бараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

1. Біць у барабан (бубен), іграць на барабане (у 1 знач.). Вову крыкнула Рая: — Бубен на, барабань!.. Ды ўсё роўна іграе Штосьці сумна баян. Смагаровіч.

2. Разм. Часта і дробна стукаць па чым‑н. І вось, нібы сярэбраны гарох, Дождж барабаніць па вагонным даху. Бураўкін. Дзяжурны барабаніў у павешаную бляху. Чарот. Толькі паслухалі [падпольшчыкі] зводку, як нехта пачаў барабаніць у дзверы. Новікаў. // Бразгаць ад холаду, ветру. Ад ветру барабанілі шыбы. □ Ва ўсім целе .. [Панасюк] адчуваў холад. Сціснуў зубы, каб не барабанілі. Бядуля. // перан.; што і без дап. Гучна, без майстэрства, невыразна гаварыць, чытаць, іграць на якім‑н. інструменце. За кулісамі хтосьці барабаніў польку на раялі. □ Адзін з артыстаў, стоячы на калідоры, барабаніў вершы. Гартны. — Ты, Іван, сёння барабаніш і барабаніш, дай жа чалавеку сказаць, — перапыніла яго Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)