агле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; заг. агледзься; зак.
1. Паглядзець вакол сябе, па баках. [Настаўнік] зняў акуляры, па прывычцы працёр іх хусцінкай, адвёў і агледзеўся навокал. Даніленка.
2. Звыкнуцца, асвойтацца з новымі абставінамі. Не паспелі агледзецца [дзеці] — дзяжурны абвясціў канец перапынку, пара было збірацца ў дарогу. Пальчэўскі.
3. Хапіцца, апамятацца; заўважыць што‑н. Пакуль людзі агледзеліся, Сымон уцёк. Бядуля. Злосная Валя ўвайшла ў Любіну кватэра, не думаючы, і толькі там агледзелася, што яе акружае. Чорны.
•••
Не паспець агледзецца, як... гл. паспець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпо́на, ‑ы, ж.
Спец.
1. Аднаслаёвая, няклееная фанера, якая ідзе на выраб клеенай фанеры, на фанераванне і пад. Рабочыя пры дапамозе вялізных нажніц разразаюць драўлянае палатно на кавалкі пэўнай велічыні. Гэтыя асобныя лісты тонкай драўніны называюцца шпонамі. «Беларусь».
2. У друкарскай справе — металічная пласцінка, якая служыць для павелічэння інтэрвалу паміж радкамі ў наборы. Дзяжурны павінен сядзець каля друкарскай машыны і сачыць, каб не палезлі шпоны, не з’ехала клішэ, бо друкар адзін не ўгледзіць за ўсім. Гаўрылкін.
[Ад ням. Span — трэска.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адка́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Чалавек, на якога ўскладаецца адказнасць; які нясе адказнасць за каго‑, што‑н. Адказны рэдактар. Адказны дзяжурны. / у знач. наз. адка́зны, ‑ага, м.; адка́зная, ‑ай, ж. Адказны за вечар. □ І кім жа яны, і чаму ж яны Так бязлітасна перагружаны? Не адказныя, не начальнікі, А пакутнікі-сумяшчальнікі. Крапіва. Адна з.. [жанчын], самая старэйшая ўзростам, Гарпіна, была вызначана адказнай за даенне і размеркаванне малака. Галавач. // Звязаны з разуменнем важнасці чаго‑н., гатоўнасці адказваць за каго‑, што‑н. Адказныя адносіны да справы.
2. Надзвычай важны, значны. Адказная работа. Адказная задача. Адказнае даручэнне. Адказная роля. Адказная пасада.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стро́іцца 1, строюся, строішся, строіцца; заг. стройся; незак.
1. Станавіцца ў строй (у 1 знач.). Дзяжурны па роце, лейтэнант Гогаберыдзе, загадаў строіцца. Мележ. Правялі кароткі мітынг і пачалі строіцца ў калоны. Чарнышэвіч.
2. Зал. да строіць 1.
стро́іцца 2, строюся, строішся, строіцца; заг. стройся; незак.
Разм.
1. Збірацца, імкнуцца што‑н. рабіць. [Гушка:] — Цяпер .. [Сурвіла] тут, дзе я жыву, пашу сабе агароджваць строіцца. Чорны. Строіліся ўжо снедаць, і Агата сказала Рыгору, каб ён выйшаў і паклікаў Ліпачку. Сабаленка.
2. Прыбірацца, выстройвацца. За занавескай скрыпнуў ложак, мякка затупалі па падлозе ногі.., і па добрым часе, — чалавек, відаць, строіўся, каб не абы-як паказацца па людзях — адтуль выйшаў дзед Іван Астравік. Палтаран.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; незак., каго.
1. Выклікаць непакой, трывогу, хваляванне. Думка аб тым, як памірыцца з дзедам, увесь час непакоіла хлопчыка. Сіняўскі. Наступіў дзень, а Ядзі не было. Гэта непакоіла Сашу: чаму спазняецца? Новікаў. // Абуджаць непакой, хваляванне. Вечары. Сяло. Гулянкі. Пах садоў мяне дурманіў. І дзявочыя вяснянкі Непакоілі ў тумане. Аўрамчык.
2. Парушаць чый‑н. спакой, турбаваць каго‑н., перашкаджаць каму‑н. Рыгору стала няёмка, што ў гэткую пару непакоіць гаспадароў кватэры. Гартны. Доўга сядзець у палаце, непакоіць хворага дзяжурны доктар не дазваляў. Пальчэўскі. Пакуль добра не развіднела, [жанчыны] ішлі спакойна, а як паднялося сонца, пачалі непакоіць самалёты. Гурскі. // Прычыняць боль. «Не будзем.. [асколкі] чапаць, — сказаў хірург, — яны ў мякаці і неўзабаве перастануць непакоіць». Марціновіч. Апошні год штосьці зноў пачала непакоіць левая нага, ампутаваная да калена. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кно́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Род цвічка з круглай шырокай плешкай, якім прымацоўваюць паперу, тканіну да чаго‑н. цвёрдага. На сцэну падняўся інжынер-архітэктар, раскруціў вялізны ліст паперы і прыкалоў яго кнопкамі. Чорны.
2. Рухомы пупок, які служыць для замыкання электрычнага ланцуга і прывядзення ў дзеянне розных механізмаў націсканнем на яго. Кнопка электрычнага званка. □ Недзе там далёка наверсе дзяжурны механік націснуў кнопку, і клетка нячутна паплыла ўгору. Кулакоўскі.
