Турбава́ць (турбува́ць, турбова́ць) ‘праяўляць клопат, непакоіць, хваляваць, трывожыць, не даваць спакою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 3), турбава́цца, турбува́цца, турбова́цца, турбова́тыса, турбова́тысь ‘клапаціцца’ (ЛА, 3, Сержп. Прымхі, Некр. і Байк., Растарг., Варл.). Паводле Я. Станкевіча, “польскі барбарызм” (Зб. тв., 2, 170) замест беларускага рупіцца або клапаціцца. Ст.-бел. турбация, турбацыя ‘парушэнне спакою’ (1600 г.), турбовати (торбовати) ‘непакоіць’ (1507 г., ГСБМ) праз ст.-польск. turbacja, turbować ‘тс’ запазычаны з лац. turbātio ‘замяшанне’, ‘мяцеж’, turbāre ‘хваляваць, трывожыць, раз’ядноўваць’ < turba ‘бязладдзе’, ‘замяшанне’, ‘сварка’, turbō ‘вір’ (Брукнер, 585; Булыка, Лекс. запазыч., 41; ЕСУМ, 5, 679). Сюды ж турба́ца ‘турбота’ (Шат.), турба́цʼя (turbácja) ‘клопат’ (Федар. 4), турбацца ‘тс’ (Сержп. Прымхі), турба́цыя ‘турботы, клопат, ‘непакой’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Сцяц., Нар. Гом., Сцяшк. Сл., Нік., Мядзв., Др.-Падб., Гарэц., Абабур.; дзярж., Нар. сл.; шальч., Сл. ПЗБ), ‘клопаты па справах’ (Нік., Оч.), турбава́нне, турбо́та ‘заклапочанасць чым-небудзь, неадольнае жаданне ажыццявіць што-небудзь’, ‘пастаянная руплівасць’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр.; віл., Сл. ПЗБ), турбо́ты ‘цяжкасць’ (Ласт.), ‘клапатлівасць, захады’ (Варл.), турбо́тны ‘заклапочаны’ (Гарэц.), ‘клапатлівы’ (баран., гом., ЛА, 3), турбо́тлівы ‘тс’ (Байк. і Некр.; баран., гом., ЛА, 3, Нар. Гом.), турба́вы ‘клапотны’ (Жд. 3), турбані́на ‘клопат, турбота’ (шальч., Сл. ПЗБ), турбо́ваны і турбава́ны ‘заклапочаны’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ёлуп, ёлоп ’дурань, асталоп, бесталковы тупы чалавек’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., Яруш., Гарэц., Бір. Дзярж.). Укр. йолуп, йолоп ’тс’, рус. смал. ёлуп, польск. jołop. У рускіх і польскіх дыялектах запазычана з беларуска-ўкраінскага арэала, дзе гэта слова можна лічыць інавацыяй. Надзейна вызначыць этымалогію лексемы цяжка. Для яе існуюць некалькі этымалагічных версій. Бернекер (308) выводзіў укр. йолуп з укр. оглуп (апошняе да глупы). Існуе магчымасць выпадзення фрыкатыўнага г у форме оглуп. Параўн. бел. арэх (гл.) < агрэх. Можна таксама выводзіць рус. олух з *оглух (укр. оглух ’той, хто дрэнна чуе’). Брукнер (KZ, 45) звязваў ёлуп з яловы, што яшчэ менш верагодна. Слаўскі (1, 584) гаворыць пра магчымасць усходняга паходжання, але не прыводзіць крыніцы. Апрача гэтых версій, якія зарэгістраваны ў літаратуры, можна разгледзець магчымасць новай этымалогіі, якая грунтуецца на беларускіх дзеяслоўных і прыметнікавых формах ёлупіць ’вытрэшчваць вочы’ (Нас.), ёлуплівы ’вытрашачаны (аб вачах)’, ’дурнаваты’. Калі гэта так, дык ёлуп узыходзіць да *о‑луп. Параўн. лупіць (вочы). Змена пачатку слова (ёлуп < *олуп) таксама мае аналагічныя прыклады (ёлкі < *олъкъ, ён < он і г. д.). Пацвярджае гэту этымалагічную версію бел. валапокі, рус. смал. волопокий ’зіркасты’ (< *волопо‑окий). У волопокий мы выдзяляем волоп‑ (< *олуп). Такім чынам, волопокий: лупаты (ёлуплівы) = вірлавокі: вірлаты (усе лексемы маюць агульнае значэнне ’вірлавокі, лупаты’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́плаў1 ’заліўны луг у пойме ракі’ (ТСБМ, Некр., Гарб., Нікан., Шат., Сл. ПЗБ; петрык., Мат. Гом.; ТС, Сл. Брэс.), поплыў ’тс’ (Бяльк.), ’незабалочаная сухадольная сенажаць’ (Янк. 2; лун., Сл. Брэс.), ’луг каля вёскі’ (Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ; драг., Сл. Брэс.), ’месца на рацэ, возеры, якое зарасло трысцём’ (Інстр. 1: слуц., КЭС), ’сенажаць на высокім месцы’ (лун., Шатал.), ’пясчанае месца каля ракі’ (Сл. ПЗБ), по́плава, по́плаво ’тс’ (Скарбы), поплава́ ’выган’ (в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ) по́плавына ’тс’ (бяроз., Сл. ПЗБ), ’смецце, нанесенае паводкай’ (Ян., ТС), укр. по́плав ’заліўны луг’, рус. бранск. по́плав ’заліўны луг, выган’, польск. popław ’заліўны луг’, ’сена з такіх лугоў’. Вытворнае ад прасл. *pluti/*plavati ў першасным значэнні ’ліць, цячы’, ’заліваць вадой’, параўн. славен. popláva ’паводка’, poplaviti ’заліць’; азначае як месца, якое заліла вада, так і месца, ад якога вада адступіла з агульным значэннем ’пасля паводкі’. Гл. плаваць.

