Трам ’апорная бэлька ў хаце пад столлю’ (Бяльк., Байк. і Некр., В. В., Мат. Гом., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.; гродз., мін., мсцісл., ельск., ЛА, 4), ’падоўжная бэлька, якая падтрымлівае папярочныя’ (Пятк. 2, Сцяшк., Шушк., ТС), ’ствол дрэва’ (Мат. АЛА), ’кіль’ (Некр. і Байк.), ’калок’ (Яруш.), трамкі́ ’апошнія вянкі зруба’ (ельск., ЛА, 4), тран ’апорная бэлька’ (іўеў., слонім., рэч., ЛА, 4), прам ’тс’ (лун., там жа), отра́м, атра́м ’тс’ (бяроз., чашн., там жа), штрам ’тс’ (брасл., шарк., глыб., лаг., ЛА, 4) і штра́ма ’тс’ (віл., лаг., там жа), а таксама тра́ма ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Кал., Шат., Касп., Сцяшк., Гарэц., Шушк., ТС; гродз., мін., ЛА, 4; Сл. ПЗБ), ’прастора паміж бэлькай і столлю’ (Жд. 1), ’бэлька ў столі’ (брагін., Шатал.). Ст.-бел. трамъ ’бервяно, бэлька’ (XVII ст.; Ст.-бел. лексікон, КГС). На беларускай тэрыторыі сышліся, магчыма, два варыянты адной і той жа лексемы (рэаліі) — тра́м(а) і атра́ма, якія, аднак, могуць мець рознае паходжанне. Лексема трам (польск. tram, tranдыял. паўд.-усх. ’падваліна, падруба’, паўн.-усх. trama ’апорная бэлька’, в.-луж. trama, н.-луж. tramʼ, trama ’дручок, дубіна’, ’апорная бэлька’, ст.-чэш., славац. trám ’бэлька, брус’, харв. кайк. trȃm, славен. trȃm, tramȗ ’бервяно, брус’) запазычана з с.-в.-ням. trām, drām ’бервяно, бэлька’, параўн. с.-н.-ням. trāme ’бэлька’, ст.-фрыз. trām(e) ’брус, бэлька’, нарв. tram ’драўляны парог’ (Клюге, 785; ЕСУМ, 5, 617) і праз заходнеславянскія мовы (пераважна праз польскую) трапіла на беларускую (і ўкраінскую) моўную тэрыторыю (Брукнер, 574–575; Махэк₂, 649; Скок, 3, 490; Бязлай, 3, 211; Сной₂, 776; Булыка, Запазыч., 323; Голуб-Копечны, 388; Голуб-Ліер, 486). Лексема атра́ма пашырылася з балтыйскай моўнай тэрыторыі, параўн. літ. atramà ’падпорка’, ’апірышча’, ’спінка крэсла, канапы’, atramstýti ’падперці/падпіраць, прыхіліць/прыхіляць’ (Цыхун, Лекс. балтызмы, 50; Лаўчутэ, Балтизмы, 41). Назіраецца іх узаемадзеянне (трам‑а, а‑трам). Далей ням. тэрмін суадносяць са ст.-грэч. τέρεμνον ’сені, гасцёўня’, з лац. trabs < і.-е. *drabma, альбо адносяць да і.-е. асновы *ter‑ ’прабірацца, дасягаць’, ’праходзіць праз што-небудзь’, узмоцненай фармантам *‑т; дапускаецца мажлівасць існавання праславянска-прагерманскай лексемы (Скок, там жа). Петр (В. В., 21, 207–217) дапускае роднаснасць прасл. *tramъ са ст.-грэч. τραφηξ, лац. trabs ’бервяно’, ’дрэва’, ’карабель’, што даволі сумніўна. Сюды ж тру́ма, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыхо́ўка ‘прылада для выраўноўвання саломы пры крыцці страхі’ (ТСБМ, Янк. 1, Пятк. 1), стрыхо́ўка, страхо́ўка, стрыха́лка, страха́лка, стры́хаўка (Сл. ПЗБ), стрыха́лка, стрыха́ўка (Сцяшк.), стрэха́лка, стрэха́ўка (ТС), стрыха́лка, стрыхо́вец ‘тс’ (Шатал.), стрыхо́ ‘тс’ (Сцяшк.), стрыха́рка ‘прылада для выраўноўвання гліны’ (Скарбы), стрыхава́ць ‘раўняць (збожжа пры насыпанні)’ (Сержп. Прымхі), ‘фармаваць, надаваць пэўную форму гліне’ (Скарбы), стрыхава́ць, стрэхава́ць ‘падраўноўваць стрыхоўкай салому’ (Янк. 1). Праз польск. strych, strychulec ‘дошчачка для выраўноўвання сыпкіх матэрыялаў’, якое паходзіць з нова-в.-ням. Streichholz ‘тс’ (Брукнер, 521), y < î пад уплывам strych < ням. Strich ‘лінія’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 344–345). Націск беларускіх слоў указвае на магчымае пасрэдніцтва польскага strychówka, параўн. strychować ‘раўняць’ < ням. streichen.