Канве́рт ’пакет з паперы для перасылкі пісьма па пошце’, ’коўдра ў форме пакета’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.), канаве́рт ’тс’ (Сцяшк.; бяроз. КЭС); кунве́рт (Бяльк.), маст. канвэ́рт, пруж. коновэ́рт ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). З рус. конве́рт, якое ў Пятроўскую эпоху з франц. couvert ’закрыты, схаваны’ < couvrir ’пакрываць’ < с.-лац. copertum < coopertus ’накрыты’. Застаецца няясным узнікненне насавога ‑н‑. Магчыма пасрэдніцтва ням. Kuvert. Гл. Фасмер, 2, 308; Шанскі, 2 (К), 250.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

інду́кцыя, ‑і, ж.

1. Спосаб разважання і метад даследавання, пры якіх агульныя выгады робяцца на аснове ведаў пра адзінкавыя факты; проціл. дэдукцыя.

2. Узбуджэнне электрычнага току ў якім‑н. правадніку пры руху яго ў магнітным полі або пры змяненні вакол яго магнітнага поля. Электрамагнітная індукцыя. Магнітная індукцыя.

3. Узаемадзеянне працэсаў узбуджэння і тармажэння ў нервовай сістэме, пры якім узнікненне аднаго працэсу выклікае развіццё другога, процілеглага.

[Лац. inductio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эксцэ́с, ‑у, м.

1. Крайняе праяўленне чаго‑н.; празмернасць, нястрыманасць. — Ага, зразумела, — сказаў лысаваты. Сківіца ў яго адвісла, быццам стала адразу цяжкай. — Спадзяюся, як культурныя людзі, мы пагаворым без лішніх эксцэсаў. Асіпенка. [Мяснікоў:] — Перадай штабу, усім салдатам: вытрымка! Ніякіх эксцэсаў! Мележ.

2. Парушэнне нармальнага ходу чаго‑н., вострае сутыкненне (звычайна ў грамадскім жыцці). — Гарнізон выконвае мае распараджэнне, а гэта дае магчымасць папярэдзіць узнікненне непажаданых эксцэсаў. Гурскі.

[Ад лац. excessus — выхад; ухіленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантаміна́цыя, ‑і, ж.

1. Змешванне дзвюх або некалькіх з’яў, падзей пры іх апісанні. У прадмове М. Федароўскі звярнуў увагу чытача і на вельмі характэрную з’яву ў фальклоры — кантамінацыю, г. зн. на пераход сюжэтаў і матываў з адной казкі ці песні ў другую, зліццё іх і перапляценне. Саламевіч.

2. Узнікненне новага слова або словазлучэння ў выніку збліжэння, аб’яднання двух розных слоў або выразаў, блізкіх па значэнню ці гучанню (напрыклад, няправільны выраз «іграць значэнне» ўтвараецца шляхам кантамінацыі двух выразаў: іграць ролю і мець значэнне.).

[Ад лац. contaminatio — сутыкненне, змешванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жгаць 1 ’паліць’ (Нас.). Рус. дыял. арханг., алан., наўг., смал., кастр., вяцк., перм., свярдл., с.-урал., кіраўск. жгать ’тс’, чэш., арх. žhati ’тс’, серб.-харв. жга̏ти ’пячы’, славен. žgáti ’паліць’. Параўн. рус. жечь, жгу. Ст.-слав. жещи, жьгѫ. Прасл. *žьg‑ (з тэмай ‑a‑, у той час як у жещи яна адсутнічае, а на месцы ‑ь‑ выступае ‑е‑). Лічаць, што з і.-е. *dheg​u̯h‑ ’гарэць’: літ. degù, ст.-інд. dāha‑h ’пажар, спёка’, авест. daχša ’пажар’ і інш. Покарны, 1, 240–241; Фасмер, 2, 38; Траўтман, 49; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289; Махэк₂, 727; Брукнер, 663–664. Скок (3, 674–675) тлумачыць узнікненне слав. *geg‑ з *deg‑ асіміляцыяй. Корань *deg‑ адлюстраваны ў дзёгаць (магчыма, з балт.) гл. Фасмер (2, 38) лічыць менш верагодным зробленае Шэфтэловіцам (ZfIndIr, 2, 271) супастаўленне са ст.-інд. jañj ’асвятляць, гарэць’, ст.-ісл. kvekva ’запальваць’ і зробленае Зубатым (Studie, I, 1, 127) дапушчэнне, што *geg‑ звязана з лат. dzedzite ’поле пад папар’. Але Зубаты (Studie, 1, 2, 142) імкнуўся растлумачыць форму *žeg‑ паралеллю з *žegrati. Так ці іначай паходжанне кораня *žeg‑, *žьg‑ не можа лічыцца вырашаным канчаткова. Параўн. жага, жыгаць, жэгаць.

