РАКА́ЙЛЬ (франц. rocaille літар. драблёны камень, ракавіны),

матыў арнаменту — стылізаваная ракавіна, С- і S-падобныя завіткі, хвалістыя грабяні, языкі полымя і інш., характэрны для ракако. Кампазіцыйныя вырашэнні Р. разнастайныя (хвалісты веер, гірлянда, мудрагеліста выгнуты картуш, расл. матывы), элементы звычайна не паўтараюцца, вылучаюцца экспрэсіяй. Пашырэнню Р. ў еўрап. мастацтве садзейнічала кніга франц. мастака Я.​Мандона «Першая кніга арнаментальных форм ракайляў і картушаў» (Парыж, 1736). Матыў Р. шырока выкарыстоўваўся ў бел. архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, кніжнай графіцы. Тэрмін «Р.» часам ужываюць для абазначэння стылю ракако.

А.​М.​Кулагін.

Ракайль.

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)