Гарадзі́ць ’гарадзіць’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк.). Рус. городи́ть, укр. городи́ти, польск. grodzić, чэш. hraditi, балг. градя́, серб.-харв. гра́дити, ст.-сл. градити. Прасл. *gorditi ’будаваць, гарадзіць, ствараць і да т. п.’, дзеяслоў на ‑iti, утвораны ад прасл. *gordъ ’горад і да т. п.’ Аб гарадзіць < *gorditi гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 35 (дзе дэталёва прыводзіцца параўнальны матэрыял з усіх слав. моў). Ад гарадзі́ць утворана суфіксам ‑ба гарадзьба́ ’будаванне агароджы’ (БРС, Шат., Касп.). Але гэта слова, здаецца, не з’яўляецца вытворным прама на бел. глебе, а паходзіць з прасл. *gordьba (з адпаведнымі паралелямі ў іншых слав. мовах). Гл. Трубачоў, там жа, 38. Уласна бел. з’яўляецца гарадзьбі́к ’чалавек, які робіць агароджу’ (Бяльк.). У пераносным сэнсе ўсх.-слав. *goroditi ўжывалася і ў фразеалагічных зваротах (’гаварыць бяссэнснае, глупства’). Гл. Шанскі, 1, Г, 139–140.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гі́цаль1 ’сабакар; машэннік’ (БРС, Касп., Нас.), таксама ў форме гі́ццаль ’сабакар’ (Сцяц.), ’гарэза, свавольнік’ (Сцяц., Шат.), ’агідны, здрадлівы чалавек’ (Сцяшк.) і г. д. У ст.-бел. мове гицель ’памочнік ката’ (гл. Булыка, Запазыч.). Параўн. таксама рус. дыял. ги́цель ’жывадзёр’, укр. ги́цель. Запазычанне з польск. hycel ’тс’ (а гэта з ням. дыял. hitzel; гл. Брукнер, 174; Фасмер, 1, 408; Булыка, Запазыч., 83).

Гі́цаль2 ’пятля, прышытая да адзення, каб яго вешаць’ (Сцяц. Нар., Сцяц., Шат., Сл. паўн.-зах., Касп., БРС). Па паходжанню аднолькавае з гі́цаль, (гл.), але значэнне ’пятля, вешалка’ (паводле Сцяц. Нар., 115) развілося менавіта ў бел. мове (гл. там і тлумачэнне семантычнага развіцця). Няпэўным з’яўляецца меркаванне (Сцяц., там жа), што ў бел. мове запазычанне прама з ням., дзе быццам Hitzel чытаецца гіццаль (?; няясна; у ням. слоўніках вымаўлення z, tz аднолькава абазначаюцца як ts).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нуда́1 ’нячыстасць на целе і на галаве; бядота, голад; сум, нудота’ (Нас.), ’нудота, сум; моташнасць’ (Бяльк., Гарэц., Шат., Сл. ПЗБ), ’маркота; бядота’ (Касп.), ’сум, гора; галеча’ (Яруш.), ’маркота, сум, хандра’ (Мал.), ’маркота; вошы’ (Пятк. 2), ’хвароба раслін’ (Сцяшк.), ’галеча, нястача’ (Нік. Очерки), ’моташнасць’ (ТС), ну́джа ’моташнасць; сум, маркота’ (Клім.), ’нудны чалавек’ (ТС), укр. нуда́ ’маркота, сум; моташнасць’, рус. нуда́ ’прымус; надаедлівасць; сум, маркота; спёка; насякомыя (камары, машкара і інш.); кароста, нячыстасць на целе; цяжкае становішча, турбота, голад’, польск. nuda ’маркота; нудота; сум; вошы; нудны чалавек’, славен. nȗdo, nüda ’заробак, плата’, серб.-харв. кайк. nuda ’тс’. Вытворнае ад *nuditi (гл. нудзіць), насуперак Фасмеру (3, 88: нудить ад нуда), як хада ад хадзіць і пад.

