Калодачкі ’пянёўе ў птушак пасля лінькі’ (лід., Сл. паўн.-зах.). Абмежаваныя звесткі аб гэтым слове ў крыніцах па беларускай мове не адлюстроўваюць сапраўднай карціны пашырэння слова. Укр. зах. в колодочки вбиватись (пра куранят), колодка ’першыя пёры маладой птушкі’, рус. колодка пера, ст.-рус. з XVII ст. колодка (у гусінага пяра). З іншых слав. моў можна прывесці чэш. мар. kladka ’тс’. Магчыма, сюды адносіцца і польск. kodłuch, зафіксаванае аднойчы ў ст.-польск. мове XVI ст. (у тэксце пра гусінае пер’е і пер’е як пісьмовыя прылады), дыял. в.-польск. kodłuch і kvoduch, сілез. kvoduch, koduch, kotuch, гл. Слаўскі, 2, 326–327. Відавочныя дэрываты ад kolda ’бервяно’; матывацыя назвы не зусім ясная. Паводле Слаўската (там жа), дакладная семантычная паралель да гэтых утварэнняў — pieniek pióra, аднак, калі гэта разумець літаральна, нельга не ўбачыць, што kolda ’пень’ зафіксавана амаль што выпадкова толькі ў некаторых гаворках, а супадзенне значэння пачынаецца, галоўным чынам, у межах другаснай семантыкі (тыпу ’аснова, галоўная частка і да т. п.’). Пры апошнім разуменні прапанаваную Слаўскім паралель можна прыняць, але неабходна адзначыць, што сама па сабе гэта частка пяра з’яўляецца нейкім аналагам ніжняй часткі дрэва без галін і сукоў. Да семантыкі вышэй прыведзеных фактаў параўн. яшчэ і пень, пні ’рэшткі пер’я ў ашчыпаных птушак’, не выключана, што гэта значэнне сведчыць на карысць неабходнасці размежавання значэння ’пень пяра’ і ’ніжняя частка пяра’, якая з’яўляецца трубчастай. Апошняе нагадвае семантыку тур. лексемы калода ў дачыненні да трубкі (сцябліны) збожжавых, магчыма, тут рэалізавана семантыка «пустаты», якая праглядваецца ў шэрагу фактаў (параўн. калода10). Цікава, што магчымая двухсэнсоўнасць паходжання назіраецца і ў выпадку з назвай ступіцы кола, для якой апрача назвы калодка ёсць сінонім трубка (у бел. мове), аднак рус. (зах. паводле Даля) колода мае сінонім маточина з адпаведнай семантыкай (’аснова’ і да т. п.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казе́лец1 ’расліна Ranunculus acer і пад.’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Касп., Мядзв.), ’ветраніца’, ’расліна, якая мае ядавітыя ўласцівасці’ (стаўбц., Прышч. дыс.). Укр. козелець ’Ranunculus acer’, рус. козелец ’ровныя віды Ranunculus’. Звяртае на сябе ўвагу, што асноўныя фіксацыі слова з такім значэннем выяўлены на смал. і валаг. тэрыторыі, а спарадычныя фіксацыі такой назвы для некалькіх іншых, больш далёкіх раслін адзначаны і на іншай рускай тэрыторыі. Меркаваць аб украінскай тэрыторыі цяжка. У польск. мове kozielec адзначана ў XVI ст. для расліны Anemone ranunculoides, тое ж і рус. козелец, што можа азначаць другасны перанос (расліны, падобныя кветкамі і інш.). Чэш. дыял. kozelee, абазначае іншую расліну і матывацыя там (па паху карэнішча) іншая. Словаўтварэнне цяжка вытлумачыць, зыходзячы з бел. асноўнай формы з націскам на другім складзе, магчыма, гэта форма позняя. Слаўскі (3, 33) адзначаў, што польск. формы koziełek (ст.-польск., адзначаная прыблізна каля 1500 г.) — вынік кантамінацыі kozłek і kozielk; ст.-польск. koziełek суадносіцца са ст.-польск. koźlec ’казёл’; параўнаць зах.-слав. і ўсх.-слав. формы цяжка.