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тала́нт ’самая вялікая адзінка вагі і грашовая адзінка ў Старажытнай Грэцыі і на Усходзе’ (ТСБМ), ст.-бел. талантъ ’тс’: два таланты (1616 г., Карскі 2–3, 334), талентъ, талантъ ’тс’ (Сл. Скар.). Праз ст.-слав. таланътъ ’тс’ з грэч. τάλαντον з індаеўрапейскім коранем *tel‑ ’падымаць (на вагі), узважваць’, што мела значэнні: ’адзінка вагі ў 26,2 кг’, ’грашова-разліковая, але не манетная адзінка, срэбная або залатая’, ’вагі’. З грэч. τάλαντονлац. talentum (у значэнні грэчаскай меры). Усходнія славяне з XI–XII стст. ведаюць словы талантъ, таланто ў значэннях ’вага і манета ў старажытных грэкаў і рымлян’ і ’талент’ (Сразн., 3, 921; Чарных, 2, 226; Фасмер, 4, 14–15). Гл. та́лент.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тафта́ ’шаўковая або баваўняная глянцавітая тканіна’ (ТСБМ), ст.-бел. тафта ’тс’; сюды ж тафта́ннік ’паркаль’ (Сцяшк. Сл.). Старабеларускае слова фіксуецца з 1497 г. і выводзіцца з тур. асм. tafta, што з перс. tāftä ’від тканіны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 115). Дапускаюць два шляхі пранікнення: непасрэдна з турэцкай (параўн. удакладненае ст.-бел. китайки тафты куском; 1511 г.) або праз польск. tafta з франц. taffetas ’тс’ ці італ. taffetà ’тс’. Менш верагодна рускае пасрэдніцтва, як даводзіць Цыхун (Пути поднебесной, Минск, 2006, 1, 260); мажліва, паўторнае запазычанне з рус. тафта́ ’тс’, гл. Фасмер, 4, 29; Брукнер, 563; ЕСУМ, 5, 528–529; Голуб-Ліер, 476; Махэк₂, 633; Міту, Зб. памяці Слаўскага, 305.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́бліка ’супольнасць людзей, сабраных у пэўным месцы’ (ТСБМ), ст.-бел. публика ’публічнасць’ (1687). Запазычана праз польск. publika ’вялікі з’езд, публічны сход; грамадскасць’, першапачаткова ’агульны або дзяржаўны інтарэс’ (XVI–XVII стст.), што ўзыходзіць да лац. (res)publica, літаральна ’агульная справа’, гл. рэспубліка (ад лац. pūblicus ’народны, дзяржаўны, грамадскі’, скарочаны варыянт ад незафіксаванага *populicus < populus ’тлум, люд, народ’, гл. Банькоўскі, 2, 961, даслоўным перакладам якога было рэч паспалітая, адсюль паспо́льства ’грамадскасць, грамадства’. Розныя дэрываты, большасць з якіх запазычана з польскай і рускай моў, а таксама непасрэдна з лацінскай мовы (параўн. яшчэ ст.-бел. публикация, публиковати, публичный, Булыка, Лекс. запазыч., 33), распаўсюдзіліся пад уплывам франц. publik, publique (з XIII ст.) ’яўны, адкрыты, даступны ўсім’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́ха ’фанабэрыстасць, ганарыстасць’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Бес., Касп., Др.-Падб., Гарэц., Варл.), ’задаванне, амбіцыя’ (ашм., Стан.), ’дастатак’ (ваўк., Сл. ПЗБ), сюды ж пыхамо́рды груб. ’ганарысты’ (астрав., там жа), пыхова́ты ’ганарыста падціскаць губы’ (Клім.), пыхаце́ць ’рабіцца фанабэрыстым’ (Стан.), падымаць пыхаю ’рабіць ганарыстым’ (Нас.). Арэальная інавацыя, цэнтр якой хутчэй за ўсё знаходзіўся ў Чэхіі, параўн. чэш. pýcha ’ганарыстасць, фанабэрыя’, паводле Махэка₂ (502), ад pýchati ’рабіцца пышным, пышнець’, першапачаткова ’дуць, надувацца’, перанесенага ў маральна-этычную сферу (’nadýmati se pýchou’), гл. пыхаць; у Беларусь трапіла праз польск. pycha ’пышнасць, ганарыстасць’, занесенага з Чэхіі (“drogą kościelną”, Банькоўскі, 2, 969), параўн. запазычанае ст.