Калама́жка 1 ’лёгкая выязная павозка на рысорах’ (БРС, ТСБМ; гродз., З нар. сл.; Касп., Нас., Серж. Грам., Чач., Шат., Янк. 3.), ’сялянскі воз’ (карэліц., Сцяш.), ’беларускі воз’ (Шпіл.), ’воз’ (дрыс., КЭС), коломажка ’малыя выязныя сані’ (ТС), каламажка ’тачка’ (Жд. 3), кылымажка ’прыгожая павозка’ (Нік., Оч., апісанне рэаліі, с. 373). Укр. усх.-палес. каламашка ’воз прымітыўнай канструкцыі’, рус. дыял. каламажка, каламашка, коламажка, колымажка і колымашка ’двух- або трохколавыя тачкі, вазкі; павозкі і да т. п.’ Махэк (2, 269) без асобых падстаў лічыць, што бел. каламажка ўзыходзіць да ст.-польск. kolimaga (хутчэй ужо ад формы kolomaga). Магчыма, усх.-слав. дэрыват ад колымага ’воз, павозка’ з наступнай асіміляцыяй галоснага. Апошняе слова вядома шэрагу слав. моў: бел. калымага, укр. колимага, рус. колымага, польск. kolimaga і kolomaga (XV–XVI стст.), ст.-чэш. kolimah, чэш. дыял. kolmaha, славац. kolimaha ў значэннях, падобных да вышэй прыведзеных ’воз; тачка і інш.’ Серб.-харв. kolimog ’шацёр’ у кнізе, напісанай ц.-слав. мовай XIII ст. У рус. ц.-слав. колимогъ, колимагъ ’шацёр і інш.’, колымагъ, коъмагъ ’tentorium стан’. RHSJ (5, 205) мяркуе аб тым, што слова, або па меншай меры аснова, яшчэ праславянская, аднак памылкова далучае сюды літ. kalmogas (параўн. у Фрэнкеля, 207: kalmõgai ’від павозкі’, з бел.). Слаўскі (2, 34) больш асцярожна дапускае магчымасць даўняга (яшчэ прасл. дыял.) запазычання. Мяркуюць аб запазычанні з усходу, найбольш абгрунтаваным лічыцца распрацаваная Менгесам, ZfslPh, 23, 327–334, версія (якая ўзыходзіць да выказанай Кортам у рускім акадэмічным слоўніку думкі) аб суаднясенні слав. лексемы з племянной назвай калмыкаў Xalʼmag (*gali‑mag), пры гэтым мяркуецца, што значэнне ’высокія вазы-шатры’ было запазычана. Гэта верагодна з культурна-гістарычнага погляду і пацвярджаецца рус. мажара ’воз’ ад назвы венграў — мадзьяр, гл. Трубачоў, Дополн., 2, 291. Іншыя этымалогіі не пераконваюць на шэрагу прычын, параўн. агляд версій у Фасмера, 2, 291; Слаўскага, 2, 34–35.

