страха́, і́, ДМ страсе́; мн. стрэ́хі (з ліч. 2, 3, 4 страхі́), стрэх; ж.

1. Верхняя, звычайна саламяная, частка будынка, якая пакрывае яго і засцерагае ад атмасферных з’яў. Сіняе неба ветліва атульвала старыя стрэхі смагінскіх будынкаў. Гартны. Над маўклівым млыном, над сціхшай вадой, над стрэхамі дзвюх лазовіцкіх хат, над дрэвамі, кустамі і лугамі абапал Быстранкі — над усім узвышалася ціхае зорнае неба. Брыль. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе. Дубоўка. З-за высокай разгацістай елкі выглядае страха хлява і калодзежны журавель. С. Александровіч. // Ніжні, звісаючы край гэтай часткі будынка. Праціснуўшыся, [Аня] зачыніла хлеў, хвіліну пастаяла ў ценю пад страхою. Мележ. Я зайшоў на двор крайняй хаты і стаў пад страху. В. Вольскі. // у вобразным ужыв. А лес, як добры той знаёмы. Стаіць збялелы, нерухомы Абапал рэчачкі сцяною, Над ёю сплёўшыся страхою. Колас. Часам месяц, бяздомны бадзяга, Забярэцца на стрэхі дзіравыя хмар. Танк. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой і пад зялёную страху Прыселі грамадой. Астрэйка.

2. Пра дом, жыллё, прытулак. [Насця:] — Што можа быць горш, калі ў дзіцяці няма страхі над галавой. Чорны. Неўзабаве, з-пад матчынай гэтай страхі, Паляціць і яна [Кацярына] на шляхі, на шляхі. Куляшоў. Прышлы хлопец прытуліў на пачатак сваю галаву пад страхою старога Апанаса. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Станоўча вырашыцца, ажыццявіцца; дайсці да ладу, наладзіцца. І нечакана лёгка ўсё ўладзілася як лепш не трэба. Скрыган. Анатоль .. пачаў развясельваць земляка: — Не бяры так блізка да сэрца, можа, яшчэ ўсё ўладзіцца і сыдзецеся зноў. Пальчэўскі. Думкі кожнага яшчэ беглі наўздагон за сябрамі .. Што іх чакае? Як уладзіцца іх лёс? .. Машара. // Ліквідавацца (пра непаразуменні). Уладзіўся канфлікт.

2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для існавання; уладкавацца. Уладзіцца на кватэры. Уладзіцца з харчаваннем. □ У другім лісце Ліда напісала, што перайшла ў інтэрнат, і папрасіла грошай. Трэба ж было ўладзіцца на новым месцы. Чарнышэвіч. Зямлі пясчанай колькі хочаш, Будуйся, дзе табе зручней, Дзе болей вабіць твае вочы, Ты толькі ўладзіцца ўмей. Колас. // Размясціцца, прыстроіцца. Разаслаўшы плашчы на пясок, мы [турысты] таксама ўладзіліся на пляжы ля самага беражка прыбою. Лынькоў. Людзі ўцякалі. Хто паспеў сесці на цягнік, хто ўладзіўся на машыну, хто ішоў пехатою, закінуўшы на плечы хатуль. Арабей.

3. Разм. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. [Янку] хацелася сумленна ўладзіцца на працу, быць бліжэй да універсітэта. Асіпенка. Быў [бацька] і за кур’ера, і за швейцара, і за вартаўніка, а пасля ўладзіўся на хлебазавод, дзе і працаваў экспедытарам аж да пенсіі. Васілёнак. Ліда Данілава ўладзілася прасавальшчыцай сена на адной з .. фуражных баз. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які хварэе на якую‑н. хваробу. Хворы кухар стагнаў на ложку ў сваёй каморцы. Гарэцкі. / у знач. наз. хво́ры, ‑ага, м.; хво́рая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Агледзеўшы хворага, Наташа пераканалася, што яе дапамога сапраўды была тэрмінова неабходная. Краўчанка. Дактары па два разы на суткі прыходзілі да хворай. Пальчэўскі.

