Валасажа́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, Плеяды’ (Бяльк.). Іншыя назвы вісыжар, валоскі, валосны, стажары (гл.). Рус. волосожары, стожары, висожары, тул. сожар, сажар ’тс’, укр. волосожар, ц.-слав. власожельць, власожелишти, власожилишти, власожалицѧ ’тс’ (Сразн., 1, 270), серб.-харв. вла̏шићи ’тс’. Апошняе Міклашыч (394) звязвае з волох, влах, старой назвай раманскіх народаў. Наяўнасць назваў тыпу валоскі, валосны, рус. волосыни, ст.-рус. волосыни ’тс’ дало падставу звязаць назву сузор’я з волас (Праабражэнскі, 1, 93; Фасмер, 1, 343; Рудніцкі, 1, 469; Скок, 3, 609). Такім чынам, існавалі, відаць, дзве назвы Плеяды — ад волас і ад стажара (Фасмер, 3, 764), якія былі збліжаны і кантамінаваны. Вісыжар, магчыма, з’яўляецца другасным утварэннем, узнікшым у выніку змешвання валасы і вісы, віскі ’валасы на скронях’ (версія В. У. Мартынава).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вары́ць1 ’варыць’. Ст.-рус., ст.-слав. варити, рус. вари́ть, укр. вари́ти, польск. warzyć, чэш. vařiti, балг. варя́, серб. ва́рити і г. д. Прасл. *variti varʼǫ ’тс’. Утварэнне ад і.-е. двухскладовай базы *u̯erē‑ ’бурліць, кіпець’: лат. vàrît ’варыць, кіпець’, літ. vìrti ’кіпець’, лат. viȓt ’тс’ і г. д. База *u̯erē‑ дала ў прасл. мове шматлікія вытворныя з аблаутам вакалізму: *verdlo ’крыніца’, *jьzvorъ ’тс’, *varъ ’вар; гарачыня; варэнне’ *vьrěti ’кіпець’, *virъ ’вір; кіпенне’ і да т. п. (Траўтман, 360; Мейе, MSL, 9, 146; Фасмер, 1, 273; Махэк₂, 702–703).

Вары́ць2 ’моцна грэць (аб сонцы)’ (Некр., Інстр. I); ’парыць (аб надвор’і)’ (Клім.). Рус. дыял. вари́ть ’тс’. Гэта значэнне выводзіцца ад некаторых праславянскіх. Параўн. *varъ ’жар’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вата́га ’ватага’ (Др.-Падб.); ’арцель сплаўшчыкаў’ (Кольб.). Укр. вата́га ’атрад, натоўп; атара, чарада’. Ст.-рус. ватага ’шацёр, палатка, жыллё качэўнікаў’, рус. вата́га ’натоўп; статак, чарада, стая; рыбалавецкая арцель; месца промыслу, сяліба рыбакоў; рыбацкая хатка; сям’я і г. д.’ Старое запазычанне з цюрк. моў (ст.-чуваш. *våtaɣ, *uotaɣ, ст.-цюрк. otaɣ ’палатка; пакой; сям’я’; параўн. і тур. oda, odak ’пакой, хата’) (Меліаранскі, ИОРЯС, 10, 4, 118 і далей; Корш., AfslPh, 9, 659; Младэнаў, 58; Фасмер, 1, 278). Іншыя тлумачэнні пераконваюць менш: 1) запазычанне з паўн.-цюрк. vataga (гэта хутчэй само запазычанне з рус.; гл. Фасмер, там жа, там і літ-ра); 2) запазычанне з рум. vătaş ’стораж’ (літ-py гл. Фасмер, 1, 278). Параўн. яшчэ Шанскі, 1, В, 23–24.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Весць ’паведамленне, вестка’ (КТС, БРС, Яруш.), весьць ’весці, навіна’ (Бяльк., Кр.), укр. вість, рус. весть ’тс’, ст.-рус. вѣсть ’вестка, навіны, чуткі; плёткі; знак, сігнал’, ст.-слав. вѣсть, польск. wieść ’паведамленне, вестка; легенда, паданне’, каш. vjesc, н.-луж. wěsc ’(па)знанне, веды, вестка’, в.-луж. powěsć ’паведамленне, вестка’; ’аб’ява, плёткі, слава’, чэш. věst (< рус. весть), славац. кніжн. уст. vesť, славен. vẹ̑st ’уменне, веданне’, серб.