не́йкі, ‑ая, ‑ае; займ. неазначальны.
1. Невядома які; незнаёмы. З туманоў выплывае лодка. На ёй рыбак, хлопчык і нейкі чалавек у белай кашулі. Кучар. [Толя] спыніўся і затуманенымі вачыма пачаў разглядаць нейкае чужое, невядомае яму месца. Якімовіч. І нейкі невядомы лагодны матыў мроіцца ў абуджаных марах. Ваданосаў. // Няясны; незразумелы, дакладна неакрэслены. Сэрца б’ецца, к жыццю рвецца, К нейкім светлым снам. Купала. Нейкая невядомая сіла цягнула.. [Таццяну] ў лес. Шамякін. // Якісьці. А шапка.. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас.
2. Знаёмы, вядомы, да якога адносяцца з адценнем пагарды. [Вашыновіч:] — Бабы заўсёды языкамі любяць трапаць. Мала што там Сабастыяніха нейкая гаварыла. Чорны. — А піла ў цябе ёсць? — Ёсць нейкая, браток. Брыль.
3. Не вызначаны дакладна (пра час, тэрмін, колькасць чаго‑н.). Праз нейкі дзень-другі хворы акрыяў. □ Праз нейкі час дымок пахучы Паплыў угору, як туман. Колас.
4. Пры параўнанні якіх‑н. якасцей, адзнак. Гэта нейкі звер, а не чалавек. □ Сабакучаво стала падобным да нейкага ваеннага паселішча. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што і цераз што. Перамясціцца скачком цераз каго‑, што‑н. Пераскочыць канаву. Пераскочыць цераз плот. □ Лёгкім, невыказна прыгожым рухам алень пераскочыў цераз тоўсты ствол паваленага дрэва і знік, нібы здань, у зялёным гушчары. В. Вольскі. // Разм. Імгненна перамясціцца на другі бок чаго‑н.; праскочыць. Праз хвілін дзесяць уся мясцовая паліцыя была ўжо на нагах .. Пераскочылі масток праз раку і апынуліся на месцы пажараў. Якімовіч. // Разм. Перайсці да наступнага, мінуўшы што‑н. прамежкавае. Пераскочыць з першага класа ў трэці. Пераскочыць цераз два раздзелы і чытаць далей.
2. Перамясціцца скачком, скачкамі з аднаго месца на другое. Пераскочыць з аднае купіны на другую. Пераскочыць ад акна да дзвярэй. □ Вавёрка спалохана крыкнула, пераскочыла на верхавіну і пачала там трывожна мітусіцца. Маўр.
3. перан. Не скончыўшы аднаго чаго‑н., перайсці, пераключыцца без усякіх падстаў на што‑н. другое. Пераскочыць на новую тэму.
•••
Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш гл. казаць 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пе́рлы, ‑аў; адз. перл, ‑а, м.
1. Тое, што і жэмчуг. Там зліткі золата былі, І перлы, і каралы. Танк. Былі прадэманстраваны розныя тканіны: цяжкія парчовыя з шоўкавых, залатых і срэбных нітак, упрыгожаныя перламі і самацветамі. «ЛіМ». // перан.; чаго або якія. Каплі дажджу, расы і пад., якія блішчаць, пераліваюцца, як жэмчуг. Малады бярэзнік, які густа парос ля самай шашы, блішчаў тысячамі перлаў-расінак, што віселі і пераліваліся на лісцях. Сіўцоў. Ты чуйна слухаеш, прынік, Як звоняць перлы вадзяныя. Танк.
2. перан.; чаго. Пра што‑н. самае выдатнае, цудоўнае па сваіх якасцях. «Грубае жыццё» сапраўды пераплаўлялася ў грудзях паэта ў перлы паэзіі. Лойка. Вунь, злева, перл готыкі, збудаваны ў шаснаццатым стагоддзі касцёл Святой Ганны. Арабей. // Іран. Пра што‑н. бязглуздае, недарэчнае і пад. Тувім прыводзіць узор прадукцыі аднаго з .. [графаманаў]: Калі цябе ўбачыў, як кроіла сала, Маё сэрца зразу, як пёс у ваду, ўпала.. Нічым не горшыя перлы можна набраць з часопісаў, нават з некаторых кніг і ў нас. Лужанін.
