дый, злучнік.

Разм.

1. спалучальны. Злучае звычайна члены сказа, якія абазначаюць паслядоўныя з’явы; па значэнню набліжаецца да злучнікаў «і», «ды». Палазіў Якуш ля воза, выцягнуў рыдлёўку, узяў сякеру дый падаўся [у лес]. Скрыган.

2. далучальны. Далучае члены сказа і сказы, якія ўдакладняюць, завяршаюць або абагульняюць папярэднія думкі. Дома практыкавацца .. [Аксёну Калю] няма калі, дый нязручна. Колас. Развітаўшыся з Захарам, Андрэй палявымі дарогамі пайшоў, кіруючыся да Апанаса Хмеля. Дарога была няблізкая, але дня яшчэ хопіць, дый пагода спрыяе. Пестрак. Зыгмунт Асядовіч зноў, можа ўжо ў пяцідзесяты раз, пайшоў да фабрыкі. Далей брамы яго не пусцілі. Дый чаго было старацца ісці туды: фабрыка ледзьве жыла. Чорны. // Ужываецца пры нечаканых пераходах да наступных падзей. — Адно ж ты, Пятруська, не баўся на кірмашы. Сюды-туды дый дадому. Колас.

•••

Дый то — тое, што і ды і то (гл. ды ​1).

Дый толькі — тое, што і ды і толькі (гл. ды ​1).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ба 1 выклічнік, які выказвае здзіўленне (Бяльк.). Рус. ба, укр. ба, балг. ба, серб.-харв. ба ’тс’. Першасны выклічнік, вядомы і ў іншых мовах (параўн. ням. ba, франц. bah, тур. ba). Гл. Бернекер, 36; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 99; БЕР, 1, 22. Параўн. ба 2. Памылкова Макарушка, Словар, 4 (запазычанне з тур. мовы).

Ба 2 злучнік, гл. КЭС. Магчыма, захаваўся ў бел. са значэннем ’каб, калі б’ (Нас.: «Ба, калі б гэта спраўдзілася»). Укр. ба, польск. ba, чэш. ba, славац. ba ’нават’. Слав. ba, роднаснае літ. bà, лат. ba, ст.-грэч. φή, ст.-іран. bā, гоц. ba. Іншая аблаутная форма гэтага злучніка — слав. bo ’таму што’ (гл.). Бернекер, 36; Траўтман, 22 і наст.; Фасмер, 1, 99; Махэк₂, 39; Слаўскі, 1, 24; параўн. таксама Развадоўскі, RO, 1, 102. Да праформы (*bо : *bā) і ўжывання злучніка гл. Шавялоў, Prehistory, 117. Брукнер (9) дапускае магчымасць ідэнтычнасці паходжання ba 1 і ba 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Так ’такім чынам’, ’у такім стане, выглядзе’, ’у такой ступені’, ’без прычыны, мэты, намеру’ (ТСБМ, Стан.), ’як ёсць, без змен’ (Юрч. СНС), ’так, гэтак’ (ТС), ’гэтак’, ’дарма’ (Варл.); таксама часціца і злучнік з шэрагам значэнняў (ТСБМ). Укр., рус. так ’гэтак’, стараж.-рус. тако, такъ ’гэтак’, польск., каш., чэш., славац., в.-луж. tak, н.-луж. tak, tako, палаб. tok, славен. takó, серб.-харв. та̏ко, та̀ко, та̀ко̄, балг. така́, макед. така, ст.-слав. тако ’тс’, такъ ’такі’. Да прасл. прыслоўя *tako ’гэтак’ і прыметніка *takъ ’такі’, якія ўтвораны ад займеннікавай асновы *ta‑ (< і.-е. *tō‑, што адлюстравана таксама ў літ. tóks, дыял. tókias, tokiàs, ж. р. tokià, tóki ’такі, такая’, ст.-хец. ta‑kku ’калі’), роднаснай указальнаму займенніку *tъ (гл. той), злучанай з суфіксам ‑ko (ESSJ SG, 2, 634–641 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 504 з літ-рай; параўн. Смачынскі, 681; Іванаў, Зб. Ісачанку, 193). Гл. такі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адна́к, (зрэдку ў спалучэнні з часціцай «жа»).

