Трэск ‘сухі рэзкі гук, утвораны пры ламанні, трэсканні, разрыванні’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп.), ‘шум, які ўтвараецца пры рабоце механізмаў, інструментаў’ (ТСБМ), ‘шуміха, пустыя размовы, балбатня’ (там жа), тры͡еск ‘трасканіна’ (Вруб.), трэ́скот ‘тс’ (ТС), трэск‑по́раск ‘шум, траскатня’ (Варл.). Укр. тріск, трі́скіт, тря́скіт ‘трэсканне, лясканне’, рус. треск, тро́скот ‘тс’, ст.-рус. трѣскъ ‘тс’, ‘гром’, польск. trzask, troskot ‘траскатня’, trzask‑prask ‘трах-бах, хутка’, чэш. třesk, třeskot, třaskot, славац. tresk ‘трэск’, ‘трэсь’, славен. trèsk ‘трэсь, лясь, бабах’, trésk ‘удар грому’, ‘шум’, харв.-чак. trȉjesak, trisk ‘гром’, серб. тре̂сак ‘трэск, гук, грукат’, тре̏с, трас ‘трэсь, бах’, балг. тря́сък ‘трэск, гром, грукат’, тряс ‘трах, лясь’, макед. тресок, трескот ‘трэск, грукат’. Прасл. *trěskъ на аснове гукапераймання, першапачаткова звязанага з громам і маланкай (Фасмер, 4, 99–100; ЕСУМ, 5, 645;), роднаснае літ. traškùs ‘крохкі’, traskà ‘крохкасць’, treškė́ti, traškė́ti ‘трашчаць, патрэскваць’, ‘ляскаць, цмокаць, цокаць’, лат. trašķis ‘шум, шоргат’, літ. tróškis ‘трэшчына’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 223; Покарны, 1072; Буга, Rinkt., 1, 488; 2, 573; Скок, 3, 502; Брукнер, 579); сюды ж далучаюць гоц. þriskan ‘малаціць’, ga‑þrask ‘ток’, нова-в.-ням. dreschen ‘малаціць’ (Сной₂, 781; Арол, 4, 100). Асновай для ўтварэння *trěskъ з’явіліся гукапераймальныя выклічнікі тыпу трэсь, польск. trzas, балг. тряс і ўтвораны на іх базе дзеяслоў *trěsk‑a‑ti і інш. (Борысь, 646–647). Сюды ж трэ́скацца ‘лопацца’ (Сцяшк., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), ‘разрывацца ад крыку’ (Шат.), трэ́скаць ‘ламаць, утвараючы трэск’ (Нас.), ‘прагна есці’ (Нас., Бяльк., Растарг.), ‘есці хапаючы’ (Юрч. Сін.), ‘моцна ўдараць’ (петрык., Яшк. Мясц.), ‘лопаць’ (лях., Сл. ПЗБ), трэ́снуць ‘стварыць трэск’, ‘з трэскам раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну’, ‘разарвацца’, ‘моцна ўдарыць, стукнуць’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ‘кальнуць (пра прыступ вострага болю’ (астрав., Сл. ПЗБ), ‘надысці (пра моцны мароз)’ (Ян.); тры͡ескаті ‘лопацца, трэскацца’, тры͡еска ‘трэшчына, расколіна’ (Вруб.), трэ́сканне ‘трасканіна’ (Нас.), траскані́на, траската́нне, траскатня́, тръскані́на, трыскатня́, трасканя́ ‘працяглы трэск, шум, стук’, ‘бясконцая балбатня, пустыя размовы’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч. Вытв.; мёрск., Нар. словатв.; рагач., паст., Сл. ПЗБ); траската́ць ‘балбатаць’ (Юрч. Вытв.), траскатну́ць ‘пусціць пагалоску’ (Юрч. СНЛ), тріскыта́ньнік, траску́н, траскату́н, траскацёлка ‘балбатун’ (Юрч. СНС, Юрч. Вытв., Юрч. СНЛ); траскуно́к, траску́нчык ‘дзіцё са звонкім голасам’ (Юрч. СНЛ), траску́нчык ‘сініца’ (слонім., Арх. Фед.), ‘моцны мароз’ (ТСБМ; мёрск., ЖНС), траску́н ‘тс’ (люб., ЛА, 2, ЛА, 5); траску́нчык ‘тонкі лёд’, трэску́шкі ‘дзіцячая гульня: дзеці бегаюць па маладым лёдзе, які моцна ўгінаецца і трашчыць’ (ТС); траску́шчы, трэску́чы ‘траскучы (пра мароз)’ (Жд. 2, ТС), трэ́сь! — пра трэск (полац., мсцісл., Нар. лекс., ТСБМ); ‘бух’, ‘хрусь, трэсь’, ‘хап’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казы́тка1 ’русалка’: «Казыркі маюць быць белые, як снег, паненкі і вельмі пекныя» (Федар., 1, 76, 76). Гэтая ж лексема прыводзіцца і ў Інстр. II; статус апошняй няясны, не выключана, што гэта эксцэрпцыя з Федароўскага. Да казытаць (гл.) матывацыя зразумелая: «русалкі як зловяць, так заласкочуць (заказычуць) цыцкамі».

Казы́тка2 ’ласка, жывёла Mustela nivalis’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ў слоўніку («Учора папужала маіх хлопцаў казытка, дык больш во не пойдуць па каласы», с. 194) дазваляе думаць пра магчымую сувязь з казытка©. Перанос назвы ў такім разе мог бы быць у выніку нейкай функцыянальнай субстытуцыі рэалій. Параўн. вядомы выпадак з назвай расамахі: расамаха, расамака ’нейкі невядомы звер’ і ’нейкая страшная жанчына’. Тут можна было б думаць пра адваротны перанос у выніку забыцця рэаліі ці верагодным атаясамліванні рэалій, вядома, што ласка лічылася дэманічнай істотай, якая магла прынесці шкоду свойскай жывёле, гэта дазваляе меркаваць і аб магчымым ужыванні дзеяслова казытаць у дачыненні да начных паводзін ласкі ў хляве. Калі гэта так, можна разглядаць назву казытка як самастойную. Аднак яна з’яўляецца, безумоўна, другаснай, даўні тэрмін — ’ласка, ласіца’. У сваю чаргу казытаць таксама інавацыя, ужывалася даўняе ласкатаць. Можна дапусціць, што казытка ’Mustela’ гэта калька назвы ласка, якая (пры калькаванні) была суаднесена з ласкатаць ’казытаць’. Калі ж сапраўды ёсць нейкая сувязь паміж ласка і ласкатаць. то тэрмін казытка мог быць утвораны ад казытаць паводле той самай матывацыі. Для ласка, ласіца прапанаваны былі розныя этымалагічныя версіі. Найбольш аргументаванай уяўляецца этымалогія, паводле якой назва łasica (магчыма, першасны дэмінутыў) ад *lasa; апошняе — дэрыват ад прасл. прыметніка ’назва колеру’, гл. Слаўскі, 5, 15–17, там жа літ-pa і агляд версій. Па другой версіі Трубачоў (ЭИРЯ, 2, 29–32) звязвае ласіцу, ласку з праслав. *lastaf *lastovica ’ластаўка’, якое суадносіцца з ласка ’любоў, пяшчота і інш.’ Таксама і Слаўскі (там жа) мяркуе, што ў паўн.-слав. мовах магло адбыцца другаснае збліжэнне (у выніку народнай этымалогіі) з *lasli() ці, можа, */as*ö (лакамы, ласы); раней Растафіньскі (на падставе цікавых назіранняў над паводзінамі ласкі) і Брукнер звязвалі з прасл. *lasiti(). Відавочна, што матывацыя такога тыпу (ласка: якая лавіцца) не падыходзіць для тлумачэння казытка, магчыма, толькі падкрэсліваецца невыпадковасць суаднесенасці казытка (як калькі) з гукавым комплексам ласк‑. Паўн.-слав. *laskotatit як аб гэтым мяркуе Слаўскі (5, 28), магчыма, з’яўляецца інтэнсівам ад прасл. *laskati, аднак не выключана, што суадносіцца з lъзкъЛай ’казытаць’. Таму цяжка меркаваць аб яўнай суаднесенасці назвы ласка ’Mustela’ і ласкатаць. Хутчэй за ўсё тут разам уплывалі і падабенства гукаў і народная этымалогія, і казытка. як калька ласка, абумоўлена шэрагам розных фактараў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жывы́, а́я, ‑о́е; жыў, жы́ва.

