Патало́к, потоло́к, патоло́ка, ’столь’ (жлоб., Мат. Гом.; тарн., Анім.), светлае ’верхняя частка рамачнага вулля’, рэч. ’вышкі’ (Мат. Гом.), рус. потоло́к, потоло́ка ’тс’. Фасмер (3, 345) найбольш імавернай лічыць версію паходжання гэтага слова з *потолъкъ, якое з тьло ’дно’ і ў якасці роднасных прыводзіць літ. pãtalas ’ложак’, ст.-прус. talus ’падлога’, ст.-інд. talam ’раўніна’, ст.-в.-ням. dilla ’дошка, масніца’, лац. tellūs ’зямля’, ірл. talam ’тс’ (аналагічна Траўтман, 321; Зубаты, AfslPh, 16, 417 і інш.). Пізані (RL, 1, 1950, 271) намагаецца вытлумачыць форму потолок з *полатокъ (якое з *полатъ — адпаведнік лац. palātum ’скляпенне’); Паэта (Atti della Ассаdemia nazionale dei Lincei, 359, серыя 8, Roma, 1973, 7–12) слова потолок выводзіць з *pod‑tolokъ, якое ад толо́чь ’таўчы’ — непераканаўча.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ву́сялка ’шнур для дзіцячай калыскі’ (брэсц., Нар. лекс.), ву́селкы ’почапкі’ (брэсц., З нар. сл.), гу́сялка ’адна з вяровачак, на якую падвешваецца калыска; вяроўка, якая прывязваецца абодвума канцамі да калыскі, служыць для калыхання нагою’ (драг., З нар. сл.), усялка ’тс’ (кобр., Нар. лекс.). Няясна; калі прыняць у якасці зыходнай форму з пачатковым в, то хутчэй за ўсё да во́сілка ’почапка, дужка (напр., у вядры)’, аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці ў адносінах вакалізму (пры тлумачэнні пераходу і або е ў я); пры зыходнай форме з г, магчыма, ад гу́сяць — «спешчанай» дзеяслоўнай формы да гу́шкаць ’калыхаць’; ’падкідаць’, тады формы з в у выніку змены ўспрынятага ў якасці пратэзы пачатковага г, параўн. вузы́р ’ніжняя частка снапа’ < гузы́р ’тс’ і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́пка 1, апе́лька ’пятля для кручка’ (Жд. 1), га́пка ’пятля ў адзенні’ (Сцяц. Словаўтв.), га́пка, гапе́лечка, гапе́лька ’пятля’ (Шатал.), га́пачка ’самаробны гузік; пятля’ (Сцяшк. МГ). Падрабязны агляд форм гл. Сцяц. Нар. лекс., 125. Сцяцко (там жа) лічыць, што бел. форма га́пка ўзята з польск. haptka ’тс’ (гэта з’яўляецца дыялектнай формай польск. haftka < ням.; аб этымалогіі гл. Слаўскі, 1, 390). Гэта магчыма, але можна лічыць зыходным і польск. haftka; на бел. глебе замена ф > п, што звычайнае ў слав. мовах. Параўн. га́птка, га́фтка.
Га́пка 2 ’свіны страўнік’ (Шатал.). Няясна. Магчыма, ад уласнага жаночага імя Гапка (ад уласных імён нярэдка ўтвараюцца назвы розных прадметаў, у прыватнасці назвы часцей цела). Параўн. укр. дыял. га́пка ’задняя частка цела, podex’ (Грынч.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ко́рань 1 ’падземная частка расліны’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’настой з кораня’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. корінь, рус. корень, ст.-слав. корень, балг. корен, серб.-харв. ко̏рен, славен. korȇn, польск. korzeń, чэш. kořen ’тс’. Да прасл. kor‑ьnь. Параўн. літ. kẽras ’куст, корань’ (Бернекер, 1, 570; Траўтман, 127).