Нуда́2 ’так, але’ (карэл., Нар. лекс.). Відаць, запазычана з рус. прастамоўн. ну да́ ’тс’ < ну (гл.) і да ’так’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каша́ра ’загон, адроджанае месца па полі, у лесе, дзе летам трымаюць жывёлу’ (ТСБМ), ’аўчарня ў маёнтку’ (Шат.), ’аўчарня’ (Нас.), ’пастаўнік’ (Сл. паўн.-зах., 2: «Кашара — эта выгарадзь для ската»). Параўн. рус. дыял. паўдн. коша́ра ’загарадзь для жывёлы (авечак)’, укр. коша́ра ’аўчарня’, польск. koszara, koszar, ц.-слав. кошара ’аўчарня’, балг. кошара ’тс’; параўн. далей фармальна аднолькавыя, але з іншай семантыкай серб.-харв. ко̀шара, ко̏ша̑р ’кашолка для рыбы’, славен. košȃra, košár ’круглая кашолка’. Паводле Фасмера, 2, 360, звычайным з’яўляецца тлумачэнне, якое звязвае даныя лексемы з кош ’плеценая кашолка і да т. п.’ Падрабязны агляд семантыкі ў слав. форм (праформ) *košara, *košarъ, *košerъ гл. у Трубачова, Эт. сл., 11, 183–186, дзе даецца агляд праблематыкі ў шырокім арэальным аспекце. Слова гэта было ўжо ў ст.-бел. мове (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 174).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кло́пат1 ’неспакойная думка пра што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сержп. Грам., Гарэц., Сцяшк., КЭС, лаг., Ян.). Гл. клапаціцца. Насуперак Кюнэ (Poln. 64) не з’яўляецца пранікненнем з польск. kłopot.

Кло́пат2 ’квактанне’ (Сл. паўн.-зах., Яруш.). Утварэнне на ‑otъ ад гукапераймальнага дзеяслова. Гл. клопалка.

Клопат3 ’у жорнах дошчачка ад жалабка, якая прыціскаецца да чатырохграннай часткі корбы і пры вярчэнні механічна рэгулюе перадачу зерня на камень’ (Нар. словатв., Выг., Кліх, Дразд.). Укр. клопіт ’тс’, польск. kłopot ’тс’. Да прасл. klopotъ ’стук, шум’, але ў значэнні ’частка жорнаў’ толькі польскае, беларускае і ўкраінскае. Паколькі рускія дыялекты (апрача заходніх) практычна не ведаюць гэтага слова, можна меркаваць аб тым, што яно ўзнікла як тэхнічны тэрмін на польскай моўнай глебе і адтуль распаўсюдзілася на беларускі і ўкраінскі арэалы (Смулкова, Бел.-польск. ізал., 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аспа́ласць ’санлівасць, вяласць, неахайнасць’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), аспала, аспалы (Нас.). Укр. оспалий, оспалість, польск. ospały, ospałość, чэш. ospalý, ospalost, славац. ospalý, ospalosť, паморск. u̯ospałi ’санлівы, вялы’, ’санлівасць, вяласць’. Ст.-бел. оспалый ’санлівы, вялы’ (з 1593 — Булыка, Запазыч., 231, дзе таксама: оспалость, оспальство, оспальца, оспале; параўн. Гіст. лекс., 96). Унутраная форма слова ясная: аспаласць і інш. утворана ад аспалы, якое ў сваю чаргу — дзеепрыметнік ад дзеяслова *аспаць. Паколькі, аднак, такі дзеяслоў у беларускай мове не фіксуецца, не без падстаў оспалый разглядаецца як паланізм. Але і ў польскай мове не зафіксаваны такі дзеяслоў. Між тым у старачэшскай ён быў вядомы (пач. XV ст.). Таму, магчыма, што крыніцай дзеепрыметніка для польскай была чэшская мова, адкуль слова магло трапіць у беларускую непасрэдна або праз польскае ці ўкраінскае пасрэдніцтва. Назоўнік утварыўся на беларускай глебе ці быў таксама запазычаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабачка ’матыль’ (Інстр. II). Рус. ба́бочка, укр. (бойк.) ба́бочка ’тс’. Памяншальная форма ад ба́бка (гл.), якая абазначала і розных насякомых. У аснове называння ляжыць уяўленне, што душа памершага (продка, бабулі) працягвае сваё існаванне ў выглядзе матыля. Як семантычную паралель параўн. рус. дыял. ду́шачка ’матыль’ (ад душа́), новагрэч. ψυχάρι ’матыль’ (< ψυχή ’душа’), лац. animula, animulus ’начны матыль’ (< anima ’душа’). Патабня, К истории, 4, 78; РФВ, 7, 69; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 100. Але Махэк (Studie, 118 і наст.) лічыць, што справа ідзе аб уяўленні пра «бабу-чарадзейку» (з гэтым згаджаецца Важны, O jménech, 86, гл. таксама Лапацін, Этимология, 1963, 288, дзе прыводзяцца новыя семантычныя аргументы). Не пераконвае Ёль, Elern., 99 (слав. baba ’матыль’ — гэта народнаэтымалагічнае пераўтварэнне першапачатковай элементарнай «вобразнай» асновы тыпу pepe‑, якая маецца ў розных мовах; крытыку гл. Важны, O jménech, 86).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бас1 ’бас; чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (БРС, Маш., Бяльк.). Рус. бас, укр. бас і г. д. Запазычанне з франц. basse або італ. basso (літаральна ’нізкі’). Праабражэнскі, 1, 19; Фасмер, 1, 129. Іначай Шанскі, 1, Б, 51, які на аснове гістарычных крыніц (рус. мовы) лічыць, што бас, прынамсі ў рус. мове, запазычана праз польск. bas (< італ.). Гл. яшчэ Клюге, 54 (тут і тлумачэнне слова як назвы інструмента); MESz, 1, 257. Сюды і бас (Браім, Весці АН БССР, 1973 (І), 128) ’кавалак дроту’. Параўн. бас2.