2. Пашкоджаны хваробай (пра цела і яго часткі). Цягнучы хворыя ногі ў валёнках, ідзе да Юркі бабуля. Брыль. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Голас чароўны з тугою звінеў Пра птушку маленькую з хворымі грудкамі. Панчанка. // перан. Растрывожаны, неспакойны. Далёкае неба, сіняе неба!.. Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? Колас. // Які сведчыць аб хваробе, хваравітым стане. Сымоніха.. ціха, слабым, хворым голасам кажа: — Сымонка! што ты робіш? Бядуля. // Пашкоджаны хваробай (пра расліны і іх плады). [Андрэй] бачыў перад сабою.. Калхіду — гнуткае трапяткое трысцё, хворыя лясы, ўзвышшы курганоў. Самуйлёнак. // (звычайна з адмоўем «не») у знач. вык. Разм. Магчы, быць здольным (зрабіць што‑н.). [Гарлахвацкі:] Ты б рамізніка ўзяла. [Анна Паўлаўна:] Не хворы і сам занесці. Крапіва.

3. Ненатуральны, ненармальны, празмерны. Хворае.. ўяўленне [Вялічкі] ўзнімала аслабелыя сілы да раптоўных парываў, якія тут жа ападалі. Чорны.

•••

Венерычны хворы — той, хто хварэе венерычнай хваробай.

Валіць (зваліць) з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́цка, ‑і, ДМ ‑ццы; Р мн. ‑цак; ж.

1. Прадмет, прызначаны для гульні дзецям. Ёсць цацкі добрыя ў яе: Машына-самакат, мядзведзь рахманы... Дачка бярэ яго, ён устае На плюшавыя лапы паслухмяна. Калачынскі. А дзецям зверх праграмы .. [Лапко] вылепліваў з гліны хвацкія цацкі: свісцёлкі,.. баранчыкаў, парасятак, сабак. Колас. // Невялікая рэч, якая служыць для аздобы, упрыгожання. [Жанчыны] ўзяліся мыць вокны, здымаць з мэблі чахлы, вешаць фіранкі,.. выцягваць з шафаў прыгожыя цацкі і расстаўляць на ранейшыя месцы. Карпаў. З гэтых арэхаў у Эквадоры пачалі вырабляць розныя цацкі і аздобы. «Маладосць». // Іран. Пра што‑н. небяспечнае, складанае (зброю, інструмент). — Бачыш гэтыя цацкі, — ён [бандыт] паказаў мне рэвальвер і фінку, — не адна, дык другая дагоніць. Якімовіч. — Ды вось нашы цацкі не хочуць падвезці на месца, — з нейкай жальбой у голасе гаварыў чырванашчокі, дужы механізатар, паказваючы на молат. Мыслівец.

2. перан. Той, кім (або тое, чым) распараджаюцца па ўласнаму жаданню дзеля пацехі. Быць цацкай у чыіх‑н. руках. □ Бывае, чалавек Усё жыццё сваё, увесь век Нікчэмнай цацкай пражывае. Корбан.

3. Разм. Пра рану або пашкоджаную, параненую частку цела. Зрабіць сабе цацку. □ Праз тыдзень [Вухавец] пачаў выходзіць, трымаючы сваю забінтаваную цацку на перавязі, у цёплай вязанай хустцы. Брыль. — Радыкуліт у вас, ці што? — Гэта во самае.. — Была і ў мяне гэтая цацка. Ермаловіч.

•••

Як (нібы) цацка — пра што‑н. вельмі прыгожае, адмысловае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шча́сце, ‑я, н.

1. Стан поўнай задаволенасці жыццём, пачуццё найвялікшай радасці і задавальнення. Народнае шчасце. Сямейнае шчасце. □ Але толькі вольная праца на вольнай зямлі ёсць шчасце чалавека. Клімковіч. Шчасцю іх [бацькоўскаму] канца не было, як угледзелі яго ў чорных суконных вопратках з бліскучымі гузікамі, — якраз асэсар. Бядуля. Усюды маладую пару ветліва сустракалі, усе былі ім рады, жадалі жыцця і шчасця. Ермаловіч. // Пра знешняе праяўленне такога стану, пачуцця. Упершыню паглядзеў.. [Слава] на бацьку вачыма, якія ззялі ад шчасця і захаплення. Мележ. — Зірні, здорава! — Сцёпка аж свяціўся ад шчасця. Хомчанка.