Калама́жка 2 ’чарнільніца’ (шчуч., Сцяшк.). Рэгіянальны дэрыват ад каламаж ’тс’, якое з польск. kałamarz. Адносна этымалогіі апошняга гл. каламар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паўтара́ (м. і н. род), паўтары́ (ж. род), ’адзін з палавінай’, ст.-бел. полуторы гривны (1229 г.). Укр. півтора́, рус. полтора́, ст.-рус. полтора, польск. półtora. Паўн.-прасл. роlъ vъtora ’тс’. Да паў- (гл.) і прасл. vъtorъ ’другі’, роднаснага да ст.-інд. vítras ’які вядзе далей’, vitarám ’далей’, авест. vitara‑ ’тс’ (Педэрсан, KZ, 38, 395; Младэнаў, там жа, 44, 371). Аднак Мее (Études, 407; Мікала, BB, 22, 253), Траўтман (10) імкнуліся рэканструяваць прасл. vъtorъ як ступень рэдукцыі да літ. añtras, añtaras, лат. ùotrs ’другі, іншы’, ст.-прус. antars, ст.-інд. ántaras, anyás ’другі’, асец. ændær, гоц. anþar (Фасмер, 1, 364–365). У іншых слав. мовах у другой частцы выступае drugъjь: чэш. půl druhého, славац. poldruha, славен. poldrúgi, серб.-харв. pódrug, рус. полъ друга ’паўтара’ (XVIII ст.). Слова паў- у літар. бел. мове і сучасных бел. гаворках яшчэ актыўна ўдзельнічае ва ўтварэнні іншых лічэбнікаў: паўтраця́ ’два з паловай’, паўтраці́, паўтраціна ’тс’ (ТСБМ, Сцяшк., Яруш., Шат.; швянч., воран., Сл. ПЗБ); паўчварта́ ’тры з палавінай’ (ТСБМ, Сцяшк., Нас., Шат.; гродз., Сл. ПЗБ), ’адна восьмая’ (Касп.); паўпята́ ’чатыры з паловай’ (Сцяшк.); паўшаста́ ’пяць з паловай’ (Сцяшк.; навагр., Сл. ПЗБ); паўсяма́ ’шэсць з паловай’ (лід., Сцяшк. Сл.); паўсядзьма́, поўсядзьма́ ’тс’ (ігн., Сл. ПЗБ). Такія лічэбнікі былі пашыраны і ў ст.-рус. мове: полчета, полчети, полчеть (XVI ст.) ’3½’, полчетверта ’тс’ (XV ст.), полчетвертадесять ’35’, полчетвертанадцата ’13½’ (XV ст.) і інш., а таксама і ў іншых слав. мовах: чэш. půl třetího, půl čtvrta, польск. półpięta, półpiąta, ’4½’, в.-луж. połtřeća ’2½’, połštwórta ’3½’, połpjata ’4½’, połšesta ’5½’, połdwanata ’11½’, połsta ’50’; н.-луж. połtera ’паўтара’, połtśeśa ’2½’, połštworta ’3½’, połpěta ’4½’, połsta ’50’. Ёсць аналагічныя ўтварэнні ў літ. (pusañtro ’паўтара’, pustrẽčio ’2½’, pusketvir̃to ’3½’, pusšẽšto ’5½’, pusseptiñto ’6½’ і лат. (pusótra ’паўтара’, pusótras ’паўтары’, pusʼtreša, pusʼtrešas ’2½’, pusʼčetri ’палавіна чацвёртай’, pusseši ’паўшостай’, pusʼseptiņi ’паўсёмай’. Сюды ж паўтарні́к ’(добры) сорт ільну’ (шум., Сл. ПЗБ), ’паўтарацалёвая дошка’ (там жа), паўтарак ’прадмет паўтарачнага памеру’ (ТСБМ), паўтарачка ’дошка ў 1,5 цалі’, ’бутэлька ў 1,5 л’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пусты́ — у розных значэннях (ТСБМ), паводле Шымкевіча (Покажчик, 228), ’нічога не утрымліваючы ў сабе, нічым не заняты, парожні’; ’благі, кепскі, дрэнны’ (ТС), ’парожні; неўрадлівы, нядобраякасны; галодны; легкадумны’ (Ян., Сл. ПЗБ), ’слабы’ (лельч., Нар. лекс.), ’худы’ (петрык., Мат. Гом.), ’неўрадлівы’ (ПСл), ’бесталковы’ (Жд. 2), ’неаплоднены’ (ТС), pustý ’незаняты; непатрэбны, некарысны’ (Варл.), пусто́е ’дрэннае ў паводзінах’ (Ян.); сюды ж спалучэнні: пуста́я глі́на (у ганчарстве) ’недастаткова вязкая гліна’ (клец., Нар. словатв.), пусты́ дзень ’час, неспрыяльны для ўраджаю’ (Сцяшк. Сл.), пусты́я дні ’апошняя квадра месяца’ (астрав., іўеў., Сл. ПЗБ), pustója žýta ’жыта, у якім не наліліся каласы’ (Варл.), пусто́е по́ле ’няўдобіца’ (ЛА, 2; гл. пустапо́ле), пустэ́е сло́во ’лаянкавае, дрэннае слова’ (ТС), ст.