Жа́гва ’грыб Piptoperus або іншыя з сям’і Polyporaceae, губа; трут’ (бяроз., Шатал.; тураў., КСТ). Польск. żagiew ’грыб Polyporus’; параўн. рус. кастр., уладз., маск. жа́гра, жагара ’тс’ (СРНГ, Іванова), серб.-харв. же̑г ’трут’. Паводле Міклашыча (406), польск.славац. žahev, якое, аднак, не пацвярджаецца SSJ і Калалам) і рус. словы ўзыходзяць да слав. кораня *žeg‑. Гэта прымаюць Брукнер, 664; Фасмер, 2, 32–33. Гараеў (105) побач з гэтым прыводзіць балт. паралелі са значэннем ’галлё’ (гл. жага́ры), а Праабражэнскі (1, 220) адзначае няяснасць утварэння. Бел. і польск. формы ўказваюць на прасл. аснову на (параўн. Бернштэйн, Чередования, 232–234, дзе шэраг прыкладаў назваў раслін на *‑ū: *bruky, *bъty, *klʼuky, *bolgy ’баравік’ і інш.). Этымалогія і словаўтваральная мадэль слоў на *‑ū часта няясныя, шэраг з іх запазычаныя (*pigy, *bruky, *tyky), ёсць і аддзеяслоўныя (*stęgy ’раменьчык для абутку’ і інш.). Лучыц-Федарэц (Бел.-польск. ізал., 80–81) лічыць, што бел.-польск. паралель (Тарнацкі, Studia, к. 77) адлюстроўвае ўплыў балт. словаўтваральнай мадэлі (літ. degtùvas ’запал, запальнік’ пры dègti ’паліць’), што не зусім пераканаўча, бо не тлумачацца шляхі і магчымасці такога ўплыву. Паколькі пашырэнне слова паўн.-слав., магчыма, трэба ўлічыць рус. чага ’жагва’ < комі тшак ’тс’ (Фасмер, 4, 310; Мацвееў, Финно-угор. заимствования, 37), хаця слова вядома і на Палессі (Ніканчук, Матеріали, 62), а таксама суадносіны čs у фіна-ўгор. мовах (Основы финно-угорского языкознания, 122–124) пры пошуку крыніцы слав. кораня. Няясна. Ст.-бел. жакгва, жакгев ’галавешка, факел’ < польск. żagiew ’тс’ (Булыка, Запазыч., 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жур ’негусты аўсяны кісель’ (ТСБМ), журы́ха ’тс’, журэнька ’ўха’ (Касп.), жур ’назвы розных рэдкіх страў’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал., пск., цвяр. жур ’тс’, укр. жур ’тс’ (Жэлях.), польск. żur ’суп на аўсянай ці жытняй заквасцы або такая закваска’, серб.-луж. žur ’кіслае цеста, квас’, чэш. дыял. žur ’гразь, асадак’ < ’кісель’ (Махэк), славен. žȗr ’сыроватка’. Ст.-рус. журъ ’рэдкая страва’ (з XVI ст.). Паводле Брукнера, 669, Більфельдта, Die deutsche Lehnwörter im Obersorbischen, Leipzig, 1933, 297; Махэка₂, 731; Трубачова, Slavia, XXIX, 1960, с. 16, зах.-слав. < с.-в.-ням. sûr ’кіслае цеста’ (суч. ням. sauer ’кіслы’). Лідэн (IF, 19, 344), Бернекер (IF, 10, 156) прымаюць слав. паходжанне, да гэтага асцярожна схіляецца Фасмер, 2, 67. Супрун (Бюлетин за съпоставително изеледване на българския език с други езици, 1976, 5, 78–79) звяртае ўвагу, з аднаго боку, на наяўнасць у н.-луж. (паводле Мукі) у словах гэтага кораня паралельна са значэннем ’кіслаты’ значэння ’цяжкасці’, напр., žuriś se ’скісаць; гневацца’ і г. д., а з другога боку, на наяўнасць слоў са значэннем ’едкі’ ў чэш. мове на базе кораня žír < *žur‑ і слова журавіна ’кіслая ягада’. Магчыма, хаця і не абавязкова, што ў некаторых слав. семантычных адгалінаваннях слова жур адбываецца семантычнае ўзаемадзеянне запазычанага і слав. кораня. Для параўнання Фасмер прыводзіць нарв. køur ’вязкая сырная маса’, kjōre ’сыр у першай стадыі, калі малако яшчэ не закіпела’. Параўн. журэць, журыцца. Калекцыю дыял. значэнняў дае Козыраў, Очерки по сравнительно-исторической лексикологии русского і белорусского языков, 1970, с. 154.