По́плаў2 ’расліна маннік, Glyceria R. Br.’, паплаво́к, мн. л. плаўкі́ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по-, гл. плаваць і плаў як агульная назва для расліннага покрыва на вадаёмах (Расл. св.).

По́плаў3 ’сетка для падлёднай лоўлі рыбы’ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- ад плавіць ’сплаўляць па плыні ракі’, перанос семантыкі на прыстасаванне, што дзейнічае, выкарыстоўваючы ток вады, параўн. рус. плавная сеть ’самаплаўная сетка’, польск. popław ’плынь, ток вады’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́сак1 ’гарачы, распалены попел з вугольчыкамі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Пал., Касп., Шат., Бір. Дзярж., Сцяшк., Стан.; шальч., лях., ст.-дар., Сл. ПЗБ), прыск ’тс’ (Гарэц.; маладз., Янк. 1), пруск, прі́сок ’тс’ (Маш.), пры́сак ’тс’ (Клім.; пін., Сл. ПЗБ; ТС), прысак ’гарачы, распалены (на агні) пясок’ (Др.-Падб.), пры́сак ’попел’: сей жыта ў прысак, авёс у гразь, то будзеш князь (Янк. БП), ’прах, зямля’: скорей мне прыском вочы засыплюць, покуль я гета забуду (Нас.), прысо́к ’месца на прыпечку, куды змятаецца жар’; ’гарачы, распалены попел з вугольчыкамі’; ’попел’; ’прах, пыл’ (Ласт.), прыс́ык ’гарачы попел’; ’перапалены пясок’ (Бяльк.), з іншым суфіксальным афармленнем пры́сіць, пры́снік ’попел’, пры́сець ’попел; пыл’, пры́сінка ’пылінка’ (Ласт.), таксама ўсечанае прыс ’прысак, гарачы попел’ (ТС, ПСл). Рус. смал., бранск. при́сак, пры́сок ’гарачы попел’, бранск. при́сык ’тс’, прыск ’дробныя вугольчыкі, ад якіх яшчэ ідзе жар’; укр. при́сок ’гарачы попел з агнём’, польск. prysk ’гарачы попел; распалены на (сонцы) пясок’, палаб. prüstʼau ’попел, жар’. Нульсуфіксальны дэрыват ад *pryskati, гл. пры́скаць (Брукнер, 440; Трубачоў, Этимология–1968, 62). У формах тыпу пры́сак, пры́сок і да т. п. устаўная галосная на месцы збегу зычных або ўплыў суфіксальных дэрыватаў на ‑ак, ‑ок і г. д. Паўночнаславянская семантычная інавацыя. Гл. яшчэ прыск.