1. Які жыве, існуе; проціл. мёртвы. Партрэты бачыў, помнік не адзін, О, каб пабачыць Леніна жывога. Свірка. // Не засохлы, не завялы (пра дрэвы, лісце і пад.). На жывой яблыньцы не было ніводнага яблыка. Якімовіч. Яна [бульба] вясной Расткі пускала — белыя, жывыя. З. Астапенка. // Утвораны з людзей, жывёл або раслін. Людзі ціха цягнуліся да рэчкі жывым ланцугом. Бядуля. Пад акном роўна шумелі старыя ліпы, што жывой сцяной акружалі сад. Шамякін. // Які належыць жывой істоце. На жывой касці мяса мусіць парасці. Прыказка. // у знач. наз. жывы́, жыво́е, о́га, м. і н. Той або тое, што жыве. Проці цячэння вады Зможа толькі жывое паплыць. Багдановіч. Значыць, дбаць пра жывое Трэба заўжды жывому. Броўка.

2. Які мае адносіны да жывёльнага або расліннага свету; арганічны. Жывая прырода.

3. Поўны жыццёвых сіл; жвавы, непаседлівы; проціл. вялы. Старэйшая дачка ў фельчара ўлюбіцца Надумала. Вясёлы ён, жывы, Гаспадаром нядрэнным будзе ў хаце. Корбан. // Выразны, ажыўлены, вясёлы (пра вочы, рысы твару). Жывая ўсмешка. □ Жывыя і бойкія вочкі.. [Габрынькі] так і свяціліся радасцю. Колас.

4. Поўны руху, ажыўлення; бойкі. Але, як вядома, гэта, калісьці вельмі жывая дарога, у тыя часы ўжо даўно была ў глухім заняпадзе. Чорны. // перан. Рухомы, зменлівы. Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера.. жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін. Водбліскі зары адбіваліся на зялёнай паверхні мора і трапяталі на іх, расцякаючыся жывым агнём. Самуйлёнак.

5. Такі, як у рэчаіснасці; сапраўдны, натуральны. Колю і цяпер усё яшчэ здаецца, што гэта быў не сон, а жывая сапраўднасць. Якімовіч. // Цэлы, непашкоджаны. Мне ў памяці горад вясёлы, жывы, Без бомбаў, Без ран і без чорных руінаў. Броўка. Я ўсё думаю аб адным і тым жа: якім чынам уцалела ферма, засталася жывой, і хто аказаўся тым чалавекам, што заступіўся за яе? Ракітны. // Выкліканы, абумоўлены жыццём, практыкай. Жывая справа.

6. Дзейны, ажыўлены, інтэнсіўны. Жывая работа. Жывая гутарка. Жывы водгук. // Здольны чутка рэагаваць; успрымальны. Жывы розум. □ [Кастусь] у жывым сваім уяўленні пакідаў не толькі тое, што сам бачыў, але і ўсё, што чуў. Чорны. // Востра адчувальны. Жывая рана. Жывое гора.

7. Яркі, выразны. Жывы расказ. Жывы малюнак. □ Мова... інтэрмедый жывая, яркая, насычаная разнастайнымі моўнымі выяўленчымі сродкамі. Шакун. // Свежы, цікавы. Гарачым і жывым струменем Ліюцца словы Ільіча... Глебка. Колькі тут было цікавага, колькі жывых думак выказана. Мядзёлка.

8. Які рэальна існуе, яшчэ не знік. Жывая граматычная форма. Жывая літаратурная мова. // Не забыты, захаваны ў сэрцы, памяці і пад. Жывая легенда не мае спачыну, Ёй, вольнай, няма берагоў. Хведаровіч.

9. Які захоўвае ў памяці многія падзеі, факты і пад. Вечарамі мужыкі сыходзіліся ў крайнюю хату дзеда Юркі. Гэта быў самы стары чалавек у вёсцы, яе жывая кніжка. Колас. [Бабка], напэўна, памятае прыгонныя часы.. Гэта ж жывая гісторыя! Апошняя наша надзея раскрыць таямніцу кургана. Якімовіч.

•••

Жывая вага гл. вага.

Жывая мова гл. мова.

Жывая рана гл. рана.

Жывая сіла гл. сіла.

Жывое срэбра гл. срэбра.

Жывое цягло гл. цягло.

Жывы інвентар гл. інвентар.

Жывы куток гл. куток.

Жывы тавар гл. тавар.

Жывыя кветкі гл. кветка.

Браць (узяць) за жывое гл. браць.

Жывая вада гл. вада.

Жывая капейка гл. капейка.

Жывая крыніца гл. крыніца.

Жывая сувязь гл. сувязь.

Жывая чарга гл. чарга.

Жывога месца няма гл. няма.

Жывое слова гл. слова.

Жывы труп гл. труп.

Жывыя мошчы гл. мошчы.

Зачапіць за жывое гл. зачапіць.

На жывую нітку гл. нітка.

Ні адной жывой душы гл. душа.

Ні жывы ні мёртвы — у стане вялікага страху, знямення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калі́ць1 ’пэцкаць’ (жытк., Арх. ГУ; ТС), польск. kalić ’пэцкаць’, ’брудзіць’, ’муціць’, славін. kalac ’пэцкаць, брудзіць’ каш. kalëc, в.-луж. kalić ’муціць’, ’запырскваць’, н.-луж. kaliś ’муціць (ваду)’, ’пэцкаць’, чэш. kaliti ’пэцкаць’, ’муціць’, славац. kaliť ’брудзіць’, ’муціць’ славен. kalíti ’муціць’, серб.-харв. ка́лити ’брудзіць, муціць’. Праслав. вытворнае ад каlъ (гл. кал), дзеяслоў па ‑iti‑.

Калі́ць2 ’бяліць, рабіць пабелку’ (тураў., Выг.; гом. КЭС; петрык., Мат. Гом.; кам., Сл. паўн.-зах., ТС). Укр. палес. калити ’мазаць сцяну глінай’, польск. kalić ’бяліць’, славац. kaľiti ’бяліць (сцены)’. Беларускае быццам бы толькі палескае, статус іншых фіксацый не вельмі ясны, наўрад ці правамерна рабіць дапушчэнне аб праславянскім характары слова. Бел. інавацыя відавочная — на базе семемы ’мазаць глінай’, ад kaliti > kalъ (гл. кал). Утварэнне, паралельнае да каліць1 (параўн.).

Калі́ць3 ’гартаваць’ адзначана толькі форма калытыся ’гартавацца’ (драг., Жыв. сл.). Статус слова няясны, гэта палескі кавальскі тэрмін і не выключана, што ён запазычаны з суседніх моў. Рус. калить ’гартаваць’, чэш. kaliti, славац. kaliť, славен. kaliti, серб.-харв. ка́лити, макед. кали, балг. каля ’гартаваць’. Праславянская семантыка па-рознаму разумеецца даследчыкамі, існуюць розныя погляды на сувязі слав. лексемы і як вынік былі прапанаваны розныя этымалогіі. Паводде Бернекера, 1, 476, прасл. kaliti суадносіцца з ірл. calath, кімр. calad ’цвёрды’, лац. callum, callus ’мазоль’ і да т. п.; Мее (BSL, 14, 373) шукае сувязі з рус. колеть ’цвярдзець’; Ваян (RÉS, 19, 112) лічыць, што слав. kaliti — паралельнае з герм. *köljan ’ахалоджваць’. Былі і іншыя прапановы, сярод якіх найбольш абгрунтаванай і прынятай у некаторых новых слоўніках з’яўляецца версія аб сувязі слова з прасл. kalъ, гл. спец. Махэк, LF, 65, 314–315. Паводле гэтай версіі, генетычная сувязь лексем відавочная, паколькі ў традыцыйнай (даўняй) ганчарнай вытворчасці цвёрдасць надаецца напальваннем. Такая думка была падтрымана Слаўскім. 2, 29, аднак неабходна адзначыць, што сам Махэк₂ (236) адмовіўся ад ранейшай прапановы і прыняў фактычна версію Бернекера. Сумненні таксама ў Машыннага (JP, 39, 1959, 2). Трубачоў (Эт. сл., 9, 124) вельмі ўпэўнена мяркуе аб эвалюцыі семантыкі ’апускаць металічны выраб у ваду, у раствор гліны’ > ’гартаваць’.

Калі́ць4 ’напальваць’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. калить ’тс’, наўг. і інш. ’грэць і да т. п.’. Можна разумець як вытворнае ад каліць3, семантыка зразумелая, паводле геаграфіі — інавацыя ў рус. і часткова бел. гаворках.

