смакава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; -кава́ны; незак., што.

1. Есці або піць паволі, з асалодай, каб адчуць смак (у 1 і 2 знач.).

С. кляновы сок.

С. кожны глыток.

2. Есці ці піць на пробу; каштаваць.

Асцярожна с.

3. перан. Успрымаць, адчуваючы асаблівае задавальненне, цешыцца, радавацца чаму-н.

С. апошнія навіны.

|| наз. смакава́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ра́дасць ’пачуццё задаволенасці, весялосці’ (ТСБМ), укр. ра́дість, рус. ра́дость, польск. radość, чэш. radost, славац. radosť, в.- і н.-луж. radość, славен. radost, серб.-харв. ра̏дост, балг. ра́дост, макед. радост. Да прасл. *radostь. Гл. радавацца, ра́ды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смутуя́сіць ‘пляткарыць’ (Касп.). Не вельмі яснае ізаляванае слова. Відаць, складанае; першая частка да смута, муціць (гл.), другая частка, магчыма, да асновы яс‑, якая ў польск. дыял. jasać ‘крычаць, вішчаць’, чэш. jasatiрадавацца, весяліцца’, укр. яса́ ‘погаласка, шум’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трыумфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак.

Разм.

1. над кім-чым і без дап. Атрымліваць перамогу, браць верх. Над краем шыбеніц, астрогаў Трыумфаваў каронны кат. Купала.

2. без дап. Радавацца, весяліцца з прычыны перамогі над кім‑н., з поваду поспеху ў чым‑н. Станіслаў трыумфаваў, смакуючы наперад выйгрыш закладу. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Піску́ха ’(скаромны) абрад, вячэра перад Вадохрышчам’ (лельч., гом., Мат. Гом.). Да пі́скаць, піск (гл.). Матывацыя наймення няясная. Магчыма, калька літ. raudìnė ’малітва за памерлых з плачам і галашэннем’, raudà, raudãvimas ’плач, плач з галашэннем’, якое Лаўчутэ (Балто-слав. этнояз. отношения, 30) лічыць крыніцай бел. радуніца (радаўніца) ’дзень памінання памерлых, дзяды’; калькаваная назва ўтворана, каб пазбегнуць асацыяцый з ра́ды, ра́давацца ’весяліцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

но́вы, -ая, -ае.

1. Упершыню створаны або зроблены; які ўзнік, з’явіўся нядаўна.

Новыя самалёты.

Н. горад.

2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна.

Новая планета.

3. Незнаёмы, малавядомы.

Новыя мясціны.

Н. чалавек.

4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было; чарговы, наступны.

Н. дырэктар.

Радавацца новаму дню.

5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу.

Новая гісторыя.

6. Не той, што раней; іншы.

Н. сэнс.

7. Гэтага года, апошняга ўраджаю.

Н. хлеб.

8. у знач. наз. но́вае, -ага, н. Навіна.

Што ў вас новага?

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

наклі́каць, ‑клі́чу, ‑клі́чаш, ‑клі́ча; зак., каго-што.

1. Наззываць, запрасіць у вялікай колькасці. Наклікаць гасцей на вяселле.

2. перан. Выклікаць якім‑н. учынкам, словам і пад. што‑н. непрыемнае, непажаданае; напрарочыць. Лёнька маўчаў. Ён разумеў толькі адно, што бацька сваім прызнаннем наклікаў нейкую страшэнную непрыемнасць на іх сям’ю. Васілевіч. [Маці] нават баіцца моцна радавацца — а што, калі гэтым наклічаш якую бяду, — і заўсёды сунімае [членаў сям’і]: «Ну, хопіць, насмяяліся ўжо, і досыць». Карпаў.

накліка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да наклі́каць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Радзе́ць1, радчэ́ць ’рабіцца рэдкім’, ’змяншацца колькасна’ (ТСБМ, Касп.). Ад рэ́дкі (гл.).

Радзе́ць2 ’спрыяць’ (Касп., Бяльк.), сюды ж радзі́вы ’клапатлівы, дбайны’ (Сцяшк. Сл.), ’старанны’ (Др.-Падб.), ’старанны, дбайны’ (Гарэц.), ст.-бел. радѣти ’клапаціцца, дбаць’. Параўн. рус. раде́ть ’клапаціцца’, ’хацець, жадаць’, ’спадзявацца на што-небудзь’, ’радавацца чаму-небудзь’, ради́вый ’клапатлівы’, в.-луж. rodzić ’хацець, імкнуцца’, н.-луж. rožeś ’клапаціцца’, славен. róditi ’клапаціцца, захоўваць’, серб.-харв. ра́дити ’імкнуцца, працаваць’, балг. радя́, раде́я ’клапаціцца, старацца’, ст.-слав. радити ’клапаціцца’. Ад ра́да (гл.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

знайсці́, знайду́, зно́йдзеш, зно́йдзе; знайшо́ў, -шла́, -ло́; знайдзі́; зно́йдзены; зак.

1. каго-што. Заўважыўшы, узяць; выявіць у выніку пошукаў, назіранняў, роздумаў і пад.

З. грыб.

З. грошы на дарозе.

З. згубленую рэч.

З. выхад з цяжкага становішча.

З. новы спосаб рашэння задачы.

З. апраўданне чаму-н.

2. каго-што. Заспець, убачыць, выявіць дзе-н. ці ў якім-н. стане.

Не з. дома сябра.

З. каго-н. ляжачым хворым.

3. каго-што ў кім-чым. Зазнаць, сустрэць што-н. з боку каго-, чаго-н.

З. ў чым-н. суцяшэнне.

Я не знайшоў у гэтым нічога асаблівага.

З. добрага дарадчыка ў кім-н.

4. каго-што або з дадан. Прыйсці да высновы, палічыць, прызнаць, склаўшы думку пра каго-, што-н.

З., што таварыш праў.

З. неабходным паведаміць аб прыездзе.

Урач знайшоў яго здаровым.

5. прош. знайшо́ў (незак. цяпер. знахо́дзіць) з займ. ва ўскосн. скл. або з прысл. і з інф. Ужыв. пры іранічных адносінах да каго-, чаго-н. (разм.).

Знайшоў чаму радавацца (няма чаму радавацца). Знайшлі з-за чаго сварыцца (няма з-за чаго сварыцца). Знайшоў дурня (выражэнне нязгоды з кім-, чым-н., адмаўлення ад чаго-н.).

Знайсці сабе смерць (магілу) дзе (высок.) — памерці, загінуць дзе-н.

Знайсці сябе — зразумець сваё прызванне, прызначэнне, правільна вызначыць свае інтарэсы, схільнасці.

|| незак. знахо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць; наз. знахо́джанне, -я, н. (паводле 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.

1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.

2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.

3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.

4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.

5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)