сме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца страху, храбры, адважны. Нор па тым, што ўбачыў і пачуў, уявіў сабе гэтую вялікую краіну, у якой жывуць такія добрыя, дужыя і смелыя людзі. Шамякін. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках, спрытна ўхіляўся ад занадта смелых і рызыкоўных бегуноў. Шыцік. / у знач. наз. сме́лы, ‑ага, м. Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых. Колас. [Грыцко:] — Чалавек ён [бацька] смелы, адважны, а смелых і кулі не бяруць. Кулакоўскі. // Які выказвае адвагу, бясстрашнасць. Тыя ж вочы, Позірк смелы, Нібы глянуў сам камбат... Прыходзька. У мой пакой прыйшлі яны з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі. // Які сведчыць аб бясстрашнасць адвазе; які робіцца з адвагай. Смелы манеўр. □ Арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой. Лынькоў. Дэсант быў напорысты і смелы. Аляхновіч.

2. Які не баіцца цяжкасцей, перашкод; рашучы. Смелы даследчык. // Поўны смеласці, рызыкі. [Ганна:] Аб гэтым, плане трэба параіцца з Максімам Іванавічам... Смелы план... Кучар. [Зёлкін:] Ад даклада паважанага Аляксандра Пятровіча я ў вялікім захапленні. Які палёт думкі! Якое смелае пранікненне ў глыбіню сівых вякоў! Крапіва. Адважыўся на смелы крок: з-пад носа кралю павалок! Колас. // Які мае ў сабе нешта арыгінальнае, новае. Думка смелая прыйшла: Зробім столік са стала! Калачынскі. // Які ўзнімае вострыя пытанні. Смелая крытыка. Смелая прамова.

3. Нязвыклы; нетрафарэтны. Смелы архітэктурны прыём. □ Праект [студэнта] горача падтрымлівае сакратар райкома, перамагае наватарскі, смелы погляд на жыццё. Бярозкін.

4. Які выходзіць за межы прынятага; не зусім сціплы. Смелы жарт. Смелае дэкальтэ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сын, ‑а; мн. сыны, ‑оў; м.

1. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да сваіх бацькоў. Было ў .. [Прыборнага] шэсць дачок і ніводнага сына. Шамякін. Тады сыноў рыбак паклікаў: — Дзеці, шукайце лёсу лепшага на свеце. А. Вольскі.

2. звычайна мн. (сыны́, ‑оў). Бліжэйшыя патомкі, маладое пакаленне. І сэрцы не запэцкаюцца ў брудзе — Нам сорамна не будзе за сыноў. Панчанка. І мастакі і скульптары шукаюць Сакрэты рысаў, фарбаў, Каб як найлепш увекавечыць Для будучых сыноў зямлі Магутны воблік Леніна, — Усім цяпер вядомы. Бядуля.

3. (звычайна ў зваротку). Уст. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да свайго духоўніка або асобы духоўнага звання. — Ідзі, мой сын, і болей не грашы! — Сказаў архірэй на развітанне і блаславіў музыку ад душы, Не палажыўшы жаднага спагнання. З. Астапенка.

4. (з азначэннем). Уст. Асоба мужчынскага полу, якая належыць да пэўнага грамадскага саслоўя. Купецкі сын.

5. каго-чаго. Кніжн. Чалавек як ураджэнец, жыхар якой‑н. мясцовасці або прадстаўнік якой‑н. нацыянальнасці. Сын стэпаў. □ Партызаны, партызаны, Беларускія сыны! Купала. // Чалавек, кроўна, цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Сыны рэвалюцыі. □ Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. // Чалавек, на якім адбіліся характэрныя рысы якой‑н. эпохі. Сын свайго часу. □ Сыны вякоў. Эпох і пакаленняў З лучынай смольнай, З дымным ліхтаром Спускаліся ў зямныя сутарэнні Крышыць руду жалезную Кайлом. Верамейчык.