Пры́сак2 ’пясчаны ўзгорак’ (бяроз., Сл. ПЗБ). Да папярэдняга. Семантычны пераход: ’(распалены) пясок’ → ’пясок’ → ’пясчаны ўзгорак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каду́к ’чорт, д’ябал’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; пін., Булг.; чач., Жыв. сл.; драг., З нар. сл.; чаш., сен., Касп.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.; ст.-дар., Нар. сл.; Нас., Нас. Сб. посл., Некр., Нік. Напаў., Нік., Няч., Рам., Сцяшк., Федар., Шат.), ’лясун’ (Мат. Гом.), ’няшчасны выпадак’ (Нас.), у выразах: а кадук яго ведае (Бір. Дзярж.), кадук яго вазьмі (Сержп. Грам.), кадук не бярэ (Янк. БФ). Нікіфароўскі (Няч.) адзначае: «…от першабытных у свеце злачынцаў уцалелі некаторыя асобіны, рассеяныя па зямлі — гэта кадукі». Там жа, 45–46: «…кадук падобны здалёк на капу сена, ворах моху». Раманаў (Рам. 8) удакладняе, што кадук — «разнавіднасць чорта, які жыве ў старых гмахах, вадзяных млынах і г. д.». Укр. кадук, паводле Грынчэнкі, ’род хваробы’ і ’д’ябал, чорт’. Рус. уладз., смал. кадук ’падучка’, росл., смал. ’д’ябал, чорт’, зах.-бран. ’лаянка’. Запазычана з польск. kaduk (такія ж і іншыя значэнні), дзе ў помніках сустракаецца з XVI ст. Значэнне ’падучка’ вядома ў гаворках; літар. толькі выраз do kaduka ’да д’ябла’. Слаўскі (2, 17) лічыць, што значэнне ’чорт, д’ябал’ з’явілася ў XVIII ст. на базе ’хвароба’. Як аргумент прыводзіцца спасылка на паралельнае ўжыванне choroba і kaduk, kat, diabeł у праклёнах. Крыніцай польск. слова з’яўляецца лац. cadūcus ’хворы па падучку і інш.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напашэ́ве ’пад рукамі, нагатове, у патрэбную хвіліну’ (слуц., Вітка, Полымя, 1988, 7, 201), ’на такім месцы, дзе можна ўзяць адразу, не шукаючы’ (слуц., Нар. словатв.), напашэ́я ’пад рукою, навідавоку’ (дзярж., Нар. сл.), напашэўку ’пад рукамі, пад рукой’ (мін., Жыв. сл.; стаўбц., Нар. сл.; Янк. Мат.; шчуч., Сцяшк. Сл.), ’блізка, пад рукамі’ (Сл. ПЗБ). Відаць, са спалучэння на пашэве, дзе другая частка — назоўнік у месным склоне *пашэ́ва ці *пашэ́ў ’похва’, параўн. польск. poszew, poszwa ’тс’, першапачаткова ’трымаючы руку на похве са зброяй’; у выпадку спалучэння на пашэўку — ’паклаўшы руку на похву’, параўн. польск. poszewka ’похва’, усё да шыць, шво (гл.). Магчыма і іншая версія, якая ўлічвае наяўнасць у радзе славянскіх моў прыслоўяў тыпу польск. poszewo ’коса, нахілена, крыва’ (магчыма, да szawiać ’кранаць, рухаць’, што Брукнер (542) параўноўвае з chwiać, параўн. ша́ваць ’рухаць’, рус. шевелить ’тс’), славен. pošev ’коса’, асабліва napošev ’коса, накасяк’, што дае падставы гаварыць аб адноснай старажытнасці слова, аднак адсутнасць фіксацыі зыходнай формы ў беларускіх гаворках прымушае лічыцца з магчымасцю запазычання. У карысць апошняй версіі