Жгаць 2 (Нас.). Гл. джгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каму-чаму.

1. Садзейнічаць; памагаць. [Сабалеўскі:] — Мой абавязак, як палкавога ўрача, спрыяць словам і справай вашым поспехам у лётнай рабоце. Алешка. Гуманістам можа быць толькі той, хто спрыяе шчасцю працоўнага чалавека. Ярош. [Казік да Веры:] — А мне не можа [Віктар] дараваць, што я спрыяў твайму збліжэнню з Максімам і што ты адмовіла таму ўдаўцу-асадніку. Машара. // (1 і 2 ас. не ўжыв.) і без дап. Быць прычынай чаго‑н., памагаць, рабіць магчымым узнікненне, развіцця чаго‑н. Чыгунка спрыяла таму, што Міця рана стаў цікавіцца справамі, якія ідуць у вялікім свеце. Навуменка. Станаўленню светапогляду паэта спрыяла тое, што ў часе вучобы ён актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх гуртках. Няхай. Калгаснікі дажалі жыта і пачалі жаць ярыну. Надвор’е спрыяла. Чорны. Гунава не прыехаў.. Гэта таксама не спрыяла настрою Сімона. Самуйлёнак. // Разм. Аказваць патрэбнае дзеянне, прыносіць карысць. [Алімпа:] — І не думай, Тэлё, — палягчэе: вельмі ж спрыяе .. [зелле] на хворае нутро. Вышынскі.

2. Праяўляць добразычлівасць да каго‑н. Пад .. [дубам] Даніла зрабіў столік і лавачкі, зрабіў для Грушкі і для ўсіх, хто яму спрыяе. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца тайнай для каго‑н., які скрываецца ад іншых, вядомы нямногім. Першая тайная сустрэча з бацькам парушыла спакой, стрэмкай увайшла ў сэрца. Карпаў. Адна ў цябе сяброўка І друг табе адзін — халодная вінтоўка, Надзейны карабін. Вазьмі яго і дбайна, Як будзе цішыня, Схавай у месцы тайным Да заўтрашняга дня. Глебка. // Які дзейнічае скрыта, замаскіравана. Тайны вораг. □ Прайдзіся ж ты, сціплая песня, па мужных слядах Смалячкова, Па снайперскіх тайных засадах, па плошчах і шумных палях. Броўка. // Які скрываецца ў душы, не паведамляецца нікому. Дзесяцігодку я закончыў з тайнай надзеяй вучыцца на кінаакцёра. Асіпенка. Кожнаю вясенняю парой Я выходжу з тайнаю надзеяй На шляхі і на прасторы ніў. Танк. // Такі, узнікненне, паходжанне якога незразумела, неўсвядомлена. Тайнае прадчуванне.

2. Загадкавы, таямнічы. Тайнае знікненне дакументаў. □ Я зразумеў увесь тайны сэнс .. слоў, кінутых ім [Усцінычам] ноччу, у лесе, у засадзе. Лынькоў.

3. Звязаны з сакрэтнасцю. Тайны дагавор. // Прызначаны для вядзення сакрэтных спраў, сакрэтны. Тайная паліцыя. Тайны агент.

•••

Тайнае галасаванне гл. галасаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утвары́ць, утвару, утворыш, утворыць; зак., што.

1. Надаўшы адпаведную форму, будову, выгляд, стварыць што‑н. Утварыць прамы вугал. □ Кусты спляліся і ўтварылі жывую вечназялёную агароджу, за якой стаялі вялікія дрэвы і маленькія блакітныя домікі атэля. Шамякін. Прарваўшы фронт, легіянеры абышлі Вільню і ўтварылі вакол горада агнявую падкову. Мехаў. // Выклікаць з’яўленне, узнікненне чаго‑н. На паверхні скалы вада ў гарачай крыніцы ўтварыла паглыбленне, якое мае форму.. сапраўднага катла. Матрунёнак.

2. Заснаваць, сфарміраваць што‑н.; арганізаваць. Пасля перамогі Кастрычніка працоўныя розных нацый нашай краіны ўтварылі ваенна-палітычны саюз, які адыграў велізарную ролю ў разгроме ворагаў Савецкай рэспублікі. «Звязда». У другой палавіне зімы настаўнік аддзяліў лепшую групу вучняў і ўтварыў чацвёрты клас. Кулакоўскі. З-пад ярма краіну Вызваліў маю І з рэспублік вольных Утварыў [Ленін] Саюз. Глебка.