3. Род металічнай засцежкі, якая складаецца з дзвюх частак, што ўваходзяць адна ў другую. Кофта на кнопках. □ Начальнік адшпіліў кнопкі і выцягнуў карту з планшэта. Самуйлёнак. // перан. Разм. Пра маленькага вяртлявага чалавека. — Ды і хто яна такая, гэта кнопка, каб весці допыт? Ваданосаў.
•••
Націснуць на (усе) кнопкі гл. націснуць.
[Ад гал. knoop — гузік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адбо́й, ‑ю, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. адбіваць — адбіць (у 2 знач.) і адбівацца — адбіцца (у 2 знач.).
2. Гукавы сігнал, які апавяшчае аб заканчэнні чаго‑н. Дзяжурны афіцэр пасля адбою Абход чарговы робіць. Зарыцкі. Даў адбой гарніст, і ўсе мы Спаць паклаліся на сене. Нядзведскі. // перан. Перапынак у працы, дзеянні; спачын. Ні ўдзень, ні ўноч не ведалі адбою мы. Макаль.
3. Маркіровачны малаток. Знайшлі два пні сантыметраў па трыццаць, пабілі іх штрафным адбоем. Ермаловіч. // След, знак ад маркіровачнага малатка. [Хама Хаміч:] — Пад’едзьце, Лявон Свірыдавіч, бліжэй... Бачыце — адбою на бярвеннях няма. — Ну, адбою тут вы не знойдзеце, — спыніў яго Лявон Свірыдавіч, — гэта ж верхавіны, а адбой на камлях. Корбан.
•••
Адбою няма (не будзе) ад каго-чаго гл. няма.
Біць (даць) адбой гл. біць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
1. Біць у барабан (бубен), іграць на барабане (у 1 знач.). Вову крыкнула Рая: — Бубен на, барабань!.. Ды ўсё роўна іграе Штосьці сумна баян. Смагаровіч.
2. Разм. Часта і дробна стукаць па чым‑н. І вось, нібы сярэбраны гарох, Дождж барабаніць па вагонным даху. Бураўкін. Дзяжурны барабаніў у павешаную бляху. Чарот. Толькі паслухалі [падпольшчыкі] зводку, як нехта пачаў барабаніць у дзверы. Новікаў. // Бразгаць ад холаду, ветру. Ад ветру барабанілі шыбы. □ Ва ўсім целе .. [Панасюк] адчуваў холад. Сціснуў зубы, каб не барабанілі. Бядуля. // перан.; што і без дап. Гучна, без майстэрства, невыразна гаварыць, чытаць, іграць на якім‑н. інструменце. За кулісамі хтосьці барабаніў польку на раялі. □ Адзін з артыстаў, стоячы на калідоры, барабаніў вершы. Гартны. — Ты, Іван, сёння барабаніш і барабаніш, дай жа чалавеку сказаць, — перапыніла яго Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праплы́сці і праплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. праплыў, ‑плыла, ‑плыло; заг. праплыві; зак.
1. Перамясціцца ўперад плывучы. Праплысці да сярэдзіны ракі. □ Усё разлічана ў .. [плыўцу], каб праплысці як мага далей. Паслядовіч. // што. Плывучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Праплысці пяцьсот метраў. □ Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. Маўр.
2. што і без дап. Плывучы, мінуць што‑н. Праплысці буёк.
3. Плаўна, павольна праляцець. Над узбярэжжам паволі праплыў у паветры дзяжурны дырыжабль. Лынькоў. // Разм. Плаўна прайсці, праехаць. Камбайн, як карабель, праплыў па ўзгорку, павярнуўся і пайшоў назад. Шамякін.
4. перан. Прайсці, пранесціся ў свядомасці, ідучы адно за другім (пра думкі, успаміны і пад.). І перад лордам усталі далёкія гады, адна за другой праплылі ў памяці незабыўныя падзеі. Лынькоў. «Учора недалёка адсюль партызаны вялі бой», — праплыла думка. Новікаў.
5. перан. Мінуць, прайсці (пра час). І так дні за днямі жыццё праплыло. Танк.
6. перан. Пранесціся, распаўсюдзіцца. Крылом баявым партызанская слава Над краем радзімым маім праплыла. Астрэйка.
7. Плысці некаторы час. Праплысці паўгадзіны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. каго-што. Заняць чыё‑н. або вольнае месца; замяніць каго‑н. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас. // без дап. Заняць якую‑н. пасаду, прыступіць да работы. Заступіць на пасаду сакратара.
2. Прыступіць да работы, дзяжурства і пад., змяніўшы каго‑н. — Так і быць. — Конюх дастае з кішэні вялікі чыгунны гадзіннік. — Да дванаццаці ты дзяжурны, а там я заступлю. Курто. Увечары Міхалёў са сваім аддзяленнем заступіў у каравул. Хомчанка.
3. каго-што. Загарадзіць, засланіць сабой каго‑, што‑н. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна заступіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. Спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Мележ.
•••
Заступіць дарогу каму — а) нечакана з’явіўшыся перад кім‑н., спыніць яго рух. — Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу. — Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі. Чарнышэвіч; б) перашкодзіць дзейнасці каго‑, чаго‑н. Бывае так, што чалавек табе ніколі, як кажуць, не заступаў дарогу, а ты яго неўзлюбіш па нейкім прадчуванні. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)