Капу́ста ’агародная расліна Brassica oleracea L.’ ’страва з капусты’ (ТСБМ, Касп., Грыг., Бес., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сержп. Грам.; полац. Нар. сл.), ’кіслая страва з буракоў, морквы, часам і з капусты’ (Нік. Очерки); ’гульня’ (гродз. Нар. словатв.); капу́сціцца ’раскошна садзіцца, рассядацца’ (Яўс.). Укр. капу́ста ’капуста’ і ка́пуст ’бручка’, рус. капу́ста, ст.-рус. капуста (страва) (XII ст.), польск. kapusta, чэш. kapusta, славац. kapusta, славен. прэкмур. kapȗsta і kȃpus, kapús, серб.-харв. ка̀пуста ’жаўтазель, Genista L.’ макед., балг. капу́ста, капу́ска і ка́пус ’капуста’, ст.-балг. капоуста (XI ст.). Вандруючае культурнае слова, якое ўзыходзіць да с.-лац. compos(i)ta ’(змешаная, складзеная) кансерваваная, кіслая капуста’, параўн. таксама італ. composta ’мешань’, ’кампот’, швейц. kāpu(s)ta ’кіслая капуста’, а таксама ст.-в.-ням. kumpóst, с.-в.-ням. kumpóst, kompóst ’тс’ > ст.-польск. kompost ’тс’ (XV ст.), пазней kampust, kanpust, kańpust ’кіслае малако’. Пачатковае ka‑ ўзнікла ў выніку кантамінацыі групы раманскіх слоў, якія паходзяць з с.-лац. capitium ’галоўка капусты’ (< caput ’галава’) > італ. capuccio ’качанная капуста’; зах.-ням. Kappus, с.-в.-ням. kappȗz, kabez. Літ-pa: Бернекер, 218; Брукнер, 218; Слаўскі, 2, 62–63; Фасмер, 2, 188; БЕР, 2, 225; ЕСУМ, 2, 378–379; Бязлай, 2, 18.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Моль1, міль, муль, мэль, мыль, муоль, маля́, молька ’матылёк Tineola biselliella, які псуе футра і шэрсць, а таксама іншыя матылькі з атрада лускакрылых’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Шат., Касп., Бяльк., Бес., Дразд., Янк. 1, Сл. ПЗБ), муоль ’чарвяк’ (Федар. 4). Укр. міль, рус. моль, польск. mole, н.-, в.-луж. mól, чэш. mol, славац. moľ, славен. mòlj, серб.-харв. мо̀љац, макед. молец, балг. моле́ц. Прасл. molʼь, роднаснымі да якога з’яўляюцца гоц. malô, ст.-ісл. mǫlr ’тс’ — усе ўзыходзяць да malan ’малоць’ (< і.-е. *mol‑), што Махэк₂ (372) лічыць непраўдападобным. Прыводзяць яшчэ роднасныя ст.-інд. malũkas ’від чарвяка’, арм. mlukn ’клоп’ (Бернекер, 2, 74; Мацэнаўэр, LF, 10, 332; Фасмер, 2, 648; Бязлай, 2, 192).

Моль2, молька, молю́га ’рыбы-маляўкі, малькі, дробныя рыбкі’ (Янк. 1, Крыв., ТС, Ян.; гродз., Сл. ПЗБ; шчуч., Сцяшк. Сл., паўн.-усх., КЭС), молька ’дробная рэч, на якую не трэба звяртаць увагі’ (Бяльк.). Рус. моль, мольва, молька, мольга. Відаць, балтызм. Параўн. літ. malė ’дробная рыбка’, лат. male ’рыба Blicca argyrolenca’ (Мюленбах-Эндзелін, 557; Фасмер, 2, 648–649). Гл. таксама мальга́.

