Ёлуп, ёлоп ’дурань, асталоп, бесталковы тупы чалавек’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., Яруш., Гарэц., Бір. Дзярж.). Укр. йолуп, йолоп ’тс’, рус. смал. ёлуп, польск. jołop. У рускіх і польскіх дыялектах запазычана з беларуска-ўкраінскага арэала, дзе гэта слова можна лічыць інавацыяй. Надзейна вызначыць этымалогію лексемы цяжка. Для яе існуюць некалькі этымалагічных версій. Бернекер (308) выводзіў укр. йолуп з укр. оглуп (апошняе да глупы). Існуе магчымасць выпадзення фрыкатыўнага г у форме оглуп. Параўн. бел. арэх (гл.) < агрэх. Можна таксама выводзіць рус. олух з *оглух (укр. оглух ’той, хто дрэнна чуе’). Брукнер (KZ, 45) звязваў ёлуп з яловы, што яшчэ менш верагодна. Слаўскі (1, 584) гаворыць пра магчымасць усходняга паходжання, але не прыводзіць крыніцы. Апрача гэтых версій, якія зарэгістраваны ў літаратуры, можна разгледзець магчымасць новай этымалогіі, якая грунтуецца на беларускіх дзеяслоўных і прыметнікавых формах ёлупіць ’вытрэшчваць вочы’ (Нас.), ёлуплівы ’вытрашачаны (аб вачах)’, ’дурнаваты’. Калі гэта так, дык ёлуп узыходзіць да *о‑луп. Параўн. лупіць (вочы). Змена пачатку слова (ёлуп < *олуп) таксама мае аналагічныя прыклады (ёлкі < *олъкъ, ён < он і г. д.). Пацвярджае гэту этымалагічную версію бел. валапокі, рус. смал. волопокий ’зіркасты’ (< *волопо‑окий). У волопокий мы выдзяляем волоп‑ (< *олуп). Такім чынам, волопокий: лупаты (ёлуплівы) = вірлавокі: вірлаты (усе лексемы маюць агульнае значэнне ’вірлавокі, лупаты’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)