Крывы́1 ’выгнуты, з загібамі’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Сержп. Грам., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.). Укр. кривий, рус. кривой ’тс’, балг. крив, макед. крив, серб.-харв. кри̑в, славен. krȋv ’тс’, польск. krzywy, чэш. křivy, славац. krivy, в.-луж. křiwy, н.-луж. kšiwy, палаб. kraivĕ ’тс’. Прасл. krivъ ’не прамы, несправядлівы, левы’ мае дакладны адпаведнік у літ. kreĩvas ’тс’, лат. krievs ’тс’. Значэнне ’левы’ зафіксавана ў літ. kairė̃ ’левая рука’, лат. keĩre ’тс’, krẽilis krèiss ’левы’ з няясным словаўтваральным статусам (параўн. Фрэнкель, 203). Са славянскіх паралелей толькі серб.-харв. кри̑в зберагло абодва значэнні (’крывы’ і левы’). У астатніх выпадках значэнне ’левы’ было выцеснена прасл. lěvъ (гл. Мартынаў, Изоглоссы, 26). Параўн. Слаўскі, 3, 253–254.

Крывы́2 ’зайздросны’ (Жд. 3, ТС). Гл. крывы1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)