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́гала1 ’востры металічны прут, якім прапякаюць дзіркі ў дрэве, косці’ (ТСБМ), жага́ла (Янк. II, Нар. сл., 225). Рус. дыял. сіб., пск., смал., самар., валаг. жига́ло, жага́ло, укр. жигало, польск. żegadło, в.-луж. žahadło ’тс’, н.-луж. уст. żegadło, žygadło ’шып, восць, джала’, славен. žigálo ’металічны прут для выпальвання’. Параўн. балг. жѐгъл (жьо̑галь) ’жыгала’, ’кол’, макед. жегла, жегол ’жыгала’. Ст.-рус. жигало, жегало ’кадзільніца’ (XII ст.), ’жыгала’ (XVI ст.). Відаць, яшчэ прасл. утварэнне ад *žigati, *žegati з суфіксам *‑dlo, мяркуючы па рус., укр., польск., в.-луж., славен. паралелях, ужо ў прасл. мела знач. ’прут для прапякання’ (магчыма, побач з іншымі значэннямі). Зыходнае значэнне дзеяслова ’абпальваць, апякаць’ адлюстроўваецца і ў суч. бел. жыгаць (гл.), суфікс меў інструментальнае значэнне (Мейе, Études, 315–318).

Жы́гала2 ’джала’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. смал., пск., цвяр., наўг., ленінгр., кастр., ярасл., валаг., арханг., паўн. дзвін, жи́га́ло, цвяр., пск. жага́ло ’тс’, укр. жига́л ’ўсё вострае’ (Жэлях.), н.-луж. уст. žegadło, žygadło ’шып, восць, джала’, в.-луж. žahadło ’джала’, чэш., славац. žihadlo ’джала’. Прасл. інструментальны назоўнік з суф. *‑dlo ад дзеяслова *žigati, *žegati, як і жыгала1. Зважаючы на пашырэнне ў бел., рус., серб.-луж., чэш., славац., значэнне мела паўн.-слав. распаўсюджанне і магло асноўвацца на значэннях дзеяслова жыгаць (гл.) ’апякаць > калоць > кусаць’, адлюстраваных і ў сум. бел. Нельга, аднак, выключаць магчымасць пераносу яшчэ ў паўн.-слав. з назвы металічнага інструмента на джала, але гэта здаецца менш верагодным. Жыгадла (Сл. паўн.-зах.) з польск. żegadło дыял. ’джала’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кіда́ць ’кідаць, пакідаць’ (Нас., Яруш., Касп., Ян., ТС), ’садзіць (бульбу)’ (Ян., Шат.), ’складаць стог’ (Выг., Маш., КЭС, лаг.), ’пакідаць на гадоўлю’ (Жд. 2). Укр. кидати, рус. кидать ’тс’, ст.-слав. искыдати ’выкідваць’, балг. кидам ’кідаць’, кина ’рваць’, серб.-харв. ки̏дати ’рваць, чысціць’, славен. kidati ’выкідваць, ачышчаць’, польск. kidać ’кідаць’ (польск. kidać мае яшчэ значэнне ’капаць, пра густую вадкасць’), чэш. kydati ’кідаць (гной)’, славац. kydať ’тс’, в.-луж. kidać ’высыпаць, выліваць, раскідаць (гной)’, н.-луж. kidaś ’тс’. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: ст.-ісл. skióta ’кідаць, страляць’, ст.-англ. scēotan ’тс’, ст.-в.-ням. sciozan ’кідаць; страляць; хутка рухаць’. Гэта супастаўленне дазваляе аднавіць і.-е. *(s)keu̯d‑. Прасл. kydati — ітэратыў ад *kud‑. Аднак супраць гэтай рэканструкцыі іншыя паралелі: літ. šáuti ’страляць; штурхаць; хутка рухаць’, лат. saũt ’хутка рухаць у вызначаным напрамку’, saut ’страляць’, літ. šáudyti ’страляць (шматразовае дзеянне)’, šaudỹkle ’страла’. Супастаўленне дзвюх лексічных груп сведчыць аб іх роднаснасці, але тады мы павінны вызначыць два варыянты архетыпа: *(s)keu̯d‑ і *(s)k̑eu̯, якія, аднак, можна аб’яднаць у *(s)k̑eu̯(d), дзе d‑, магчыма, суфікс асновы цяперашняга часу, якая замяніла старую атэматычную аснову. У гэтым выпадку наглядаецца рэгулярная рэфлексацыя індаеўрапейскага пачатку *(s)k̑ як (s)k або (Мартынаў, Слав. акком., 156). Параўн. Покарны, 955–956; Фасмер, 2, 230; Слаўскі, 2, 137; ЕСУМ, 2, 429–430.