*Казе́лец2, козелец ’расліна сівец, Nardus stricta’ (лсльч., Нар. лекс.). Такія назвы, як бел. пясюк. чортава барада, укр. мичка, псяга, свинюх, щетячка, шерстянка, адназначна характарызуюць гэту цяжкую для касьбы траву. Да семантыкі параўн. яшчэ бел. казаваты ’пра цвёрдае валакно лёну ці пянькі’ (КЭС, лаг.), балг. козина ’поўсць казы, ваўка або іншай жывёлы’.

Казе́лец3 ’прырэчнае і наогул нізкае лугавое месца, дзе расце казелец Ranunculus Flammula’ (слаўг., Яшк.). Відавочна, да казелеці, аб падобным тыпе ўтварэння параўн. мохпрыбалоцце, балота’ падрабязней гл. Талстой, Геагр., 164–165.

Казе́лец4 ’хвароба ног, накшталт падагры’ (талач., Мядзв.). Рэгіянальнае ўтварэнне, назва суадносіцца з асновай казёл‑ і далей да каза (гл.), аб словаўтварэнні параўн. казелеці. Што датычыць семантыкі, то неабходна звярнуць увагу на больш шырока вядомае казінец ’хвароба ног у коней, пры якой нага згінаецца і становіцца падобнай на казіную’, якое адрозніваецца ад разглядасмага слова і больш празрыстай структурай і відавочнай семантыкай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вято́к, веточок ’маладзік’ (Нас.; Чач.). Польск. wietek, wiotek, чэш. валаш. vetek ’першая або апошняя квадра месяца’, якія з прасл. vetъxъ ’стары’; больш падрабязна гл. пад ветах. Што датычыцца бел. вяток, то яно, зыходзячы з даных геаграфіі (гродз., вілен., Нас.), семантыкі і фанетыкі, запазычана з польскай мовы. Праблематычным застаецца час, калі адбылося запазычанне. Магчыма, гэта даволі новае слова перыяду моцнага польскага ўплыву, а магчыма, і вельмі старое кантактнае запазычанне, калі польск. wietek, wiotek займала больш шырокую тэрыторыю (зараз толькі на поўдні, гл. Купішэўскі, Słownictwo, карта 3 і ст. 47–48). У такім разе семантычныя змены тыпу ’стары месяц’ — ’маладзік’ і да т. п. адбываліся таксама рана. Параўн. яшчэ бел. паўн.-зах. вётак ’назва старога месяца’ (Маш., Atlas, 2, карта 1). Верагодна таксама дапускаць незалежнае ўзнікненне бел. слова як утворанага з памяншальнай суфіксацыяй ‑ок і пад. (параўн. вятлюк) або фанетычным шляхам; параўн. жанік < жаніх.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наха́ба ’напасць’ (Нас., Грыг., Др., Яруш., круп., ЭШ), ’напасць, непрыемнасць; нахабства’ (Гарэц.), ’гора, навалач’ (Макар.), ’няшчасце, навала; нахабнік’ (Бяльк.), ’навязаны клопат, абуза; нахабнік, нахабніца’ (Янк. 2, Ян.), ’назола, прыставай, бессаромнік’ (парыц., Янк. Мат.), ’нахабнік’ (Клім., Пятк. 2), ’здань’ (касцюк., Арх. ГТ), наха́біца ’пошасць, хвароба’ (ТС), ’назола’ (івац., Жыв. сл.), наха́бны ’навязлівы, прыдзірлівы’ (Нас.), ’наглы’ (Бяльк.), укр. наха́ба ’бяда, напасць; нахабства’, рус. наха́ба ’напасць, нечаканая непрыемнасць; клопат, абуза; нахабнік, нахабніца’. Ад наха́біць ’нападаць, паклёпнічаць, безпадстаўна абвінавачваць у злачынстве’ (Нас.), да незафіксаванага а́біць, параўн. ст.-бел. ахабивъ, зафіксаваную форму з аканнем ад дзеяслова *охабити (Карскі, 1, 136), параўн. ст.-польск. ochabić ’абхапіць’, што ўзыходзіць да гукапераймальнага хав‑ (Бернекер, 381) і можа суадносіцца з габа́ць ’браць, хапаць’ (Фасмер, 4, 215; Махэк₂, 410). Некаторыя значэнні развіліся, магчыма, пад уплывам *xabiti ’псаваць’, гл. ха́баль, хабе́та; да семантыкі параўн. нахваці́цца ’з’явіцца знянацку’ (Ян.), нахапі́цца ’накінуцца’ (Растарг.) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Кале́шня, коле́шня і кол́эшня: ’гуменца для сена, саломы’ (кам., Нар. сл.), ’мякіннік, прыбудова да хлява, гумна’ (кам., Нар. сл.), ’паветка для калёс, плуга, бараны, саней’ (кам., брэсц., малар., пін., стол., Нар. сл.; Хар.), ’прыбудоўка, дзе знаходзілася майстэрня на колы, калёсы’ (пруж., кобр., драг., усх.