3. Разм. Зрабіць што‑н. нечаканае, непажаданае; напракудзіць. [Кулік:] — Звальняць не будзем — будзем судзіць. Так-так, судзіць, калі хоць яшчэ што такое ўтворыш. Кірэйчык. Маці магла такое ўтварыць, што потым на вуліцу не пакажашся. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыццё, -я́, н.

1. Сукупнасць з’яў, якія адбываюцца ў арганізмах, асобая форма існавання і руху матэрыі, якая ўзнікла на пэўным этапе яе развіцця.

Узнікненне жыцця на Зямлі.

Ж. раслін.

Законы жыцця.

2. Фізіялагічнае існаванне чалавека, раслін, усяго жывога ад зараджэння да смерці.

Ж. — бясцэнны дар.

3. Час такога існавання ад яго ўзнікнення да канца, а таксама ў які-н. яго перыяд.

Кароткае ж.

Пад канец жыцця.

Ж. пражыць — не поле перайсці (прыказка).

4. Дзейнасць грамадства і чалавека ў розных праявах.

Грамадскае ж.

Вясковае ж.

5. Навакольная рэчаіснасць.

Сувязь навукі з жыццём.

Правесці прапанову ў ж.

6. Ажыўленне, праяўленне дзейнасці, энергіі.

На вуліцы чулася ж.

◊

Аддаць жыццё за каго-, што-н. — памерці, ахвяраваць сабой.

Даць жыццё каму-н. — нарадзіць каго-н. (высок.).

Кончыць жыццё — памерці.

Не ад добрага жыцця — з гора, з бяды, не па сваёй ахвоце.

Не на жыццё, а на смерць — не шкадуючы жыцця.

Паміж жыццём і смерцю — знаходзіцца ў вельмі небяспечным стане.

Паплаціцца жыццём — загінуць.

Пуцёўка ў жыццё — веды, навыкі і пад., якія даюць магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю.

Пытанне жыцця або смерці — пра што-н. вельмі важнае, рашаючае.

|| прым. жыццёвы, -ая, -ае (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Не 1, адмоўе і злучнік (Нас., Бяльк., Растарг., ТС), не, ні, нэ, ны (Сл. ПЗБ), укр. ні, не, рус. нет, не, польск. nie, в.-, н.-луж. ně, чэш. ne, славац. nie, славен. nè, серб.-харв. не, балг., макед. не, ст.-слав. не. Прасл. *ne, найбольш блізкія адпаведнікі літ., лат. ne/ne‑, ст.-інд. na, лац. nē, гоц. ni; хутчэй за ўсё паходзіць з т. зв. дзіцячай мовы (гл. ESSJ SG, 2, 449–450; Фасмер, 3, 52; Бязлай, 2, 217). Ст.-бел. нѣ: ты есте​с сы​н мой иса​в, чили нѣ (XVII ст.), а таксама народнае не: А не! бронь Боже, не чепай (Нас., 6) разам з укр. ні, луж. ně, славац. nie (адмаўленне) выводзяцца з *ne je, параўн. ст.-слав. нѣ: и нѣ чудо, г. зн. з адмоўя і 3‑й ас. адз. л. цяп. ч. дзеяслова byti (< *ne‑jestь), або з эмфатычнага падаўжэння, гл. Карскі 2–3, 77, 455; ESSJ SG, 2, 474; Шустар-Шэўц, 13, 997, параўн. таксама: А ліпы ў нас не (= няма, ТС); адносна апошняга гл. таксама Васільеў, ИОРЯС, 13, 1908, 3, 187.

Не 2 — прыназоўнік ’каля’: Не вакна доўга пелі (Ян.). Няясна; магчыма, з ле (< коле) ’каля’ (гл. ля ’тс’) пад уплывам недалека; тэарэтычна можна дапусціць узнікненне прыназоўніка з т. зв. збыткоўнага («пустога») адмоўя тыпу серб.-харв. некмоли//камоли ’негаворачы ўжо; тым больш’, укр. наче//неначе ’нібы’, бел. мярэча//немярэча ’топкае балота’ і пад. (больш падрабязна гл. ESSJ SG, 2, 447), зыходным у гэтым выпадку магло быць утварэнне тыпу не́кала: Некала каго шкелить, дай давай нада мной (Растарг., 174), значэнне выказвання захаваецца і пры некага шкелить, дак…, а таксама пры кала каго шкелить, дак…, адсюль можа быць выведзена не = кала́ ’каля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)