Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел. верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр. вериги, рус. вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус. верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен. veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв. вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед. верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг. верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав. верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ. vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат. vērt ’тс’, грэч. ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав. праз ц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус. верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжная — КТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дол 1 ’ніз, зямля’. Прасл. *dolъ (агляд значэнняў гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 64–65): рус. дол, укр. діл, чэш. důl, польск. dół, балг. дол, ст.-слав. долъ. Лічыцца роднасным з гоц. dal ’даліна, нізіна’, ст.-ісл. dalr, ст.-в.-ням. tal ’даліна’ (параўн. таксама ў кельцкіх мовах dol ’даліна’). Гл. Фасмер, 1, 523; Бернекер, 1, 208–209, Трубачоў, Эт. сл., 5, 65 (апошні падкрэслівае, што вельмі характэрным з’яўляецца адсутнасць роднасных форм у балт. мовах, дзе паняцце ямы, нізіны выражаецца асновай *daub‑, *duob‑).
Дол 2 ’магіла’ (Сцяшк.). Зыходзячы з спецыфічнага значэння слова (’магіла’), можна думаць, што гэта непасрэднае запазычанне з польск. dół (прасл. *dolъ), якое сярод іншых мае і семантыку ’магіла’. Агляд форм гл. у Трубачова (Эт. сл., 5, 64–65), які лічыць (неабгрунтавана) бел. дол ’магіла’ спрадвечнай лексемай. Іменна значэнне слова і яго геаграфія (зах. гаворкі бел. мовы) сведчаць аб запазычанні гэтай лексемы з усх.-польск. гаворак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ко́раб ’пасудзіна, сплеценая з лубу, саломы і пад.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., КЭС, лаг., Бяльк., Нар. сл., З нар. сл.), корабам стаць ’павялічыцца, расшырыцца (пра галаву)’ (Жыв. сл.), поўны кораб, сем корабаў, як з кораба ’у вялікай колькасці’ (ТСБМ). Укр. короб, рус. короб, ст.-рус. коробъ ’тс’, славен. kraba ’каробка’, польск. kroba ’плеценая каробка’. Мы не бачым магчымасці для рэканструкцыі прасл. korbъ, паколькі няма надзейных паўднёваславянскіх адпаведнікаў. Славен. kraba — новае запазычанне з іншых славянскіх моў (Безлай, 2, 77). Таму трэба вярнуцца да этымалогіі Міклашыча (130), згодна з якой у гэтым выпадку мы маем справу з запазычаннем з лац. corbis ’карзіна’ (непасрэдна або праз с.-в.-ням. korb ’тс’). Гл. таксама Бернекер, 1, 568–569; Брукнер, 267. Фасмер (2, 331), які зыходзіць выключна з фанетычных крытэрыяў, разглядае лацінскія, германскія і нават літ. kar̃bas, лат. kar̂ba як спрадвечна роднасныя са славянскімі. Параўн. Фрэнкель, 220, дзе балтыйскія лексемы лічацца славянізмамі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бало́та ’багна; гразь, балота’ (БРС, Шат., Нас., Чуд., Яшкін, Бяльк.), ’месца, дзе заўсёды стаіць вада’ (Інстр. I, 15), ’сенажаць, луг’ (Сцяц., Сцяшк.), ’лес, галоўным чынам балотны’ (Касп.). Рус. боло́то, укр. боло́то, польск. błoto, чэш. bláto, ст.-слав. блато, балг. бла́то, серб.-харв. бла̏то і г. д. Прасл. bólto. Бліжэй усіх стаіць да слав. слова алб. baltë ’ціна, твань, багна, гліна, зямля’ (ілір. паходжання: параўн. паўн.