Моль3 ’лес, які сплаўляецца па рацэ шарашом, асобнымі бярвеннямі, не звязанымі ў плыт’ (ТСБМ; Маслен., ТС; навагр., Нар. лекс.). Да мальём (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мыш ’грызун Apodemus agrarius’ (ТСБМ, Бес., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), драг. мэш ’тс’ (КЭС), муш (ТС), мы́ша ’тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), мы́шына ’тс’ (мсцісл., міёр., бялын., З нар. сл. і Янк. Мат.; Яруш., Бяльк.), петрык. муш ’пацук’ (ЛАПП), мыша́к ’мыш’ (Нар. Гом.). Укр. миш, миша, рус. мышь, польск. mysz, палаб. mois, каш. mëš, н.-, в.-луж., чэш., славац. myš, славен. mìš, серб.-харв. ми̏ш, макед., балг. мишка ’мыш’, макед. миш ’глухі’, ст.-слав. мышь. Прасл. myšь. Да і.-е. *mūs ’мыш’ (ст.-інд. mū́ṣ‑, новаперс. mūš, лац. mūs, ст.-грэч. μῡς, алб. , ст.-в.-ням. mûs, арм. muḱn), якое да *meu‑s‑ ’красці’, параўн. ст.-інд. muṣṇā́ti, moṣati крадзе’, moṣa ’злодзей’ (Міклашыч, 208; Траўтман, 191; Покарны, 743 і 753; Мее, 262; Фасмер, 3, 27; Скок, 2, 433; Бязлай, 2, 185). Трубачоў (ZfSl, 3, 1958, 676) мяркуе, што *mūs‑ — адна з табуістычных назваў жывёл — «шэрая», роднаснае да муха, мох (гл.). Тапароў (СБЯ, 1977, 77) сцвярджае, што фракійск. *mũs ’мыш’ легла ў аснову μοῦσ‑ > Μοῦθαι ’Музы’. Сюды ж мышае́ддзя ’рэшткі ад рэчаў, недаедзеныя мышамі’ (Грыг.), мыша́сты, муша́сты, мыша́ты, мышы́ны ’шэры, цёмна-шэры’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл; КЭС, лаг.), ’шэры конь з чорнай паласой на спіне’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мядзве́дзь1, мядзьве́дзь, недзве́дзь, вядзьме́дь, мідве́дь, мыдьві́дь, мэдві͡едь, хоц. мадзмедзь; мядзве́дзіца, мыдвідэ́ха, мядзьве́дзіха, медзве́жыца, мядзьвіга ’драпежная млекакормячая жывёліна Ursus arctos’, ’няўклюдны, непаваротлівы дужы чалавек’ (ТСБМ, Бес., Зн., Нас., Кліх, Яруш., Касп., Бяльк., Сцяшк., Шат., Нар. Гом., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Маг.). Укр. ведмі́дь, медві́дь, рус. медве́дь, польск. niedźwiedź, miedźpiedź, н.-луж. mjadwjeź, в.-луж. mjedujedź, чэш. medvěd, nedvěd, славац. medveď, славен. médvẹd, серб.-харв. мѐдвјед, медо; макед. мечка, мечор, мечок, мечорок, балг. медвед, мечка, ц.-слав. медвѣдь. Прасл. medvědь ’той, хто есць мёд’ — да мёд і е́сці (гл.) — табуістычная замена і.-е. назвы мядзведзя *r̥k̑tþos: параўн. ст.-інд. ṛkṣá‑, ст.-грэч. ἄρκτος, лац. ursus (Бернекер, 2, 30; Фрэнкель, ŻfSlPh, 13, 207; Фасмер, 2, 589; Скок, 2, 398; Бязлай, 2, 175).

*Мядзве́дзь2, драг. мыдьві́дь, мэдві́дь, мыдвэ́дык ’грыб пеўнік жоўты, Hydnum repandum’ (драг., пін., Жыв. сл.); лід. мядзведзія вушы, в.-дзв. мядвежжы вушы ’пеўнік стракаты, Sarcodon imbricatum’ (Сл. ПЗБ). Рус. калуж. медвежьи ухи ’грыбы (якія?)’. Да мядзве́дзь1 (гл.). Названы паводле карычневага колеру грыба і варсістага покрыва яго капялюшыка. Параўн. таксама літ. meškà ’нейкі карычневы грыб’ і ’мядзведзь’, а таксама назвы іншых жывёл, напр. каза6 (гл.).

