АНТО́НАЎ Сяргей Пятровіч
(н. 3.5.1915, С.-Пецярбург),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі аўтадарожны ін-т (1938). Аўтар зб-каў апавяданняў і нарысаў «Па дарогах ідуць машыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Мірныя людзі» (1950), аповесцяў «Зялёны дол» (1953—54), «Парожні рэйс» (1960), «Разарваны рубель» (1966), «Царская саракоўка» (1969), кніг «Лісты пра апавяданне» (1964), «Ад першай асобы. Апавяданні пра пісьменнікаў, кнігі і словы» (1973) і інш., прысвечаных сціплым людзям-працаўнікам, адметныя маральнай праблематыкай, лірызмам. Па аповесцях Антонава «Паддубенскія прыпеўкі» (1950), «Справа была ў Пянькове» (1956), «Алёнка» (1960) пастаўлены маст. фільмы.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.
С.Н.Чубакоў.
т. 1, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЁМНЫ РЭЗАНА́ТАР,
парожні рэзанатар, эндавібратар, поласць з электраправоднай паверхняй, унутры якой устанаўліваюцца свабодныя ваганні эл.-магн. поля. Форма аб’ёмнага рэзанатара адвольная, практычнае выкарыстанне маюць прамавугольны паралелепіпед, круглы цыліндр, тароід, сфера. Спектр уласных частот аб’ёмнага рэзанатара і прасторавае размеркаванне эл.-магн. поля вызначаюцца пры рашэнні Максвела ўраўненняў з гранічнымі ўмовамі на сценках рэзанатара. Асн. характарыстыка — дыхтоўнасць, якая вызначаецца адносінамі вагальнай энергіі аб’ёмнага рэзанатара да страт энергіі за адзін перыяд ваганняў. Выкарыстоўваюцца ў тэхніцы звышвысокіх частот як контуры генератараў і хвалямераў, эталоны частаты, фільтры, у цыклічных паскаральніках зараджаных часціц і лазернай тэхніцы. Гл. таксама Аптычны рэзанатар, Лазер.
т. 1, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)