2. Удача, поспех у чым‑н. Мне выпала шчасце быць запрошаным на ХХ з’езд ЛКСМБ. «Маладосць». // Шчаслівы выпадак, шчаслівае спалучэнне акалічнасцей. Але дарэшты спарахнелі снасці, і здрадзіла зусім старому шчасце. А. Вольскі. // у знач. безас. вык. Добра, удала. Якое шчасце, што мы ўжо дома. // у знач. вык. Пашанцавала, пашчаслівіла, пашэнціла каму‑н. Яго шчасце — бабка са мной побач, а то я паказаў бы.. [Пецьку] дарогу. Сяркоў.

3. Лёс, доля. Камбедаўцы на кожным надзеле забівалі калкі і на залысінах ставілі нумары. Пад вечар з вялікай Усавай шапкі кожны цягнуў сваё шчасце. Грахоўскі.

•••

Бог шчасця не даў гл. бог.

На шчасце — а) каб былі поспех, удача ў каго‑н., каб шанцавала каму‑н. (даць, зрабіць, сказаць што‑н.); б) (у знач. пабочн.) выражае задавальненне з выпадку чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́ць сов.

1. (пройти, проехать мимо) минова́ть;

2. мину́ть, обогна́ть;

мы міну́лі аўто́бус на двана́ццатым кіламе́тры — мы ми́нули (обогна́ли) авто́бус на двена́дцатом киломе́тре;

3. (не задеть) минова́ть, мину́ть;

ку́ля на гэ́ты раз мяне́ міну́ла — пу́ля на э́тот раз меня́ минова́ла (ми́нула);

4. перен. избе́гнуть, избежа́ть;

злачы́нец не міне́ ка́ры — престу́пник не избе́гнет (не избежи́т) наказа́ния;

5. (исполниться) ми́нуть;

яму́ міну́ла два́ццаць год — ему́ ми́нуло два́дцать лет;

6. (о времени, состоянии) минова́ть, мину́ть, пройти́;

міну́ў год — минова́л (ми́нул, прошёл) год;

міну́ў кры́зіс — минова́л (прошёл) кри́зис;

гэ́та не міне́ яго́е́) рукэ́то не пройдёт ми́мо его́ (её) рук;

дзвюм смярця́м не быць, а адно́й не м.посл. двум смертя́м не быва́ть, а одно́й не минова́ть