Калі́ць5 ’прабіраць, выгаворваць’ (Юрч.). У іншых бел. гаворках адпаведнікаў як бынцам няма. Рус. раз., уладз., сарат., арханг. калить ’лаяць, сварыць; сварыцца’, вяц. ’рабіць каму-небудзь строгую заўвагу’. Статус беларускага слова няясны, яно магло трапіць у бел. усх. гаворкі разам з рус. перасяленцамі. Аднак не выключана, што тут незалежныя ўтварэнні; на базе калить ’каліць’ утвораны рус. лексемы, а бел. — або па той жа семантычнай мадэлі, або ў выніку развіцця семантыкі ’знеслаўляць’ (< ’пэцкаць’) > ’выгаворваць’, параўн. бел. тур. каляць ’знеслаўляць’ і ’пэцкаць’ (да кал). Больш верагоднай уяўляецца першы варыянт тлумачэння, параўн. семантычную паралель у рус. маск. жечь ’лаяць, сварыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тул1 ‘задняя частка ў процілегласць пярэдняй, у тым ліку патыліца, спіна, азадак’ (Нас., Гарэц. 1, Яруш., Некр. і Байк., Бяльк., Байк. і Некр.); сюды ж ту́лом ‘задам, схіліўшы галаву’ (Нас.). Параўн. рус. фалькл. тул ‘тулава [?]’, смал., валаг. ту́ло ‘тс’ (СРНГ). У сувязі з арэальнай і функцыянальнай абмежаванасцю беларускай формы (першапачаткова фіксуецца ва ўсходняй Магілёўшчыне, пазней са слоўніка Насовіча трапіла ў слоўнікі літаратурнай мовы) з’яўляецца мясцовым варыянтам асноўвай формы тыл (гл.), паралельна з якой ужываецца на адзначанай тэрыторыі. Аб мене ы > у ў гаворках з дысімілятыўным аканнем гл. Нарысы дыял., 53; Крывіцкі, Дыялекталогія, 182. Па меркаванні Куркінай (Этимология–1982, 23), у асобных выпадках можна дапусціць уплыў асновы тулава (гл.). Звяртае на сябе ўвагу славянскае запазычанне ў беларускім ідышы tul ‘тулава, туша’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 807). Фурлан (Jez. zap., 11, 1, 115–124) разглядае як праславянскі анатамічны тэрмін *tȕlъ (далучаючы сюды рэз’ян. túlac ‘патыліца’), утвораны ад прыметніка *tȕlъ ‘тоўсты, тлусты’, што звязана з тыл, тыць (Фасмер, 4, 131). Прапанаваная Фурлан (там жа) далейшая сувязь з *tulъ вытворнага тэрміна харв. zȃtuljak ‘патыліца’ (*zatűlъkъ) з беларускім геаграфічным тэрмінам зату́лак ‘зацішнае месца, куды сонца рэдка заглядвае’ (Нас., ад затуля́ць, (гл. туліць) здаецца штучнай (“закрыта” пярэдняй часткай галавы?).

Тул2, ст.-бел. тулъ ‘калчан, чахол для стрэл’ (XVI ст., ГСБМ, Скарына, Альтбаўэр, ПГС, Ст.-бел. лексікон), ту́ля ‘похва для стрэл’ (Ласт.). Захавалася як архаізм стараж.-рус. тулъ (тоулъ), ст.-рус. тулъ, у XVIII ст. — туло ‘тс’, ст.-рус. маск. тулъ ‘похва для лука’. Найбольш працяглы час словы тул, ту́ло і вытворныя ад іх ужываліся ў стараўкраінскай мове і ўкраінскай мове пачатку XIX ст.: тульник ‘той, хто вырабляе калчаны’, ‘які носіць калчаны і стрэлы’, тульникі́вна ‘дачка тульніка’, тульниче́нко ‘сын тульніка’, тульничка ‘жонка тульніка’ (гл. ЕСУМ, 5, 671; Адзінцоў, Этимология–1973, 98–101). Польск. tuł, tół, tula, tuleja ‘калчан’ (Варш. сл.), ст.-польск. tuł (да XVII ст.) ‘тс’, чэш. toul, toulec, ст.-чэш. túl ‘калчан’, славац. tulec, славен. tul̑, tul̑ec, tul̑ičeh ‘тс’, ст.-харв. tul̑, харв. tuljac, серб. ту̑л, ту́лац, балг. тул ‘тс’, радоп. ‘скрынка з кары’, макед. тул ‘скураная похва для стрэл’, ст.-слав. тоулъ ‘тс’. Прасл. *tulъ ‘калчан, похва, чахол, футарал’ развілося з і.-е. *tu̯ah₃‑ul‑o, параўн. ст.-інд. tūn̥a‑, tūn̥í, tū́n̥iras ‘тс’ (Фасмер, 4, 117), інд. tūn̥ava ‘дуда’, ст.-грэч. σωλήν ‘труба, жолаб, канал’ (Сной₂, 791). Захаваныя вытворныя ў народных мовах, параўн. туле́йка (гл.), рус. вту́лка ‘трубка, затычка’, балг. дыял.туле́шник ‘жалезная скрынка на свечкі’, ту́ли́ще ‘кошык на арэхі’, макед. охрыд. тулина ‘жывот’ і інш., схіляюць да версіі пра першаснае значэнне ‘покрыва, накрыўка, схоў’ і сувязь з туліць ‘утойваць, хаваць’ (гл.). Агляд і абгрунтаванне версій у ESJSt, 17, 997; Куркіна, Этимология–1982, 21–23; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400; Анікін, РЭС, 9, 95.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луна́1 ’зарава’ (Бес.), у выразе: хадзіць па луне ’быць лунацікам’ (віл., Сл. ПЗБ), луна́ ’рэха’ (Растарг.), ’маладзік’ (добруш., Бел. хр. дыял.). Укр. луна́ ’водбліск, зарава’, ’рэха, водгулле’, рус. луна́ ’месяц’, ’водбліск на небе’, ’промень святла’, ’асветленае праменямі святла неба’, паўд. ’рэха’; польск. łuna ’водбліск моцнага святла, вялікага агню’, ’святло’, ’вясёлка’, ’чырвонае неба’, ’чырвань на шчоках’, каш. łu̇na, łǫna ’чырвань агню’, палаб. lau̯nǝ, lai̯nǝ ’месяц’, чэш. і славац. (паэтыч.) luna, ст.-чэш. luna ’промень, святло, бляск’, ’месяц’, славен. lúna ’месяц’, młȃdạ, pȍu̯nạ łȗnạ ’маладзік’, серб.-харв. чак. lunȁ, дуброўн. lȗna ’вясёлка’, макед. (паэтыч.) луна і серб.-харв. лу́на ’месяц’, балг. луна́ ’тс’, ст.-слав. лоуна ’тс’, ц.-слав. ’святло месяца’. Прасл. luná ’бляск, водбліск’, ’месяц’, ’вясёлка’, якому адпавядаюць: ст.-прус. lauxnos ’свяцілы’, лац. lux ’святло’, lūna ’месяц’ (у больш старажытным напісанні losna), авест. raōχšmā‑ ’святло, бляск’, ст.-ірл. lūan ’тс’, ’месяц’, ст.-грэч. λευκός ’светлы’, λύχνος ’свяцільнік, ліхтар’, ст.-в.-ням. liehsen ’ясны’, арм. lusin ’месяц’, тах. lukśanu ’які свеціцца’. І.‑е. праформа *louk‑s‑nā ’свяціла’, ’якая свеціцца’ суадносіцца з дзеясловам *leuk‑/*louk‑ (Бернекер, 745; Фасмер, 2, 533; Слаўскі, 5, 308–311; Мее, Études, 130, 442, 444; Скок, 2, 330–331; Махэк₂, 344; БЕР, 3, 509–510; Аткупшчыкоў, Из истории, 234). Мартынаў (Балта-слав.-іт. ізагл., 30) мяркуе, што прасл. luna з’яўляецца інфільтрацыяй іт. louksnā на зах.-балт. арэале.

Луна́2 ’ленасць, гультайства, нерухавасць’ (КЭС, лаг.). Да лунь3 ’гультай’ (гл.). Магчыма, тут назіраецца пэўны ўплыў на семантыку з боку лексем лунацік, хадзіць па луне́.

Луна́3 ’невялікая хмарка’ (гродз., бяроз., Сл. ПЗБ), ваўк. лунёк ’хмарка’ (там жа). Першапачаткова было лунь (ці ⁺лунъ), а жаночы род з’явіўся пад уплывам лексемы хмара (а, магчыма, і луна ’водбліск’), параўн. лунь, лунёк ’невялікая дажджавая хмара’ (віл., Жыв. сл.), ’здань, прывід’, луні́ ’кучаравыя воблакі’ (віл., Нар. лекс.), лунь ’белы балотны туман’ (ТСБМ). Названа паводле бела-шэрага колеру, бледнага водбліску. Генетычна да лупа́1 (гл.). Сюды ж луні́сты ’хмарны’ (віл., Сл. ПЗБ).