1. злучнік супраціўны. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў і членаў сказа. Па сваім значэнні адпавядае злучніку «але» з абмежавальным адценнем. Качак пакуль што няма, аднак яны могуць быць. Брыль. Каб адагнаць сон, [Марылька] устала, прабегла па беразе, аднак праз нейкі час паўтарылася тое ж самае. Кулакоўскі. // У гэтым жа значэнні злучае сказы і члены сказа са значэннем неадпаведнасці. Сашы было не да гэтага хараства, аднак і яна звярнула ўвагу на такі цуд прыроды. Шамякін. Ападаў ветравы холад і цяплела надвор’е. Аднак жа вецер густа халадзіў цела. Чорны. — Што толькі тут можна насіць? — прабурчаў Алесь, узважыўшы сумку на руцэ, аднак закінуў сабе за спіну. Шыцік. // Ужываецца ў складаназалежных уступальных сказах для проціпастаўлення галоўнай часткі даданай. У кватэры хоць і ўсё, здаецца, было па-ранейшаму, аднак адчувалася раптоўная, рэзка падкрэсленая пустата. Зарэцкі. Хаця Уолтэр меў пад шэсцьдзесят, аднак быў бадзёры, рухавы. Гамолка.

2. пабочн. Тым не менш, усё ж, усё-такі. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Капітан, аднак, не спыняўся, настойліва вёў роту на нямецкія пазіцыі. Мележ. [Рыгор:] «Што яна [Ганна] робіць цяпер? Цікавая, аднак, дзяўчына! І трэба ж было мне з ёю спаткацца». Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Се 1, сё ‘вось’: Се і хлеба нетуці; Сё прыду (Ласт.); ‘гэта, гэтак’: се дзеўка роўная з ею; се кажуць міншчане (Ян.), у спалучэннях асё, асёж ‘вось, глянь’: Асё маці мая; Дзе нож? — Асё‑ж ляжыць (Ласт.), о се ж ‘вось тут’, до се ‘дасюль’ (ТС), ст.-бел. се ‘вось гэта’: чиѧ молодица се (Альтбаўэр), ‘вось, так, цяпер’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. укр. се ‘гэта’, старое рус. сё, стараж.-рус. се, ст.-чэш. se, палаб. sü, ст.-польск. sie, серб.-харв. се, балг. дыял. со, ст.-слав. се ‘тс’. Прасл. *se ‘гэта’ роднаснае літ. še ‘вось табе на’, лат. še ‘тс’ (Буга, Rinkt., 2, 481). Гл. сей, ся.

Се 2 ‘калі’ (умоўны злучнік): “ой, се моя сестра, то прашу я да хаты, а се сивая зазулька, то ляти ў луги кавати” (беласт., у запісах Раманава, гл. Карскі 2–3, 497), у спалучэннях себ ‘калі б’, се хоч ‘калі’, не се ‘быццам; здаецца’ (Список слов… Гродн. и Минск. губ., рукапіс). Паводле Патабні (Из записок, 1–2, 294), аналагічны злучнік, вядомы ў паўночна-заходніх украінскіх гаворках, паходзіць з се, осе (“из се, осе, асе, как указания на недавнее или наличное, произошло се… если”), гл. се 1. Інакш укр. се, се‑б, ся‑б ‘калі’ разглядае ЕСУМ (5, 200) (рэдукцыя если б, што малаверагодна).

Се 3 ‘сябе’: ты сʼе́ ў абʼиду нʼи давай (Сцяшк. Сл.), звычайна ў спалучэнні з прыназоўнікамі: цягня да се́ (Скарбы), śmièrci na sie spadziewàŭsie; starỳ maładùju żuònku bierè nie dzieła sie (Федар. 4), сам за се заступіцца ні можа (шчуч., Нар. лекс.), параўн. укр. за ся, ст.-рус. на ся, польск. дыял. na się, в.-луж. na so, н.-луж na se, палаб. püd są, серб.-харв. пода̄ се, славен. zase, ст.-слав. на сѧ. Прасл. *sę ‘сябе’, націскная (неэнклітычная) форма В. скл. адз. л. (ESSJ SG, 2, 599), роднасная ст.-прус. sien ‘сябе’, лат. sē ‘тс’, гоц. sik ‘тс’ (Фасмер, 3, 823). Беларуская форма звычайна разглядаецца як другасная, узнікшая ў выніку сцягвання сябе > се, паколькі нармальным усходнеславянскім рэфлексам *sę з’яўляецца ся, параўн. -ся (гл.); аднак нельга выключыць уплыў се 1 (гл.) або энклітычнай формы зваротнага займенніка *se, да якой узводзяць беларускія і ўкраінскія зваротныя формы се, сё (ESSJ SG, 2, 599; ESJSt, 13, 812). Гл. таксама свой, сябе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

няха́й, часціца і злучнік.