Ко́рань 2 ’сядзіба’ (Мат. Гом., Яшк.). Да корань 1 (гл.). Семантычны перанос ’вытокі расліны’ > ’вытокі чалавека’ > ’родныя мясціны, сядзіба’.
Ко́рань 3 ’калодачны вулей’ (Сл. паўн.-зах., З нар. сл.). Сувязь з корань 1 становіцца зразумелай, калі ўлічыць, што яго значэнне ’настой з кораня’ і тое, што «Купяць карэнь — бадаян, натруць каранік (калодачны вулей. — B. M.), запах даваў, і пчолы сядуць» (Сл. паўн.-зах., 2, 414–415).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кут ’частка памяшкання, прастора паміж дзвюма сценамі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. паўн.-зах., Касп., Ян., Крачк., Нік. Очерки, Яшк., П. С., Маш., Хар., Бяльк., Сцяшк., Шушк., Мядзв., Грыг.). Укр. кут, рус. кут, балг. кът, серб.-харв. ку̑т, славен. kǫ́ty польск. kąt, чэш. kout, славац. kùt, в.-луж. kut, н.-луж. kut ’тс’. Прасл. kǫtъ ’вугал, закрытая прастора’ генетычна суадносіцца з прасл. kǫtati (гл. кутаць і хутаць) ’закрываць, хаваць’. Параўн. серб.-харв. ку̑т, ску̑т ’крысо’, чэш. kout ’полаг’, серб.-харв. ску̑т ’вантробы’, бел. кутыр ’бруха’, польск. kątnica ’сляпая кішка’. Генетычна суаднесеным з прасл. kǫtъ з’яўляецца ст.-прус. pokūnst ’закрываць, берагчы’. Магчыма, прасл. kǫtъ звязана са ст.-грэч. κοντός ’шэст’ і прасл. kǫtja ’хаціна, шалаш’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ветраго́н 1 ’прыстасаванне для ўтварэння моцнага патоку паветра’ (КТС, БРС), вітрагон ’прыстасаванне ў веялцы’ (Яўс.), укр. вітрого́н ’вентылятар’, рус. ветрогон: варон. ’флюгер’, урал. ’ручны вентылятар у шахце’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад вецер і гнаць (гл.). У прыметніка ветрагонны (мед.) першая частка ветра- (< вецер) ужыта ў пераносным значэнні ’газы’. Серб.-харв. ветро̀гон і вјетро̀гон ’падвей асаковы, Eriophorum, Cyperaceae’, балг. ветрогон ’сінегаловік’ утварыліся, відавочна, самастойна і не звязаны з бел. ветрагон 1.
Ветраго́н 2 ’легкадумны, пусты чалавек’ (КТС, БРС, Яўс., Растарг.), укр. вітрогон, рус. ветрогон, польск. даўн. wiatrogon ’вясёлы, дасціпны, легкадумны чалавек’, серб.-харв. ветро̀гоња ’пустаслоў, легкадум’, макед. ветрогон, балг. ветрогон ’тс’. Да вецер і гнаць (гл.). Узнікла ў выніку пераносу значэння па функцыі лексемы ветрагон 1. Сюды ж ветрагонка ’легкадумная жанчына’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ве́ха 1 ’знакі з лапак елкі, якімі ўзімку даказваюць дарогу’ (Сцяшк. МГ). Да вяха́ 1 (гл.).
Ве́ха 2 ’цыкута’ (лоеў., Мат. Гом.). Да вяха́ 2 (гл.).
Ве́ха 3 ’вехаць’ (светлаг., Мат. Гом.). Да вяха́ 3 (гл.).
Ве́ха 4 ’пладаносная частка сцябла проса’ (рэч., Мат. Гом.). Да вяха́ 4 (гл.).