•••

Блудны сын (жарт.) — пра члена сям’і або якога‑н. калектыву, што не падпарадкоўваецца яго волі, парушае яго парадкі (з евангельскай прытчы пра непакорнага сына, які пайшоў з бацькоўскага дому, а пасля бадзяння з раскаяннем вярнуўся да бацькі).

Гадзіцца ў сыны каму гл. гадзіцца ​1.

Сукін (чортаў) сын — ужываецца як лаянкавы выраз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цара, належыць яму. Царская карона. Царскі тытул. // Звязаны роднаснымі адносінамі з царом. Тут паказвалі на князёўну царскай крыві — на ёй была дыядэма. Самуйлёнак.

2. Які адносіцца да палітычнага рэжыму на чале з царом. Царскае самадзяржаўе. Царскі рэжым. □ Царскае самаўладства не лічылася з духоўнымі запатрабаваннямі народа і ўсяляк перашкаджала развіццю беларускай культуры, друкаванню кніг на роднай мове, не прызнавала нават і існавання самой мовы беларусаў. Суднік. Калісьці даўняю часінай, Пад царскім гнётам і ярмом Мая цудоўная краіна Была магілай і турмой. Глебка. // Звязаны з перыядам царызму. А ён [Сяргей Карага], па праўдзе сказаць, яшчэ і не жыў. То бадзянні па астрогах у царскія часы, то работа ў падполлі, то гэтая вайна... Колас. // Які мае такі палітычны рэжым. Была Расія царскіх дзён, А дні былі, як ночы; Душыў бязлітасны прыгон. Купала. // Пра грошы царскіх часоў. Пакуль Міхась корпаўся, завязваючы ў клунак сваю цывільную вопратку, да яго падышоў Крываручка і ціхачом дастаў з кішэні дзве царскія сторублёўкі, усунуў яму ў кішэню. — Гэта ад мяне перадай. Машара.

3. перан. Вельмі багаты, раскошны; як у цара. — Ідзі запрагай каня, — сказаў Ян, — і прыязджай забіраць лён. — У гэтым годзе, брат, лён у цябе царскі. Чарнышэвіч. [Бацька:] — Сёння ў нас, маці, царская вячэра! Гамолка. І вінаграднік, ветрам абласканы, Спяліў пад небам царскія плады. Чэрня. / у жарт. ужыв. [Коля:] — Трэба зрабіць палаці, нацягаць туды травы, густа выкласці, і пасцеля, брат, будзе царская. Спі і радуйся. Ставер. — Вядома, работа не царская, — пажартаваў .. [Сцяпан], з крэктам узнімаючы рыдлёўку, — але грашавітая. Савіцкі.

•••

Царская гарэлка гл. гарэлка.

Царскія дзверы гл. дзверы.

Царскі абед гл. абед.

Царскі стол гл. стол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вельмі, надта, выключна, надзвычай, -надзвычайна, незвычайна, нязвыкла, небывала, неверагодна, неймаверна, невыказна, невымоўна, моцна, бязмежна, бясконца, невымерна, непамерна, нязмерна, бязмерна, празмерна, нязлічана, неапісальна, востра, нясцерпна; добра, страшна, страшэнна, здорава, парадкам (разм.); дужа, збыт (абл.) □ да смерці, да незвычайнага, без меры, праз меру, не ў меру, на рэдкасць, да дзіўнага, да чорта, да чорцікаў, не на жарт, не на жарты

