Кашто́ўны ’які дорага каштуе, мае вялікую цану’, ’які мае важнае, істотнае значэнне; вельмі патрэбны’ (ТСБМ), кашто́ўнасць ’важнасць, значнасць чаго-н.’; ’каштоўная рэч’, ’з’ява, прадмет, якія маюць вялікае грамадскае значэнне’ (ТСБМ). Асноўным словам, ад якога ўтвораны шматлікія дэрываты, з’яўляецца кошт, вядомае ўжо ў ст.-бел. мове з XVI ст. Таксама з XVI ст. засведчаны (гл. Булыка, Запазыч., 174) і вытворныя каштовный, коштовность. Хоць гэтыя дэрываты чыста тэарэтычна маглі ўтварыцца ў ст.-бел. мове ад асноўнага слова кошт, верагодна лічыць, што і яны з’яўляюцца непасрэднымі паланізмамі (тым больш, што для іх ёсць дакладныя прататыпы ў польск. мове; параўн. польск. kosztowny, kosztowność).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гіз1 ’муха-сляпень’ (БРС, КЭС). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 224), можна рэканструяваць прасл. *gyzъ ’сляпень’ на аснове бел. гіз, польск. дыял. giz і н.-луж. gizk ’тс’. Слова *gyzъ роднаснае быццам з *gъzъ (> польск. giez). Але параўн. гіз2, гіж.

Гіз2 ’гізаванне’ (Сцяшк.). Як ад гіж ’авадзень’ утвораны дзеясловы гіжа́ць, гіжува́ць (гл.), так і ад гіз ’авадзень’ утвараюцца гіз ’гізаванне’ (параўн. і польск. giez ’авадзень’, giez ’гізаванне скаціны’), гізава́ць (БРС, Касп., Шат., Сцяшк.), гізыва́ць (Бяльк.). Праўда, можна ставіць пытанне: ці гіз не запазычана з польск. giez? Аб гэтым можа сведчыць і дзеяслоў ґізануць ’пабегчы, гізануць’, засведчаны ў Сцяшк. з выбухным ґ. Дзеяслоў гізава́ць Сл. паўн.-зах. лічыць запазычаннем з літ. gizúoti ’тс’; няпэўна. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 224.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажуры́на1 ’кусок аўчыны’ (БРС, ТСБМ, КЭС, лаг.; Шат.), кажурынко ’кажух’ (Федар. рук.), кажуронак ’тс’ (Бядуля). Як і ў папярэднім выпадку, нельга адназначна меркаваць аб статусе бел. слова. Адпаведнікі — у рус. мове, параўн. кожурина (у Даля без геаграфіі) ’кусок закарэлай скуры, аўчыны і да т. п.’, пск., асташ., цвяр., вышагар., алан. ’дрэнны, закарэлы кажух’. Да значэння ’кажух’ параўн. рус. валаг., наўг., кастр., смал. і інш. кожурина ’скура (авечкі і пад.)’; значэнне ’кавалак аўчыны’ паводле суфікса in‑a. Утвораны гэтыя словы ад кожура, кантынуант апошняга засведчаны рускімі гаворкамі. Кажура пск. ’скура, пераважна свіная’, перм. баранья кожура, свярдл. ’скура цяляці’, кадн., валаг., пск. ’луска’ і інш., далей да кожа (гл.). Суфіксацыя ‑ур‑, відаць, экспрэсіўная, параўн. рус. дыял. кожурина ’худы замардаваны конь’, кожура ’скура жабы’, ’тоўстая скура’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казні́ць ’гаварыць, дзяўбці’ ў вывазе «казні яму, ці не казні…» (полац., Нар. лекс.), ’у вочы ці за вочы клясці, зневажаць’ (КЭС, лаг.). Як паралель можна прывесці не вельмі дакладнае рус. казниться ’пакутаваць, мучыцца душою’. Другасны дзеяслоў ад казнь, засведчаны ў значэнні загад, павучэнне і інш.’ падобных зах.-слав. польск. уст. kaźń, дыял. kaźń, kaźnia, в.-луж., н.-луж. kazń, в.-луж. kaznja, ст.-чэш., ст.-славац. kázn, якія, як і слав. kazn ’пакаранне і інш.’, да kazati (утваральная аснова ‑kaz‑, яшчэ да тэматычнага пашырэння на ‑a‑ti), гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 173. Фасмер (2, 161) думаў пра першаснае значэнне ’загад’ і пра вялікую верагоднасць сувязі з kajati (sę). Бел. слова — інавацыя на базе страчанай або запазычанай з польск. лексемы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́верзня ’бесталковы, хлуслівы’, накаверзнічаць ’схлусіць’ засведчаны ў Барысаўскім р‑не (Жакава, Совещание по ОЛА, 1975, 199). Укр. каверза ’хітрыкі, штука’, каверзник не выглядае як народнае, аднак Грынчэнка з паметай «Лебед. у.» прыводзіць слова каверзякати ’верзці лухту’. Рус. каверза вядома ў літар. мове (з 1641) і ў гаворках: пск., асташ., цвяр. каверза ’пра чалавека, які прыносіць іншым непрыемнасці’, перм., алан., арх. ’пляткар, пляткарка’, валаг. ’штукар’, алан. ’назола’, смален. кавирзу сплесть ’схлусіць, сказаць плётку, узвесці паклёп’. Усх.-слав. утварэнне ад коверзати ’плесці’, гл. кавярзаць. Семантыка празрыстая, параўн. рус. сплетня, польск. plotki. Бел. каверзь ’лухта’ можна параўнаць з рус. пск., асташ., цвяр. каверзь ’дрэнь, брыдота’ (параўн. адзначанае на той жа тэрыторыі каверзяниться ’пэцкацца’), ’пра пустога, нікчэмнага чалавека’; бел. каверзня ’пра бесталковае, хлуслівае’ з рус. пск., асташ., цвяр. каверзня ’неверагоднае, або такое, якое не заслугоўвае даверу, апавяданне’. Гл. кавярзень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́дны ’ніякі, ніводны’ (ТСБМ), жо́дны ’тс’ (Багушэвіч). Рус. дыял. смал., кур., варонеж., паўд., свярдл. жа́дный, укр. жо́ден, жо́дний, жа́дний, польск. żadny, чэш. žádný, славац. žiaden, żiadny, в.-луж. žadyn, žane, н.-луж. žeden ’тс’. Ст.-бел. жадный, жаденъ (з 1338 г.) ’ніякі’. Выказваецца думка, што ст.-бел. < польск. Гіст. лекс., 91–95; Булыка, Запазыч., 112; Трубачоў, ВЯ, 1959, 1, 28–33; Махэк₂, 721. Апошні лічыць польск. < чэш. у сувязі з адсутнасцю насавога галоснага. Брукнер (660) ставіў пры ўказанні на ўкр. < польск. пытальнік. Сяткоўскі (Bohemizmy Fonetyczne w języku polskim, II, 1970, 25–27) дапускае магчымасць узаемадзеяння ўнутраных і знешніх фактараў пры замацаванні польск. формы, паколькі насавыя засведчаны ў ст.-польск. і славін. Гл. яшчэ Булахаў, Прым., 3, 73–75. Існуюць дзве этымалагічныя версіі паходжання слова: з кораня *žęd‑ (гл. жада́ць, жадзён) або з выразу *ni‑že‑jedьnъ. Агляд іх даў Трубачоў, які прыводзіць шэраг фактаў і паралелей і абгрунтавана схіляецца да другой, звяртаючы ўвагу на ўкр. жо́ден (пра ўкр. слова гл. Бяўзэнка, Доповіді і повідомл., Ужг. ДУ, 4). Паводле Трубачова, безумоўна, характар польск. запазычання мае форма жа́дны. Літ. žė̃dnas ’жадны’ < бел., польск. (Фрэнкель, 1295).