Кідаць ’уводзіць аснову ў бёрда’ (Нар. сл.), кідаць у бёрда ’працягваць у бёрда ніткі асновы’ (Жыв. сл.), кідаць у ніт ’працягваць праз ніт ніткі асновы’ (Жыв. сл., КЭС, лаг.). Гл. кі́даць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагожы, лаґожы, лагошы, лого́шы, лоґошы́, лаґошы, лагяшы́ ’сані-развалкі для перавозкі грузаў, розвальні’ (ТС, ТСБМ, Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’вялікі воз для возкі сена, снапоў’ (Касп.), ’лёгкія сані’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), бярэз. ’выязныя сані’ (Сл. паўн.-зах.), ’сані з надбудаванай скрыняй або возам для перавозу тавараў’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), ’доўгія палкі, якія ўстаўляюцца ў драбіны воза, каб больш палажыць снапоў’ (Сіг.), ’прыстасаванне для пашырэння саней’ (Нар. сл., З нар. сл.), ’рама для воза, саней’ (Сл. паўн.-зах.), ’старыя, паламаныя сані’ (Нар. сл.), лагоша ’воз з бакавымі дошкамі замест драбін’, лаґажы́ ’драўлянае прыстасаванне з палазамі для транспарціроўкі сельскагаспадарчых прылад’ (Сл. паўн.-зах.). З такой семантыкай толькі беларускае. Pluralia tantum пад уплывам сані. Узыходзіць да венг. lógós ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’свабодны, які свабодна звісае’, lógó ’тс’, ’дышаль, да якога запрагаюць дадатковага каня’. З тымі ж значэннямі ўжываецца гэта слова ў серб.-харв. (ло́гов), балг. (ло́гой) і славац. (logoš) мовах. У ст.-польск. łogosz (з XVII ст.) азначае ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’лаўка ззаду воза, саней для гайдука’. Апошняе значэнне і ў ст.-бел. лагошъ, локгошъ. Паводле гэтага Булыка (Запазыч., 191) выводзіць бел. лексему са ст.-польск. Гл. таксама Міклашыч, 172; Бернекер, 727; Брукнер, 310; Скок, 2, 313; MNy, 2, 60, 370. Балтыйскі адпаведнікі, дадзеныя А. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 604) да лагошы, а іменна літ. lùgės ’благія сані ці воз з кузавам’, lùgnios ’прыгожыя сані’, супадаюць толькі семантычна, таму што нельга растлумачыць агульнасць вакалізму кораня. Фрэнкель (1, 388) суадносіць іх з lubà ’стальнічына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапа́та, лопа́та ’драўляная ці металічная прылада з дзяржаннем і шырокім ніжнім канцом для капання зямлі, зграбання збожжа, саджэння хлеба ў печ, для расчысткі снегу’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Касп., Шат., Яруш., Бес., Бяльк., Сцяшк.), ’вертыкальная частка прасніцы, да якой прывязваецца кудзеля’ (Уладз.), ’прылада (дошчачка) для выраўноўвання саломы на страсе’ (Шушк.; паст., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр., рус. лопа́та, польск. łopata, палаб. lüpotǝ ’лапатка’, н.-луж. łopata, klěbowa łopata, в.-луж. łopata, hopata, opata ’хлебная лапата’, łopač ’лапата’, чэш. lopata, lopač, lopař, славац. lopata, славен. lopáta ’лапата’, ’вясло’, ’лапатка’, серб.-харв. ло̀пата, чак. lopȁta, макед. лопата, лопа́та, лупа́та, балг. лопата, ст.