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Скамаро́х1 ‘у Старажытнай Русі і ў пазнейшым часе — вандроўны акцёр’ (ТСБМ, Ласт.), ‘вандроўны музыкант’, часта ‘музыка, скрыпач на вясковым вяселлі’ (Шымк. Собр., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП, Пятк. 2, Рам. 8), ст.-бел. уласнае імя Р. скл. Демьянца Скомороха (1540 г., Лінгв. дасл.), сюды ж скамаро́шнік ‘вандроўны цыркач з мядзведзем, мядзведнік’ (віл., смарг., Сл. ПЗБ), скамаро́ха ‘тс’ (Нас.), ‘музыка’: усяк спляша, да ні ўсяк скамарох (Бяльк.). Рус. скоморо́х ‘вандроўны музыкант, скакун, камедыянт’, дыял. ‘вядзьмар’, скоморо́шина ‘тс’, стараж.-рус. (XI ст.) скоморохъ, серб.-ц.-слав., рус.-ц.-слав. скомрахъ, ст.-польск. skomrośny, skomroszny ‘бессаромны, нястомны’, skowryśny, skowrośny ‘вясёлы, жвавы’. Цёмнае слова, ніводная этымалогія не з’яўляецца пераканаўчай. Крыніцай лічылі грэч. σκώμμαρχος ад σκώμμαжарт, штукі’, гл. Кірпічнікаў, Сб. ОРЯС 52, 1 і наст.; Фасмер, ИОРЯС 12, 2, 276; Фасмер, Этюды, 184 і наст. Аднак іншыя даследчыкі ўказваюць на тое, што слова нідзе не засведчана. Выводзілі таксама з іт. scaramuccia ‘камедыянт, штукар’ на падставе таго, што скамарохі часта носяць “лацінскую адзежу”; так Сразнеўскі, 3, 374. Супраць Фасмер (3, 648). Спробы славянскай этымалогіі: ад прыстаўкі sko‑ і дзеясл. марочыць; Мацэнаўэр, LF 20, 13 і наст.; Брукнер, 494. Пераважаюць “гукапераймальныя” версіі, напрыклад, сувязь з в.-луж. skomorić ‘рабіць недазволены ўчынак’, што мае гукаімітатыўны характар (Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243), паводле Шустара–Шэўца (1292), звязана з камолы (гл. камель2). Фасмер (3, 648) прыводзіць яшчэ славен. skomúcati ‘выдаваць незразумелыя гукі’, skomodrati ‘вішчэць’, якія звязаны з рус. скомлить ‘ныць, скавытаць’. Сюды ж можна дадаць балг. радоп. скомичем ‘плакаць, хліпаць’, серб. пірот. скомл́чем ‘мармытаць, невыразна гаварыць’, каш. skamřec ‘навязліва прасіць, клянчыць’, якое Борысь узводзіць да *skom‑ъr‑ (SEK, 4, 276), варыянт якога *skomorъ Львоў (Этимология–1972, 111) лічыць зыходным для разглядаемага слова. Нельга выключыць і цалкам імітатыўную версію паходжання слова, якую прапанаваў Немец (Slavia, 57, 246 і наст.; Studia Etym. Brun., 1, 38) з *sko‑morsk‑, роднаснага рус. морщить (гл. моршчыцца), што звязана з старажытным выкарыстаннем масак для адпуджвання злых сіл. У сувязі з гэтым параўн. скамурдзіцца ‘скрывіць морду’ (гл.). Істотнымі матывацыйнымі момантамі варта лічыць “музычныя” і “знешнія” прыкметы, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 178–179 (там жа агляд іншых версій).

Скамаро́х2 ‘гаркушка, гальян звычайны, Phoxinus phoxinus (L.)’ (Жук., на Дняпры; Жыв. св.). Рус. дыял. скоморо́х ‘тс’. Да скамарох. Параўн. апісанне рыбы ў Сабанеева (Жизнь, 496): “Последний [гальян] всегда отличается необычайной пестротой и поэтому названия скоморох и красавка гораздо более идут к нему, нежели… гольян”. Параўн. аўдотка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Дазволіць каму‑н. пайсці, паехаць ці адлучыцца. Капітан адпусціў паставога, а сам пачаў пісаць пратакол. Якімовіч. У пачатку вёскі Салаўёў адпусціў машыну.. і пайшоў далей пехатою. Шахавец. // Абслужыўшы, задаволіўшы чые‑н. патрэбы, даць магчымасць пайсці. Доўга давялося чакаць, пакуль Нічыпар адпусціць пакупнікоў. Б. Стральцоў. // Даць мажлівасць пайсці на новую працу, вучобу і пад. [Сазон:] — Конюхам пастанавілі прызначыць Карэньку, а.. [Кліма] адпусцілі ў леснікі. Ермаловіч.

