КАЧА́ЛКІ,

у беларусаў і інш. слав. народаў прыстасаванні для разгладжвання тканых вырабаў (бялізны, адзення). Накручаны на качалку (даўж. 40—60, дыяметр 4—6 см) выраб раскочвалі валком (прамы ці выгнуты драўляны брус даўж. 65—80, шыр. 8—10 см з нарэзанымі ўпоперак трапецападобнымі зубцамі і ручкай). Былі пашыраны па ўсёй Беларусі. Трапляюцца і ў наш час.

Качалкі.

т. 8, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯЎРЫ́НА (ад франц. couleuvrin змеепадобны),

1) французская разнавіднасць першых узораў ручной агнястрэльнай зброі (14—16 ст.) тыпу аркебузы. Мела жал. або бронз. ствол, прымацаваны кольцамі да драўлянай ложы, і вузкі выгнуты прыклад; калібр 12,5—22 мм, даўж. 1,2—1,4 м, маса 5—28 кг.

2) Найб. даўгаствольныя (з адноснай даўж. канала ствала 18—50 калібраў) гарматы розных калібраў (42—240 мм), якія ўжываліся для прыцэльнай стральбы на вял. адлегласці ў еўрап. арміях (у т.л. ў арміі ВКЛ) і ваен. флатах у 15—17 ст. У Германіі наз. шланг і гакенбюкс, у Расіі — пішчаль. Гл. іл. пры арт. Зброя.

т. 9, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮФА́ЎНДЛЕНД, вадалаз,

парода службовых сабак. Апісаны ў канцы 15 ст. на аднайм. востраве і ўзбярэжжы п-ва Лабрадор (Канада). Сфарміраваны ў Зах. Еўропе (завезены ў 18 ст.); на Беларусі гадуюць з 1949.

Выш. ў карку 62—75 см, маса 50—68 кг (самцы буйнейшыя). Касцяк і мускулатура магутныя Тулава шырокае. Галава вял., круглявая, з кароткай мысай і вісячымі вушамі. Хвост прамы або шаблепадобна выгнуты. Шэрсць доўгая (акрамя мысы і вушэй), прамая ці злёгку хвалістая, з вельмі густым падшэрсткам, не намакае ў вадзе. Масць чорная, цёмна-бурая ці карычневая, часам з белымі плямамі; у разнавіднасці Н. ландсір (крыху вышэйшыя) — белая з чорнымі ці бурымі галавой, «сядлом» на спіне, крыжам і верхняй ч. хваста. Добра плаваюць і ныраюць. Ураўнаважаныя, пільныя, адважныя; лёгка дрэсіруюцца. Н. ўласцівы моцныя цяга да вады і выратавальны інстынкт. Выкарыстоўваюцца для ратавання на водах, вартаўнічай службы, выцягвання рыбалоўных сетак.

Э.Р.Самусенка.

Ньюфаўндленд.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)