сведчыць, магчыма, і ўкр. на‑похваті ’навідавоку, пад рукой’, дзе другая частка — аддзеяслоўны назоўнік похват (да хватати ’хапаць’); тады магчымае *пашэў ’рух, крананне’ (да шаваць ’рухаць, кранаць’). Цікава, што пры гэтым захоўваецца фармальная суадноснасць з іншым варыянтам назвы ножнаў — похва, што не выключае магчымых збліжэнняў у развіцці семантыкі слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярзці́ ’трызніць’ (БРС); ’гаварыць абы-што, блюзніць’ (Бір. Дзярж., Мат. Гом., Касп., Грыг.); ’ілгаць’ (Бяльк.); ’балбатаць, малоць’ (Яруш.); ’невыразна гаварыць’ (КЭС, лаг.), вярзці́ся ’здавацца, блюзніцца, невыразна снавацца (пра думкі), плясціся’ (БРС, Гарэц., КЭС, лаг.). Укр. верзти́ ’гаварыць лухту’, верзти́ся ’блюзніцца’, рус. паўдн. ве́рзить, верзти́ ’бесталкова і доўга рабіць што-небудзь’, пск. верзи́ть ’гарбець над якой-небудзь справай’, паўдн. ве́рзить ’малоць лухту, ілгаць, хлусіць’, смал. верзи́ть ’гаварыць абы-што’, пск., арханг. ве́рзиться ’сніцца, здавацца’. Сучасныя ўсх.-слав. лексемы суадносяцца са ст.-рус. вьрзать ’вязаць’, ц.-слав. отврѣшти, отвръзѧ ’адвязаць’, ст.-слав. оуврѣсти, оуврѣзѫ ’адчыняць’, макед. врзе ’звязаць, завязаць’, врзма ’вузел’, балг. връзам, вържа ’спалучаць у вузел, сцягваць’, серб.-харв. вр́сти се ’круціцца на адным месцы, кружыцца (аб думках)’, вр̏зина ’пляцень’, славен. vŕzniti, vr̂znem ’адчыняць’ (< прасл. verz‑ti ’блытацца, запінацца’); апошняе звязваецца з літ. ver̃žti ’завязваць, зацягваць, ціснуць’, ст.-в.-ням. wurgjan ’давіць, душыць’, ст.-ісл. virgill ’вяроўка’, грэч. έρχατάω ’агароджваю’, ὄρχατος ’агароджа, сад’, мундж. wurž ’нітка’, афг. muža ’жыла’. Прасл. асновы vrz‑/verz‑/vorz‑ узыходзяць да і.-е. *u̯ergʼh‑. Семантычны пераход бел. вярзці́ ’гаварыць абы-што’ і г. д. < ’вязаць’ аналагічны да плесці ’маніць, вярзці, ілгаць’ < ’плесці, сплятаць’. Гл. таксама Міклашыч, 386; Голуб-Копечны, 424; Фасмер, 1, 298–299; Младэнаў, 91; Скок, 3, 629–630; Буазак, 287; Траўтман, 355; Моргеншэрнэ, 95; БЕР, 1, 188–189; Варбот, Этимология, 1963, 202.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патароча1 ’здань, пудзіла, міфічная істота з жудасным тварам і вытрашчанымі вачыма’ (чач., Нас. Сб., Бір. Дзярж.), ’пудзіла’, ’лупаты чалавек’ (Нас.). Укр. поторо́ча ’прывід, страшыдла’. Напрошваецца суаднясенне з рус. вы́таращить (глаза), польск. wytrzeszczyć, чэш. třeštiti ’вытрашчыць вочы’, якія Махэк₂ (657) супастаўляе з генетычна роднасным літ. pastérti ’уставіцца (вачыма)’. Можна дадаць яшчэ pa‑stėrti ’скарчанець, адубець’. Паводле Махэка, у славян была аснова ster‑ з суфіксам ‑sk‑ati (інтэнсіў), у якой пачатковае s‑ адпала ў выніку дысіміляцыі са ‑sk‑ і *ter‑skati перайшло ў групу на ‑iti > terščiti; рус. таращить паходзіць з окаючых гаворак < торощить.

