шча́сце, ‑я, н.
1. Стан поўнай задаволенасці жыццём, пачуццё найвялікшай радасці і задавальнення. Народнае шчасце. Сямейнае шчасце. □ Але толькі вольная праца на вольнай зямлі ёсць шчасце чалавека. Клімковіч. Шчасцю іх [бацькоўскаму] канца не было, як угледзелі яго ў чорных суконных вопратках з бліскучымі гузікамі, — якраз асэсар. Бядуля. Усюды маладую пару ветліва сустракалі, усе былі ім рады, жадалі жыцця і шчасця. Ермаловіч. // Пра знешняе праяўленне такога стану, пачуцця. Упершыню паглядзеў.. [Слава] на бацьку вачыма, якія ззялі ад шчасця і захаплення. Мележ. — Зірні, здорава! — Сцёпка аж свяціўся ад шчасця. Хомчанка.
2. Удача, поспех у чым‑н. Мне выпала шчасце быць запрошаным на ХХ з’езд ЛКСМБ. «Маладосць». // Шчаслівы выпадак, шчаслівае спалучэнне акалічнасцей. Але дарэшты спарахнелі снасці, і здрадзіла зусім старому шчасце. А. Вольскі. // у знач. безас. вык. Добра, удала. Якое шчасце, што мы ўжо дома. // у знач. вык. Пашанцавала, пашчаслівіла, пашэнціла каму‑н. Яго шчасце — бабка са мной побач, а то я паказаў бы.. [Пецьку] дарогу. Сяркоў.
3. Лёс, доля. Камбедаўцы на кожным надзеле забівалі калкі і на залысінах ставілі нумары. Пад вечар з вялікай Усавай шапкі кожны цягнуў сваё шчасце. Грахоўскі.
•••
Бог шчасця не даў гл. бог.
На шчасце — а) каб былі поспех, удача ў каго‑н., каб шанцавала каму‑н. (даць, зрабіць, сказаць што‑н.); б) (у знач. пабочн.) выражае задавальненне з выпадку чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)