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кадо́л ’тонкая вяроўка, якой прывязваюць рыбацкую сець’ (Мат. Маг.), ’вельмі грубая вяроўка (якая накладаецца на кола, пры дапамозе якога падымаюць вуллі-калоды на дрэва’ (Маш.) ’канат для парома’ (Маш.), кадола ’вяроўка, пры дапамозе якой невад прыводзіцца ў рух’ (Браім, Рыбалоўства), кадоп ’тонкая вяроўка, да якой прывязана сець’ (бых., Мат. АС), кодол ’вяроўка ў невадзе, за якую яго цягнуць’ (ТСБМ). Укр. дыял. кодола ’вяроўка, прывязаная да крылляў невада’, ’канат’. Жэляхоўскім засведчаны кодільничий ’які цягне невад’. Рус. валаг., цвяр. і інш. кодол ’грубая вяроўка, канат (якарны) або канат для выцягвання рыбалоўнай снасці’. У рус. гаворках зафіксаваны і значэнні тыпу ’калодзежны шост’, а таксама дзеяслоў кодолить ’прывязваць каня на пашы’, кодол ’вяроўка, якой прывязваюць каня’ (арх. і інш.). Геаграфія бел. слове (прыпяцкі і дняпроўскі басейны) сведчыць аб верагодным вандроўным характары слова, аднак назваць з пэўнасцю крыніцу запазычання цяжка. Для рус. кодол, укр. кодола прапанавалі ў якасці такой крыніцы ст.-ісл. kadall ’якарны канат, вяроўка’, ст.-швед. kadhal, аднак ёсць і іншыя версіі аб паходжанні рус. слоў, гл. Фасмер, 2, 276. Калі запазычанне тэрміна ва ўсх.-слав. мовы можна дапусціць, то гісторыя яго экспансіі застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квет ’краска, кветка’ (ТСБМ, Ян., Нас.), ’кветкі’ (ТС). Укр. квіт ’кветка’, рус. квет ’тс’, ст.-слав. цвѣтъ ’тс’, балг. цвят, мак. цвет, серб.-харв. цве̏т, славен. сvȇt, польск. kwiat, чэш. květ, славац. kvet, в.-луж. kwět, н.-луж. kwět. Пераход kvʼ > cvʼ звязвае паўднёваславянскі і ўсходнеславянскі арэалы (гл. цвет). Заходнеславянскія формы з пачатковым kv распаўсюдзіліся на заходнюю частку ўсходнеславянскага арэала. Прасл. květъ, якое мае рэгулярныя аблаўтныя адносіны з дзеясловам kvisti (гл. цвісці). Рэгулярных паралелей за межамі славянскіх моў, як здаецца, няма (Слаўскі, 3, 479). Але германскія назвы пшаніцы і белага колеру можна суаднесці са славянскай назвай кветкі, калі прыняць пад увагу магчымасць кентумнага рэфлексу для апошняй і дублета t/d. Параўн. гоц. ƕaitеis ’пшаніца’ і ƕeits ’белы’ і ст.-слав. свѣтъ ’свет’. Літ. kvietỹs, лат. kvìesis ’зерне пшаніцы’ лічыцца германскім (гоцкім) па паходжанню. З гэтага пункту погляду прасл. květъ можа разглядацца як кентумны дублет да прасл. světъ або як лексічнае пранікненне з невядомай кентумнай мовы. Тады адносіны паміж květъ і kvisti трэба разглядаць як другасныя, якія ўзніклі па вядомай індаеўрапейскай мадэлі аблаўта. Але неверагодна, каб дублет d/t быў характэрны як для květъ, так і для světъ, тым больш што формы з канцавым ‑d не засведчаны. Таму як прасл. květъ, так і прасл. světъ нельга лічыць надзейнымі паралелямі да гоц. ƕaitеis і ƕeits. Аб семантычнай рэканструкцыі прасл. květъ гл. Лекс. Палесся, 29–30.