адбой, ‑ю, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адбіваць — адбіць (у 2 знач.) і адбівацца — адбіцца (у 2 знач.).

2. Гукавы сігнал, які апавяшчае аб заканчэнні чаго‑н. Дзяжурны афіцэр пасля адбою Абход чарговы робіць. Зарыцкі. Даў адбой гарніст, і ўсе мы Спаць паклаліся на сене. Нядзведскі. // перан. Перапынак у працы, дзеянні; спачын. Ні ўдзень, ні ўноч не ведалі адбою мы. Макаль.

3. Маркіровачны малаток. Знайшлі два пні сантыметраў па трыццаць, пабілі іх штрафным адбоем. Ермаловіч. // След, знак ад маркіровачнага малатка. [Хама Хаміч:] — Пад’едзьце, Лявон Свірыдавіч, бліжэй... Бачыце — адбою на бярвеннях няма. — Ну, адбою тут вы не знойдзеце, — спыніў яго Лявон Свірыдавіч, — гэта ж верхавіны, а адбой на камлях. Корбан.

•••

Адбою няма (не будзе) ад каго-чаго гл. няма.

Біць (даць) адбой гл. біць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)