Патало́к, потоло́к, патоло́ка, ’столь’ (жлоб., Мат. Гом.; тарн., Анім.), светлае ’верхняя частка рамачнага вулля’, рэч. ’вышкі’ (Мат. Гом.), рус. потоло́к, потоло́ка ’тс’. Фасмер (3, 345) найбольш імавернай лічыць версію паходжання гэтага слова з *потолъкъ, якое з тьло ’дно’ і ў якасці роднасных прыводзіць літ. pãtalas ’ложак’, ст.-прус. talus ’падлога’, ст.-інд. talam ’раўніна’, ст.-в.-ням. dilla ’дошка, масніца’, лац. tellūs ’зямля’, ірл. talam ’тс’ (аналагічна Траўтман, 321; Зубаты, AfslPh, 16, 417 і інш.). Пізані (RL, 1, 1950, 271) намагаецца вытлумачыць форму потолок з *полатокъ (якое з *полатъ — адпаведнік лац. palātum ’скляпенне’); Паэта (Atti della Ассаdemia nazionale dei Lincei, 359, серыя 8, Roma, 1973, 7–12) слова потолок выводзіць з *pod‑tolokъ, якое ад толо́чь ’таўчы’ — непераканаўча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)