-харв. ве̑ст, vȉjest ’паведамленне, вестка, чутка’, макед. вест, балг. вест ’тс’. Прасл. лексема, якая ўтварылася пры дапамозе суф. ‑tь, далучанага да асновы věd‑ (< věděti): věd‑tь > věttь > věstь (Фасмер, 1, 304; Праабражэнскі, 1, 108; Шанскі, 1, В, 75; Траўтман, 338; БЕР, 1, 137). Роднаснае са ст.-інд. vitti‑, авест. visti (< і.-е. *woidti‑s).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апо́ўзлы ’аблезлы’ (Янк. БП, 467, Касп., Янк. I, Янк. Мат.); у выразе жаба апоўзлая (варыянт — жаба аблезлая — Янкоўскі, докт. дыс., 1, 188) указвае на нікчэмнасць чалавека. Апоўзлік ’нязграбны, нікчэмны, слабы, закажанелы чалавек’ (Мядзв., Інстр. III, Янк. Мат., Касп.), ’нязграбнае, непаслухмянае дзіця’ (Мядзв., Янк. Мат., Сцяц.); апо́ўзіна ’неахайны чалавек’ (Сцяшк., Янк. II). Параўн. ст.-рус. опълзти ’апляшывець’. Выключна беларускія пераносныя значэнні даюць уяўленне аб жабе пасля лінькі (параўн. рус. выползина, выползок ’скурка жывёлы пасля лінькі’; выползень ’насякомае, якое выпаўзла з лічынкі’, ’цёмны чалавек, які з’явіўся невядома адкуль’) ці аб абвіслым, азызлым, лысым чалавеку (параўн. рус. оползень ’аблезлае футра’, славен. opolzniti ’аблысець’). Нельга цалкам адкінуць і магчымасць іншага семантычнага развіцця, зафіксаванага ў чэш. oplzlý слізкі’, адкуль ’бессаромны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аса́да1 ’рама, аснова акна, воза, сельскагаспадарчых прылад; драўляная частка сякеры’, ’паліца каля акна’, матэрыял для рам’ (Янк. II). Укр. осада ’ложа ў ружжа’, ’аснова воза’, ’частка (аснова) млына’. Аддзеяслоўны назоўнік ад слова асадзіць ’змясціць нешта на месца’ (параўн. рус. у Даля асаживать токарные колодочки ’стаўляць іх у калодкі, ручкі’).

Аса́да2 ’аблога’, стар. ’сядзіба, пасяленне, умацаванае месца’ (Нас., Гарб.), дыял. насаджэнні вакол сядзібы, саду’ (Янк. II). Рус. осада (ваен.), укр. асада ’сядзіба’, ст.-рус. осада ’аблога; абарона ўмацаванага месца, пасяленне’. Польск. osada ’пасяленне, сядзіба, асада, калонія, група людзей’, чэш. osada ’пасяленне, калонія, група людзей’, славац. osada ’пасяленне, калонія’, в.-луж. wosada ’абшчына, калонія’. Паўночнаславянскае бязафікснае ўтварэнне ад дзеяслова асаджвацца ’сяліцца’, адкуль развіццё іншых значэнняў, у тым ліку ваеннага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жах ’жуда, страх’, ’удар’. Рус. кур., паўд., укр. жах ’тс’. Параўн. польск. żachnąć się ’здрыгануцца’, żachliwy ’баязлівы’, чэш. žas ’жах’, рус. ужас. Ст.-слав. оужасъ, ст.-рус. ужасъ, ц.-слав. жасати, жасити, жаснѫти (Міклашыч, Lex. paleosl.). Праз чаргаванне галосных суадносіцца з гасіць (гл.). Значэнне гасіць ’удараць’ паказвае, што жах ’удар’ не асобнае гукапераймальнае слова (ТСБМ, 2, 255), а развіццё аднаго значэння (параўн. знач. польск. ’уздрыгнуцца’). Да і.