-слав. лопата ’лапата, шуфель’, ’вясло’. Прасл. lopata паводле марфалагічнай будовы ўяўляецца як адыменны (вельмі стары, першасны) прыметнік на ‑at‑ъ, ж. р. ‑at‑a (Мее, 291), утвораны ад лексемы lop‑ъ ’ліст’, роднаснай да літ. lãpas, лат. lapa ’ліст’ (гл. ла́па2). Семантыка лексемы lopata заключала ў сабе прыкмету з наяўнасцю знешняй рысы, а іменна формы ліста. Вельмі яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца дэфініцыя славен. lopáta ў SSKJ (2, 640): orodje s širokim listom in dolgim držajem… Роднаснымі для прасл. lopata з’яўляюцца літ. lópeta, lopetà ’лапата’, ’лемех’, ’лапатка’, лат. lâpsta, lāpusta ’лапата’, ’лапатка’, прус. lopto ’лапата’. Больш падрабязна гл. Бернекер, 732–733; Буга, Rinkt, 1, 312–313; Брукнер, 312; Траўтман, 149–150; Младэнаў, 279; Фрэнкель, 339–340; Мюленбах-Эндзелін, 2, 240; Фасмер, 2, 518–519; Слаўскі, 5, 193–196; Скок, 2, 318–319 і інш. Махэк₂ (339) рэканструюе прасл. форму як lapeta.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́яць, ла́іць ’гаўкаць’, ’сварыцца, зневажаць, крычаць на каго-небудзь абразлівымі словамі’, ’ганьбіць, бэсціць’, ’дакараць, рабіць вымову’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Касп., Шат.; горац.-маг., паўн.-усх., КЭС, Сл. паўн.-зах.), лаяцца, лайіцца ’адзін аднаго зневажаць брыдкімі словамі’ (КЭС, лаг.), ’сварыцца’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.), ’скардзіцца, наракаць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. лаяти ’сварыцца, ганіць’, але ла́я, лая́ ’гайня сабак’, рус. лаять ’брахаць, гаўкаць’, ’выць (пра ваўка)’, ’квакаць’ (аб жабе), ст.-рус. лаяти ’гаўкаць’, ’сварыцца’, ’злавацца, юшыцца’. Польск. łajać ’сварыцца, праклінаць’, паўн.-каш. łajać ’гаўкаць’, славін. łai̯ac ’сварыцца’, ’гаўкаць’, ’балбатаць’, чэш. láti ’сварыцца’, (а значэнне ’гаўкаць’ запазычана паэтамі з рус. мовы), н.-луж. łajaś ’гаўкаць’, ’сварыцца’, славен. lájati, серб.-харв. ла̏јати, макед. лаам, балг. лая ’гаўкаць’, ’сварыцца, ганіць’, ’пляткаваць’, ст.-слав. лаꙗти ’гаўкаць’, ’ганіць, знеслаўляць’. Прасл. lajati генетычна суадносіцца з літ. lóti ’гаўкаць’, лат. lāt ’тс’, ст.-інд. rā́yti ’гаўкае’, асец. ræin, ст.-грэч. λαίειν, лац. latrāre ’гаўкаць’, алб. leh ’гаўкаю’, ірл. líim ’абвінавачваю’, арм. lam ’плачу’, гоц. laílōun ’яны ганьбяць’ (Фасмер, 2, 468–469; Слаўскі, 4, 432–433 з літаратурай; Шустэр–Шэўц, 10, 759–760). Махэк₂ (321) адрознівае два дзеясловы láti: ’сварыць’, якое ён суадносіць з лат. rāt ’ганіць’, і ’гаўкаць’, якое з прасл. lajati. Скок (261–262) і Жарскі (RKJWroc., 9, 185) прасл. lajati выводзяць з і.-е. la — анаматапеічнага гуку для выражэння паняцця ’гаўканне сабакі’. Сюды ж лаянка ’сварка’ (Гарэц., Касп., Бяльк., Шат., ТСБМ) — бел.-укр. ізалекса < ла́ены ’ганебны’ (Нас.). Польск. даўн. łajanka ’лаянка’ з бел. мовы (гл. Слаўскі, 4, 434).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луб1 ’валакністая частка кары дрэў’, ’палоска кары ліпы, вяза’, ’кош, каробка’, лубі́на ’тоўстая кара з ліпы’, лубʼе, лубі́на старая — са знявагай аб старых людзях (ТСБМ, ТС, Бес., Бяльк., Касп., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.). Укр. луб, бойк. луба, лупа, рус. луб, польск., н.- і в.-луж. łub, чэш., славац. lub, славен. lȗb, серб.-харв. лу̑б, lȕb макед., балг. луб. Прасл. lubъ ’кара з дрэў і вырабы з яе’, генетычна роднаснае да літ. lùobas ’кара з елкі ці ліпы’, lùbos ’столя’, lubà ’дошка’, ст.-прус. luba ’дошка’, лат. luobs ’лушпіна’, luôbît ’лупіць, лузгаць’, алб. labë ’кара, корак’, ст.-ісл. laupr, ст.-англ. lēap ’буч, кошык’, лац. liber < *lubro ’лыка, кніга’ (параўн. ст.-пск. лубъ ’грамата’ — Філін, Происх., 611). Да і.-е. *loub(h)‑o < leub(h)‑ ’здзіраць кару, лыка; лупіць, лускаць’ (Фасмер, 2, 526–527; Слаўскі, 5, 269; Скок, 2, 322–323; Махэк₂, 342; Бязлай, 2, 153; Шустар-Шэўц, 11, 782–783).

