Со́баль ‘драпежны звярок сямейства куніцавых’, ‘футра гэтага звярка’ (ТСБМ), со́баль, сабо́ль ‘тс’ (Некр. і Байк.), сабо́ль ‘тс’ (Ласт., Стан.), ст.-бел. собаль ‘футра собаля; асобны падатак’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 162). Укр. со́боль, польск. soból, в.-луж. soboł, чэш. sobol, славац. soboľ, балг. соболе́ц ‘суслік’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *sobolь (ЕСУМ, 5, 340), паходжанне якога застаецца няясным. Выказвалася думка (Зубаты, AfslPh, 16, 413; Праабражэнскі, 2, 348) аб роднасці са ст.-інд. çabálaḥ, çabaráḥ ‘стракаты, плямісты’. Версіі фіна-угорскага (Брукнер, 506; Голуб-Копечны, 344) або цюркскага паходжання, параўн. тур. samur ‘собаль’, Фасмер (3, 703–704) лічыць нездавальняючымі. Відаць, праз заходнеславянскія слова пранікла ў заходнееўрапейскія мовы: ст.-в.-ням. tebelus/zobel ‘собаль’ (XI ст.), ст.-франц. sable, італ. zibellino, с.-н.-ням. sabel, адкуль ст.-ісл. safali. Гл. яшчэ Махэк₂, 565; Сной₁, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5, 340.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сойм ‘сейм’ (Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб.), ‘збор, з’езд’ (Ласт.), со́йма ‘зборышча’: пʼяная сойма (слуц., А. Кулакоўскі), ст.-бел. соимъ, старое съемъ ‘сход прадстаўнікоў шляхты ў Рэчы Паспалітай’, ‘змова’ (?): почалъ с нѣмъци соимы чинити (Віленскі летапіс XV–XVI стст.), соймік ‘сход прадстаўнікоў шляхты ВКЛ’. Укр. сойм ‘сейм’, со́йма ‘натоўп’, рус. дыял. сойм ‘сялянскі сход’, сойма, суйм, суём ‘тс; натоўп; бойка’. З прыстаўкі *съ‑ і кораня *jьm‑ ад *jęti ‘браць’ (Фасмер, 3, 707). Аднак з улікам польск. sejm ‘сход’, ст.-польск. sjem ‘тс’, славен. sȅjem ‘рынак, кірмаш’, серб.-харв. sajȁm ‘тс’ магчыма рэканструяваць прасл. *sъjьmъ ‘сход, збор’, аддзеяслоўны назоўнік, паводле Ластоўскага, ад сыймацца ‘падыймацца’ (Ласт.), параўн. ст.-бел. съимуть на Вельи, вышеи Ковна двѣ мили (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі 2–3, 373). Інакш Сной (Бязлай, 3, 224), які выводзіць славенскае і сербскахарвацкае словы з *sъnьmъ ‘тс’. Гл. сейм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сок ‘вадкасць у раслінных і жывёльных арганізмах, у глебе і інш.’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘бярозавік’ (Сержп. Прымхі), ‘тук’ (слонім., Нар. лекс.), ст.-бел. сокъ ‘вадкае ў пладах’. Укр. сок, сік, рус. сок, польск. sok, в.-луж., н.-луж., sok ‘сачавіца’, чэш. дыял. sok, славац. osoka ‘сок (грыбны)’, серб.-харв. со̑к, славен. sọ̑k, балг., макед. сок, ст.-слав. сокъ ‘сок, напой’. Прасл. *sokъ мае адпаведнікі ў літ. sakaĩ мн. л. ‘драўняная смала’, ст.-прус. sackis ‘тс’; іншая ступень чаргавання: лат. sveķi мн. л. ‘смала’, алб. djak ‘кроў’, грэч. όπός ‘сок’, якія да і.-е. *s(u̯)ok​o‑ ‘сок расліны, дрэва’, з і.-е. *suek​, як мяркуюць, ‘мокры, вільготны’. Гл. Траўтман, 248; Мюленбах-Эндзелін, 3, 645; 1142; Фасмер, 3, 708 з літ-рай, а таксама Махэк₂, 566; Сной₁, 591; Борысь, 566; ЕСУМ, 5, 251. Параўн. сачавіца, сочыва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стая́ць ‘знаходзіцца на нагах’, ‘не рухацца з месца’, ‘не працаваць’, ‘трываць’, ‘знаходзіцца, размяшчацца’, ‘існаваць, быць (на свеце)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стоя́ць ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стоять. Укр. стоя́ти, рус. стоя́ть, польск. stać, в.-луж. stejeć (< stojać), н.-луж. stojaś, чэш. státi, славац. stáť, серб.