Мядзве́дзь3 ’бульбяная каша’ (Жд. 1). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́рах1 ’пыл’, ’парушынка’, ’прах’ (Нас., Нік., Уладз., Байк. і Некр.: круп., Сл. ПЗБ), укр. по́рох ’тс’, рус. дыял. по́рох ’тс’, польск. proch ’пыл’, prochy ’астанкі’, славац. prach ’пыл’, чэш. prach ’тс’, славен. prah ’пыл’, pȓh ’пыл; попел’; ’плесня’, серб.-харв. prȃh ’тс’, балг. прах ’пыл, парашок’, макед. прав ’тс’, ст.-слав. прахъ ’тс’. Прасл. *porxъ ’пыл’, вытворнае ад варыянтнай асновы *porx‑/*pъrx‑/*pьrx‑ < і.-е. *pers‑/*porso‑ ’марасіць’ > ’пырскаць’, ’дробна сыпаць, абсыпаць’, прадстаўленай таксама ў персць ’шчопаць’ (гл.), рус. дыял. персть ’пыл, прах, зямля’, укр. персть ’зямля’, балг. пръст ’зямля, попел, прах’. Гл. по́рскаць, парахня, парахно. На падставе славен. pȓh ’пыл’ Сной₂ (573) супрацьпастаўляе прасл. *pьrxъ, якое звязваецца з *pьrati ’ляцець’, што неабавязкова, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 199.

По́рах2 ’выбуховае рэчыва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Бес., Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), укр. по́рох, рус. по́рох, польск. proch (strzelniczy), запазычанае літ. pãrakas ’тс’. Тэрміналагізаванае ўтварэнне на базе порах1 (гл.) з поўнагалоссем, што не уласціва паўднёваславянскім мовам; звязана з дамешкай у склад выбуховага рэчыва вугальнага пылу, парашку. У ст.-бел. з XVI ст., у рус. сустракаецца з канца XVI — пачатку XVII ст. (Чарных. 58; Цыганенка, 319–320).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́са ’злакавая культура, Panicum miliaceum L.’ (ТСБМ, Сцяшк., Нас., Бес., Сл. ПЗБ), прасцэ́ ’тс’ (Ян.). Рус., укр. про́со, ц.-слав. просо, польск., в.-луж., чэш., славац. proso, н.-луж. pšoso, палаб. prüsü, серб.-харв. про̏со, славен. prosó, балг. npócó, макед. просо. Пэўнай этымалогіі слова няма, паколькі адсутнічаюць надзейныя роднасныя формы. Параўноўвалі перш за ўсё са ст.-прус. prassan ’проса’, але яно, магчыма, было запазычана з польскай, гл. Фасмер, 3, 378. Параўноўваюць таксама (Голуб-Копечны, 295) з лац. pressī, premō ’ціснуць’, г. зн. *proso першапачаткова ’расціснутае зерне’, але гэта паралель адхіляецца на той падставе, што лацінскае слова ніколі не мела значэння ’таўчы зерне’ (параўн. Нідэрман, Зб. Развадоўскаму, 1, 112 і наст.). Фасмер (там жа) лічыць магчымым падтрымаць параўнанне з грэч. περκνός ’стракаты’, ст.-інд. pŕ̥çnis ’тс’, ст.-в.-ням. forhana ’фарэль’; г. зн. першапачаткова ’стракатае, плямістае’. Пра магчымую сувязь з і.-е. *pro‑sə ’пасеў’ (гл. сеяць), што, відаць, адлюстравана ў сваеасаблівай figura etymologica, параўн. з народнай песні: а мы проса сеялі, сеялі; серб. Јелисје просо сије, гл. Лома, Огледна св., 65–66. Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 378–379; Шустар-Шэўц, 2, 1151; Скок, 3, 52; Бязлай, 3, 127; БЕР, 5, 767. Гл. яшчэ просяніца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прышч1 ’гнайнічок на скуры’ (ТСБМ, Шпіл., Бес., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС), пры́шча, пры́шчва́, прышча́й, прышча́йка, прышчэ́йка (Жыв. сл., Сл. ПЗБ), пры́шчаўка, пры́шчолка ’прышчык’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), пры́шчынка ’балячка’ (чэрв., Нар. лекс.), прэ́шч ’прышч’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. прищ ’тс’, рус. прыщ, ст.-рус. прыщь, ц.-слав. прыштъ ’тс’, польск. pryszcz ’пухір’, в.-луж. pryskel ’мазоль, набой’, н.-луж. pšuskel ’тс’, чэш. pryskýř ’пухір’, славац. prýšť ’высыпка’, серб.-харв. при̑шт ’нарыў, скула’, славен. príšč ’пухір’, балг. прищ ’пухір’, приш ’прышч’, макед. пришт ’прышч, скула’. Вытворнае ад *pryskati (гл. пры́скаць) < *prysk‑jь > *pryščь (больш падрабязна гл. Мяркулава, Этимология–1970, 148 і наст.). Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 140; Фасмер, 3, 392; Брукнер, 440; Шустар-Шэўц, 2, 1164; Банькоўскі, 2, 807; БЕР, 5, 525, 746; ЕСУМ, 4, 585. Непераканаўча ад *pluskati выводзіць Махэк₂ (489).

Прышч2 ’прыцярушанае мукой прэснае цеста, якое запякаецца ў прыску’ (тураў., Малч.). Укр. прищ ’гатунак пячэння’. Этымалагічна тое ж, што і прышч1, ад прыск, прысак, пры́шчыць (гл.). Паводле ЕСУМ (4, 585), украінскае слова запазычана з польск. pryszcz ’печыва з грэцкай мукі, якое гарачым мачаюць у растопленым масле’, што ад pryszczeć ’трашчаць, сычэць (на агні)’, што не выключае народнаэтымалагічнас асэнсаванне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́та ’вяроўка, якой звязваюць пярэднія ногі каня, калі ён пасецца’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ), пу́то ’тс’ (Нас., ТС; мазыр., З нар. сл.; Бес.), мн. л. пу́ты ’тс’ (Гарэц.), ’аковы, кайданы’ (Булг.), пу́та ’нізка (грыбоў, рыбы і інш.)’ (ЛА, 1; Сл. ПЗБ), ’непісьменны чалавек’ (Жд. 3), пу́то, мн. л. пу́та ’жалезныя хамуцікі, якімі прымацоўваецца вось да насаду ў возе’ (Сіг.), púto ’рэгулятар на канцы дышла плуга; жэрдкі, што звязваюць кроквы вышэй паловы іх даўжыні’ (Тарн.), у выразе на́ша пу́то пасці́ — пра чаргу пасвіць карову і інш. (тут пута перадаецца як знак чаргі) (жытк., Мат. Гом.); параўн. укр. пу́то, мн. л. пу́та ’пута, кандалы’, рус. пу́то, мн. л. пу́ты ’пута; бесталковы чалавек’, польск. pęto, мн. л. pęta ’аковы, кайданы’, чэш. pouto, мн. л. pouta ’тс’, славац. púto ’тс’, в.-луж. puto, н.-луж. pyto ’тс’, славен. pọ́ta ’спражка’, серб.-харв. пу̏то ’пута’. Прасл. *pǫto, мн. л. pǫta, вытворнае ад *pęti, *рьnǫ ’нацягваць, напінаць’, гл. пяць, пну, роднаснае ст.