-бел. пыха ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 134).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пруса́к ’ураджэнец або жыхар Прусіі; паўночна-ўсходні немец’, пру́сы ’група балтыйскіх плямён, якія насялялі паўднёвае ўзбярэжжа Балтыйскага мора’ (ТСБМ), Прусы, Прушчына ’краіна Прусія’ (Варл.). Рус. пруса́к ’жыхар Прусіі’, пруца́к ’немец’, дыял. пруц, укр. прус ’прусак’, ст.-рус. Прусы ’Прусія’, польск. prusak ’прусак’, Prusy ’Прусія’. Ва ўсходнеславянскіх мовах праз польск. са ст.-прус. prū́sis ’прус’, літ. prū́sas, лат. prũsis ’тс’, Prūšmale ’Прусія’ (Мюленбах-Эндзелін З, 400). Этымалогіі этноніма няма. Траўтман (Altpreuß., 411) тлумачыў назву з *Po‑rusi, г. зн. ’тыл, якія жывуць паблізу Русі, па Русі’, што з’яўляецца непрымальным. Брукнер (439) выводзіў слова ад praũsti ’мыць’, prusnà ’морда, пыса’, што таксама вельмі няпэўна (Фасмер, 3, 389; ЕСУМ, 4, 617).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыста́ўка1 ’частка слова, якая стаіць перад коранем, прэфікс’; ’тое, што прыстаўляецца, прырабляецца дадаткова да чаго-небудзь’ (Байк. і Некр., ТСБМ), ’прыбудова’ (Мат. Гом.), пры́стаўка ’ганак’ (Пятк.), пры́стаўка ’дадатак пакупніку’, пры́ставок ’дадатак (напр., ганчарны выраб у дадатак да пасудзіны, якая пры продажы, фактычна абмене, выконвала ролю збожжавай меры)’ (ТС). Рус. при́ста́вка ’прэфікс’, дыял. ’лапата, граблі і пад., прасунутыя праз жалезнае кальцо варот замест замка’, ’верхняя частка (да пояса) жаночай сукенкі, кашулі, пашытая з больш тонкай тканіны’ і пад., укр. приста́вка ’дадатковае прыстасаванне; прэфікс’. Дэрыват з суфіксам ‑к‑ ад прыста́віць, гл. ставіць.

Прыста́ўка2 ’надакучлівы чалавек’ (Ян.), пры́стаўка ’хвост, неадступны спадарожнік’ (ТС). Да прыстава́ць, гл. прыставака.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мя́та, мнета ’травяністая расліна з моцным пахам, Mentha L.’, малар. мнетва (ТСБМ, Кіс., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; міёр., Жыв. сл.; драг., КЭС; Сл. Брэс.), бяроз. мнята ’мята палявая, Mentha arvensis L.’ (Нар. лекс.). Укр. мʼята, рус. мята, мятва, польск. mięta, mięteu), н.-, в.-луж. mjatej, чэш. mata, славац. mäta, славен. meta, metva, серб.-харв. мета, мётва, макед. мента, балг. мята, мятва, ст.-слав. матд, млтва. Прасл. męta/męty, Р. скл. mętwe — старое запазычанне з лац. mentha, якое са ст.-грэч. μίνθη (міжземнаморскі тэрмін), магчыма праз герм. пасрэдніцтва (Фрыск, 2, 241; Міклашыч, 190; Бернекер, 2, 44; Мее, MSL, 15, 162; Фасмер, 3, 31; Бязлай, 2, 180).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мя́тлік1, брасл. мя́тлічак ’матылёк’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ). Да маты́ль (гл.) < прасл. metelь.

Мя́тлік2 ’метлюжок звычайны, Poa trivialis L.’ (Шат., Мат. Гом., Ян.), ’свербігуз усходні, Bunias orientalis L.’ (маг., Кіс.). Відаць, праз мятлю́к (гл.) пры ад’ідэацыі мя́тлік ’матыль’ узыходзіць да мятла́1 (паводле падабенства кветкі, коласа да мяцёлкі). Аналагічна метлюжок у рус. гаворках: метлига (табол.), метлик (перм., цвяр.), чэш. metlice.

Мя́тлік3 ’чыстае, мяккае палатно з разрэзам для галавы, якое кума надзявае або накрывае дзіця пры хрышчэнні’ (бых., Рам. 8; лельч., Арх. ГУ; Мат. Гом.), ’сарочка, якую надзявалі дзіцяці першы раз пасля хрышчэння’ (ТС), ’канверт для немаўляці’ (свісл., Шатал.), ’карункавае пакрывала’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)