-італ. palta, ламбард. palta, п’емонт. pauta). Далей параўноўваюць літ. báltas ’белы’ (выходзіць, *bolto — спачатку ’белае, светлая багна, балота’). Балта-слав. *bālta‑ ’белы’; ’балота’ (гл. Траўтман, 25) далей звязваюць з *bēla‑ ’белы’ (слав. bělъ; Траўтман, там жа). Гл. яшчэ Бернекер, 70; Фартунатаў, AfslPh, 4, 579; Буга, РФВ, 67, 232; Фрэнкель, 30 (пад balà), 32 (пад bálti); Махэк₂, 55; Слаўскі, 1, 37; Фасмер, 1, 190. Падрабязна аб слав. bolto ў слав. мовах гл. Талстой, Геогр., 144–150 і наст. Сюды і бало́цвіна ’невялікае балота’ (Яшкін).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бахі́лы ’абутак, галёшы, зробленыя з шын, абутак з гумы’ (Янк. Мат., Інстр. I, Сцяшк. МГ), ба́хілкі ’скураныя лапці’ (Гарэц.), бахлы́ ’вялікія галёшы’ (віц., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.), ба́хілы, ба́хілкі (Нас.). Параўн. яшчэ форму басі́лы (паралельна з бахі́лы) ’бахілы’ (Жд.); палес. бахы́лы ’вялікія гумавыя галёшы для валёнак’ (Лысенка, ССП). Гл. яшчэ Сакал. (бахі́лы, баху́лі). Рус. (з XVII ст.) бахилы ’від абутку’ (шмат форм, гл. Даль; Вахрас, Наим. об., 63–66), укр. бахи́ли ’скураныя штаны’, бахли ’глыбокія самаробныягалёшы на валёнкі’. Не вельмі яснае слова. Агляд старых этымалогій Фасмер, 1, 136; Вахрас, Наим. об., 63–66. Вахрас, там жа, прапануе звязваць з цюрк. baɣ‑ ’звязваць’, baɣly ’звязаны’ (гэту этымалогію падтрымлівае Мюлер, ZfSl, 9 (1), 1964, 157; сумняваюцца Лапацін–Улуханаў, ИАН ОЛЯ XX (2), 172; Шанскі, 1, Б, 60). Шанскі (там жа, 59–60) прымае тлумачэнне Праабражэнскага (вытворнае ад ба́хать, бу́хать), а бел. словы лічыць запазычаннем з рус. мовы. Гл. басі́лы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бла́зан. Рус. дыял. бла́зень ’прастафіля; дурнаваты; жартаўнік’, укр. бла́зень ’дурань’, польск. błazen, чэш. blázen ’вар’ят; дурны і г. д.’ Сюды ж дзеяслоў *blazniti ’абдурыць, дурыць, вар’яцець’. Ст.-рус., ст.-слав. блазнъ ’памылка’. Усё да праслав. blazniti ’памыляцца; дурыць’, blaznъ ’памылка, спакушэнне і г. д.’ З першапачатковага абстрактнага значэння развілося потым больш канкрэтнае ’дурань, вар’ят, звар’яцелы’ (параўн. развіццё значэння ў blędь: ст.-слав. яшчэ ’памылка і да т. п.’, а ва ўсх.-слав. мовах і ’meretrix’). Этымалогія прасл. blazniti, blaznъ не вельмі ясная. Можа, да лат. blāzt ’мігаць’, blāzma ’міганне, бліск, водбліск’. Гл. Фасмер, 1, 171–172 (там і агляд іншых версій); Брукнер, 30; Бернекер, 59; Слаўскі, 1, 36; Махэк₂, 55; Рудніцкі, 142. Ст.-бел. блазен, блазан Булыка (Запазыч.) лічыць паланізмам. Сюды далей адносяцца: бла́зан ’свавольнік’ (Сцяшк. МГ), бла́зен ’малакасос’ (Нас., Касп.), бла́зян ’падлетак’ (Сцяшк. МГ), ’малакасос’ (Шат.), бла́зні ’малеча’ (Бяльк.), блазню́к ’малалетак’ (Бяльк.), блазно́та ’малады, малы’ (Бяльк.), ’дзетвара’ (Нас., Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бог. Рус. бог, укр. біг, польск. bóg, чэш. bůh, ст.-слав. богъ, балг. бог, серб.-харв. бо̑г і г. д. Прасл. *bogъ. Роднасныя словы перш за ўсё ў інда-іран. мовах: ст.-інд. bhágas ’той, хто абдорвае, дае даброты, уладыка’, ст.-іран. baɣa ’бог’, ст.-перс. baga‑ (ст.-інд. bhájati ’дае, дзеліць’, грэч. φαγεῖν ’есці’). Першапачатковае значэнне ’той, што надзяляе’. Параўн. ст.-інд. bhágaḥ ’багацце; шчасце’, ст.-іран. baɣa‑, baga‑ доля’. Версію аб запазычанні прасл. слова з іран. моў фанетычна давесці немагчыма (а толькі з культ.