Рато́рда ’спецыяльная печ на смалакурным заводзе’ (Скарбы). Параўн. рэто́рта ’хімічны посуд з выгнутым горлам’ (ТСБМ), што, відаць, запазычана з рус. рето́рта ’тс’. Тэхнічны тэрмін запазычаны, хутчэй за ўсё, вусным шляхам (азванчэнне т у інтэрвакальным становішчы) з ням. Retorte ’тс’, што з франц. retorte з лац. retortus ’загнуты назад, выгнуты’ (< retorqueō, ‑ēre), гл. Фасмер, 3, 475.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гарба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае горб (у 1 знач.). Расказвалі, што калісьці на месцы Чорнага возера стаяў вялізны палац, у якім жыў гарбаты князь. Шашкоў. // у знач. наз. гарба́ты, ‑ага, м.; гарба́тая, ‑ай, ж. Гарбун. Гарбатага толькі магіла выправіць. Прыказка.

2. Выгнуты, з гарбінкай. Гарбаты серп. □ Гарбаты тонкі нос падкрэсліваў рашучасць характару гэтага чалавека. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пука́ты, пукава́ты ’з выступаючымі бакамі’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, Жд. 2, ТС, Варл.: “reč, što pasiarod taušciejšaja, jak uhare j nadole”), ’пузаты’ (Сл. ПЗБ), пукова́ты, пукна́ты ’выпуклы’ (ТС), пукова́сты ’тс’ (ПСл), параўн. укр. пука́тий ’выпуклы, раздуты, тоўсты’, рус. пука́тый ’круглы, выпуклы, выгнуты’, польск. pękaty ’выпуклы’, ст.-польск. pękata ’цяжарная’. Усё да пук ’выпукласць, выступаючая сярэдняя частка прадмета’ (гл. пук2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

седлава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З седлавінай (пра каня).

2. Які мае форму сядла; выгнуты. Сям-там, як бы ля падножжа, да.. [будынкаў] туліліся драўляныя домікі з седлаватымі дахамі і шчарбатымі комінамі. Карпаў. Яблыня гэтая была седлаватай і аднабокай: відаць, нямала давялося ёй перанесці ўсякіх нягод. Кулакоўскі. // З упадзінай на носе. Гэта быў кашчавы, год пад семдзесят стары, з шырокім пукатым ілбом, седлаватым носам і з крутым падбародкам. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Крывы́1выгнуты, з загібамі’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Сержп. Грам., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.). Укр. кривий, рус. кривой ’тс’, балг. крив, макед. крив, серб.-харв. кри̑в, славен. krȋv ’тс’, польск. krzywy, чэш. křivy, славац. krivy, в.-луж. křiwy, н.-луж. kšiwy, палаб. kraivĕ ’тс’. Прасл. krivъ ’не прамы, несправядлівы, левы’ мае дакладны адпаведнік у літ. kreĩvas ’тс’, лат. krievs ’тс’. Значэнне ’левы’ зафіксавана ў літ. kairė̃ ’левая рука’, лат. keĩre ’тс’, krẽilis krèiss ’левы’ з няясным словаўтваральным статусам (параўн. Фрэнкель, 203). Са славянскіх паралелей толькі серб.-харв. кри̑в зберагло абодва значэнні (’крывы’ і левы’). У астатніх выпадках значэнне ’левы’ было выцеснена прасл. lěvъ (гл. Мартынаў, Изоглоссы, 26). Параўн. Слаўскі, 3, 253–254.

Крывы́2 ’зайздросны’ (Жд. 3, ТС). Гл. крывы1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́катачак у выразе: у лу́катачку ’скруціўшыся (пра змяю)’ (віл., Сл. ПЗБ), лу́катка ’лукавіна’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ’зігзаг’ (Шат.; КЭС, лаг.), ’няроўнасць’ і лу́каткай ’няроўна, зігзагамі’ (гродз., Сцяшк. Сл.), ісці (адрэзаць) у лу́каткі ’крыва, віляючы з боку ў бок’ (лях., Янк. Мат.). Рус. наўг., цвяр., калін. лу́ко́ть ’задняя частка сахі ў выглядзе прагнутага раздвоенага бруса’, ст.-рус. лукоть ’гак’, ’пятля’, ц.-слав. лѫкоть ’тс’, ’вобад кола’, польск. łąkoć ’выгнутасць, крывізна’, паўд. ’звяно вобада’, н.-луж. łukuś ’бабінец’ < ’паўкруглая выгнутасць дзвярэй’, ’лёд, з-пад якога выцекла вада’, чэш. loukoť ’звяно’, мар. lúkoť ’тс’, ’выгнутае дрэва’, славац. lúkoť ’звяно’. Дададзім яшчэ польск. łąkotka, серб.-харв. лукоћа ’папярочнае рабро ў лодцы’. Прасл. lǫkotьka, якое з lǫkotь ’выгнутасць, крывізна, лук, выгнуты прадмет’, утворанай з lǫkъ > лук1 (гл.) і суфікса ‑otь (Слаўскі, 5, 86 і 87; Фасмер, 2, 533; Шустар-Шэўц, 11, 788–789).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скалану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Задрыжаць, затрэсціся; страсянуцца, здрыгануцца. Калі [Труцікаў] садзіўся на выгнуты камель, бярозка яшчэ больш скаланулася, і лістоў апала ўжо многа. Кулакоўскі. І машына коціць па.. [дарозе] мякка, бясшумна, не скаланецца, не кінецца ўбок, не зарыпіць. Лынькоў. Будынкі зноў скалануліся, захісталіся ад блізкіх выбухаў. Быкаў. Зямля скаланулася. Гэта Таня ўзарвала шнурам міну. Новікаў. // перан. Ускалыхнуцца, ажывіцца. [Максім:] — Скаланулася сонная каламуць мужыцкіх дум. Машара.