-харв. ста́јати, славен. státi, балг. стоя́, макед. стои ‘стаяць’. Прасл. *stojati утварылася ад форм цяп. часу і.-е. *stə‑i̯e/o на аснове і.-е. *sta‑ (гл. стаць) (Борысь, 574); адпавядае оск. staít ‘стаяць’, ст.-інд. sthitás ‘той, які стаіць’, грэч. στατόσ ‘тс’, лац. status, далей літ. stóti ‘станавіцца, уступаць’, ст.-прус. postāt ‘станавіцца’, ст.-в.-ням. stân, stên ‘стаяць’; гл. Траўтман, 281; Фрэнкель, ZfslPh, 20, 242; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1052; Фасмер, 3, 769; Бязлай, 3, 313; Шустар-Шэўц, 1352; Махэк₂, 575–576; ЕСУМ, 5, 430–431; Глухак, 579.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стог ‘вялікая капа сена, саломы’ (ТСБМ, Нас., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), дыял. таксама ‘сцірта’, ‘капец’, ‘укладка дроў’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стіг, рус. стог, рус.-ц.-слав. стогъ, польск. stóg, в.-луж. stóh, н.-луж. stóg, чаш., славац. stoh, серб.-харв. сто̂г і сто̏г, славен. stȍg, балг., макед. стог. Прасл. *stogъ ‘сцірта сена, саломы і да т. п., якая ўложана вакол кала, шаста’ < і.-е. *stogo‑, роднаснае ст.-ісл. stakkr ‘стог сена, пласт’, staki ‘кол, жэрдзь’, гл. Младэнаў, 669; Тэрас, ZfslPh, 19, 122 і наст.; Борысь, 579. Параўноўваюць яшчэ з літ. stógas ‘страха’, ст.-прус. steege ‘адрына’, ст.-інд. sthágati ‘укрывае’; Фрэнкель, 911; Траўтман, 288. Супраць Покарны, 1013; гл. Фасмер, 3, 763 з аглядам літ-ры; Шустар-Шэўц, 1159; Бязлай, 3, 319; Махэк₂, 578–579; ЕСУМ, 5, 418. Роднаснае стажар (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струга́ць ‘знімаць стружку’, ‘наразаць тонкія вузкія палоскі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк.; валож., Сл. ПЗБ), струга́тэ ‘крышыць’ (кам., Сл. ПЗБ), ‘абіраць бульбу’ (ТСБМ, Жд. 3), стру́жыць ‘стругаць’ (ТС), стругану́ць ‘дзьмухнуць’ (Мат. Гом., Янк. 3.), стру́ганы ‘абскрабаны (пра бульбу)’ (узд., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. струга́ти, рус. строга́ть, струга́ть, стружи́ть, стараж.-рус. стръгати, стругати, польск. strugać, в.-луж. truhać, н.-луж. tšugaś, чэш. strouhat ‘церці; стругаць’, славац. strúhat’, серб.-харв. стру́гати, славен. stŕgati, strúgati, балг. стъ́ржа, макед. струга, струже, ст.-слав. стръгати. Прасл. *strъgati; форма *strugati другасная, утвораная на аснове форм цяп. часу (Борысь, 582). Роднаснае лат. strũgaîns ‘паласаты’ (*strūga ‘паласа’), ст.-ісл. striùka ‘гладзіць, сціраць’, фрыз. strôk ‘паласа’; гл. Фасмер, 3, 779 з літ-рай; Шустар-Шэўц, 1535. Да і.-е. кораня *streu̯g‑ ‘сціраць, гладзіць, апрацоўваць вострай прыладай’ (Борысь, там жа; Бязлай, 3, 324; ЕСУМ, 5, 451 з аглядам версій).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́паць ‘ісці, няхутка ступаць, стукаючы нагамі’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц., ТС), ‘хадзіць не спяшаючыся’ (Скарбы,), ‘корпацца ў хаце’ (Ласт.), ‘працаваць па гаспадарцы’, ‘дагаджаць некаму, прыслужвацца, каб дамагчыся даверу’ (Варл.), ту́пать ‘хадзіць па-старэчы, ледзь рухацца’ (Растарг.), ту́пати ‘стукаць нагамі пры хадзьбе’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́па́ти ‘тс’, рус. дыял. ту́пать ‘стукаць нагамі; перасоўвацца, ісці’, польск. tupać, старое tępać, каш. tëpać/tupać, в.-луж. tupać, н.