1. часціца. У спалучэнні з дзеясл. 3 асобы адз. і мн. ліку цяпер. і буд. простага часу абвеснага ладу ўтварае загадны лад са значэннем: а) загаду, пабуджэння, неабходнасці. — Перадай пракурору, няхай пачакае — вызвалюся, паедзем разам глядзець. Карпаў. А ён адказваў мне: — Няхай Стаяць [курганы] на страх варожай сіле. Кірэенка; б) дазволу, згоды, уступкі. — А мы.. [крыніцы] выпусцім на прастор, — няхай бягуць, няхай звіняць, няхай працуюць на нас! Брыль. — Няхай будзе так, — згадзіўся Янка. Якімовіч; в) урачыстага закліку, пажадання. Няхай наша дружба цвіце. Колас. [Дзямід Сыч:] — Няхай іржавеюць сабе дапатопныя сярпы, і няхай звініць на нашых палетках гартаваная сталь камбайнаў. Паслядовіч. [Дзед:] — Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны. Лынькоў.

2. часціца. У спалучэнні з часціцай «бы» (з дзеясловамі ўмоўнага ладу) выражае дапушчэнне з адценнем пажадання магчымасці дзеяння, якое не адбылося. [Стралец:] — Няхай бы ты хоць якую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць. Якімовіч. Вось і сама я пашкадавала чалавека. А няхай бы на прыкладзе гэтага ўчастковага навучыліся іншыя. Асіпенка.

3. часціца. Разм. У сказах з дзеясловамі загаднага ладу ўзмацняе нежаданне. Няхай ты згары! □ — Ай, няхай ты запаветрай, ты ўсё жартуеш. Чорны.

4. злучнік уступальны. а) Ужываецца ў даданых сказах з уступальным дапушчэннем у значэнні «хоць», «нягледзячы на тое», «што». Няхай імя яго Было нам невядома — Мы неслі ўсе яму Свой лепшы шчыры дар. Глебка. // У даданых сказах з уступальным дапушчэннем, толькі з адценнем проціпастаўлення. Няхай сабе пясчаны гэты кут, Няхай няма ў ім роскашы паўднёвай, Ды мілы ён. Колас. Няхай усё гэта песня нагадала, Але я веру: будзе горад мой Такім, куды Скарына і Купала З плеядай слаўных прыдуць грамадой. Танк. б) Далучае ўступальныя звароты з абмежавальным значэннем. [Уладзіміру] было прыемна ўсведамляць, што ў гэтай вялікай творчасці мільёнаў прымае ўдзел ён, няхай на першы час хоць вучнем. Данілевіч.

•••

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) гл. бог.

Няхай ведаюць (знаюць) нашых гл. ведаць.

Няхай жыве! гл. жыць.

Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі (стопчуць) гл. качка.

Няхай яго, (яе, іх, цябе, вас) немач гл. немач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

як².

1. прысл. пыт. і адноснае. Якім чынам.

Як знайсці тое месца? Як жывеш? Вось як трэба рабіць.

2. прысл. пыт. У якой ступені, наколькі.

Як даўно ён паехаў?

3. прысл. азнач. У якой меры, ступені, да чаго.

Як ён пастарэў.

Як я рада!

4. прысл. неазнач. Як-небудзь (разм.).

Трэба ж як знайсці згубленае.

5. прысл. часавае. У які час.

Я гэта бачыў, як ішоў з працы.

6. часц. Ужыв. пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці.

Як!

Ты зноў дома! — Я не ведаю, куды паклаў рэчы. — Як не ведаеш.

7. часц. ўзмацн.-сцвярдж. Выражае бясспрэчнасць выказанай думкі, выступаючы ў знач.: як можна, немагчыма.

Ну як мне тут не перажываць.

8. часц. Пры дзеяслове зак. трывання абазначае нечаканасць дзеяння.

А ён як ускочыць, пабяжыць!

9. злуч. параўн. Падобна да чаго-н.