-бел. пустая рука ’асоба, якая не мае законнных спадчыннікаў’ (Гарб., Ст.-бел. лексікон), паводле Статута 1588, ’уласнік маёмасці, які не меў наследнікаў па закону’ (пры адсутнасці тэстамэнту маёмасць лічылася вымарачнай і пераходзіла ў дзяржаўную казну, гл. пустоўшчына); пустая вдова (жона) ’бяздзетная жанчына’ (Гарб., Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. пусти́й ’парожні; пусты, дрэнны, бессэнсоўны, легкадумны; непатрэбны, бескарысны’, рус. пусто́й, польск. pusty, чэш., славац. pustý, в.-луж., н.-луж. pusty, славен. pust, серб.-харв. пуст, балг., макед. пуст ’пусты, парожні; пракляты’, ст.-слав. поустъ ’закінуты, бязлюдны’. Прасл. *pustъ ’пусты, бязлюдны, закінуты’ параўноўваюць са ст.-прус. pausto‑ ’дзікі’ (у кампазіце pausto‑catto ’дзікі кот’), роднасным ст.-прус. paustre ’дзікае месца, пушча’, што ўзыходзяць да і.-е. *pau̯sto‑, дзеепрыметнік ад *pau̯se/o, што захавалася ў грэч. παύω ’спыняю, затрымліваю’ (адсюль і лац. pausa, гл. паўза), гл. таксама пусціць (Сной, 516; Фасмер, 3, 411; Чарных, 2, 85; Глухак, 513 і інш.). Мартынаў (Этимология–1982, 9) дадае сюды ст.-прус. paustocaican ’дзікі конь’ і ўзводзіць *pustъ да і.-е. *peu̯‑/pou̯‑ з дэтэрмінантам ‑s‑, як у лац. pūrus < *pausos ’чысты; пусты; цнатлівы; дзікі’, што, мажліва, адлюстраваліся ў чэш. pouchlý ’пусты’, славен. puhel ’тс’. Жуйкова (Беларусіка, 19, 102) рэканструюе зыходную семантыку *pustъ ’засвоены, дзікі, неўпарадкаваны’, на базе якіх развілося значэнне ’парожні’ праз прамежкавую ступень ’які не адчуў уплыву людзей; чужы; варожы’. Спецыяльна гл. Куркіна, Зб. памяці Слаўскага, 155.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́дзіць 1 ’настройваць’: radzić krosny ’укідаць у ніты і бёрда і затыкаць’ (Варл.), радзі́ць ’прыбіраць, упрыгожваць’, радзі́цца ’прыбірацца, апранацца’ (ТС), ст.-бел. радити ’падрыхтоўваць’ (Аповесць пра Трыплана). Сюды ж раджаный ’падрыхтаваны для ткацтва’, ’вытканы з узорамі’ (Юрч. СНЛ), рус. ряди́ться ’святочна апранацца’, укр. ряди́тися ’збірацца’, ’рыхтавацца’. Да прасл. *rędъ (> бел. рад 1), *ręditi, першапачатковым значэннем якога было, відаць, ’прыводзіць у парадак’, ’парадкаваць’, параўн. укр. ряди́ти ’парадкаваць’, ’прыводзіць у належны выгляд’, в.-луж. rjadować ’ставіць у рад’, ’прыводзіць у парадак’, серб. ре́дити, харв. réditi ’тс’, балг. редя́ ’тс’. Развіццё семантыкі ішло наступным чынам: ’ставіць у рад’ > ’парадкаваць’ > ’упрыгожваць’.

Ра́дзіць 2 ’даваць раду’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., навагр., ашм., ваўк., Сл. ПЗБ; Гарэц., Мал., Шпіл., Бес.), ’рабіць’ (Ян.), ра́дзіцца ’прасіць рады’, ’мець раду, раіцца’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ра́дца ’той, хто раіць, дарадца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. радити ’раіць’, укр. ра́дити ’даваць параду’, ’разам абмяркоўваць пытанні’, ’шукаць выйсця’, польск. radzić ’раіць, абмяркоўваць’, radzić się ’радзіцца’, в.-луж. radzić ’раіць’, чэш. řadiť ’тс’. Да ра́да (гл.), якое з’явілася на аснове значэння ’рабіць’.