2. каго. Даць каму‑н. свабоду, выпусціць з няволі. Адпусціць затрыманага. □ [Таццяна:] Дайце слова, Што вы адпусціце мяне на волю, І скажу вам праўду. Глебка. // За паншчынай — вызваліць ад прыгоннай залежнасці, даць адпускную, вольную. Адпусціць прыгоннага на волю.

3. Перастаць стрымліваць, сціскаць; выпусціць з рук. Міцька неахвотна адпусціў пальцы, вызваліў .. [Храпкевічаў] каўнер. Шамякін. Галінка, якую адпусціў.. Казак, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк. — Ага, папаўся! — дзед схапіў Язэпа за вуха. Язэп адпусціў падол, і соль пасыпалася на зямлю. Асіпенка. // што. Зрабіць менш нацягнутым, паслабіць. Адпусціць папружку. Адпусціць тармазы. □ Вайтовіч адпусціў трошкі вальней сырамятныя лейцы. Пальчэўскі. // Разм. Зменшыцца, сціхнуць, перастаць мучыць каго‑н. (пра хваробу, болі, пачуцці). [Кірдун:] — Божа ж мой. А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць?! Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Караткевіч. // Аслабець, памякчэць, паменшыцца (пра надвор’е). Мароз адпусціў. / у безас. ужыв. З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок. Грахоўскі.

4. што. Выдаць пэўную колькасць чаго‑н., прадаць. Адпусціць тавары са склада. // Назначыць, выдзеліць пэўныя сродкі для якой‑н. мэты, асігнаваць. Адпусціць сродкі на капітальнае будаўніцтва. // Вызначыць пэўны тэрмін. Адпусціць тры дні на вяселле.

5. што. Адгадаваць (валасы, ногці і пад.). Адпусціць бараду.

6. Уст. Дараваць (віну, грахі, доўг і пад.).

7. што. Сказаць што‑н. вострае, нечаканае або недарэчнае. Бабініч адпусціў такія словы аб іх спяванні, што і прывычныя жанкі [паўскоквалі] з месца. Колас.

8. Спец. Зрабіць мякчэйшым, зменшыць гарт.

•••

Адпусціць душу на пакаянне (жарт.) — адпусціць, не чапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насі́ць, нашу́, но́сіш, но́сіць; но́шаны; незак.

1. каго-што. Тое, што і несці¹ (у 1 знач.), але абазначае дзеянне, якое пастаянна паўтараецца, адбываецца ў розных напрамках і ў розны час.

Н. бульбу ў склеп.

Н. дзіця на руках.

2. што. Адзявацца пэўным чынам, надзяваць на сябе, а таксама мець на сабе.

Н. светлыя сукенкі.

Н. акуляры.

Н. бараду.

3. што. Трымаць, мець заўсёды пры сабе.

Н. пашпарт у кішэні.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Перамяшчаць з месца на месца сілай свайго руху (пра вецер, ваду і пад.).

Вецер носіць лісце.

5. што. Мець якое-н. імя, прозвішча, званне, тытул і пад.

Н. прозвішча мужа.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Мець адзнакі чаго-н., характарызавацца чым-н.

Спрэчка насіла востры характар.

7. перан., што. Утрымліваць у сабе; адчуваць што-н., думаць пра што-н.

Н. надзею на выздараўленне.

8. (звычайна ў спалучэнні са словамі «пад сэрцам»), каго (што). Быць цяжарнай.

Н. дзіця пад сэрцам.

9. што. Трымаць у нейкім становішчы.

Н. руку на павязцы.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Збіраць на кветках і дастаўляць у вулей (пра пчол).

Жывуць пчолкі і мядок носяць.

11. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Мець адзнакі, характэрныя рысы чаго-н., якога-н. часу.

Будынак носіць сляды грэчаскай архітэктуры.

12. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Мець якую-н. прысвоеную назву, імя якога-н. дзеяча.

Мінскі педуніверсітэт носіць імя Максіма Танка.

13. што. Адлюстроўваць пэўны ўнутраны стан.