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Студзі́ць ‘рабіць халодным, астужаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ‘ліхаманіць’ (Байк. і Некр.), ‘халадзіць, марозіць’ (баран., Сл. ПЗБ), студзі́цца ‘астуджвацца, ахалоджвацца’ (ТСБМ, Бяльк.), студзёны ‘халодны’ (Бяльк.), студзёна ‘холадна’ (Бяльк., Мат. Маг.). Параўн. укр. студи́ти, рус. студи́ть, польск. studzić, в.-луж. studzić, н.-луж. stuźiś, чэш. studiti ‘студзіць’, славац. studiť, серб.-харв. сту́дити, сту́дјетибыць халодным’, славен. stúditi ‘адносіцца з агідай’, балг. студя, макед. студи ‘астуджаць; халадаць’. Прасл. *studiti ‘рабіць халодным, астужваць’. Шустар-Шэўц (1369–1370), Бязлай (3, 337) дзеяслоў лічаць вытворным ад прасл. *studъ, *studa ‘холад’, параўн. укр. дыял. сту́да ‘холад’, студ ‘сорам’, рус. дыял. сту́да, студь ‘холад’, студ ‘сорам, знявага’, польск. ostuda ‘прастуда’, чэш., славац. stud ‘сорам’, серб.-харв. сту̑д ‘холад’, славен. stȗd ‘агіднасць’, балг., макед. студ ‘холад, мароз’, ст.-слав. стоудъ ‘сорам, ганьба’. Борысь (585) выводзіць з *stydnǫti (гл. стыць) з чаргаваннем галосных у корані ŭ/ou/y/u. Параўноўваецца з ст.-інд. tudáti, tundatē ‘штурхае, коле, джаліць’, tōdas ‘той, хто дасаліць’, tōdas ‘укол’, лац. tundō, tutudā, tū(n)sum, tundere ‘біць, калаціць, удараць’, гоц. stautan ‘штурхаць’ і інш., гл. Бернекер, IF, 10, 154. Славянскую дзеяслоўную аснову *stud‑ узводзяць да і.-е. *stou‑, *stū‑ ‘стаяць’ і звязваюць з стыгнуць (гл.) і роднаснымі (Младэнаў, 614; Бязлай, там жа) аналагічна да і.-е. nomen actionis *stou̯do‑s. Параўн. стыд. Гл. яшчэ з аглядам літ-ры Фасмер, 3, 786–787; а таксама Махэк₂, 589–590; ЕСУМ, 5, 456–457.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядзе́ць ’займаць сядзячае становішча’, ’знаходзіцца, праводзіць час’, ’быць у зняволенні’, ’размяшчацца дзе-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк., Ласт., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’кватараваць’ (узд., Жд. 1), седе́ті ’сяліцца, жыць’ (пін., З нар. сл.), ст.-бел. сѣдѣти, седѣти, седети ’тс’ (Альтбаўэр), сѣдѣти, седети ’пасяляцца, жыць, пражываць’, ’валодаць выдзеленым надзелам зямлі’ (Статут 1529 г., гл. Мацкевіч, Грынавецкене, ЖНС, 206 і наст.). Укр. сиді́ти, рус. сиде́ть, польск. siedzieć, в.-луж. sedźeć, н.-луж. sejźeś, чэш. sedět, славац. sedieť, серб.-харв. дыял. сјѐдити, славен. sẹdéti, балг. седя́, макед. седи. Прасл. *sěděti, *sědi̯ǫ адпавядае літ. sėdė́t, лат. sêdêr, гоц. sitan, ст.-ісл. sitja ’сядзець; жыць’; балта-славянскія формы з доўгім галосным у корані адпавядаюць гоц. прош. часу sētun < і.-е. *sēd‑, параўн. яшчэ ст.-інд. sídati ’ён сядзіць’, лац. sīdō ’саджуся’, якія ўзыходзяць да рэдуплікаванага *sizd‑ (Вальдэ-Гофман, 2, 509). Чэшскія і лужыцкія формы (без даўгаты) адпавядаюць лац. sedēre ’сядзець’ (Шустар-Шэўц, 1280). Фартунатаў (KZ, 36, 50) рускае і ўкраінскае *сидѣти < *sěděti тлумачыць як вынік асіміляцыі ў 2‑й і 3‑й ас. адз. л.: *sědiši, *sěditъ; у беларускіх формах Карскі (1, 226) бачыць захаванне старога стану. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 618; Бязлай, 3, 222; Махэк₂, 539; Борысь, 545–546; ЕСУМ, 5, 226–227; Шаўр, Studia Etym. Brun., 3, 367 (скарачэнне праславянскай даўгаты лічыць другаснай з’явай з мэтай пазбыцца аманіміі з адпрыметнікавым дзеясловам ад *sěd‑ ’сівы’). Гл. сесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тава́рыш ’друг, прыяцель, паплечнік, калега’, ’равеснік, аднагодак’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), това́рыш ’сябар’ (ТС), товарышо́к ’пры неафіцыйным звароце’ (Нар. Гом.), сюды ж карэляты ж. р. тава́рышка ’сяброўка, саўдзельніца’, ’спадарожніца’, ’равесніца, з якой таварышавала’ (Янк. 2), ’сяброўка, аднагодка’ (Касп., Растарг., Сл. ПЗБ, Жд. 2), товары́шка ’тс’ (ТС), таварышава́ць ’сябраваць, дружыць’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі), таварышкава́ць ’тс’ (Сцяц.), товарышова́ць, товары́шыць ’тс’ (Нас., ТС), ст.-бел. товаришь ’прыяцель; супольнік’ (Альтбаўэр), товаришъ, това́рышъ, таваришъ, таварышъ, товарышка ’супольніца’, товаришити ’дружыць, быць у адной суполцы’ (Карскі 2–3, 277, 394). Укр. това́риш ’прыяцель, супольнік’, рус. това́рищ ’тс’, польск. towarzysz ’тс’, каш. towařëš, н.-луж. towariš ’тс’, в.-луж. towarš ’тс’, ст.-чэш. tovaryš, towařiš, чэш. tovaryš ’падмайстар’, ’супольнік’, славац. towariš, славен. towȃriš ’тс’. Адзінага меркавання адносна паходжання слова няма. Чарных (2, 247) выводзіць са стараж.-рус. товаръ (гл. тавар1) з, магчыма, старэйшым на ўсходнеславянскай глебе значэннем ’стан; вайсковы лагер’. Суфікс ‑išč‑ь замест *‑iš‑ь/*‑yš‑ь, які адзначаецца ў іншых славянскіх мовах і сярэднерускіх гаворках, можа, такім чынам, тлумачыцца ўплывам стараж.-рус. това́рище ’стан’ (паводле Сразнеўскага, найбольш ранняя фіксацыя пад 992 г.), паводле Карскага (2–3, 394), апошнія ў выніку спрашчэння. Часцей слав. *tovarišь або *tovoriščь лічыцца запазычаннем з цюркскіх моў, у якіх слова складаецца з дзвюх частак: тур., чагат. tavar ’маёмасць; скаціна; тавар’ і () ’сябар, таварыш’ (Фасмер, 4, 68; ЕСУМ, 5, 586; Борысь, 639).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́сах1 ’доўгі кій, на які апіраюцца пры хадзьбе; жазло святара’ (ТСБМ), по́сох ’кіёк, палка’, ’прылада, якой палохаюць і заганяюць рыбу ў сетку’ (ТС), ст.-бел. посохъ ’кій’ (Сл. Скар.), укр. по́сох, рус. по́сох, ц.-слав. посохъ, ст.-слав. посохъ ’тс’. Вытворнае ад *soxa ’расоха, разгалінаванне’, што дае падставы рэканструяваць першаснае значэнне ’палка з загнутым канцом’ (Праабражэнскі 2, 113). Гл. саха́.