Луб2 ’драўляная абечайка вакол каменя ў жорнах ці млыне’ (Кліх, Тарн.), ст.-польск. łub (XVI ст.), н.-луж. łub, ст.-чэш., славац. lub, балг. луб ’тс’. Магчыма, яшчэ прасл. lubъ з тым жа значэннем. Да луб1 (гл.).

Луб3 ’задняя частка бота’ (брэсц., Тарн.). Відаць, з польск. зах.-прус., кялецк., кракаўск. łub ’тс’, łuba ’цвёрдая і крохкая падэшва’. Да луб1 < прасл. дыял. lubъ, luba (Слаўскі, 5, 270).

Луб4 ’накрыўка для чоўна’ (гродз., Нар. сл.). Да луб1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віс1 ’назва травы’ (Мат.). Карскі (Труды, 479) лічыць слова толькі палескім, супастаўляючы яго з варыянтам віш; параўн. лун. віш ’трава другога ўкосу’, петрык. ’подсціл’ і бяроз. выша́р ’тс’ (Шатал.). Адпаведнікі знаходзім у гаворках польскай моўнай тэрыторыі: wis//wisz ’чарот, Scirpus L.’, wis ’аер, Acorus L.’; ’від кіслай травы (асака?)’; ’мокры з чаротам луг’, wisowata łąka ’благое сена’, wiszowaty (аб сене) ’тс’, н.-луж. wis ’чарот’, а таксама ў славенкай мове: víš ’асака, Carex L.’, серб.-харв. виш ’расліна’. У гэту групу ўваходзіць і палес. вішар (гл.), драг. выше́р ’старая, у свой час не скошаная трава, якую выкарыстоўваюць пераважна для подсцілу’, сюды ж укр. виш ’тс’, виша́р ’леташняя трава’, польск. wiszar ’гушчар, нетры, зараснік’, рус. кур. виш ’кусты, купіны ў паплавах, зарослыя леташняй травой’, калін., сіб. виша ’губка, Bodiaga fluviatilis et lacustris’. Відавочна, звязана з літ. viksvà ’асака’, vìkšris ’сіт, Jungus L.’, прус. wissene ’трава’, weysigis ’луг’, ням. Wiese ’луг’, ст.-ісл. veisa ’іл’ (Брукнер, 624–625).

Віс2 ’вісячае становішча цела гімнаста пры гімнастычных практыкаваннях’ (КТС), укр. вис, рус. вис, чэш., славац. vis, в.-луж. wis, польск. zwis, балг. вис ’тс’. У рускай мове гэта новая лексема (ССРЛЯ, 2, 389), якая паходзіць з чэш. мовы (КЭСРЯ, 63). Бел. слова запазычана з рус. мовы. Да вісе́ць (гл.).

Віс3 ’тое, што вісіць’ (палес., Маш.), магчыма, в.-луж. wis ’схіл, склон, адхон, навісь, правес’. Палес. слова з’яўляецца (у фальклоры) дэсемантызаваным прасл. visъ. Да вісе́ць (гл.).

Віс4 ’мера вагі (для солі)’ (Кольб., 52, 78). Відавочна, да віс3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)