*Патароча2, драг. поторо́ча ’той, хто настойліва працяглы час гаворыць пра адно і тое ж’ (Лучыц-Федарэц). З дзеяслова торо́чытэ ’гаварыць доўга пра адно і тое ж, несці лухту’, укр. торо́чити ’тс’, якія можна суаднесці з рус. наўгар., цвяр. торо́щиться ’дарма збірацца’ і з серб.-харв. тра́скати ’несці лухту’. Праславянскі архаізм.

Патароча3 ’няшчасце ў дарозе’ (усх.-маг., КЭС), рус. кур. поторо́ча ’сустрэча, выпадак, падзея, прыгода’, смал. ’выскачка, які ўсюды ўткне свой нос’, пск. поторо́чье ’перашкода’, цвяр. торча́ться ’перашкаджаць сваёй прысутнасцю’, чэш. містршыцк. trči to do tvého? ’гэта табе перашкаджае?’, — усе ўзыходзяць да прасл. tъrčati ’стаяць, вытыркаючыся уверх ці наперад’, ’цягнуцца ўверх’ > тырча́ць (гл.) (Варбот, Этимология–1979, 5–6).

Патароча4 ’бура’ (Сержп.), рус. арханг. то́рок, то́рох ’бура ў моры, шквал’. Міклашыч (359), Фасмер (4, 84) звязваюць гэта слова з торкаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віш1 ’зазімаваўшая (няскошаная) трава’ (Маш., Янк. I, З нар. сл., Мат. Гом., Шатал.), віша ’тс’ (Некр., Янк. I, Бір. Дзярж., З нар. сл.). Рус. дыял. кур. виш ’зараснікі кустоў, вялікая колькасць купін, леташняй травы ў паплавах’, ст.-рус. вишь ’зялёныя галінкі, хвораст’, польск. wisz ’тс’, н.-луж. wiš ’чарот, трава, якая расце на балоце’, чэш. viš, víš ’назва пэўнай расліны або парасткаў’, чэш. дыял. ’высокая лясная трава, якая расце на вільготных і балоцістых месцах’, серб.-харв. виш ’від балотнай травы’, славен. vȋš м. р., vȋš ж. р. ’асака, чарот’. Прасл. višь. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-прус. wissene ’багун, Ledum palustre’, літ. viksvà ’асака’, vikšvà, vìkšris ’чарот, асака’, vizgà ’трава’ (Траўтман, 363; Брукнер, KZ, 44, 334; Фасмер, 1, 325; Махэк₂, 691). У якасці роднасных прыводзяцца таксама нарв. vîse ’мяцёлка, верхавіна расліны, сцябло’, vîs м. р. ’мяцёлка’, veis ’сакавітае сцябло’, veisa ’ціна’, ст.-в.-ням. wisa ’луг’ (Петэрсан, AfslPh, 36, 151; Хольтхаузен, IF, 32, 337). Магчыма, сюды ж рус. виша, вишь ’водная губка, Spongia fluviatilis’; параўн. нарв. veise ’ціна’. Гл. віс.

Віш2 м. р. ’іней’ (Мат. Гом.). Рус. арл., кур. вишь, ж. р., ви́шей, ви́шай, ви́шар ’тс’. Магчыма, да віш1, вішар (гл.) праз прамежкавую семантычную ступень ’вадзяная губка, Spongia fluviatilis, наплыў, рачная зеляніна’, якая ўтрымліваецца ў рус. вишь, виша; апошнія лексемы Махэк₂ (691) аб’ядноўвае з віш1. Фасмер (1, 326) пытанне аб сувязі рус. виша ’вадзяная губка’ з виш1 пакідае нявырашаным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́га1 ’лгун, брахун’ (гародокск., Нар. лекс.), ’п’яніца, дармаед, бывалы чалавек’ (Федар. 4), лыга́ч, лы́гма, лыгу́н, лыгма́р ’ілгун’ (шчуч., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; Сцяшк.; Сл. паўн.-зах., КЭС), ’памаўза, шкоднік’ (ТС), лыгаць ’ілгаць’ (лід., карэліц., Сл. ПЗБ), ’маніць, гаварыць няпраўду’ (Сцяшк.), лы́жы ’хлуслівы’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Рус. лы́га, лыга́н ’манюка’, ст.-рус. лыжа ’памылковая звестка’ (пач. XVII ст.), рус. лыга́ть, польск. łygać, каш. ləgác, славац. lyhať ’тс’, ц.-слав. облыгати ’абчарняць’. Прасл. lygati — ітэратыў з падаўжэннем вакалізму кораня ад lъgati > ілга́ць (гл.).

Лы́га2 ў выразе лыгу даць ’уцячы’ (Грыг.), ’лытка’ (петрык., Мат. Гом.), ’нага’ (капыл., Жыв. сл.; карэліц., Сцяшк. Сл.), лыгі ’ногі’ (навагр., Нар. словатв.), лы́гі ’тс’ (ТС), ’доўгія ногі’ (Бір. Дзярж.), лы́гі ’тоўстыя ногі’ (Шат.), ’доўгія, тонкія ногі’ (Янк. 3.; клец., Нар. лекс.), лы́гаць ’павольна ісці’ (ТС), ’бадзяцца’, ’дарэмна траціць час’ (Шпіл.), лы́гацца ’часта хадзіць або ездзіць туды-сюды’ (стаўб., Нар. сл.), Рус. пск., цвяр. лы́ку даць ’уцячы’, укр. ли́ги дати ’пабегчы’, лигону́ти ’спешна пабегчы’, рус. уладз., валаг. лыды ’доўгія ногі’, варон. ’ногі’, урал., перм. лыдка — ’даўганогі чалавек’, польск. łyda < łydka ’лытка’, славац. lida ’сцягно’. Паўн.-слав. lyda (Слаўскі, 5, 388) з менай д > г пад уплывам лексемы нага́. З прычыны экспрэсіўнасці ў некаторых гаворках г > ґ. Да лы́тка (гл.). Сюды ж лыгнуць ’выцяць, сцебануць’ (Бяльк.).

Лы́га3 ’віка’ (Жд. 1, Касп., Сл. Эп.-Шып.; маладз., Шчарб.; зэльв., Жыв. сл.), ’сумесь вікі і гароху, пасеяныя на корм жывёле’ (Сцяшк. Сл.). Польск. радзынск., падляш. łyga ’дзікі гарошак’, люблінск. łužyšýńi ’парасткі гароху’. З ві́ка > вы́ка > выґа > łyga > лыгa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)