Луна́4 ’незарослае вадзяное месца ў балоце, якое адсвечваецца’ (зах.-бел., Яшк.). З лума́ > лу́міна (гл.). Відавочна, сема ’водбліск’ і вызначыла фіналь, аформіўшы яго ў ‑на, як ⁺луна́ (гл. луна́1), якое зафіксавана ў в.-дзв. гаворках у мн. ліку: луны́ ходзюць ’блішчаць, пераліваюцца, льсняцца’ (Сл. ПЗБ). Параўн. таксама лу́нка, лу́нька (гл.).

Луна5 ’няшчасце, бедства’ (Шат.). Генетычна роднаснае да укр. лун, лунь у выразе лу́на пійма́ти ’памерці’, рус. луна́ ’смерть’ і, магчыма, да балг. лу́на ’моцны вецер з віхром’, лу́на і лу́ня ’бура’ (Дурыданаў, Болг. русистика, 1979, 4, 32–34), а таксама чэш. кіёўск. luňák ’хуткі вецер’. Утвораны пры дапамозе старога суфікса ‑на (< прасл. ‑na) ад асновы лу‑, якую Буга (Rinkt, 2, 373), Фасмер (2, 533), разглядаючы рус. луна́ ’смерць’, бачаць у роднасных літ. lavónas і liavónas ’труп’, liáujuosi gyvenęs, прус. au‑laũt ’памерці’, liáutis, paliáuti ’спыняць’, лат. ļaũt ’дапускаць, дазваляць’; сюды ж прасл. lěviti: укр. ліви́ти ’слабець’, чэш. leviti ’палягчаць’; гоц. lēwjan ’аддаваць на што-небудзь’. Сюды ж лу́нуць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́тка1 ’невялікія дзверы для праходу ў варотах, плоце, агароджы; фортка’ (БРС, ТСБМ, Касп.; гарад., Сл. паўн.-зах.). Суадносіцца з рус. калитка ’тс’, якое зафіксавана ў пісьмовых помніках параўнальна позна — з другой палавіны XVII ст. У гаворках адзначаецца таксама калін. ’вароты’, цвяр. ’пярэднія вароты для ўваходу на ганак’, ярасл., кастр., маск. ’дзверы сялянскай хаты, якія вядуць з ганку ў сені’, тульск. ’драўляная крышка, якая зачыняе ўваход у падполле’, ’навес’. Характар сувязі бел. і рус. лексем няясны — на поўначы гэта, магчыма, спрадвечнае слова, на іншай бел. тэрыторыі — культурнае запазычанне з рус. мовы. Калитка як быццам выключна рус. слова, этымалогіі фактычна няма. Бернекер (1, 474) уводзіць слова ў артыкул kalita ’кашалёк’, паводле Праабражэнскага, 1, 286, рус. калита суадносіцца з коло, колесо. Паводле Фасмера, 2, 168, абедзве версіі памылковыя; неабходна рэканструяваць архетып колита ’дзверы’ ад колъ. Словаўтваральны тып, аднак, застаецца незразумелым. Не выключана, што бліжэй да ісціны быў Бернекер. На жаль, у нас няма непасрэдных доказаў таго, што каліта ’фортка’ і калита, калітка ’кашалёк’ непасрэдна суадносяцца ў выніку падабенства. Можна толькі меркаваць, што немалую ролю тут магла адыграць не столькі чатырохвугольная форма, колькі падобнасць упрыгожанага чатырохвугольніка кашалька да дзвярэй, форткі, верагодна, замацаваных перакрыжаванымі рэйкамі. Нашы меркаванні заснаваны, галоўным чынам, на ўскосных доказах. Так, параўн. каліта2, дзе назіраецца імаверны перанос па форме. Можна прывесці і полац. у калітачку скласці (хустку) ’скласці роўненька, квадрацікам’, якое, на нашу думку, непасрэдна суадносіцца з шырока засведчаным на рус. моўн. тэрыторыі калитка ’пірог, піражок з начынкай, звычайна адкрыты’. Цікава адзначыць, што на магчымую першасную сувязь указвае яўная адідэацыя ў рус. дыял. калитка ’піражок з узорам з гарызантальных палосак (у выглядзе «калитки»). Відаць, няма патрэбы ў пераносе назвы з каліткі ’кашалёк’ на іншыя рэаліі, не выключана, што тут рэалізуецца разгалінаваная семантыка запазычанага слова. Што датычыць лінгвагеаграфіі, то рус. калитка ’фортка’ ў значнай меры супадае з арэалам адпаведнай назвы для кашалька, аднак на бел. тэрыторыі гэта русізм.

Калі́тка2, звычайна мн. ліку, ’чатырохвугольныя ласкуты ў безрукаўцы’ (лун. Малч.). Паралелі да бел. слова ў польск. мове: kalita, kalitka (у мн. ліку) ’ласкуты ў кафтанах’, ’«зубы», прышытыя да нізу гарсэту’ і да т. п. Этымалагічна суадносіцца з каліта як ’чатырохвугольнае (скураное?) упрыгожанне на вопратцы’. Шырока прадстаўлена ў польск. гаворках, што, магчыма, сведчыць аб запазычанні бел. слова з польск. мовы.

Калі́тка3 ’лагчына, зарослая кустамі’ (Касп.). Адпаведнікаў у бел. мове да гэтага слова няма. Ілюстрацыя ў слоўніку не выключае магчымасці, што тут зафіксаваны мікратапонім: «Зьвядзі каня ў калітку пасьціць» (Касп., с. 151). Рус. наўг. калита ’частка ворыўнага поля’, валаг. ’лес, які знаходзіцца блізка ад вёскі’, арханг. калитка, паводле СРНГ, 12, 359: «Небольшой земельный участок, выгороженный особо среди одного обода — земельного владения, принадлежащего нескольким хозяевам». Гэтыя факты таксама няпэўныя (мікратапанімія?), але дастаткова аднародны арэал, дзе адзначана слова, сведчыць, магчыма, пра агульную інавацыю. Няясна, на базе якой лексемы ўтвораны слова, паколькі магчымая ідэя «чатырохвугольнасці» адносіцца і да каліта і да калітка. Можна думаць пра сувязь слова з праслав. kalъ; дэрыват у такім выпадку павінен быў азначаць спачатку ’вільготнае, балоцістае месца’. Пярэчаць гэтаму відавочныя рус. паралелі (семантычныя цяжкасці) і словаўтваральны крытэрый.