2. Міжволі зрабіць рэзкі, сутаргавы рух; уздрыгнуць. Хацеў распранацца [Міця], але, убачыўшы ля печы белую постаць, скалануўся. Навуменка. [Грыша] ўспомніў, як плёхаўся па гразі, і аж скалануўся ўвесь. Пальчэўскі. Мокры да касцей Сымон, выйшаўшы з цёплага памяшкання, скалануўся, агорнуты халодным паветрам. Чарнышэвіч. // Моцна захвалявацца, затрапятаць. У Ксавэра Блецькі скаланулася душа: як усё павярнулася на свеце. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ву́гал, род. скл. вугла́ (БРС, Нас., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., Інстр. I, КЭС, Жд., 1) ’частка сушы, якая вуглом уразаецца ў балоцістае месца або сенажаць’ (Яшк.), вуго́л ’месца, дзе межы поля ўтвараюць прамы вугал’ (Яшк.). Рус. у́гол, род. скл. угла́, укр. ву́гол, ст.-рус. уг(ъ)лъ, ст.-слав. ѫгълъ, польск. węgieł, род. скл. węgla, чэш. úhel, славац. uhol, в.-луж. nuhł, н.-луж. nugeł, балг. ъ́гъл, серб.-харв. у̏гао, у̏гал, род. скл. у̏гла, славен. vȏgǝl, род. скл. vȏgla. Прасл. ǫgъlъ (Махэк₂, 666; Скок, 3, 536). Роднаснымі з’яўляюцца лац. angulus ’вугал’, умбр. anglom‑e ’ad angulum’, арм. ankiun, angiun ’тс’, ст.-інд. áṅgam н. р. ’член’, aṅgúriḥ, aṅgúliḥ ’палец’, aṅgulīyam ’пярсцёнак’, а таксама лат. ancus ’крывы, выгнуты’, unkus ’тс’ ст.-інд. aṅkáh ’круг’ (Вальдэ-Гофман, 1, 46; Майргофер, 1, 19). Думка Вальдэ (KZ, 34, 513) аб запазычанні слав. *ǫgъlъ з лац. angulus адмаўляецца большасцю даследчыкаў (Праабражэнскі, 2, 117 і наст.; Фасмер, 4, 145; Махэк₂, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рага́ч, ‑а, м.

1. Самец аленя, лася і некаторых іншых рагатых жывёл. І раптам: роў ласёў... Ён скаланае зямлю і неба. Два велізарныя рагачы на маіх вачах б’юцца насмерць. Карамазаў.

2. Ніжняя частка хвойнага дрэва з вывернутым коранем; корч. [Талаш:] — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны.. рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. У ельніку ля лазы на сухастоіне каркала варона, моцна і дзярката: падлятала ўгару і зноў садзілася на доўгі выгнуты рагач. Пташнікаў.

3. Драўляная саха; драўляная частка сахі. Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сёй памаленьку. Прыказка.

4. Абл. Вілкі, якімі ставяць у печ або вымаюць з печы гаршкі, чыгуны. — Будзе ўжо булькаць! От расхадзіўся.. — ласкава прыгаворвае да чыгуна [бабка] і, падхапіўшы яго рагачом, выцягвае з печы на прыпечак. Каліна.