Бледны твар яго заўсёды насіў выраз разгубленасці.

Да пары збан ваду носіць (разм.) — усё мае свой час.

Дзе цябе (вас) бог носіць? (разм., жарт.) — здзіўленне пры сустрэчы, калі доўга не бачыліся.

За плячамі не насіць (разм.) — аб чым-н. такім, што не абцяжарвае.

Насіць на руках каго (разм.) — надта песціць каго-н.; балаваць.

|| наз. нашэ́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і но́ска, -і, ДМ но́сцы, ж. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Схапіўшы або абхапіўшы рукамі, падняць, падтрымаць. — Ну, а ты, сын? — бацька падхапіў на рукі Даніка. — Чым жа добрым ты парадуеш сям’ю? Даніленка. Ускрыкнула, пахіснулася маці. Падхапілі яе дзеці, пасадзілі на лаўку. Місько.

2. Схапіць у момант палёту, падзення; злавіць. Я, кінуўшы вудзільна, хацеў падхапіць .. [рыбіну] рукамі, але паслізнуўся і потырч паляцеў у ваду. Ляўданскі. Аксана адвярнулася, пазіраючы нібыта ў бок вёскі, слязу няпрошаную хуценька падхапіла хусткай. Кавалёў.

3. Рэзкім, паспешлівым рухам узяць, прыхапіць мімаходам з сабой. Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Мікіта з парогу падхапіў дзяўчыну, закруціўся. Дуброўскі. І калі побач упаў, скошаны варожай куляй таварыш, Павел падхапіў яго вінтоўку і пабег наперад... Кухараў. // перан. Разм. Узяць з сабой у якасці падарожнага. [Мужчына:] — Нідзе не чуваць было, каб хлапчук такі загінуў.. Я ж усё яго шукаў, жывога ці мёртвага. Ёсць яшчэ надзея, што яго маглі падхапіць на сваю машыну чырвонаармейцы. Чорны. // Захапіць сілай руху і пад. Снегавы пыл заблішчаў на сонцы, вецер падхапіў яго, закруціў над платформай і памчаў за вагоны... Савіцкі. Імклівыя воды ракі падхапілі.. [човен] і шпарка панеслі ўніз па цячэнню. Федасеенка.

4. Разм. Набыць, знайсці, займець. Станіслаў дастаў з клунка некалькі кавалкаў беконнай свініны, з прораззю, завэнджанай.. — Дзе ты гэтулькі падхапіў бекону? — здзівіўся Юрчанка. Гурскі. Эміль Клебер.. падхапіў сабе жонку, маладую асобу, але даволі практычную ў справах хатняй гаспадаркі. Чорны. // Атрымаць, схапіць якую‑н. хваробу. — Ну, а ты, навабранец, дзе жаўтуху падхапіў? — звярнуўся .. [доктар] да мяне. С. Александровіч. Паслухаўшы маё цяжкае дыханне,.. [фельчар] здзіўлена запытаўся, дзе я мог падхапіць двухбаковае запаленне лёгкіх. Рамановіч.

5. Прадоўжыць, падтрымаць пачатае другім. Падхапіць пачын. □ Маці параіла зрабіць з савы чучала, і дзеці з радасцю падхапілі гэтую прапанову. Пальчэўскі. Спярша працавалі моўчкі, потым нехта кінуў жарт, яго падхапілі, засмяяліся. Хадкевіч. // Разм. Пераняць, запазычыць што‑н. чужое. [Маладога] слухаюць і патураюць яму.. Нават ужо і слова яго падхапілі, якое ён часта гаворыць. Чорны. [Цэйта] дзесьці падхапіла раманс, якога, здаецца, у мястэчку ніхто не ведаў. Сташэўскі.

