Тшчы (тщій) ‘пусты, які не ўжываў ні ежы, ні вады’, ‘чысты’: як табе з тшчым сэрцам, а ты лукавіш са мною (Нас.), ‘марны’ (там жа), ст.-бел. тщий, тщивый ‘тс’, тще ‘пуста, дарэмна’ (ГСБМ). Параўн. укр. тщий ‘цвярозы, пусты, непатрэбны’, ‘марны’, на тще серце, на тщо серце ‘не еўшы, нашча’, тще ‘дарэмна, марна’, рус. тщий ‘пусты, парожні’, тще ‘дарма, дарэмна’, а таксама тощий ‘худы’, ‘пусты’, ‘бедны’, ‘посны’, стараж.-рус. тъщийпарожні’, ‘дарэмны’; польск. czczy ‘тс’, ‘бясплодны’, ст.-польск. tszczy, ст.-чэш. tští ‘тс’, славен. tȅšč, харв. tȁšč, серб. та̏шт ‘пусты’, ‘марны’, ‘нязначны, мізэрны, нікчэмны’, макед. на ште cрце ‘на галодны страўнік’, ст.-слав. тъшть ‘пусты’. Прасл. *tъščь ‘пусты’ роднаснае літ. tùščias ‘пусты’, ‘марны’, ‘халасты’, ‘бясплодны’, лат. tukšs ‘тс’, ‘парожні’, лац. tesqua ‘пустыні, стэпы’, ‘самотны край’, авест. taoš‑, ст.-інд. tucchyá‑ ‘пусты, мізэрны’, ‘беспаветраны’ < і.-е. *tus‑skʼo‑ ‘пакінуць’ < і.-е. *teu̯s‑ ‘пусты, пакінуты’ (Фасмер, 4, 130; Чарных, 2, 274; Фрэнкель, 1145–1146; Смачынскі, 696–697; Покарны, 1085; Сной, 762; Скок, 3, 413; Львоў, Этимология–1974, 79). Непераканальна пра сувязь з *tъska ‘смутак, прыгнечанасць’ Цвяткоў, Запіскі, 76. Параўн. тушчы, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пусты́ — у розных значэннях (ТСБМ), паводле Шымкевіча (Покажчик, 228), ’нічога не утрымліваючы ў сабе, нічым не заняты, парожні’; ’благі, кепскі, дрэнны’ (ТС), ’парожні; неўрадлівы, нядобраякасны; галодны; легкадумны’ (Ян., Сл. ПЗБ), ’слабы’ (лельч., Нар. лекс.), ’худы’ (петрык., Мат. Гом.), ’неўрадлівы’ (ПСл), ’бесталковы’ (Жд. 2), ’неаплоднены’ (ТС), pustý ’незаняты; непатрэбны, некарысны’ (Варл.), пусто́е ’дрэннае ў паводзінах’ (Ян.); сюды ж спалучэнні: пуста́я глі́на (у ганчарстве) ’недастаткова вязкая гліна’ (клец., Нар. словатв.), пусты́ дзень ’час, неспрыяльны для ўраджаю’ (Сцяшк. Сл.), пусты́я дні ’апошняя квадра месяца’ (астрав., іўеў., Сл. ПЗБ), pustója žýta ’жыта, у якім не наліліся каласы’ (Варл.), пусто́е по́ле ’няўдобіца’ (ЛА, 2; гл. пустапо́ле), пустэ́е сло́во ’лаянкавае, дрэннае слова’ (ТС), ст.-бел. пустая рука ’асоба, якая не мае законнных спадчыннікаў’ (Гарб., Ст.-бел. лексікон), паводле Статута 1588, ’уласнік маёмасці, які не меў наследнікаў па закону’ (пры адсутнасці тэстамэнту маёмасць лічылася вымарачнай і пераходзіла ў дзяржаўную казну, гл. пустоўшчына); пустая вдова (жона) ’бяздзетная жанчына’ (Гарб., Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. пусти́йпарожні; пусты, дрэнны, бессэнсоўны, легкадумны; непатрэбны, бескарысны’, рус. пусто́й, польск. pusty, чэш., славац. pustý, в.-луж., н.-луж. pusty, славен. pust, серб.-харв. пуст, балг., макед. пуст ’пусты, парожні; пракляты’, ст.-слав. поустъ ’закінуты, бязлюдны’. Прасл. *pustъ ’пусты, бязлюдны, закінуты’ параўноўваюць са ст.-прус. pausto‑ ’дзікі’ (у кампазіце pausto‑catto ’дзікі кот’), роднасным ст.-прус. paustre ’дзікае месца, пушча’, што ўзыходзяць да і.-е. *pau̯sto‑, дзеепрыметнік ад *pau̯se/o, што захавалася ў грэч. παύω ’спыняю, затрымліваю’ (адсюль і лац. pausa, гл. паўза), гл. таксама пусціць (Сной, 516; Фасмер, 3, 411; Чарных, 2, 85; Глухак, 513 і інш.). Мартынаў (Этимология–1982, 9) дадае сюды ст.-прус. paustocaican ’дзікі конь’ і ўзводзіць *pustъ да і.-е. *peu̯‑/pou̯‑ з дэтэрмінантам ‑s‑, як у лац. pūrus < *pausos ’чысты; пусты; цнатлівы; дзікі’, што, мажліва, адлюстраваліся ў чэш. pouchlý ’пусты’, славен. puhel ’тс’. Жуйкова (Беларусіка, 19, 102) рэканструюе зыходную семантыку *pustъ ’засвоены, дзікі, неўпарадкаваны’, на базе якіх развілося значэнне ’парожні’ праз прамежкавую ступень ’які не адчуў уплыву людзей; чужы; варожы’. Спецыяльна гл. Куркіна, Зб. памяці Слаўскага, 155.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пухло́1 ’дрыгва, багністае месца’ (ТС). Відаць, ад пухаць ’брадзіць; пускаць бурбалкі, пузырыцца’, параўн. палес. уздыхавіна ’дрыгва’.