Радзі́ць 1 ’нараджаць’, ’даваць ураджай’ (ТСБМ, Варл.), родзі́ць ’тс’ (ТС), ’весціся’ (смарг., Сл. ПЗБ), радзі́ць, родзі́ці, роды́ты ’нарадзіць’, ’урадзіць’ (калінк., навагр., лід., свісл., віл., в.-дзв., пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), радзі́цца ’нарадзіцца’, ’даваць ураджай’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.), рус. роди́ть, укр. роди́ти, польск. rodzić, палаб. rudi să (3 ас. адз. л. цяп. ч.), в.-луж. rodźić, н.-луж. roźiś, чэш. roditi, славац. rodiť, серб. ро̀дити, харв. roditi, славен. roditi, макед. роди, балг. родя, ст.-слав. родити. Прасл. *roditi, звязана з род 1 (гл.), параўн. лат. radît ’радзіць, тварыць’, rads ’родзіч, радня, род’, далейшыя сувязі з ст.-інд. várdhati ’памнажацца, павялічвацца, набываць сілу’ (Фасмер, 3, 492; Бязлай, 3, 190; Шустар-Шэўц, 2, 1230; БЕР, 6, 146).

Радзі́ць 2 ’прарэджваць’ (смарг., брасл., Сл. ПЗБ; Юрч. СНЛ), ’рэдка сеяць’ (Варл.), радча́ны ’прарэджаны’ (докш., Сл. ПЗБ). Ад рад 1 (гл.) з пачатковым значэннем ’фарміраваць рады’ або ад рэдкі (гл.), г. зн. ’рабіць радзей’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́піць 1 ’паразіць цэль, пацэліць, метка кінуўшы, стрэліўшы’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Мядзв., Чуд., Сл. ПЗБ), ’знайсці, напаткаць, сустрэцца’ (Нас., Мат. Гом., Федар. 4, Янк. 2, ПСл; Сержп. Прымхі, Байк. і Некр., ТС), ’скеміць’ (Мат. Гом.), ’адгадаць, здагадацца, трапна, дарэчы сказаць што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 2), ’папасці, надарыцца’ (ТСБМ), ’увайсці, пранікнуць’, ’уладкавацца на работу, вучобу’, ’апынуцца’, ’знянацку наступіць, уступіць, зачапіць’ (там жа), ’паспець у час’ (Др.-Падб.), ’паспець, управіцца’ (ТС), ’магчы’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ’папасці ў час, куды трэба’ (Нас., Касп., Янк. 2, Растарг.), трафі́ць ’знайсці’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’папасці; адгадаць’ (Шпіл.), ’змагчы’ (в.-дзв., там жа); тра́піцца ’сустрэцца, напаткацца’ (ТС), ’выпадкова сустракацца’, ’пападаць, здарацца’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп.), ’надарыцца’ (Бяльк., Касп.), ’знайсціся’ (люб., Ск. нар. мовы), трапля́ць ’нацэльваць’ (Ласт., Байк. і Некр., Нас., Шат.), трафля́ць ’тс’, трапля́цца ’пападацца, сустракацца’ (ТС, Растарг.; петрык., Яшк. Мясц.), трафля́цца ’удавацца ў каго-небудзь’ (Нас.), траф! — перадае цэлю ўдар (там жа), тра́фны ’цэлю’ (Гарэц.), тра́пны ’тс’ (Ласт.), ’надзейны’ (Нас.), ’жвавы, спрытны’ (навагр., Сл. ПЗБ), тра́пна ’ўдала, метка’ (Байк. і Некр.), траплі́вы ’які лоўка трапляе ў цэль’, тра́пля ’выпадак, нечаканасць’ (Нас.). Ст.-бел. трафити, трапити ’трапіць, сустрэць’ (1516 г.) запазычаны са ст.-польск. trefić, trafić ’трапіць’ (Булыка, Запазыч., 324; Булыка, Лекс. запазыч., 189), ’патрапіць, здолець, адгадаць, рашаць’, ’дагаджаць’, ’удацца ў каго-небудзь падабенствам’, сучаснае польск. trafić ’пацэліць’, ’знайсці’, ’трапіць, куды належыць’, ’наткнуцца на каго-небудзь’, ’сустрэць’, ’перадаць падабенства’, што з с.-в.-ням. treffen, с.-ням. усх. traffen ’дасягнуць, трапіць, спаткаць’, ням. treffen ’трапіць’, ’ударыць, паразіць’ (Борысь, 639; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 395).