Калі́тка4 расліна гарлачык, Nuphar luteum; Nymphaea alba’ (лельч., стол., лун., Бсил.). Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю неабходна аднесці сюды і каліты, адзначанае ў Сержпутоўскага, 63: «Падплыла дошка к берагу, заплуталася паміж калітак і стала». Далей сюды ж калітнік ’гарлачыкі жоўтыя’ (саліг., Нар. словатв.). Бейліна (Лекс. Пол., 422) як адпаведнік прыводзіць укр. калитник ’расліна Capsella bursa pastoris’, што наўрад ці правамерна. Укр. назва — празрыстае ўтварэнне ад калита ’кашалёк, сумка’, тое ж і ст.-польск. kaleta pasterska, kaletki, літ. kolytä ’расліна Thlaspi arvense’. матывацыя зразумелая, паколькі насенныя каробачкі вельмі нагадваюць сумкі рознага тыпу, параўн. лац. назву і рус. кальку пастушья сумка. Семантыка тэрмінаў для Nuphar, Nymphaea з’яўляецца іншай, параўн. бел. сінонімы: глечыкі, кушынкі. жбанкі, палес. банка, гладышечки, укр. кубишка, збанок, банька і інш. Думаецца, што ўкр. назву для Capsella можна разглядаць асобна ад бел. Апошнія ў такім выпадку — відавочна беларуская рэгіянальная інавацыя. Фармальная сувязь з вышэй прыведзенай лексікай відавочная; цяжка, аднак, аддаць перавагу збліжэнню з каліта. паколькі нельга цалкам выключыць магчымай сувязі з каліт‑ ксч. Думаем, што слова неабходна ўсё ж такі лічыць роднасным да каліта, аднак не ’кашалёк чатырохвугольнай формы і да т. п.’, а ў значэнні ’мяшочак, капшук і інш.’ Падставы для такога меркавання ёсць, паколькі шэраг слав. сінонімаў для Nuphar, Nymphaea сведчыць аб тым, што кветкі або насенныя органы параўноўваліся з галоўкамі маку і называліся тэрмінамі з семантыкай «выпукласці». Параўн. бел. булдоўка для Nuphar, макаўка, макоўка ’Nymphaea’, палес. болбуткі, бубенчики ’Nuphar’, болбутки ’Nymphaea’, магчыма, укр. бабка ’Nuphar’, мак. водяний бамбулька ’плод гарлачыка’ і інш. Не выкліочана таксама, што бел. назва — вынік канкрэтнай рэалізацыі больш шырокавядомай мадэлі, паводле якой утвораны і ўкр. і інш. назвы; у такім выпадку можна думаць аб існаванні універсаліі ў межах народнай тэрміналагічнай сістэмы намінацыя. У любым выпадку інавацыйны характар назвы відавочны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́1 ’самка казла’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; лаг., КЭС; Маш., Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп. Прымхі, Сцяц. Нар., Сцяшк., Шат.; бялын., Янк. Мат.; Яруш.). Укр. коза, рус. коза, польск. koza, палаб. tʼözɜ, н.-луж. kóza, в.-луж. koza, чэш. koza, славац. koza, славен. kóza, серб.-харв. ко̀за, макед. коза, балг. коза. Засведчана ў ст.-слав. коза ’тс’. Праслав. koza ’Capra’. На думку Слаўскага, 3, 25, старыя дэрываты (прасл. часу) koža, kozuxъ, kozьlъ. Асобае месца назвы казы ў славянскім фальклоры і абрадах сведчыць на карысць спрадвечнага характару гэтага слова. Аднак дакладных і.-е. адпаведнікаў да прасл. koza няма. Бліжэй па семантыцы і форме і.-е. ўтварэнні: ст.-інд. аjā ’каза’ (і.-е. *ag̑ā), ajá ’казёл’, с.-перс. azak, н.-перс. azg ’каза’, літ. ožỹs ’казёл’, ožkà ’каза’ (< балт. *ažia‑), патрабуе тлумачэння слав. k‑ у пачатку. Іншыя паралелі: алб. keth, kedhi ’казляня’, ст.-англ. hκcen ’тс’, hacele, hκcele ’плашч’, гоц. hakuls ’тс’, ст.-ісл. hokull ’верхняя вопратка, плашч’, с.-н.-ням. hoken ’маленькае казляня’. Гэта версія падтрымлівалася шэрагам даследчыкаў (Бернекер, Педэрсен, Торп, Младэнаў, Фасмер і інш.), гл. літ-ру ў Бернекера, 1, 595; Фасмера, 2, 277, аднак і апошняя этымалогія не пазбаўлена фанетычных цяжкасцей. Звернем увагу і на той факт, што алб. слова, магчыма, не суадносіцца са слав. лексемамі: Неразнак (Этимология–1973, 198) адзначае, што, паводле этымалагічных распрацовак Чабея, алб. kedh ’казёл’ неабходна лічыць кантамінацыяй дзвюх семантычна тоесных асноў edh (< і.-е. *ag̑‑) і kec. Па такой жа прычыне цяжка прыняць прапанаваную Уленбекам (94) думку аб роднасці ст.-інд. chā́gaḥ ’казёл’ і слав. koza. Аб гэтай версіі гл. Геаргіеў, Въпроси, 58–59, аб ст.-інд. слове гл. Майргофер, 406. Брукнер (262) меркаваў аб сувязі прасл. слова і літ. ožkà, дапускаючы метатэзу. Адзначым, што ў славянскіх мовах зафіксаваны адпаведнік літоўскаму слову — гэта серб.-ц.-слав. azno, ꙗзьно, рус.-ц.-слав. ꙗзьно ’скура’ < прасл. azьno, магчыма, славен. aževina ’адходы пры вырабе скуры і інш.’, гл. аб апошнім Саднік–Айцетмюлер, Vgl. Wb, 1, 42. Корш (Зап. Геогр. Общ. Отд. Этногр., 34, 537 і наст.) выказаў думку, што слав. koza запазычана з цюрк. моў. Гэту версію падтрымаў Трубачоў (Гл. ВЯ, 1959, 1, 23). Трубачоў (Происх. 86–88) прапанаваў алтайскую крыніцу як для літ. ožkà ’каза’, так і для слав. koza. На думку Трубачова, гэта запазычанні двух храналагічных узроўняў: балт. і інда-іран. < ст.-цюрк. äčkü (’каза’? ’казёл’?), слав. < цюрк. käza, якое ў сваю чаргу метатэза äčkü. Алтайскія назвы, паводле Трубачова, Происх., 88, узыходзяць да падзыўных слоў. У новых этымалагічных слоўніках такая версія ацэньваецца як пераканаўчая. Слаўскі (3, 25), Махэк₂ (286) лічаць, што найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія, паводле якой суадносяцца слав. koza, ст.-інд. ajā́ і інш. K у слав. koza тлумачыцца як пратэтычнае; у якасці паралелі прыводзіцца слав. kostь, якое разам з лац. costa ’рабро’ можна суаднесці са ст.-інд. ásthi, ст.-іран. ast‑, asti‑, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ós, ossis ’костка’, аднак, па сутнасці, тут адным ненадзейным прыкладам падмацоўваюць другі, гл. аб ст.-інд., ст.-іран., ст.-грэч. і лац., хет. hastai, арм. oskr, якія да і.-е. *est‑hi (Ваян, Gramm. comp., 2, 173, 183). Геаргіеў (Въпроси, 18) меркаваў, што ў прасл. былі кантамінаваны гіпатэтычныя *astь ’костка’ і *kast(a) ’рабро’ (тут a ў аснове ‑o). БЕР (2, 523–524) прымае, па сутнасці, этымалогію Бернекера і іншых (гл. вышэй), мяркуе аб магчымасці далучыць да спіска і.-е. адпаведнікаў ст.-інд. chagaḥ ’казёл’, chā́ ’каза’ і абгрунтоўвае суаднесенасць у гэтым выпадку z у слав. слове і g у ст.-інд. Паводле гэтага слоўніка, ст.-інд. слова з і.-е. *skego‑s ’скакун’, а z у слав. koza над уплывам kozьlъ, якое з і.-е. *(s)kōg‑ і суф. Nomina agentis ‑ilo‑s (і.-е. слова па значэнню таксама ’скакун’), гл. падрабязней БЕР, там жа. На думку Геаргіева (Въпроси, 18), кантамінацыя яшчэ ў і.-е. мове *(s)kēgo‑s, *(s)kōgo‑s ’казёл’ і ā̆gā, ā̆g‑i‑ ’каза’, у выніку якой утвараліся *ā̆gʼo‑s ’казёл’ *ā̆gʼā, ā̆gʼ‑i‑ ’каза’, першая пара слоў да і.-е. *(s)kēg‑, *(s)kəg — ’падсукваць’.

*Каза́2, коза ’худая і малая жанчына’ (драг., Нар. лекс.). Чэш. koza ’аб худой і не вельмі разумнай жанчыне’. Перанос ад каза1, матывацыя ясная; параўн. паводле іншай адзнакі рус. пск., асташ., цвяр., калуж. і інш. коза ’аб жвавай, бойкай, спрытнай дзяўчыне’. Незалежна (беручы пад увагу рэгулярнасць такога пераносу) польск. koza ’аб вясёлай падрастаючай дзяўчыне’ і адзначанае Ліндэ з XVII ст. ’аб брыдкай, распуснай жанчыне’, славац. koza ’аб дзяўчыне, кабеце’.

Каза́3 ’апрануты ў вывернуты кажух хлопец у час шчадравання’ (Булг., Радч., Шат.), ’даўні беларускі калядны абрад’ (ТСБМ). Укр. коза ’тс’, чэш. дыял. koza ’абрадавая гульня’. Да каза1 параўн. у Радчанкі: «Изображенный козой хлопец…», у Грынчэнкі: «…одевается козою». Аб храналогіі і сувязях меркаваць цяжка, улічваючы рэгулярнасць з’явы і магчымасць як старога характару абраду, так і яго міграцыі.

Каза́4 ’танец «каза»’ (БРС, Сержп. Грам.). Можна прывесці не зусім дакладныя ўкр. (у Чубінскага. З, 265) «коза танцует под музыку» (на каляды), рус. (у Даля) плясать козою ’ламацца па-балаганнаму’. Аб матывацыі можна здагадвацца, аднак інфармацыі не хапае.

Каза́5 ’невялікая рыба тыпу ўюна, якая жыве ў глеі’ (полац., З нар. сл.), ’нейкая невялікая рыбка’ (віц., Нар. лекс.). Сувязь з каза1 бясспрэчная; матывацыя, відаць, тая, што прапануе складальнік слоўніка А. Я. Баханькоў: «… назву атрымала, відаць, з-за двух вырастаў-рожак на ніжняй губе» (З нар. сл., 221). Абедзве фіксацыі слова з аднаго рэгіёна, што, магчыма, сведчыць аб лакальным пераносе, незалежным ад такіх лексем, як укр. (у Шухевіча) коза сікавка ’рыбка Cobitis taenia’, польск. koza ’рыба’, ’рыба Cobitis taenia’.