Ве́ха 5 ’камета’ (Мат.), укр. віха́ ’тс’, бук. ві́ха (уст., рэдк.) ’прадвесце’, рус. сіб. веха́ ’вестка, навіна, паведамленне’. Да вяха́ 1 ’знак з саломы, галінак, жэрдкі, які папярэджвае аб чым-небудзь’. Тут адбыўся семантычны перанос: ’папераджальны, паведамляльны знак’ → ’прадвесце чаго-небудзь, напр., вайны’. Гэтаму дапамагае і знешняя форма: вяха часам выглядае, як мятла, бо замест саломы на шост надзяваюць дзяркач; параўн. укр. мітла́ ’камета’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Затво́р ’канструкцыя для закрывання і адкрывання апаратуры’ з рус. затвор ’тс’. Параўн. укр. затвор ’тс’, польск. zatwór ’прыстасаванне для замыкання’, чэш. zátvor ’прыстасаванне для закрыцця’, ’зняволенне’, славац. zátvor ’засаўка’, ’забарона распараджацца маёмасцю’, ’зняволенне’, славен. zatvór ’замок, затвор у млыне’, серб.-харв. за́твор ’турма’, ’закрыванне’, балг. затво́р ’турма’, ’частка агнястрэльнай зброі’. Ст.-слав. затворъ ’замок, засаўка’. Ст.-рус. затворъ, затвора ’замок, засаўка’, ’асада, турма, прабыванне ў турме’, ’дзверы, вароты’. Спецыялізацыя значэння адбывалася, відаць, у рус. мове, хаця агульная база яго была ўжо ў прасл. Прасл. zatvorъ утворана з чаргаваннем галоснага ад zatverti, дзе ‑t‑ адцягнена ад otverti, а корань ver‑ той самы, што ў верая (гл.). Фасмер, 2, 82; Шанскі, 2, З, 67–68.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спод ‘ніз, ніжняя частка чаго-небудзь; бок прадмета, процілеглы яго верху; дно чаго-небудзь; адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., ТС), ‘под печы’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ‘падэшва’, ‘насціл’ (Сл. ПЗБ), ‘з-пад’ (ТС), ‘ніц, адваротны бок тканіны’ (Гарэц.), спо́дак ‘ніз’ (Нас.), сюды ж спо́дні ‘ніжні’ (Нас.), ‘ісподні, нацельны’ (Байк. і Некр.), сподо́ве ‘ніжні слой сена, саломы ў стагу, скірдзе’ (Сл. Брэс.). Укр. спід, спо́ду, рус. испо́д, стараж.-рус. исподъ, польск. spód, в.-луж. spod. З *jьzpodъ ад прасл. *jьz ‘з’ і *podъ (гл. под); Борысь, 570. Гл. іспод; сюды ж спо́дкі, спо́дка ‘вязаныя рукавіцы’ (Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк.), гл. таксама ісподка, іспо́дні (дыял. спо́нні, спуо́дні).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ствол ‘надземная частка дрэва ад каранёў да верхавіны’, ‘сцябло’, ‘камель’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘цэнтральны корань у дрэве’ (ТС), ствалі́на ‘руля (у стрэльбе)’ (Нік. Очерки), цвол ‘тс’ (там жа), ство́льны ‘сцяблісты’ (Бяльк.). Рус. ствол ‘тс’, ц.-слав. стволие ‘крапіва’, в.-луж. stwółk ‘сцябло’, н.-луж. stwoł ‘сабачая пятрушка’, чэш. stvol ‘сцябло’, славен. stvȍl ‘асака’, серб.-харв. цво̀лика ‘сцябло цыбулі’, балг. дыял. ствол ‘балігалоў’, цвол ‘сцябло’. Выводзяць з *stьbolъ, якое роднаснае сцябло (гл.). Гл. Міклашыч, 327; Младэнаў, 608; Махэк₂, 591; Шустар-Шэўц, 1373; Фасмер, 3, 749 з іншай літ-рай; Дзімітрова–Тодарава, Этимология–2003–2005, 49–50. Сюды ж, відаць, ство́лак ‘вільчык, сасновы кругляк’ (Пятк. 1) — ад сво́лак ‘вільчык’ пад уплывам ствол.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)