Тра́піць 2, ст.-бел. трапити ’прыгнятаць, няволіць, мучыць’ (Гарб.), трапити, трафити, трахвиты ’засмучаць’ (1516 г., Ст.-бел. лексікон; КГС). Запазычана са ст.-польск. trapić ’мучыць, прыгнятаць’, сучаснае польск. trapić ’рабіць непрыемнасць, турбаваць’, што да прасл. *torpiti ’мучыць, прыгнятаць’, суадноснага з прасл. *tьrpěti ’цярпець’ (Фасмер, 4, 86; Борысь, 640; Бязлай, 4, 213), паводле Варбат (Этимология–1966, 104), каўзатыва ад *třepati ’драць, трапаць’. Гл. таксама трапёны.

Трапі́ць ’пераследаваць, гнацца па слядах’ (Ласт.), ’асочваць’ (хойн., Мат. Гом.). Да трап 1 ’дарога, сцежка’, г. зн. ’ісці па следу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тхор, тхур, тху͡ор, тхір, тхыр, хор(ь) ‘шашок, драпежная жывёліна сямейства куніцавых, Mustela putorius’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Клім., Бес., Сцяшк., Дразд., Др.-Падб., Вруб., ТС, Гарэц., Пятк. 2; паўд.-бел., Сл. ПЗБ; усх.-віц., маг., ваўк., віл., гарад., свісл., ЛА, 1): седзі моўчкі, тхуор у нары (Сержп. Прык.), тхор, тхорь ‘тс’ (Растарг.); ст.-бел. тхоръ ‘тс’, ‘футра тхара’ (ГСБМ), перан. тхор ‘баязлівец’ (Нас.), сюды ж тхары́ць ‘баяцца, палохацца’, тхарлі́вы ‘палахлівы’ (Некр. і Байк.), тхарава́ты ‘нелюдзімы, пануры (пра чалавека)’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. тхір, хір, рус. хорь, хорёк, тхорь, стараж.-рус. дъхорь, дохорь, тхорь; польск. tchórz, tkórz, twórz, tfórz, tórz, ćkórz, каш. tvȯř, славін. tk​u̯ȯ́ř, н.-луж. twóŕ, в.-луж. tkhóŕ, tchór, twór, чэш. tchoř, schoř, zhoř, ст.-чэш. dchoř, славац. tchor, славен. thȏr, dihúr, dehȏr, харв., tvȏr, vȍr, fȍr, por, torec, серб. тво̑р, тор, хор, то̏рац, балг. твор, трор, тор, то́рче, тръ́рче, пхорь, пор, по́рът, макед. твор, пор. Прасл. *dъxoŕь першапачаткова ‘смярдзючка’ (Бернекер, 1, 101; SP, 5, 153; Сной₂, 109; Фасмер, 4, 270; Махэк₂, 643; Скок, 1, 374; Бязлай, 1, 101; ЭССЯ, 5, 177–178; ЕСУМ, 5, 689–670). Утворана ад дзеяслова *dъxnǫti ‘смярдзець’ пры дапамозе суф. *‑oŕь. Уласцівасць тхара выдаваць з сябе смярдзючы пах выклікала шэраг падобных утварэнняў ад іншых дзеясловаў з такой жа семантыкай: смярдзюк (Жыв. сл.), польск. śmierdziel, славен. smrdak, smrduh, харв. smŕdelj, серб. смр̏дљивац, макед. смрдушка, смрдуљка (< прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’), рус. дыял. бздюх ‘тхор’ (< прасл. *pьzděti ‘псаваць паветра’), а таксама ў неславянскіх мовах, напрыклад, франц. putois < ст.-франц. put ‘смярдзючы’ < лац. puter ‘гнілы, трухлявы; смярдзючы’, ‘вялы’. Варыянтнасць пачатку слова назіраецца пасля страты рэдукаваных у выніку прыпадабнення звонкага *d‑ да глухога *t‑ і іншых фанетычных працэсаў. Няма падстаў выводзіць бел. тхор ‘шашок’ з польск. tchórz (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 152), аднак пераноснае значэнне ‘баязлівец’, магчыма, з’яўляецца супольнай інавацыяй або ўтварылася на базе значэння ‘псаваць паветра ў выпадку небяспекі’, што характэрна для жывёліны, ці абазначэння скрытнага характару паводзін чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брук 1 ’каменная маставая’ (ст.-бел. брук з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. брук ’тс’. Запазычанне з польск. bruk ’тс’ (дзе з ням. Brücke мост; брук’). Гл. Рудніцкі, 220; Бернекер, 89; Шалудзька, Нім., 23; Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 46; Брукнер, 42.