-палес., Нар. сл.), ’дрывотня’ (зах.-палес., Нар. сл.; малар., Харузін). Фанетычны варыянт да калесьня ў падобных значэннях. Яшчэ Харузін (263) пісаў: «Слово колешня, по-видимому, стоит в прямой связи с общеславянским словом коло — круг, колесо». Паводле семантыкі — інавацыя, з падобнай фанетыкай адзначаецца і ў іншых, відавочна, укр. або блізкіх ім гаворках. Статус інавацыі не вельмі ясны. Параўн. укр. валын. колешня ’дрывотня’, гуц. ’вазоўня; таксама і для жывёлы пад адным дахам з хатай’, колішня ’двухколавы перадок у плузе’, рус. дан. ’першая пара быкоў, якая знаходзіцца непасрэдна каля пераду плуга’. Адносна суфіксацыі гл. яшчэ Сцяцко, Афікс. наз., 165–166.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабёла ’пуп, частка жывата ў абсягу пупа’ (Некр.). Паколькі ненаціскное а можа адлюстроўваць розныя гукі, то можна думаць пра сувязь з праслав. bab‑, bob‑, bǫb‑ — асновы для абазначэння розных прадметаў, у прыватнасці круглых (аб гэтай аснове гл. Попавіч, ЈФ, 19, 169–171). Аднак найбольш верагодным здаецца паходжанне ад bǫb‑ (параўн. Бернекер, 78–79), што азначае ’штосьці круглае, надутае’. Тады бел. слова да праформы bǫb‑elъ, bǫb‑elь (параўн. bǫbъlʼь, Бернекер, 78; польск. формы bąbel, bąbol, Слаўскі, 1, 29). Аснова bǫb‑ вельмі разгалінаваная (гл. Бернекер, 78–79; Фрэнкель, 33) і вядома амаль ва ўсіх і.-е. мовах. Да семантыкі параўн. пуп (слав. pǫpъ, глухі варыянт да bǫb‑, таксама ў розных значэннях). Параўн. літ. bámba ’пуп’, bam̃balas таўстун’, нарв. bembel ’пуп’ (Фрэнкель, там жа). Суфіксальная відазмена bǫbelъ > бел. бабёла як у жывёла (параўн. ст.-польск. żywioł, ст.-чэш. živel, zivěl ’animal’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́начы ’ноччу, уночы’ (ТСБМ, Касп.), ’апоўначы, сярод ночы’ (Сл. ПЗБ), по́начы ’тс’ (ТС), ’цёмна’ (Клім., Жыв. НС), по́вночы ’тс’ (Жыв. НС). Укр. по́ночі ’цёмна’, ’у цемры’. Ад *па пачы ’ўначы’, з далейшым развіццём семантыкі да ’цёмна’, дзе па/по мае значэнне ’пры’, параўн. по́дню ’ў дзённы час’, г. зн. ’пры дзённым святле’ (Варл.). Цікавую паралель уяўляе серб. дыял. по̏ноћи ’ноччу’, паводле якога ўтворана по̏дне(в)и ’днём’ (Мілеціч, СДЗб, 9, 434); параўн., аднак, по́ноћ ’сярэдзіна ночы’, што адпавядае прасл. *polъnoktь (гл. поўнач), на думку Вукавіча (ЈФ, 17, 77) — другаснае, утворанае ад поноћи. Да ноч (гл.), параўн. яшчэ *паначота (гл.). Інакш Цыхун (Загароддзе–2, 112), за зыходную прымае форму з паў- (пов‑): по́внучэ на улыцэ, першапачаткова ’поўнач, сярэдзіна ночы’, з якога развілося значэнне ’цёмна’, чаму пярэчыць ЕСУМ (4, 470): укр. по́вночі з по́ночі пад уплывам пі́вніч ’сярэдзіна ночы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́шча1 ’месца (крыніца, камень) у лесе, сярод балота, надзеленае надзвычайнай сілай; святое месца’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Доўн.-Зап.), ’капліца’: абракацца хадзілі людзі ў прошчу (светлаг., SOr, 39, 356); ’багамолле’ (Нас.). Укр. про́ща ’паломніцтва; адпушчэнне грахоў; надмагільная прамова’, рус. про́ща ’адпушчэнне грахоў, цудоўнае выздараўленне’, ст.-рус. проща ’тс’. Паводле Фасмера (3, 387), узыходзіць да *prostja ад prostъ (гл. просты), першапачаткова ў значэнні ’вольны’, параўн. ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’, у тым ліку ’вольны ад хваробы, грахоў’, чэш. prostiti ’вызваліць’, ст.-рус. простити ’зрабіць здаровым’, укр. прости́ти ’дараваць’, што паўплывала на першасную семантыку слова (гл. ЕСУМ, 4, 606).