6. Пачаць падпяваць. Калі ўваходзілі ў пасёлак, Ніна зноў заспявала.. Мы весела падхапілі песню, і яна паляцела, нібы птушка, у дажджліва-туманныя прасторы. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́га1 ’прылада да паганяння, пужка’ (Нас., Шат., Шпіл., Мал., Бяльк., Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Яруш., Гарэц., ТСБМ), púha ’тс’ (Тарн., Маш.), укр. пу́га ’тс’, ст.-польск. pąga, pęga ’раменны біч’ (з XV ст.); Шымкевіч спасылаецца на “валашска-малдаўскае пꙋ́гъ ’пужка’ (Шымк. Собр., 167). Звычайна звязваюць з пуга́ць < пужа́ць ’палохаць’, так ужо Чачот (“púha: bicz włościański i długi pastuszy. Musi pochodzić od pużać, straszyć”, Чач.) і Насовіч, што сустракае пярэчанне, паколькі названы дзеяслоў вядомы пераважна на рускай тэрыторыі, дзе назоўнік малаўжывальны (Праабражэнскі, 2, 148); аднак больш верагодная сувязь з гукапераймальным пуг(у), параўн.: шугу‑пугу кымару (веліжск., Шлюб.), пу́гаць ’сёрбаць, есці з прысвістам’, што перадае гукавы вобраз сцябання пугай, гл. у Праабражэнскага, 2, 148: “пуга — орудіе, которымъ щелкаютъ, хлопаютъ”, параўн. таксама сцяба́ць ’біць, лупцаваць’ і ’прагна есці, хлябтаць’. Менш верагодна з пу́га ’невялікі круглы прадмет, гузік, шарык’, паколькі такія прадметы прымацоўвалі на канцы (або завязвалі вузел у пугі), параўн. польск. pęga ’kulka ołowiana na rzemieniu do biczowania’, pąga ’coś kulistego’ (Банькоўскі, 2, 537). Страхаў (Балто-слав. этнояз. отнош., 45) следам за Талстым звязвае пу́га ’біч’ і праслав. *pǫga ’вясёлка’, рэканструяванае на падставе польск. сілез. puhga, славен. póga і серб.-харв. кайк. puga ’тс’, і прыводзіць літоўскія паралелі для назваў вясёлкі: diẽvo rykštė ’божы дубец’, orãrykštė, dangaus rýkšte ’нябесны дубец’. Сюды ж, відаць, пу́га ’сцябло без лісцяў’ (Ян.), ’адростак агурка, гарбуза’ (Мат. Гом.), параўн. рус. пле́ти ’сцябліны некаторых раслін’, пу́гавыця ’вяроўка’ (Бес.). Гл. таксама пу́га2.

Пу́га2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809), ’журавель у калодзежы’: стаіш стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ (бяроз., Шатал.). Хутчэй за ўсё, да пуга1 з-за знешняга падабенства, параўн. рус. хлыст ’тонкая жэрдка, шост’ і ’пуга, бізун’; менш верагодна да пу́га ’круглы прадмет, патаўшчэнне’ для абазначэння груза на канцы жураўля, гл. пуга3.

Пу́га3 ’божая кароўка’ (брэсц., Цыхун, вусн. паведамл.), сюды ж, магчыма, экспр. пу́га ’той, хто непакоіць, перашкаджае (аб дзецях, малых свойскіх жывёлах)’: чого гэта пуга малая мышае? (драг., Сл. Брэс., З нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pǫgy ’невялікі круглы прадмет, шарык, гузік, патаўшчэнне, вузел’, да семантыкі параўн. вузёл (пра малога хлопчыка) (гл.), балг. въ́зил ’вузел’; жарт. ’малы чалавечак’ і пад. Звычайна параўноўваюць з лат. puőga, puogs ’гузік’, ст.-інд. puñjas ’камяк, маса’ (Фасмер, 3, 400).

Пу́га4 ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (кобр., ЛА, 3). Няясна, магчыма, да наступнага слова.

