі б я не ўстаў сам з-за стала, не аказаўся, дык яна б магла мяне замкнуць на ўсю ноч. Сабаленка. // Напомніць пра сябе, паявіцца зноў. Пройдуць гады, а старыя звычаі, як тая хранічная хвароба, не-не ды і акажуцца. Асіпенка.

•••

Аказацца за бортам — тое, што і апынуцца за бортам (гл. апынуцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)