Мяккі як пух.

Такі, як і раней.

10. злуч. У якасці каго-, чаго-н.

Ён павінен гэта ведаць як спецыяліст.

11. злуч. Ужыв. ў саставе пабочных груп і сказаў.

Як кажуць.

Як напрыклад.

12. злуч. Абазначае часавыя адносіны паміж галоўным і даданым сказамі.

Як успомніш, страшна становіцца (кожны раз, калі). Прайшло шмат часу, як яны выехалі адсюль (з таго часу, калі).

13. злуч. Пасля адмоўных ці пытальных слоў і выразаў — акрамя, толькі.

Хто гэта мог зрабіць, як не ты.

◊

Як адзін чалавек — дружна, усе разам.

Як бы — умоўна-мяркуемае параўнанне.

Згаджацца як бы нехаця.

Як бы там ні было — пры ўсіх умовах, ва ўсякім выпадку.

Як быццам — тое, што і быццам (у 1 і 2 знач.).

Як і што (разм.) — абагульненае ўказанне на аб’ект і сітуацыю.

Раскажы нам, як і што.

Як мага — служыць для ўзмацнення ступені параўнання.

Заходзь да нас як мага часцей.

Як мага лепш.

Як ні — хоць і, нягледзячы на тое, што.

Як ні лаюся, не слухаюць мяне.

Як (або што) ні кажы (разм.) — нягледзячы ні на што, усё-такі.

Як ні кажы, а свой куток мілы.

Як сказаць (разм.) — выкарыстоўваецца, каб паказаць ваганне, няўпэўненасць у чым-н. —

Яшчэ як сказаць.

Можа, — і не.

Як толькі — адразу, зараз жа.

Як..., так і — злучнік пералічальны.

Ён заўсёды акуратна выконвае як вытворчую работу, так і грамадскую.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ко́лькі, Р мн. колькіх, займ. і ко́лькі, прысл.

1. займ. і прысл. пытальнае. Абазначае пытанне пра колькасць чаго‑н.: якая колькасць? як многа? Колькі табе гадоў? Колькі старонак у кніжцы?

2. займ. і прысл. азначальнае. У клічных сказах абазначае вялікую колькасць чаго‑н.: якая колькасць! як многа! Колькі зор на небе! Колас. Вось і вуліца Янкі Купалы. Колькі ў гэтых словах роднага і блізкага для кожнага жыхара Мінска! Хведаровіч.

3. прысл. меры і ступені. Наколькі; у якой меры. Колькі таго дня было, а ўжо неўзабаве і вечар: падыходзіць тая невясёлая, але па-свойму адметная пара самых малых, зімовых дзён. Кулакоўскі.

4. займ. і прысл. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) у даданых дапаўняльных сказах. [Саша] не адчувала, колькі прайшло часу, здавалася, што вельмі многа. Шамякін. Па рагах можна даведацца, колькі аленю год. В. Вольскі; б) у даданых азначальных сказах і сказах меры і ступені. [Гудовіч:] Паветра ў гарах чыстае, сумленне ў цябе чыстае — адпачывай, колькі душа жадае. Крапіва. І, колькі ёсць сілы, да самай магілы Ары, барануй, засявай!.. Купала.

5. у знач. ліч. Разм. Некалькі, няпэўная колькасць. Дзед Талаш колькі хвілін глядзіць на Мартына, маўчыць. Колас. Праз колькі хвілін можна было разабраць, што ішлі мужчыны. Быкаў.

•••

Колькі ёсць духу (сілы) гл. дух.

Колькі ні (уступальны злучнік) — як ні.

Не столькі..., колькі... гл. столькі.

Столькі..., колькі і... гл. столькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́, злучнік.

1. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў з узаемным выключэннем, паказваючы на катэгарычнасць выбару аднаго з іх. Гэта была такая сварка, пасля якой або разыходзяцца на ўсё жыццё, або мяняюць характар. Асіпенка. [Валодзя:] — Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Кулакоўскі. Або пан, або прапаў. Прыказка. // Супастаўляе аднолькава магчымыя ці раўназначныя члены сказа і сказы; тое, што «ці» (у 1 знач). — Выбірай: або маім намеснікам, або загадчыкам зямельнага аддзела. Адно з двух, — рашуча прапанаваў Бялоў. Шамякін. «Маўчы або хлусі — азалачу, навек шчаслівым зраблю», — гаварыў Скуратовічаў позірк. Чорны. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

2. пералічальна-размеркавальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. [Праменны:] Каго ты ні возьмеш, дык гэта будзе або рабочы, або калгаснік, або інтэлігент, адным словам, чалавек савецкі. Крапіва.