Бас2 ’пас, шнур у самапрадцы’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Можна меркаваць, што яно ўзнікла азванчэннем з пас (гл.). Але не выключаецца, што яно таго ж паходжання, што і бас ’чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (гл. бас1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бе́раг (агляд значэнняў слова гл. ў Яшкіна). Рус. бе́рег, укр. бе́ріг, польск. brzeg, чэш. břeh, ст.-слав. брѣгь, балг. бряг, серб.-харв. бре̑г і г. д. Прасл. bergъ ’бераг; узгорак, гара’. Гэта слова звязана з ст.-в.-ням. berg ’гара’, авест. barəzah‑ ’гара, вышыня’, ст.-інд. br̥hant‑ ’высокі’, авест. bərəzant ’высокі’, ірл. brí ’гара’ і г. д. Паколькі некаторыя і.-е. мовы сведчаць пра ‑g̑h‑ у гэтым слове (гэта дало б слав. *berzъ), то ёсць версія пра запазычанне слав. слова з герм. моў, але ёсць аргументы і супраць. Гл. Мейе, RS, 2, 69; Траўтман, 30; Ягіч, AfslPh, 30, 457; Бернекер, 49; Машынскі, Pierw., 157; Брукнер, 44; Слаўскі, 1, 46; Фасмер, 1, 153. Параўн. яшчэ бе́раг, ’каляровая палоска на краі хусткі’ (Сцяц. Нар.), ’край пасудзіны, тканіны’ (БРС, Сцяшк. МГ), ’узлесак’ (Жд.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кро́сны (кро́сна) ’ткацкі станок’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Нар. сл., Выг., Маш., Федар., Мядзв., Гарэц., Дзмітр., Рам., Жыв. сл., Нік. Очерки, Шпіл. Путешеств., Нар. словатв., Сержп. Пр., Нар. лекс., Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Нас., Ян., Шат., Мат. Гом.). Укр. кросно, кросна, рус. кросно, кросна ’тс’, балг. кросно, макед. кросно, серб.-харв. кро̏сна, славен. krósna ’тс’, польск. krosna, чэш. krosna, славац. krosna, в.-луж. krosna, палаб. krosn ’тс’. Прасл. krosno, krosna ’драўляная рама як козлы або ткацкі станок’. Словаўтварэнне на ‑no, як sukno (< sukati), runo (< ruti). Але знайсці адпаведны дзеяслоў на славянскай або балтыйскай моўнай глебе не ўдаецца. Бліжэйшая паралель літ. krãsė ’крэсла’. Мяркуецца, што сюды ж балта-славянская назва крэсла (гл.) (параўн. ст.-прус. creslan і слав. kreslo, якія марфалагічна супадаюць). Гл. крэсла (параўн. Тапароў, К–Z, 182).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)