Про́шча2 ’неахайніца’ (Касп.). Этымалагічна ўзыходзіць да просты (гл.), г. зн. ’непрыбраная, недагледжаная жанчына’; да семантыкі параўн. проставалосая ’з непрычасанымі валасамі на галаве’, да фанетыкі ст.-бел. прощъ ’проста, прама’. Параўн. яшчэ прасцяк, прастуха і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыклю́чыцца ’здарыцца’ (Ян., ТС), ’стаць, зрабіцца’ (светлаг., SOr, 39, 356), пріключы́цца ’тс’ (Бяльк.), прыключы́цца ’прыстаць (пра хваробу)’ (в.-дзв., мядз., Сл. ПЗБ); сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі з развіццём і пашырэннем семантыкі: пры́ключка ’прыгода’: ліха пры́ключкі шукае (Ян.), прыклю́чка ’падстава для папрокаў’ (шальч., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. приключай ’выпадак’ (Ст.-бел. лексікон), приключение ’выпадковасць’ (Сл. Скарыны), укр. приключи́тися ’здарыцца’, при́ключка ’прыгода; падстава, нагода, прычына’, рус. приключи́ться, ст.-рус. приключитися ’адбыцца, здарыцца’, прыключаи ’выпадак’, по приключаю ’выпадкова’, приключение, приклучение ’выпадковасць’ (Сразн.), славен. prikljúčiti se ’далучацца; адбывацца’, балг. старое приключа се ’здараецца’, ст.-слав. приключити сѧ ’адбыцца, здарыцца’, по приключаю ’выпадкова’. Узыходзіць да прасл. *priklʼučiti () < *klʼučiti () з шэрагам значэнняў, рэалізаваных у славянскіх мовах (ЭССЯ, 10, 50), у тым ліку ’далучацца, злучацца’, параўн. ключ4 (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 364; ЕСУМ, 2, 468; БЕР, 5, 714, 715.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прылуча́й ’выпадак’ (Нас.), таксама вытворныя прылу́чка ’тс’ (Бяльк.), прылучэ́нне ’збег абставін, здарэнне, прыгода’ (Нас.). Сюды ж таксама вытворнае, якое захавала спрадвечны націск, прылу́ка ’здарэнне, выпадак; прыгода’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Жд., Стан.) з рэгулярным (тут “адваротным”) чаргаваннем у фіналі асновы. Узыходзіць да прасл. *prilučějь < *prilučiti (sę), прэфіксальнага да *lučiti (sę), гл. лу́чыць (гл. таксама ЭССЯ, 16, 162–163 з падрабязным аналізам семантыкі). Ст.-слав. прилоучаи: по прилоучаю ’выпадкова’, ст.-рус. прилучаи ’абставіны; выпадак; няшчасце, бяда; лёс’, балг. прилу̀ка ’зручны выпадак; прыгода’ (БЕР, 5, 720: аддзеяслоўнае вытворнае ад прылуча), рус. дыял. при́лучь ’выпадак; здарэнне’, прилу́чай ’выпадак’, а таксама прилукну́ть ’набыць выпадкова’, прилуча́ться, прилучи́ться ’здарацца, адбывацца’, укр. прилуча́тися, прилучи́тися ’здарацца, здарыцца’. Варбат (Этимология–1972, 48–49) лічыць роднасным і польск. дыял. przyłyka ’жанчына, якая прыехала з мужам з іншай мясцовасці’, што адрозніваецца ступенню каранёвай галоснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)