3. далучальны. Далучае члены сказа і сказы з заўвагамі дадатковага характару. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцыяльна, абрала ўчастак контрудару па лініі Крыўцы — Высокае, куды падцягнула войска і гарматы. Колас. [Зіна:] — Няўжо я зусім не падобная на спявачку, або спяваць у хоры — вельмі ўжо складаная, мала каму даступная справа? Кулакоўскі.

4. у знач. пытальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў пачатку пытальных сказаў у значэнні «хіба?», «няўжо?». [Зося:] — Дык ты верыш, Рыгор, пушчаным чуткам? — Або яны непраўдзівы? Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту 1 — экспрэсіўнае слова ў выразах: ту, якій ты!​ ту на цябе!​ ту цябе! ‘цьфу’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; полац., Нар. лекс.). У адным з першых літаратурных твораў: Ці не пісацель? / Ту! Не, паночак, /Я Тарас (К. Вераніцын, Тарас на Парнасе. Паэмы. Мінск, 2009, 18). Часта як выраз незадавальнення, нязгоды. Звычайна разглядаецца як варыянт выклічніка тфу (гл.) у сувязі з неарганічным характарам ф у беларускай народнай мове, параўн. яго замены на тпху, тху (гл.), цьху і пад. Параўн., аднак, рус. ту: ту, голова! ‘эх ты!’, серб. цімак. ту́ ‘выклічнік незадавальнення, раздражнення’, макед. ту што ми стори ‘ox, што ты нарабіў’, балг. дыял. а́ бре, ту́ бре! (раздражненне, гл. СбНУ, 38, 50), што сведчыць пра магчымае аднясенне выклічніка да т. зв. першасных інтэр’екцый (Смаль-Стоцкі, Приміт., 19), прадстаўленага ў складзе выклічнікаў тыпу агату, ату, туга (гл.) і інш. Дапускаецца дэістычнае паходжанне, гл. ESSJ SG, 2, 701.

Ту 2 ‘тут, сюды’ фалькл.: Братовая золвы на ночь просить : / Ту ту ту! — Моя золвица, моя сястрыца, / Ту ту ту (Бяс., 40); Ту, цимболисты и скрипки играют… (С. Полацкі), ту-ту-ту — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896); ст.-бел. ту ‘ў гэтым месцы; туды, сюды; тады; у даным выпадку’ (1388 г., ГСБМ). Параўн. укр. дыял. ту ‘тут’, рус. фалькл. ту ‘ў той час, тады’ (СРНГ), польск. tu ‘тут; цяпер, у гэтым месцы; дагэтуль, адсюль’, чэш., славац., в.-луж., н.-луж. tu ‘тс’, харв., серб. tû, славен. tù ‘тс’, ст.-слав. тоу ‘там, тут, тады, у тым месцы’. Прасл. *tu вытворнае ад займенніка *tъ (гл. той) з няясным па паходжанні ‑u (агляд праблематыкі ў літаратуры гл. ESSJ SG, 2, 697–701; ESJSt, 17, 996; пра ст.-бел. формы гл. Крамко, Мова бел. пісьм., 276). Сучаснае дыялектнае ўжыванне, напр., ту ‘тут’ (воран. Сл. ПЗБ), а таксама познія старабеларускія формы пад уплывам польскай мовы, гл. Булыка, Запазыч., 326. Паводле Шустар-Шэўца (1553), вакалізацыя, як у н.-луж. ku < прасл. *kъ, гл. к.

Ту 3 — размеркавальны злучнік то … то: ту чуеш у гэтай песні страшны голас дзікага звера, ту смех шалёнага, ту нудны крык нішчаснага, ту плач беднага чалавека (Я. Колас). Параўн. аналагічныя злучнікі: макед., балг. ту … ту, польск., чэш. tu … tu. Функцыянальна ідэнтычна займеннікавым утварэнням ад *tъ, у першую чаргу *to (гл. та, то), адносна паходжання гл. ESSJ SG, 2, 701. У беларускай літаратурнай мове выціснута пад уплывам рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)