-прус. panto ’пута, кайданы’, літ. pántis ’тс’, лат. pineklis ’пута, аковы’, літ. spándyti ’нацягваць’, ням. spannen ’тс’, spinnen ’прасці’ (Фасмер, 3, 412; Бязлай, 3, 95 і інш.). Гл. таксама путаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пухі́р ’уздуцце на скуры; прышч; пузыр’ (ТСБМ; слуц., Нар. словатв.; Клім.; ПСл; ЛА, 3), паўхі́р ’тс’ (Скарбы; зэльв., навагр., дзятл., валож., ЛА, 3), панхі́р, панхе́р ’тс’ (брасл., ашм., смарг., бераст., шчуч., там жа), пухе́р, пухіэр ’тс’ (Сцяшк. Сл., Бес.; пруж., ЛА, 3), пукі́р ’тс’ (Сл. Брэс.), пухі́р ’бурбалка’ (ТСБМ, іўеў., ЛА, 2), ’высушаны і надзьмуты мачавы пузыр парсюка’ (Скарбы; слуц., Нар. словатв.; лях., Янк. Мат.; капыл., Жыв. сл.), ’паветраны пузыр у рыбы’ (ЛА, 1), ст.-бел. пухиръ ’пузыр’; параўн. укр. пухі́р, пухи́рь ’тс’, польск. pęcherz ’уздуцце скуры, пузыр’, чэш. puchýř ’тс’, славац. puchar, puchor ’пузыр, валляк’, в.-луж. pucher ’пузыр, бурбалка’, н.-луж. puchoŕ ’тс’, славен. puhọ̑r ’тс’; магчыма, сюды таксама серб. пу̏хор ’узняты ў паветра попел’. У сувязі з рознай суфіксацыяй лічыцца самастойным утварэннем у славянскіх мовах ад асновы прасл. *puch‑, гл. пухаць, пухнуць (Шустар-Шэўц, 2, 1188; Бязлай, 3, 135). Банькоўскі (2, 536) рэканструюе заходнеславянскую інавацыю *pǫ па ўзору *pǫpyrь ’тс’ пад уплывам сінанімічнага *měxyrь (гл. мяхір), адкуль фіналь ‑xyrь (“w prasłow. ‑x‑ po ‑o‑ niemożliwe”). Па фанетычных прычынах (спалучэнне ‑xi‑ < ‑chy‑ і інш.) беларускія словы запазычаны з польскай, параўн. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 193; Станкевіч, Зб. тв., 1, 39, 50, 407.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раба́к1 ’гліст’ (ТСБМ, Сцяшк., Сержп. Казкі; ашм., астрав., смарг., лях., баран., беласт., Сл. ПЗБ), ’чарвяк, вусень’ (воран., нясвіж., ЛА, 1; Бес., Сцяшк. Сл.; ашм., воран., смарг., іўеў., Сл. ПЗБ; віц., Жыв. НС), рабо́к ’вусень’ (Сцяшк.), роба́к ’вусень’ (бяроз., ЛА, 1), светлю́шчы роба́к ’светлячок’ (беласт., Ніва, 1979, 16 снеж.), ст.-бел. робак ’чарвяк’ (Ст.-бел. лексікон), хробакъ ’тс’ (Вярхоў, З жыцця, 64). Укр. роба́к, польск. robak ’тс’, харв. robak ’чарвяк, які грызе вінаградную лазу’. Выводзяць з *xrěb‑, *xrob‑ (гукаперайманне), параўн. польск. chrobak ’хрушч’, чэш. chrobák ’жук’, ’лічынка чарвяка’, ’чарвяк’, chrobot ’шоргат’, ’хруст’, ’трэск’, якое тоеснае *skreb‑, *skrob‑, з суфіксам ‑ak (Брукнер, 459, Трубачоў, ЭССЯ, 8, 99); параўн. таксама чэш., славац. chrobák ’чарвяк, матыль’, для якіх Махэк₂ (206) рэканструюе форму *rabākos з узмацняльным ch. Харвацкую форму Скок (3, 150) узводзіць да rob ’працаўнік’. Няясна. Усходнеславянскія формы, хутчэй за ўсё, запазычаны з польскай, параўн. у “Алфавите иностранных речей” (XVII ст.): робак, червь (Кохман, Polonica, 49).

Раба́к2 ’андарак з ільну’ (ст.-дар., мін., ДАБМ, камент., 934), ’спадніца з порту’ (шальч., Сл. ПЗБ). Ад рабы́ (гл.). Сюды ж рабаццё ’паласатая тканіна’ (ігн., Сл. ПЗБ), рабі́зна, рабакі́ ’тс’ (ЛА, 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)