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рабі́навая ноч ’летняя ноч з громам, маланкай, дажджом’ (ТСБМ), ’навальнічная ноч у канцы лета’ (Ян.), рабі́нная ноч ’тс’ (Мат. Гом.), рабі́нова (рабі́на) ноч ’тс’ (ТС), укр. гороби́на ніч ’ноч з моцнай навальніцай’, рус. дыял. ряби́новая ночь, араби́новая ночь ’душная летняя ноч з зарніцамі’, ’навальнічная ноч’. Выраз вядомы толькі ўсходнім славянам. Упершыню засведчаны ў спісах XV ст. “Аповесці мінулых гадоў” як рѩбинаѩ ночь: И бывши нощи рябинои, быстъ тма, и гром шибаше и дождь. Німчук лічыць, што першы член выраза — гэта прыналежны прыметнік ад стараж.-рус. (о)рябъ, (о)рябь (< прасл. *rębъ ’курапатка’), гл. рабчык, які з цягам часу перастаў суадносіцца з назвай птушкі і быў рээтымалагізаваны шляхам збліжэння са словам рабіна або верабей (Німчук, Давньорус., 161–163). Малаверагоднай падаецца версія Даля пра сувязь з назвай дрэва (гл. рабіна), бо ў гэты час цвіце рабіна (Даль₃, 1775–1776). Па меркаванні іншых навукоўцаў назва звязана з рабы́ і роднаснымі і.-е. назвамі колеру і матывавана ўяўленнямі пра “рабую, стракатую” ад успыхваючых маланак у летнюю ноч (Брукнер, 451; Агапкина, Топорков, СіБФ, 1989, 230–253; Фінкель, ВЯ, 1956, 4, 92). Можна прапанаваць версію аб балтыйскім паходжанні назвы, параўн. літ. rabė́ti, rãbinti ’стукаць, грукатаць’, лат. grabinãt ’стукаць, удараць’, rībināt ’грукатаць (пра гром)’. Агляд версій гл. Фасмер, 3, 535; Будзішэўска, SOr, 39, 3–4, 275; Жураўлёў, Язык и миф, 522–524; Слав. др., 1, 433–434.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажу́х1 ’доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; іван., капыл., КЭС; Маш., Нас., Радч., Сакал., Серб., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяшк., Шат., Шэйн.). Укр. кожух ’футра, кажух’, рус. дыял. кожух ’аўчына, вопратка з аўчын’, паводле Даля паўдн. і зах., ’скура’, ’верхняя вопратка, якая не прамакае ад дажджу’ і інш., польск. kożuch ’футра, аўчына, вопратка з аўчыны і інш.’, н.-луж. kožuch, в.-луж. kožuch, чэш. дыял. kožuch, славац. kožuch ’футра (воўна і скура)’, серб.-харв. ко̀жух ’футра, кажух, аўчына’, славен. kožuh ’футра, кажух’, мак. кожув, балг. кожух ’кажух’. Праслав. kožuxъ ’скура жывёлы з футрам; вопратка з падобнай скуры’, утворана ад koža суф. ‑uxъ. У прасл. гэта унікальны суфікс у гэтай функцыі, у той час як у слав. мовах ён шырока прадстаўлены, гл. Слаўскі, 3, 39. Меркаванне Ягіча (AfslPh, XVII, 1894, 292) аб тым, што такая словаўтваральная мадэль нехарактэрная для назваў вопраткі, не пераконвае, паколькі першапачатковым значэннем слова было ’скура жывёліны’, як аб гэтым сведчаць і шматлікія іншыя ўтварэнні ад koža.