-луж. tupaś ‘шумна ступаць’, серб. цімак. тупа ‘стукаць, біць; хадзіць туды-сюды’, балг. ту́пам ‘стукаць, грукаць, гучна ступаць’, макед. тупа ‘тс’. Агульнаславянскае ўтварэнне гукапераймальнага паходжання, што ўзыходзіць да прасл. *tupati ‘грукаць, асабліва нагамі па зямлі, утвараючы глухі гук’ (Борысь, 654), паралельнае да то́паць, гл. (Фасмер, 4, 121). Запазычана ў ідыш tupen ‘тс’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), на базе якога ўтворана ід. tupeniš ‘тупат’ (Geller, Jidysz, Język Żydów polskich, Warszawa, 1994, 198) і, магчыма, тупані́на ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́флі, адз. л. ту́фель, памянш. ту́флік ‘лёгкі неглыбокі абутак, пантофлі’ (ТСБМ, Брасл. сл.), ту́флі, ту́хлі ‘тс’ (Сцяшк.), ту́хлі ‘тс’ (ТС, Арх. Вяр.), ту́хель ‘пантофель’ (Юрч. Вытв.), ту́флі, ту́плі ‘пантофлі’ (Васільковая сп., Сл. ПЗБ), памянш. туфелʼо́чак (Вруб.). Запазычаны з рус. ту́фли, ту́фель, якія з нідэрл. tóffel ‘хатні абутак’ ці з с.-н.-ням. tuffele, апошнія з с.-н.-ням. pantuffel (гл. пантофлі); яно ў выніку пераасэнсавання (паводле народнай этымалогіі) разлажылася на pant ‘завязка, шнурок’ і tuffel. Крыніцай запазычання лічыцца італ. pantofola (далей няясна, гл. Арол, 4, 122), якое нібыта з незасведчанага грэч. *παντόφελλός ‘сандалі на коркавай падэшве’ < πάντη ‘усюды, адусюль’, φελλός ‘коркавае дрэва’ (Фасмер, 4, 127; Чарных, 2, 273). Зайкоўскі (Слов. етим., 184–185), абапіраючыся на засчведчанае на Магілёўшчыне панто́пель ‘вязаны лапаць з тоўстых пяньковых ці льняных нітак’ (Янк. Мат.), мяркуе, што другая частка магла паходзіць з φλοιός, φλούδα ‘кара’, а дакладней ‘лыка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туш1 ‘кароткае музычнае прывітанне (на банкеце ці ўрачыстасці)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (туш) мову з нова-в.-ням. Tusch ‘тс’, якое мае анаматапеічнае паходжанне (Голуб-Ліер, 494; Сной₂, 793; Чарных, 2, 274; Арол, 4, 123).

Туш2 ‘фарба для чарчэння ці малявання’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (тушь) мову з ням. Tusche, якое ўзыходзіць да франц. toucher ‘датыкацца’ або непасрэдна з франц. touche ‘дотык’ (Фасмер, 4, 129; Голуб-Ліер, 494; Арол, 4, 124; ЕСУМ, 5, 688). Сюды ж тушава́ць ‘наносіць цені на малюнак, пакрываць тушоўкай’ (ТСБМ), якое з рус. тушева́ть ‘тс’ па ўзоры ням. tuschen ‘тс’, паводле Віткоўскага (Słownik, 188) — з польскай. Таго ж паходжання і рэтушава́ць ‘падпраўляць, падмалёўваць, заціраць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.) праз польск. retuszować з франц. retoucher ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 67; Глухак, 646).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ша ‘асвежаванае і выпатрашанае цела забітай жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ‘пра постаць, фігуру вялікага, поўнага чалавека’ (ТСБМ, Вруб.); туш ‘паўната, поўнае цела’: залезе бусало ў закуток, бу тая туш (ТС), ст.-бел. туша ‘сцягно, падрыхтаванае да ўжытку цела забітай жывёлы’: две тꙋшы мꙗса козлового (1552 г., ГСБМ). Параўн. укр. ту́ша, туша́, туш ‘тс’, рус. ту́ша ‘сцяг, цела забітай жывёлы’, польск. tusza ‘цела чалавека’, ‘паўната’. Апошняе лічыцца запазычаным у XVIII ст. з рус. ту́ша, чаму пярэчыць фіксацыя ў старабеларускай мове XVI ст. Слова звязваецца з тук, тыть, гл. Праабражэнскі, 2, 24; Гараеў, 381; Фасмер, 4, 129; Арол, 4, 123 (аналагічна да рус. крыша < крыть). Сумнеўна Якабсон (IJSLP, 1/2, 1953, 273) — з рус. ту́хнуть і Чарных (2, 274) — з рус. тощий. Відаць, запазычана з цюркскіх моў: параўн. тат., баш. түш ‘грудзінка’, тур. döş ‘бок; пярэдняя частка тушы’ (ЕСУМ, 5, 688; Борысь, 655).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)