-е. *g​es ’тушыць’ (Покарны, 1, 479); гоц. ugaisjan, літ. gąsti ’пужаць’ (гэтыя паралелі патрабуюць пэўных удакладненняў). Фасмер, 2, 36; Праабражэнскі, 1, 471; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 36. Пра паходжанне ‑х‑ у жах як паралель да страх (дзе s < *ks) пісаў Эндзелін, Слав.-балт. эт., 70 = Darbu, 2, 230–231.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́рсткі (ТСБМ), жо́сткій (Нас.). Рус. жесткий, дыял. паўд. жёрсткий ’жорсткі’, укр. жорсткий ’жорсткі, суровы’. Ст.-рус. жестый ’жорсткі’, жестокий ’жосткі, суровы’. Ст.-слав. жест‑ (у складаных словах). Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 288), рус. жесткий, як і жестокий, запазычана са ст.-слав. Фасмер (2, 50) гэта не лічыць. Слав. *žest‑ звязана, відаць, з с.-в.-ням. kes ’цвёрды грунт, глетчар’, ст.-ісл. kǫs ’куча (камення)’, ст.-ірл. gall ’камень’ (?). Праабражэнскі, 1, 231; БЕР, 1, 538. Міклашыч (410) параўноўваў з коранем *žeg‑, абапіраючыся на дыял. жегче ’больш жорстка’. Скок (3, 667) дапускае такую магчымасць побач з папярэдняй. З’яўленне ‑p‑ у бел., укр. пад уздзеяннем шорсткі (гл.), якое магло ўплываць і на значэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Затво́р ’канструкцыя для закрывання і адкрывання апаратуры’ з рус. затвор ’тс’. Параўн. укр. затвор ’тс’, польск. zatwór ’прыстасаванне для замыкання’, чэш. zátvor ’прыстасаванне для закрыцця’, ’зняволенне’, славац. zátvor ’засаўка’, ’забарона распараджацца маёмасцю’, ’зняволенне’, славен. zatvór ’замок, затвор у млыне’, серб.-харв. за́твор ’турма’, ’закрыванне’, балг. затво́р ’турма’, ’частка агнястрэльнай зброі’. Ст.-слав. затворъ ’замок, засаўка’. Ст.-рус. затворъ, затвора ’замок, засаўка’, ’асада, турма, прабыванне ў турме’, ’дзверы, вароты’. Спецыялізацыя значэння адбывалася, відаць, у рус. мове, хаця агульная база яго была ўжо ў прасл. Прасл. zatvorъ утворана з чаргаваннем галоснага ад zatverti, дзе ‑t‑ адцягнена ад otverti, а корань ver‑ той самы, што ў верая (гл.). Фасмер, 2, 82; Шанскі, 2, З, 67–68.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збаўля́ць ’вызваляць, ратаваць’ (Нас.). Рус. избавлять ’тс’, укр. збавляти ’змяншаць, траціць’, параўн. вибаваляти ’ратаваць’, польск. zbawiać ’вызваляць, ратаваць’, ’адабраць’, чэш. zbaviti, славац. zbaviť, славен. izbáviti, серб.-харв. ѝзбављати, балг. изба̀вям, макед. избави. Ст.-слав. избавлꙗти. Ст.-рус. избавляти. Ст.-бел. избавляти, збавляти (Скарына). Параўн. ст.-бел. выбавити (Скарына). Наяўнасць паралельнай формы з вы‑ дае падставу лічыць рус. избавить стараславянізмам (Шанскі, 2, И, 19). Узвышаная семантыка, чаргаванне збавіцьзбавляць у карысць ст.-слав., а не польск. паходжання бел. лексемы. Разам з тым нельга выключыць агульнаслав. і прасл. характар лексемы. Jьz‑bav‑i‑ti прэфіксальнае ўтварэнне; bav‑ — каўзатыў да byti. Гл. бавіцца, быць, Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 219–220; БЕР, 2, 16; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 101.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)