Нябо́жчык (нябо́шчык, небо́шчык, нібошчык) ’памёрлы чалавек’ (Нас., Гарэц., Грыг., Некр., Мал., Булг., Мядзв., Чуд., Касп., Пятк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), niebójszczyk ’тс’ (Маш.), укр. небі́(о́)жчик ’памерлы чалавек; небарака’, польск. nieboszczyk ’памерлы чалавек’, чэш. nebožtik ’тс’. Арэальная славянская інавацыя ад *nebogъ (гл. нябога); паводле Махэка₂ (393), «нябожчык той, хто ўжо не мае сваёй долі на гэтым свеце», параўн. славац. neboh, nebohý ’памерлы’, в.-луж. njebohi ’памерлы, блажэнны’, н.-луж. njabogi ’тс’. Цэнтр гэтай інавацыі хутчэй за ўсё быў на чэшскай моўнай тэрыторыі, параўн. ст.-чэш. nebožec, nebožčík, nebožtik ’тс’, на беларускую тэрыторыю яна распаўсюдзілася праз польскую. Параўн. Курашкевіч, JP, 37, 119 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)