Брук 2 ’самая быстрыня ракі’ (Нас.). Рус. дыял. (смал.) брук ’пясчаная водмель у рацэ’. Мабыць, таго ж паходжання, што і брук 1 (гл.). Развіццё семантыкі: ’каменне’ → ’месца ў рацэ, дзе каменне’ → ’быстрыня’. Параўн. брук ’каменне’ (Сцяшк.). Але не выключаецца, што брук 2 звязана з дзеясловам тыпу рус. дыял. бру́кать ’гаварыць незразумела’ (гукапераймальнае). Параўн. укр. белебе́нити ’балбатаць’, бе́лебень глыбокае месца ў рацэ’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буга́й 1. Рус. буга́й, укр. буга́й (> польск. buhaj). Запазычанне з цюрк. моў (тур. buɣa ’бык’, чагат. boɣa і г. д.). Праабражэнскі, 1, 50; Фасмер, 1, 228; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 21; Брукнер, 47; Локач, 28; гл. таксама Шанскі, 1, Б, 209. Ст.-бел. бугай ’кастрыраваны бык’. Булыка (Запазыч., 50) лічыць запазычаннем з польскай мовы. Вельмі няпэўна.

Буга́й 2 ’птушка бугай, Botaurus stellaris’, рус. буга́й, укр. буга́й ’тс’. Да буга́й 1 (гл.): птушка выдае гукі, падобныя да рову бугая. Будзішэўска (Słown., 314) лічыць, што гэта ўсх.-слав. назва птушкі старажытная. Аб магчымых цюрк. уплывах на ўтварэнне гэтых назваў гл. Пальцаў, Тюрк. лекс. элем., 37–38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буды́нак ’будоўля, будыніна, хата і да т. п.’ (БРС, Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Мядзв., Інстр. I, Янк. I, Янк. Мат., Тарн., Нас., Шат., Касп.), буды́нок (Бесар.), будынек (Чуд.). Сюды ж і буды́ніна ’будынак’ (Янк. I). Агляд бел. форм гл. Лучыц-Федарэц, Лекс. Палесся, 146–147. Укр. буди́нок. Запазычанне з польск. budynek ’тс’, якое паходзіць з с.-в.-ням. *būding ’будаванне’. Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 47; Слаўскі, 1, 48. Падрабязна аб польскім слове і ням. крыніцы Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111–117 (Studia, 180–185). Памылкова ўтварэннем ад буда (польск. buda) лічыць словы буды́нак, budynek Рудніцкі, 236.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́рка ’верхняя жаночая або мужчынская вопратка’ (Жд., Шат.), ’сярмяга’ (КЭС), ’мужчынская вопратка з брызенту’ (Інстр. I), ’розныя віды вопраткі’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Мат. Гродз., Сакал., Бесар.). Рус. бу́рка, укр. бу́рка. Тлумачыцца як вытворнае ад бу́ры (’бурая вопратка’). Брукнер, 49; Мацэнаўэр, Cizí sl., 124; Рудніцкі, 261; Фасмер, 1, 245. Іншыя думаюць пра запазычанне з усх. моў (Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 14; Гараеў, 34; Локач, 19: < перс. bärk ’плячо’) або з венг. мовы ці цюрк. моў (Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 39: з венг. burok). Булыка (Запазыч., 52) лічыць, што бел. бурка < польск. burka (а гэта з тур.). Няпэўна. Параўн. Брукнер, 49.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)