-гіст. меркаванняў). Бернекер, 67; Траўтман, 23; Праабражэнскі, 1, 33; Слаўскі, 1, 40; Машынскі, Pierw., 92; Фасмер, 1, 181–182. Гл. яшчэ Meriggi, ЗФЛ, VIII (1965), 43; Бенвяніст, Зб. Якабсону, 1, 202; Жукуа, Sprache, 11, 131 і наст. Падрабязна Трубачоў, Этимология, 1965, 25–31, які мяркуе, што пакуль няма даных, каб адказаць на пытанні, ці запазычана слав. bogъ з іранскага.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бо́чка. Рус. бо́чка, укр. бо́чка, чэш. bečka, bečva, польск. beczka, серб.-харв. ба̏чва, славен. bečvà, bečkà, bȃčva і г. д. Слав. bъči (род. скл. bъčьve), аснова на ‑ū. Слова яўна запазычанае, але дакладная крыніца невядомая (вельмі многа версій). Падрабязны агляд літ-ры гл. Фасмер, 1, 202; Шанскі, 1, Б, 179–180. Паводле Слаўскага, 1, 29, трэба зыходзіць з bъčьka (памяншальнае ад bъča, якое не захавалася), а гэта запазычанне з герм. моў (параўн. бавар. die Butschen, Bütschen). Вельмі падрабязна слав. словы разглядае Губшмід, Schläuche, 47, 51–53, які лічыць, што крыніцай іх (як і паўдн.-ням. форм: бавар. bütschen і да т. п.) з’яўляецца раманскае *bŭtša, *bŭtšu (< *buttia, параўн. buttis). Зыходнымі славянскімі формамі Губшмід лічыць *bŭčy (род. скл. *bŭčŭve), *bŭči (род. скл. *bŭčǐve) і *bŭča. Сюды і бел. бачо́нак, рус. бочо́нок, укр. бочо́нок, якое, як лічыць Шанскі, 1, Б, 180–181, з’яўляецца ўсх.-слав. утварэннем (суф. ‑еnъkъ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бу́ба (дзіцячае) ’зярняты’ (Нас.), ’гарошына’ (Сцяц.), ’гарох’ (Бяльк.), ягада’ (Шат., Яўс.), бу́бка ’бубачка’ (Нас., БРС, Сцяшк. МГ), ’бубка, ягады’ (Бяльк.), бу́бачка (БРС), буба́шкі ’галачкі з цеста’ (Касп.), ’пячэнне’ (Бяльк.), бу́бка ’страва з падпражаных, цеставых галачак’ (КЭС, лаг.), бу́бехі ’маладыя плады’ (Сцяц.), бубу́шка ’жоўты гарлачык’, бубы́шка ’пупышка’ (Касп.). Не вельмі лёгка рашыць, адкуль паходзіць тут аснова буб-: з прасл. *bób‑ ці *bub‑ (гл. пад буб). Некаторыя прыведзеныя словы могуць паходзіць і з *bob‑ (параўн. палес. буб ’боб’), а ў укаючых гаворках ненаціскное «о» наогул дае «у». Складанасць пытання можна зразумець і з таго факта, што некаторыя прыведзеныя вышэй словы сустракаюцца і з іншым вакалізмам. Так бу́бехі ’маладыя плады’ можна параўнаць з палескім бабі͡ех ’невялікі пучок бруднай і зліплай воўны на авечцы’, а буба́шкі ’галачкі з цеста’ маюць паралельную форму бабу́шкі (гл.). Літ-py гл. у артыкуле на буб-, а таксама Фасмер, 1, 225, дзе тлумачыцца рус. бу́ба.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Быць. Рус. быть, укр. бу́ти (дыял. зах. би́ти), польск. być, чэш. býti, в.-луж. być, н.-луж. byś, ст.-слав. быти, серб.-харв. би̏ти, славен. bíti. Прасл. *byti ’быць’. Параўн. літ. bū́ti ’быць’, лац. fuī ’я быў’, ст.-інд. bhūtíṣ ’быццё’, грэч. φύομαι раблюся’, гоц. bauan ’жыць’ і г. д. (агляд і.-е. форм і слав. вытворных гл. Траўтман, 41–42). Бернекер, 114; Праабражэнскі, 1, 58–59; Фасмер, 1, 260; Слаўскі, 1, 52; Махэк₂, 78–79; Брукнер, 51–52. І.‑е. *bheu̯ā‑ (цяжкая двухскладовая база, гл. Гірт, Gram., 2, 135–136; Гірт, Ablaut, 105; Бругман, 139 і наст.). Параўн. аблаутную форму *baviti (гл. ба́віцца 1). Лічаць, што першапачатковае значэнне дзеяслова ’расці, узнікаць’. Параўн. яшчэ Айцэтмюлер, AfslPh, 22, 363–372. Іначай Ондруш (JČ, 14, 107), які зыходзіць з першапачатковага рухацца, бегчы’ (параўн. грэч. φεύγω ’бягу’). Сюды прасл. *bуtъ, *bytьje ’быццё’ (агляд форм гл. Бернекер, 113–115).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)