Каза́6 ’грыб пеўнік стракаты’ (узд., Нар. словатв.), коза ’тс’ (драг., кобр., Жыв. сл.; лельч., Жыв. сл.; хойн., Мат. Гом.), куза ’тс’ (драг., Жыв. сл.). Балг. дыял. козурка ’від стракатага грыба’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; параўн.: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (лельч., Жыв. сл.), «Козы з пудодна такіе, як на казе шэрсць, а зверху репеховатые» (хойн., Мат. Гом.), «Бараду ў казы с‑пад нізу трэба шчысціць нажом, а верх зрэзаць да мяска і атварыць» (узд., Нар. словатв.). Нягледзячы на такія яркія прыклады, неабходна мець на ўвазе, што ў даным выпадку магла адбыцца канкрэтызацыя назвы ад каза, казёл у значэнні ’агульная назва ядомых грыбоў, за выключэннем баравікоў і да т. п.’, якія ад каза1, казёл1 паводле адзнакі ’адмоўнае, дрэннае’, параўн. таксама і балг. дыял. козач ’грыб лісічка’ і (што можа сведчыць аб іншай матывацыі) ’гъба, припънка, пачы крак, Cautharellus cibarius’. Гл. казляк.

Каза́7 ’арыштанцкая, кутузка’ (БРС). Слова прыводзіцца і ў Насовіча з падрабязным тлумачэннем: «Съезжий домъ. Городская застава, по бѣлорусски называется рогатка… Почему отъ слова рогатка домъ этотъ назывался козою. И в настоящее даже время о посаженномъ подъ арестъ или въ смирительный домъ говорятъ: посадили въ козу; въ козѣ сѣдзиць» (Нас., 240–241). Укр. коза ’турма’, польск. koza ’тс’ (у Ліндэ з XVIII ст.), чэш. дыял. слова ’турма’. Цяжка меркаваць, як суадносяцца гэтыя назвы; улічваючы геаграфію, можна было б гаварыць аб калькаванні з гіпатэтычнага зах.-еўрап. слова або аб запазычанні з польск. мовы. Ва ўсякім разе тлумачэнне Насовіча толькі падкрэслівае думку, што гісторыя гэтага слова абумоўлена гісторыяй рэаліі, і, хаця матывацыю ’рагатка, рагаты’ можна прыняць (аб такіх пераносах гл. ніжэй), тэарэтычна назва магла быць утворана і іншым шляхам.

Каза́8 ’двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2, Жд. 3; мазыр., З нар. сл.; жытк., Мат. Гом.; зэльв., Сцяц.; бераст., ваўк., маст., свісл., слонім., Сцяц. Нар.; навагр., Сцяшк.; бялын., Янк. Мат.). Слова ведаюць ст.-бел. гаворкі; верагодна (паколькі няма адпаведных паралеляў) беларуская інавацыя. Сцяцко (Словаўтв., 131) адзначае: «Мерка атрымала сваю назву паводле формы: накрыж збітыя канцы палак нагадваюць рогі казы»: параўн. козлы ’прыстасаванне распілоўваць дровы’. Цалкам магчымая версія: чэш. koza ’козлы — прыстасаванне для сушкі сена’, славен. koza ’козлы’, параўн. укр. козла ’козлы’: «Стали вряд и ратища в козла поставили» (Грынч., 265), рус. арх. козёл ’бярвенні, якія ставяць на прасушку вертыкальна ў піраміду’: «Свежесрублены бревна в козлы ставят» (магчыма, ужываецца толькі ў множным ліку?), валаг. козёл ’два калы, увагнутыя ў зямлю, злучаныя і перавязаныя крыж-накрыж’; падобныя прыклады вядомыя як у іншых славянскіх, так і ў неславянскіх мовах. Аднак гэта не адзіная магчымая версія; параўн. іншыя бел. назвы такога прыстасавання: кавіла, чыкірда, дзе матывацыя ’чыкільгаць’; параўн. яшчэ бел. казінец ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’, укр. козинець, рус. козинец ’тс’. Не выключана, што матывацыя ў даным выпадку была складанай, шматвобразнай.

Каза́9 ’саха ў студні з жураўлём’ (барыс., ДАБМ). Да каза1; матывацыя: ’прадмет з рагуляй, саха’, параўн. серб.-харв. kòza ’прыстасаванне ў выглядзе разгалінаванага дрэва’ (сахі), рус. смал. козёл ’кол, жардзіна звычайна з перакладзінамі для сушкі гароху, сена і да т. п.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з суччамі гарох’ і інш. Паводле гэтай метафары ад каза, казёл у славянскіх і іншых мовах утворана многа назваў розных прыстасаванняў, аднак меркаваць аб суадносінах гэтых слоў і храналогіі іх утварэння вельмі цяжка.

Каза́10 ’заплечныя, насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве’ (БРС, ТСБМ). Статус беларускага слова (зафіксавана ў слоўніках літаратурнай мовы) няясны; магчыма, гэта запазычанне. У рускай мове лексема вядома як пск., пенз., уральск., адзначана таксама акадэмічным слоўнікам 1814 г. Польск. koza ’прыстасаванне ў выглядзе дошкі з падпоркамі для пераносу цэглы на плячах’. Суседнія гаворкі ведаюць утварэнні ад каза1, якія называюць падобныя прыстасаванні, параўн., напр., рус. смал. коза ’зэдлік, лавачка, на якой коўзаюцца ўзімку’, аднак, магчыма, каза10 не ад каза ’лавачка’.

Каза́11 ’дошчачка з выразам на ножках для здыманні ботаў’ (круп., Нар. сл.). Утворана ад каза1 (фармальнае падабенства: выраз утварае два ражкі на дошцы, параўн. рус. усць-лабін., краснадар. козлик ’прыстасаванне для знімання ботаў: дошка на падстаўцы з выразам на адным канцы; нагу ў боце ўстаўляюць у выраз, другой становяцца на дошку’) або ад каза ’назва падставак, зэдлікаў і да т. п.’, параўн. рус. смал. козюлечка ’зэдлік’, а таксама назвы іншых падобных прыстасаванняў, утвораных ад кабыла, сабака і інш.

Каза́12 ’сагнуты дрот, на якім дзеці катаюцца на лёдзе’ (Жд. 3). Да каза1; метафара зразумелая, параўн. яшчэ вядомае ў смаленскіх гаворках утварэнне, заснаванае на адпаведнай метафары: гнуть, гнуться в козиный рог. Параўн. і наступнае слова.

Каза́13 ’прылада для коўзання з горак’ (Бяльк.). Відавочна, тое ж, што і смал. коза ’лавачка, абмазаная гноем і потым аблітая вадой і замарожаная, каб добра коўзалася па лёдзе’, параўн. прыклад у Бялькевіча, 241: «Я сяньні нымарозіў казу, заўтрі буду кытацца з гары». Да каза ’лавачка’, параўн. рус. дыял. коза ’лавачка’ і маск. ’санкі’, якое да каза1 (матывацыя можа быць рознай, параўн. каза10, каза11). Можна як пераноснае ад каза13 разглядаць каза14.

Каза́14 ’кавалак лёду, на якім дзеці катаюцца зімой’ (зэльв., Сцяшк.). Улічваючы, што слова зафіксавана ў іншай гаворцы, можна меркаваць і аб сувязі з вядомым на заходняй тэрыторыі каза ’маленькія санкі’, аднак спектр выкарыстання гэтай прылады невядомы. Сюды ж яшчэ і рус. тагільск., свярдл. козлик ’кусок металу ў мартэнаўскай печы, які не расплавіўся’, аднак гэта значэнне цікавае тым, што дазваляе супаставіць назву каза ’кавалак лёду’ з каза1.

Каза́15 ’самагонны апарат’ (мазыр., З нар. сл.; Касп.). Да каза1; матывацыя (па знешняму падабенству?) не зусім ясная, магчыма, у сувязі з наяўнасцю ножак, падставак і інш.

Каза́16 ’веласіпед’ (Касп.). Рус. свярдл. коза ’пра матацыкліста’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; утворана або паводле знешняга падабенства дэталей веласіпеда да рог жывёлы і г. д., або, магчыма, узыходзіць да назваў розных прыстасаванняў, папярочак і да т. п. Не выключана таксама, што асацыяцыя магла быць шматграннай.

Каза́17 ’трыножак’ (Мат. Гом.), ’стойка’ (там жа). Да каза1; першапачаткова — назва розных падставак, падпор, названых або па знешняму падабенству да каза1, або па «дыфузнай» мадэлі, калі такога тыпу прыстасаванні ўтвараюцца ад назваў розных жывёл; пазней — перанос на шматлікія прылады, дзе падабенства магло і не быць. Карм. каза ’каганец’ (Мат. Гом.) адносіцца або сюды, або, магчыма, да наступнага слова (гл.).