Пухло́2 ’пухір у рыбы’ (бяроз., ЛА, 1). Да пу́хаць ’пыхкаць, пшыкаць; лопацца’, аднак не выключана сувязь з пусты, параўн. пу́сла ’паветраны пузыр у рыбы’ (гл.) і славен. puhel ’пусты, парожні’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пусто́й

1. (ничем не заполненный) паро́жні, пусты́;

пуста́я бо́чка паро́жняя (пуста́я) бо́чка;

2. (полый) пусты́, паро́жні;

пусто́й шар пусты́ (паро́жні) шар;

3. перен. (бессодержательный, легкомысленный) пусты́;

пусто́е сло́во пусто́е сло́ва;

пусто́й челове́к пусты́ чалаве́к;

4. перен. (неосновательный) пусты́; (тщетный) ма́рны, дарэ́мны;

пусты́е слу́хи пусты́я чу́ткі;

пуста́я наде́жда ма́рная (дарэ́мная) надзе́я;

с пусты́ми рука́ми з пусты́мі рука́мі;

пусто́е ме́сто пусто́е ме́сца;

перелива́ть из пусто́го в поро́жнее погов. бо́бу ў гаро́се шука́ць; з вадо́ю бі́цца;

пусто́й звук пусты́ гук;

пусто́й карма́н пуста́я кішэ́нь.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

гаро́х, ‑у, М ‑росе, м.

1. Травяністая расліна сямейства бабовых з насеннем у стручках. Скасіць гарох. Абмалаціць гарох. Шчыпаць струкі гароху.

2. Круглае насенне (гарошыны) гэтай расліны, якое скарыстоўваецца для харчавання. Пражаны гарох. Суп з гарохам. □ У кутку стаяла пара кублаў, адзін парожні, а другі з леташнім гарохам. Бядуля.

•••

Бобу ў гаросе шукаць гл. шукаць.

За царом Гарохам гл. цар.

Хто ў боб, хто ў гарох гл. хто.

Як гарох пры дарозе — пра чалавека, якога ўвесь час непакояць, крыўдзяць.

Як у (аб) сцяну (сценку) гарохам гл. сцяна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нішчы́мны ’посны, без тлушчу, без закрасы’ (Касп., Шат., Некр., Сцяшк., Янк. 1, Вешт., Сл. ПЗБ), ’пусты, парожні; посны; без нічога, з пустымі рукамі; дрэнны, слабы’ (ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), нішчы́мный (нисчи́мный) ’пусты, звараны без закрасы’ (Нас., Бяльк.), сюды ж нішчы́мніца ’адсутнасць тлушчу, посніца’ (Бяльк., Касп., Мат. Гом., Янк. 1-2; бых., Янк. Мат.), ’посная ежа’ (Яруш., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’нясмачная ежа’ (Нас.), нішчымно́та ’пустата, нястача’ (ТС), нішчы́мнік (нисчи́мникъ) ’бядняк, які харчуецца ўсухамятку’ (Нас.). Ад спалучэння ні з чым ’без нічога’, параўн. прыслоўе ў Насовіча з этымалагічным напісаннем: нисчи́мъ ’бедна, мізэрна; з пустымі рукамі’: Нисчимь всегды ядзим…; Нисчимъ жонку взявъ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

з’е́хацца, з’едуся, з’едзешся, з’едзецца; зак.

1. Сабрацца дзе‑н., прыехаўшы з розных месц (пра многіх, многае). — Я пачала ўжо не без трывогі чакаць, калі скончацца канікулы, з’едуцца настаўнікі і я прыйду ў школу. Шамякін. З’ехалася ўся радня, якая толькі была ў шляхецкай акрузе, і вырашыла, што Казімір павінен жаніцца. Пестрак.