Пу́га5 ’маланка, разрад’: у буру вялікая пу́га была на небе (брагін., Мат. Гом.). Геаграфічна блізкае бранск. пу́га ’мяцеліца’ (гл. Bałto-słow. zw. jęz., 29) дазваляе звязаць названае слова з лат. pűga ’парыў ветру, віхор’, літ. pugà ’мяцеліца, буран’ і асабліва з выразам versti pugàs ’утвараць шум, мітусіцца’, іншыя паралелі: ст.-ісл. fok: ’мяцеліца, завея’ ад fjúka ’гнаць, мясці’, с.-в.-ням. vochen ’дуць’ (Фасмер, 3, 399); пры гэтым нельга выключыць зрокавую і гукавую асацыятыўную сувязь з пу́га1 (гл.). Паводле Страхава (Балтослав. этнояз. отнош., 45), пу́га ’біч’ — атрыбут славянскага “громовержца” Іллі ў беларускіх і ўкраінскіх калядках: Дзе пугаю махне — там жыта расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

про́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Аднародны па саставу, элементарны; не складаны, не састаўны. Простае рэчыва. Просты арганізм. Просты лік.

2. Не складаны, не цяжкі для разумення, выканання, рашэння. Простая справа. Простае рашэнне. □ Цяпер я адчуў, што гэта дарога не такая простая і лёгкая, якою здавалася мне дома. Колас. — Але чым мы горшыя за іх? — Маці не магла адказаць на гэтае справядлівае простае пытанне. Шамякін.

3. Без асаблівых упрыгожанняў; не мудрагелісты, не вычварны. Сям-там узвышаліся ў рыштаваннях пабудаваныя ўжо гмахі простых, прыгожых дамоў. Карпаў. Кракталі жабы. Было нешта смутнае і жалобнае ў гэтай простай і аднатоннай іх песні.. Колас. Простыя, задушэўныя і шчырыя радкі.. змяняліся мужнымі і гнеўнымі словамі, у якіх бурліла нянавісць да прыгнятальнікаў. С. Александровіч.

4. Грубы па якасці; недастаткова апрацаваны. Мука простага памолу. □ Аснову для каптуроў маці рабіла з простага палатна. Бядуля. Новая мэбля, нефарбаваная, простая, відаць, работа чарніцкіх местачковых майстроў, была дасціпна парасстаўляна на сваім месцы. Чорны.

5. Які нічым не вызначаецца сярод іншых; звычайны. — Раз ты сельсаветчык, то ты можаш распараджэнне даваць. — Што ты гэта! Што я начальнік які ці што? Я просты чалавек. Чорны. Па задзірыстым тоне Цімоха і косых позірках астатніх мужчын Валюжынец зразумеў, што гэта не просты жарт. Б. Стральцоў.

6. Звычайны, не заказны (пра пісьмо, бандэроль і пад.).

7. Няхітры, прастадушны, адкрыты, не ганарлівы. [Дар’я:] — Я марыла, што муж у цябе будзе чалавек просты, свойскі... Шамякін. Пятроўна павяла [Хіму] на сход работніц з фабрыкі. Усе яны былі простыя, знаёміліся з Хімаю, расказвалі аб сваім жыцці. Каваль.

8. Разм. Наіўны, недалёкі. Простыя вельмі людзі яны: вераць нават у нячыстую сілу. Бядуля.

9. Уст. Які належыць да непрывілеяванага класа, саслоўя. Асцярожна, пан Канеўскі! Будзе ліха, будзе, Не забудзься, што сумленне ёсць і ў простым людзе! Купала. // Які належыць да працоўнай часткі грамадства; працоўны. Простыя людзі стварылі Дзяржаву на ўсходзе. Куляшоў.

10. Прамы, роўны, без выгібаў. Улетку .. [Тамара з Юркам] выпраўляліся на шашу, якая ідзе паўз самую вёску, простая, як страла. Ермаловіч. Бацькавы забінтаваныя ногі ляжалі простыя і тоўстыя, як бярвенні. Крапіва.

11. Яўны, адкрыты. — Падумаць трэба, — ухіліўся Мартын ад простага адказу. Колас.

12. Разм. Не спутаны (пра каня). — Кось, кось, кось!.. — крычыць малы, ідучы за простым канём, выставіўшы шапку, каб падманіць, што дасць аўса. Калюга.

•••

Простая мова гл. мова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)