По́сах2, пусо́х ’яйка (наседжанае)’ (хойн., Мат. Гом.). Відавочна, таго ж паходжання, што і паса́г (гл.), рус. поса́г, польск. posag, чэш. posah ’тс’. Насуперак прынятай этымалогіі, якая ўзводзіць пасаг да *sōg‑os, што звязана з літ. ségti ’прышпільваць, далучаць’ (Махэк₁ 385; Фасмер, 3, 338), мэтазгодна узводзіць да прасл. *sědti > *sěsti. У Брукнера (432) побач з усходнеславянскім посаг ’месца, дзе маладая сядзіць падчас шлюбнага абраду’ адзначаецца і варыянт посад, што лічыцца другасным, памылковым. Тым не менш, посаг і посад могуць быць варыянтамі адной формы, параўн. укр. осуга ’асадак’, рус. осяжать ’асядаць (пра асадак)’, вытворнае ад дублетных форм *sięg‑/*sied‑ і *sąg‑/*sad‑ (Анікін, Этимология–1983, 48), сюды ж ц.-слав. посагати, ст.-рус. посѧгати ’выходзіць замуж’. Такім чынам, гэта аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- ад *sěsti. Форма по́сох — вынік гіперправільнага окання ў корані ‑саг‑. Гл. паса́г. Відаць, не мае падстаў меркаванне Кліменкі (Язык, слово, действительность, 1, 139), якая звязвае по́сах ’яйка (наседжанае)’ з рэліг. святам Пасха і магчымымі трансфармацыямі гэтай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)