Каза́18 ’драцяная сетка ў форме чарапка, якая ўстанаўліваецца на носе лодкі для раскладвання агню, калі едуць лавіць рыбу’ (полац., З нар. сл.). Па распаўсюджанню адносіцца да вядомага смал., пск., наўг., калуж., арханг., цвяр. і інш. коза ’разнавіднасць тагана, жалезная рашотка для развядзення агню пры начной лоўлі рыбы восцямі’. На магчымы варыянт тлумачэння ўказвае рус. арханг. «Коза — четыре рога, железна, с трубицей она: на ей дрова толсты, смоляны, лучим ковда», на іншы — бел. карм. каза ’каганец’, якое, магчыма, як і каза ’трыножнік’, да каза ’падпора, падстаўка і інш.’, аднак гэта толькі здагадка, паколькі канкрэтнай інфармацыі аб казе (у значэнні ’каганец’) гомельскі слоўнік не прыводзіць.

Каза́19 ’прылада для малацьбы’ (чач., Мат. Гом.). Гэта рэалія носіць таксама іншыя назвы (баба, кабыла і інш.), таму не выключана, што назва каза другасная і з’явілася ў выніку адносна вольнага выбару канкрэтнага слова з ліку тых, якія ўжываюцца для ўтварэння шматлікіх тэрмінаў-найменняў розных прыстасаванняў, дэталей гэтых прыстасаванняў, падпор, папярочак і інш. Магчыма, аднак, што ў канкрэтным выпадку абышлося без моцнага ўплыву зааморфных тэрмінаў; у такім разе да каза ’падстаўка, падпора’ або непасрэдна да каза1.

Каза́20 ’падсядзёлак’ (смарг., Шатал.). Да каза1 (магчыма, праз ступень ’падпорка, папярочка і да т. п.’) або ў выніку адэкватнасці ў некаторых выпадках тэрміналагічных кабылка, каза і пад. — вольнае ўжыванне любога з гэтых слоў, параўн. рус. пячор., арханг. кобылка ’частка сядла’, с.-уральск., томск. ’драўляная аснова сядла’ і інш. Да выпадкаў мены тэрмінаў можна прывесці вяц. кобылка ’козлы’, кадн., валаг. кобыла ’тс’, бел. каза ’прыстасаванне для коўзання ўзімку’ і рус. уладз., малаж., ярасл. кобыла ’разнавіднасць санак: лавачка, якую (каб лепей коўзацца) абліваюць вадой і пакідаюць на марозе’, рус. трубч., арл. кобыла ’вялікая куча гліны ў ганчароў’, ціхв., наўг. козел ’тс’.

Каза́21 ’ворат або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Бортн.). Да каза1, перанос, відаць, у сувязі з наяўнасцю ручак (асацыятыўна: рогі) у прыстасаванні, параўн. казак5.

Каза́22 ’падсанкі, маленькія санкі, якія падстаўляюцца пад канец бервяна пры яго перавозцы’ (стаўбц., З нар. сл.; лаг., КЭС; Мат. Гом.; лаг., віл., Шатал.). Верагодна, да каза1 (наяўнасць дзвюх сагнутых палазоў; асацыяцыя з рагамі казы), аднак улічваючы, што тая ж рэалія носіць такія назвы, як сабачка, сучка і інш., падобныя назвы, якія могуць лёгка замяняцца ў вельмі дыфузных межах больш-менш аднароднага семантычнага поля, Нельга адназначна вырашыць, што тут з’яўляецца калькай, словаўжываннем аднаго тэрміна замест іншага, што з’яўляецца першаснай назвай. Што датычыць іншых версій, то неабходна адмовіцца ад этымалогіі, прапанаванай, напрыклад, Сцяцко (Афікс. наз., 169): «Санкі маглі атрымаць сваю назву (сабачка. — В. Л.) паводле пэўных асацыяцый, магчыма, ад таго, што яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі (як бяжыць сабака, суправаджаючы гаспадара)…». Такая версія магчымая, але яна, па-першае, не тлумачыць, чаму назва сабака практычна не сустракаецца на бел. тэрыторыі, у той жа час шырока прадстаўлена ў некаторых польскіх гаворках, па-другое, яна не дае магчымасці зразумець такія ўтварэнні, як палес. баба, маг. лісіца, рус. дыял. собака, бел. літар. сука, сучка ’палена, калода, якая падкладваецца ў санях пад канец бервяна’, па-трэцяе, няяснымі застаюцца такія значэнні для гэтых і іншых слоў, як ’лавачка’, ’падпора’ і мн. інш. Тэрмін каза сустракаецца (у асноўным, хаця і невялікім арэале распаўсюджання) на тэрыторыі, дзе ведаюць сука, сучка ’падсанкі’, або на сумежнай з ёй і гэта не выключае магчымасці як «тэрміназамяшчальных» працэсаў, так і калек (з іншага тэрміна). Між іншым, не выключана магчымасць калькавання ў больш шырокім, магчыма, у еўрапейскім арэале, пра што сведчаць паралелі да бел. сука, сучка, сабачка ў розных слав. мовах і размеркаванне гэтага ж тэрміна на польскай моўнай тэрыторыі (гл. Лабко. Бел.-польск. ізал., 73–75 і карта на с. 74), дзе выяўляюцца перыферыйныя зоны. Для бел. мовы (і ў канкрэтным выпадку) факты літоўскай мовы і асабліва гаворак сведчаць аб інтэнсіўных працэсах узаемапранікненняў на семантычным узроўні, таму не выключана, што назва з празрыстай матывацыяй раствараецца ў вялікай колькасці паралельных гетэрагенных тэрмінаў, калькуецца. змяняе форму і г. д. Не з’яўляецца выключэннем і назва падсанкі, розныя этымалогіі якой з’яўляюцца верагоднымі, аднак без уліку велізарнага матэрыялу, які датычыцца праблемы, усе яны ў той жа час ненадзейныя.

Каза́23 ’сетка для лоўлі рыбы з трыма палкамі’ (Касп.). Польск. варм.-маз. koza ’сетка для лоўлі рыбы (сець, падобная да саней)’. Магчыма, да каза22, аднак не выключана як самастойнае ўтварэнне ад каза1 ў выніку падабенства дэталей прыстасавання да тых або іншых яркіх адзнак жывёлы (улічваючы геаграфію — калька).

Каза́24 ’цыбуля’ (Мат. Гом.). Як відаць з прыкладу: «Ну і каза вурасла такая доўгая» (Мат. Гом., 192), гэта тое ж і зах.-бран. козка ’сцябло і зялёнае лісце цыбулі’. Яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае ўсх.-палес. утварэнне, магчыма, ад каза1; матывацыя няясная. Можна меркаваць, што ўсё ж такі зааморфная назва, параўн. тураў. бук ’бык, бугай’ і ’бутон, суквецце з сцяблом’: «Тур кустом велікім росце і бук такі велікі», «У нас на ліліі кажуць букі». Аднак калі для апошняга слова, улічваючы значэнні ’бутон, пупышка’ можна знайсці матывацыю (рэалізацыя ўяўлення аб магутнасці і інш.), то для каза24 такое тлумачэнне не зусім падыходзіць. Верагодна дапусціць, што каза24 з’яўляецца калькай з бук/бык у значэнні ’сцябло, суквецце (з сцяблом)’, дзе каза калькуе тэрмін негатыўна. Такая версія з’яўляецца верагоднай па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю. Параўн. яшчэ ўкр. усх.-палес. козляк ’парастак бульбы’, дзе праглядваецца адмоўная семантыка.