2. Разм. Едучы, сустрэцца з кім‑н. дзе‑н. Хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося.. разам з’ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Чорны. — Якраз з Алесем Садовічам на станцыі з’ехаліся і разам дадому ішлі, — як бы апраўдваўся Лабановіч за свой «парожні» выгляд. Колас.

3. Разм. Паспець ехаць разам з кім‑, чым‑н. На веласіпедзе з машынай цяжка з’ехацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́стка ’пусташ, няўдобіца; зямля, якая не апрацоўваецца’ (ТСБМ; палес., ЛА, 2; ТС, Сл. ПЗБ, Шат., Бяльк.), ’нежылое, пакінутае памяшканне’ (Жд. 1, ПСл), ’арэндны ўчастак зямлі, на якім няма ніякіх “дваровых выгод” (дома, хлявоў, агароджы і г. д.)’ (Яшк. Мясц.), pústka ’апусцелая сяліба’ (Варл.), пу́сткі ’адсутнасць жывой істоты; уражанне нежылога памяшкання’ (Мядзв.), пустке́ ’пустая зямля’ (Сцяц.), пу́стка ’беспарадак’ (Нік. Очерки), ’пусты арэх’ (Нас.), пу́сткі ’глупствы; пустата, адсутнасць грошай’: пу́стки в кише́ни (Нас.), укр. пу́стка ’нежылы, пакінуты дом; участак зямлі, які належыць асобе, што выбыла з сельскай абшчыны’, рус. дыял. пу́стка ’пусташ; пустое, закінутае жыллё’, польск. pustka ’бязлюднае месца; нежылы дом; разваліна’, чэш. poustka ’пустое месца, адлог’, ст.-чэш. pústka ’пусташ’. Утворана ад пусты́парожні, бязлюдны, непатрэбны’ (*pustъ); параўн. пу́ста ’нежылое памяшканне; пусташ; пустата’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́шча ’не еўшы нічога’ (Нас., Мядзв., Шпіл., Грыг., Гарэц., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ), ’на пусты жывот пасля начнога сну’ (полац., Нар. сл.), на́шчо ’тс’ (мін., Шн. 2, навагр., Сл. ПЗБ), na czczo ’тс’ (Федар.), сюды ж нашчако́м ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ), на́шчы ’які з раніцы не прымаў ежы, пусты’ (Нас.), на́шчыцца ’есць што-небудзь на галодны страўнік, закусваць пасля выпіўкі’ (Нас.), ’апахмяляцца’ (Яўс.; мсцісл., З нар. сл.), укр. наще́ ’на галодны страўнік; дарэмна’, польск. naczczo ’нічога не еўшы з раніцы’, балг. наще́ ’тс’. З больш ранняга натшча (натще), зафіксаванага яшчэ ў Насовіча, дзе т выпала «ў выніку вялікага збегу зычных» (Карскі, 1, 356), што ў сваю чаргу з на‑тъщ‑ѣ (Шуба, Прыслоўе, 116), або на тъште (Карскі 2-3, 73) ад прасл. *tъštь, гл. тшчы, тошчы ’пусты; чысты; дарэмны’, параўн. славен. teščè ’на пусты страўнік’, пры tèšč ’пусты, парожні’. Гл. нашчэ́серца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трашчу́ха ‘блізна, памылка ў палатне, калі ніткі асновы ідуць без ператыкання з-за адсутнасці адной трысцінкі альбо парваных шнурочкаў (ці нітак) у ніце’; шчуха́, шу́ха, ташчу́ха (Сцяшк. Сл.; Жыд. 1; Сл. ПЗБ; АБ, 9). Параўн. польск. szczuczka ‘тс’, taszczucha ‘тс’ (Фалінская, Sł. tkac., 1, 316). Звязана з тшчы (гл.), параўн. укр., рус. то́щий, стараж.-рус. тъщь, ст.-слав. тъшть ‘пусты’, ‘парожні’, ‘галодны’, серб. та̏шт, славен. təšč, ст.-чэш. tští, ст.-польск. tszczy, czczy ‘пусты’, ‘худы’. Першапачатковай формай можна лічыць ташчу́ха, з яе — скарочаны варыянт шчу́ха з прычыны спалучэння глухіх т‑ і тч‑. Пачатак слова, магчыма, пад уплывам лексемы траста́, трысці́на, гл. Аднак не выключана непасрэднае ўтварэнне ад трашчы́ць ‘трасціць (ніткі)’, гл. Сюды ж, відаць, і трашчу́ха ‘шчыліна паміж дзвюма трысцінкамі ў бёрдзе’ (АБ, 9). Меркаванні пра сувязь з літ. šukė ‘шчарбіна, зазубрына’ (Трухан, БЛ, 48, 59) не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)