5. Разм. Раганосец. Вінаватая фрау, шмат маладзейшая за свайго рагача, на каленях прасіла не ганьбіць яе — не заяўляць у паліцыю і не пісаць нічога сыну на фронт. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ска́ба ‘рабро’ (ТСБМ, Ласт., Варл., Сцяшк.; навагр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ‘рабро кошыка’ (Сл. ПЗБ), ска́бы ‘рэбры, рэберная частка тушы’ (Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 2), ска́бка ‘раберца’ (Шат.), ска́бкі ‘рэберныя кавалкі’ (Шн. 3), ска́біна ‘рабро’ (Нас., Бір. дыс., Янк. Мат.), ска́бʼя ‘тс’ (З нар. сл.), скабуры́на ‘рабро ў свіней, авечак’ (гродз., Жыв. сл.). Выключна беларускае. Мяркулава (Этимология–1983, 65) рэканструюе прасл. *skaba, *skaburina і ўзводзіць да кораня *skab‑ ‘драць, часаць, калоць’, параўн. літ. skõbti, skabiù ‘скрэсці, зрываць’. Сюды ж яна адносіць бел. шкаба (гл.), польск. chaby ‘косці, якія тырчаць з-пад скуры’ і рус. скабри́стый ‘моцна зхуднелы’. Польскае слова Слаўскі (SP, 1, 58), аднак, выводзіць ад прасл. *chabъ ‘благі, слабы’, а Брукнер (483), разглядаючы польск. chaby ‘свіное мяса пры рэбрах’ ставіць пытанне аб магчымасці запазычання. Аб запазычанні думаў і Насовіч (Нас., 580) і параўноўваў беларускае слова з літ. skabs ‘рабро’, але ў слоўніках гэта слова не адзначана. Карскі (Белорусы, 137) выводзіў з літоўскай мовы ска́ба ‘стрэмка, клін’, аднак слова са значэннем ‘рабро’ лічыў запазычаннем з польск. schab. Лаўчутэ (Балтизмы, 56) узводзіць слова да літ. skobà ‘рабро’, параўн. яшчэ літ. skabís ‘востры’, skabèti ‘сячы, рэзаць’, лат. skabrs ‘востры’. Анікін (Опыт, 278) прапануе адрозніваць ска́ба ‘рабро’, якое лічыць балтызмам, і ска́ба ‘стрэмка, трэска’ (гл. скабка), што несумненна роднаснае скабліць, скобля (гл.). Астрэйка (АКД, 5) хоча бачыць у ска́ба, ска́бка, ска́біна ‘рабро’ семантычны балтызм, які разглядаецца як занальная намінацыя.

Скаба́1выгнуты металічны прут для злучэння чаго-небудзь, клямар’, ‘скобля’ (ТСБМ, ТС), ‘прыстасаванне, з дапамогай якога прымацоўваюцца кроквы да сцяны’ (Шушк.), ска́ба ‘ручка ў дзвярах’ (Растарг.). Укр. ско́ба ‘крук у дзвярах, прабой’, рус. скоба́ ‘тс’, серб.-ц.-слав. скоба ‘засцежка’, чэш., славац. skoba ‘планка, засаўка’, серб.-харв. ско̏ба, славен. skọ́ba ‘тс’, балг. ско́ба ‘скобка’, макед. скобичка ‘падкоўка (на падэшве)’. Прасл. *skoba ‘загнуты крукам прут, скобка’ да і.-е. *(s)kāmb‑ ‘крывіць, гнуць’. Роднасныя літ. kabė́ti ‘вісець’, kabė̃ ‘крук’, kablỹs ‘тс’, kìbti ‘чапляцца, вешацца’, лат. kablis ‘кручок, засцежка’ (Траўтман, 112). Далей параўноўваюць з лац. scamnum ‘услон’, ст.-інд. skabhnaā́ti ‘умацоўвае, падпірае’, грэч. σκαμδός; ‘крывы, сагнуты, выгнуты’; гл. Вальдэ-Гофман, 2, 487; Майргофер, 3, 507; Міклашыч, 300–301; Фасмер, 3, 643; Махэк₂, 546. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1290–1292; Сной₁, 573 (параўноўвае яшчэ з літ. sùkaba ‘крук, скобка’).

Скаба́2 ‘скапа, тушка Pandion haliaetus L.’ (Касп.; мазыр., ЛП). Укр. скаба́ ‘тс’. Параўн. укр. скобе́ць ‘птушка Accipiter gentilis’, рус. ско́бчик ‘ястрабок; перапёлачнік’, славен. skobec ‘арол, Falco haliaetos’. Лічыцца роднасным рус. ко́бец, ко́бчик ‘шулятнік’, якія, магчыма, гукапераймальнага характару; агляд версій гл. Фасмер, 2, 267–268. Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 120) адносіць сюды ж і рус. скопа (гл.); але ‑п‑ лічыцца няясным. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 260 (вынік дээтымалагізацыі скопа́, гл. скапа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)