Каза́25 ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (кобр., Нар. лекс.), ’недажатая палоска’ (Сцяц.), ’касмык травы, пакінуты пры касьбе’ (свісл., Шатал.), рус. коза ’рэшткі нязжатых каласоў на полі’ (драг., Клім.), ’апошняя жменя азімага, якую свянцілі і потым выкарыстоўвалі на пасеў’ (драг., Клім.). Укр. харк. коза ’паласа, якую праполвае адна жанчына’ (Грынч., 264), рус. вяц. коза ’апошні сноп на жніве’, пецярб., мяшчоўск., калуж., цвяр., пск., с.-уральск. і інш. ’пакінутая нязжатай, невялікая палоска збожжа’, валд., наўг., кір. ’вузкая, засеяная чым-небудзь паласа зямлі; паласа, якую жнуць’, польск. дыял. koza ’вузкая палоска нязжатага збожжа, снапок з гэтага збожжа, упрыгожаны кветкамі, ахвяраваны матцы-зямлі’, дыял. koza ’вузкая паласа нязжатага збожжа ў жней, якія спазняюцца, звычайна лянівых’, чэш. мар. дыял. zustává na kozi ’пра жняца, які спазняецца на рабоце’, магчыма, сюды ж серб.-харв. коза ’палоска нівы, якая зжынаецца жняцом без пярэрвы’. Да апошняга можна прывесці яшчэ рус. іркуц. посадить на козулю ’перагнаць суседа ў рабоце (на касьбе)’. Як паказвае семантыка некаторых з прыведзеных слоў, можна меркаваць аб вельмі архаічным першапачатковым сакральным значэнні koza ’пакінутая нязжатай частка збожжа на полі’ (у якой хаваецца каза?), дзе каза — сімвал плоднасці, а каласы (зярняты) з гэтага апошняга збожжа гарантуюць будучы ўраджай. Варыянтам да гэтага значэння мог быць і такі, дзе каза не пакідалася на полі, а ў выглядзе снапа пераносілася ў хату. Параўн. да гэтага зах.-палес. кветка ’пучок каласоў, упрыгожаны кветкамі і пакінуты на полі’, тураў. барада ’пучок каласоў, які спецыяльна звязвалі пры заканчэнні жніва’: Да ролі казы параўн. такія песенныя формулы: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і інш. Аднак, відавочна, што ўжо ў праславянскі час на станоўчую семантыку назвы каза пачынае ўплываць адмоўная семантыка гэтага ж слова іншай сферы ўжывання. Не выключана, што працэс быў вельмі складаным і перанос, напрыклад, з спецыяльна пакінутага пучка каласоў на любы пакінуты пучок мог прывесці да з’яўлення назвы ’касмык травы, пакінуты пры касьбе агрэх і да т. п.’, а ўжо такі тэрмін мог уплываць на слова, ад якога сам быў утвораны. Ва ўсякім разе гэта дазваляе зразумець зрухі семантыкі ад сакральнай, станоўчай, да адмоўнай, хаця можна меркаваць, што значэнне магло развівацца і наступным шляхам: ’пакінутае нязжатым збожжа’ > ’нязжатае збожжа’ > ’нявыкананая работа (агрэх у рабоце)’. Цяжка растлумачыць значэнне ’палоска, якую займае адзін жнец’; як сведчыць лінгвагеаграфія прыведзеных слоў (вядома на поўначы (усходзе) і на поўдні славянскага свету) гэта таксама архаічнае значэнне, адкуль развіваюцца такія, як ’вузкая паласа зямлі; паласа, якая праполваецца’. Можна думаць, што гэта пашырэнне семантыкі больш старога koza ’апошняя паласа збожжа, дзе будзе зроблена koza; параўн. да гэтага, магчыма, архаічнае ўкр. козу гнати (гл. прыклад вышэй). Пра гэта можа сведчыць і балг. останал на коза, чэш. і рус. выразы са значэннем ’астацца на казе’ (жаць апошнюю палоску, калі ўсе ўжо скончылі работу).

Каза́26 ’агрэх’ (івац., Жыв. сл.), ’пропуск пры касьбе’ (Жд. I). Слова непасрэдна суадносіцца з папярэднім і дэманструе тэндэнцыю да ўтварэння значэння ’агрэх’ на базе ’нязжаты, пакінуты — няскошаны (касмык)’. Параўн. і рус. с.-урал. козуля ’агрэх (пры ўборцы збожжа)’. Чэкман (Baltistica 8, 1972, 150) мяркуе, што паколькі ў іншых славянскіх мовах у значэнні ’пропуск пры касьбе’. Ужываецца слова барада, а літоўская мова ведае ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ для ’пропуск пры касьбе, нязжаты касмык травы’, то ў бел. мове каза ’агрэх’ — калька з літ. Аўтар свае меркаванні грунтуе на тым, што ў літ. мове ožỹs ’казёл’ і ožỹs ’агрэх’ нейкім чынам звязваюцца (ožỹs ’грэх, пра які расказваюць на споведзі’), а ў бел. мове такое пераасэнсаванне малаверагоднае. Што гэта не так, зразумела з папярэдняга артыкула, паколькі як першапачатковае значэнне ’апошняе збожжа’, так і больш новае ведаюць не толькі бел. гаворкі, але і іншыя славянскія. Апрача таго, адмоўнае значэнне слоў каза, казёл выяўляецца ў розных лексічных групах, напрыклад у назвах грыбоў. Што датычыць спасылкі на адэкватныя значэнні слова барада, гэта толькі супраць аўтара, паколькі тут назіраецца паралелізм у развіцці значэння: барада ’апошні сноп’, ’апошняя жменя зерня’ і барада ’пропуск пры касьбе і інш.’, падрабязней гл. каза25.

Каза́27 ’памылка пры снаванні красён’ (Жд. 1, Сл. паўн.-зах.). Параўн. «Палажыла я казу: пераскочыла церас калок як снавала, і намучылася, тады казу назад атматала». Чэкман (Baltistica, 1972, 8, 150) мяркуе, што паколькі славянскія мовы ведаюць у гэтым значэнні іншыя ўтварэнні (бел. блюзна, блізна, рус. близна, балг. близна, серб.-харв. бли́зна), а ў літ. мове ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ ведаюць фактычна ва ўсіх гаворках, значэнне ’памылка пры снаванні’ ў бел. каза можна лічыць калькай з літ. Спасылка на геаграфічны крытэрый з’яўляецца моцным аргументам, аднак аўтар спасылаецца пры гэтым на акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, а слоўнік не падае такой інфармацыі: прыклады пад ožkà ’памылка пры снаванні’ указваюць на Ігналінскі, Зарасайскі і Уценскі раёны (сумежныя з паўн.-зах. беларускай тэрыторыяй), а ožỹs у тым жа значэнні — з Юрбаркаса і Райсяняя. Статус гэтага слова не зусім ясны. У даным выпадку няма патрэбы думаць аб запазычанні, а тым больш меркаваць, што зрух семантыкі быў у напрамку ад ožỹs ’грэх’ да ožỹs ’памылка’. Можна прывесці такія ўтварэнні, як жарабок ’памылка пры снаванні’, кабылка ’блюзна’, конь ’тс’, якія даюць падставу бачыць тут змяшэнне або свабоднае ўжыванне тэрмінаў, утвораных ад розных заонімаў. Значэнне ’памылка’ магло развіцца з адзначанага ў слове кабылка ’пятля’ ў канкрэтным выпадку, магло быць натуральным у межах адмоўнай семантыкі слоў каза, кабыла і пад., дзе генерацыя як тэрмінаў, так і слоў з размытым значэннем цалкам натуральная. Параўн. рус. горн. посадить казла ’астудзіць недаглядам вагранку, калі чыгун яшчэ не выплавіўся: тады ламаюць печ’, дыял. козлы ’сварка, нелады’.

Каза́28 ’кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (браг., Шатал.). Можна прапанаваць такія варыянты этымалогіі: а) непасрэднае вытворнае ад каза1 пры магчымых зааморфных атрыбутах рэаліі (гэтай або такога тыпу), такую назву магло атрымаць кольца з прутка і інш., у якога канцы былі злучаны крыж-накрыж і так звязаны; б) версія, якая ўяўляецца больш верагоднай, — вольная мена тэрміна ў межах больш-менш дыфузнага «тэрміналагічнага» поля. Параўн. укр. усх.-палес. бабка ’кольца ў касе, з дапамогай якога злучаецца яна з кассём’, магчыма, сюды ж і бел. бабка ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (Выг.). Гэта ў сваю чаргу мена тэрмінаў, параўн. дыфузнае значэнне ’штосьці круглае’ ў дэрыватаў ад баба, бабка і тое ж у баня, банька; банка; бел., усх.-палес. укр., зах.-рус.: ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’. Што датычыць мены тэрмінаў, вытворных ад каза, гл. казак5, казакі і інш.

*Каза́29, къза ’сузор’е’ (віц., Нар. лекс.). Недастатковая інфармацыя і няясны статус слова не дазваляюць гаварыць з упэўненасцю аб этымалогіі. Можна выказаць думку, што слова суадносіцца з польск. koza ’сузор’е’. Мяркуючы па прыкладах у Кунішэўскага, Słownictwo, 1974, 108, польск. koza — калька з лац. Capella ’козачка’ — ’найбольш яркая зорка ў сузор’і Возніка’ яшчэ ў ст.-польск. час (ст.-польск. koza і koziełki, koza і kózki, kózka). Статус чэш. слова няясны, магчыма, паланізм. Бел. слова або таксама запазычана, або, што цяжка пацвердзіць, незалежнае ўтварэнне ад каза1, як падобныя назвы зааморфнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)