Кажу́х2 ’гарызантальная частка дымавой трубы ў хаце’ (Гарэц.), ’прастора паміж печкай і сцяной, калі печ стаіць блізка пры сцяне’ (Бяльк.). Рус. кожух ’комін печы’, ’выцяжная драўляная труба над дымавой адтулінай курной хаты’, параўн. шуйск., уладз. ’гарызантальная частка дымахода, якая злучае печ з комінам’; наогул рус. слова называе розныя часткі як печы, так і навакольнай прасторы. Гэта зніжае каштоўнасць супастаўлення бел. кажух ’прастора паміж печчу і сцяной’ і маск. кожух ’сцяна каля рускай печы’. Утворана (першае) ад кожух ’пакрыццё, чахол’, значэнне, некаторыя этапы развіцця якога ад kožuxъ ’скура’ можна прасачыць па такіх прыкладах, як рус. кожух ’скура змяі (якая скідаецца)’, ’шкарлупіна’, кожура ’драўняная кара’, балг. кожулец ’кокан’, макед. кожурец ’тс’. Значэнне ’прастора паміж печчу і комінам’ можа разумецца як ’паветраная ахова, своеасаблівы кажух’ або, што больш верагодна, ад *кажух ’частка печы’, ’частка прасторы каля печы’ — падобныя значэнні засведчаны рускімі гаворкамі. Аб часе ўтварэння слова і магчымых культурных сувязях на ўзроўні рэалій можна толькі здагадвацца, аднак вялікая колькасць значэнняў тэрміна кожух у рус. дыял. і ўсходняя геаграфія бел. слова сведчаць, што тут назіраецца руская інавацыя.

Кажу́х3 ’пенка на малацэ’, кажушок ’тс’ (пух., Жыв. сл.), ’брудны налёт, паласа пены на вадзе і інш.’, параўн. у кантэксце: «…бывае, кажух такі зробіцца зверху на вадзе стаячай, смуга такая зверху зялёная, як доўга стаіць» (пух., Жыв. сл.). Польск. kożuch ’плеўка, якой зацягваецца паверхня вадкасці, напрыклад малака’, kożuch rzęsy, славен. kożuch ’пенка на малацэ’; з іншай суфіксацыяй: укр. кожушок (у Жэляхоўскага) ’плеўка на паверхні малака, кісялю’, макед. кожурек, кожурка ’пенка на малацэ’, балг. кожер ’смятана, пенка на малацэ’, кожарец ’тс’. Адсутнасць дакладных адпаведнікаў з больш надзейнай серб.-харв. тэрыторыі не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім значэнні ’плеўка на вадкасці, пенка на малацэ’. Аднак наяўнасць балг. і макед. паралеляў сведчыць у карысць старога, незалежнага ад уздзеяння ням. мовы (параўн. у Слаўскага, 3, 39) пераносу; гл. яшчэ кажух2 і кажух4. Этымалагічна кажух3 ад kožuxъ ’субстанцыя, якая пакрывае што-небудзь, якое з kožuxъ ’скура і да т. п.’, гл. кажух1.

*Кажу́х4, кожух ’расліннае покрыва на балоце, якое ўспухае, узнімаецца’, параўн. у кантэксце: «Такый кожух е на тэму болоты: вуда зрывае кожух од шчырцу. На тэму кожуховы гуйдатыся можна» (малар., Нар. лекс.), кожух ’твань, дрыгва’ (малар., Талстой, Геагр.), кокожух ’зыбкае месца’ (тураў., ДАБМ). Паводле Талстога, Геагр., 185–186, утворана семантычна падобна (па прынцыпу метафары), як і інш. назвы для значэння ’дрыгва, топкае месца на балоце’ (здмух і пад.). Тур. кокожух, паводле Талстога, там жа, дээтымалагізаваная форма з рэдуплікацыяй першага складу (параўн. рус. дыял. кокоты < коты ’назва абутку’), аднак, улічваючы палескія назвы каверт, кобагня, можна меркаваць аб магчымасці існавання рэгіянальнай мадэлі ўтварэння ко‑ + назва дрыгвы. Этымалагічна кажух4 < *кожух < kožuxъ, гл. кажух1, гэта пацвярджаецца, магчыма, кобр. кожушкы мняты ’ўгінаць, мяць тонкі лёд’ (Жыв. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)