•••
Рассыпа́ць перлы гл. рассыпаць.
[Фр. Perle.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пача́цца, ‑чнецца; зак.
1. Пачаць прасцірацца. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка. Вось ужо скончыліся палеткі, пачалася сенажаць. Машына далей ехаць не магла. Марціновіч.
2. Пачаць адбывацца, здзяйсняцца. Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца. Колас. Адна за адной пачаліся шалёныя атакі. Мележ. Пачаўся допыт. Хто? Адкуль? Чаму ўзарваў мост? Дзе штаб? Лынькоў. // Адкрыцца, пачаць працу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Так пачалося пасяджэнне прэзідыума Савета дэпутатаў. Чорны. Праўленне адразу ж пачалося бурна. Пянкрат. // Наступіць, настаць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Пачаўся сапраўдны дождж. Кроплі былі буйныя і частыя. Навуменка. Памерла яна [маці] яшчэ тою часінай, Калі толькі трэці пачаўся мне год. Прыходзька.
3. Разм. Пачаць з’яўляцца; абазначыцца. У козліка — рожкі і пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка. Брыль. [Гушка:] — Калі пачнецца свая гаспадарка, дык і ты тады парабкоўства кінеш. Чорны. [Бацька:] — А ягад у нашым Варку — хоць вазамі вазі, хутка і грыбы пачнуцца. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смаляны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да смалы (у 1 знач.), уласцівы ёй. Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. Шыцік. Хата — гэта ён вельмі сціпла назваў вялізную, з белымі разбянымі аканіцамі хароміну, з жоўтых сцен якой сачыліся смаляныя кроплі. Радкевіч. // Насычаны пахам смалы. Смаляное паветра. // Які мае адносіны да здабычы і апрацоўкі смалы. Смаляны промысел. Смаляны завод. // Які атрымліваюць з смалы або прадуктаў яе перапрацоўкі. Смаляная кіслата.
2. Які мае ў сабе многа смалы; смалісты. Смаляное дрэва. □ І там, дзе пелі пушчы баравыя, Корч смаляны хаціны асвятляў, Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак. У печы, відаць, гарэла ўжо не салома, а дровы — смаляныя трэскі і аскалёпкі. Пташнікаў.
3. Апрацаваны смалой (у 2 знач.); прасмолены. Смаляныя шпалы. □ Кончыўся прыгарад, потым была рэчка, на яе пясчаныя беразе ляжалі, як вялікія рыбіны, чаўны і грэлі на сонцы свае смаляныя бакі. Гаўрылкін.
4. Чорны і бліскучы (пра валасы). Віка.. гладзіла яго [Лаўрэна] шорсткія смаляныя валасы. Вітка.
•••
Смаляная падманка гл. падманка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спі́ца, ‑ы, ж.
1. Адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам. Вялізныя колы былі напалавіну без спіц, абады без шын. Машара. Пярэдняе кола веласіпеда ўдарылася аб пень, сагнулася, тырчаць вырваныя спіцы. Жычка. // Адзін з драўляных або металічных стрыжняў рулявога кола. Спіцы штурвала. // Адзін з металічных прутоў, што складаюць каркас парасона.
2. Драўляны або металічны стрыжань рознага прызначэння. На таку .. стаяла саматужная сячкарня — бервяно-к[о]злы на чатырох ножках з дзвюма парамі ўбітых наўскасяк спіц. Колас. [Міхалка] выведае тады ўсю механіку калёсікаў, зубчыкаў, спіц, шасцерняў, .. якіх у гадзінніку так многа. Бядуля.
3. Плоскае выгнутае шыла для пляцення лапцей. [Дзед:] — Чаго ты там слепішся ў тую кніжку. Хіба ты з яе хлеба наясіся... Вунь бы лепш наломваўся лапці пл[е]сці, а то вырасцеш і спіцы не будзеш умець у руках трымаць. Сабаленка.
•••
Апошняя (дзесятая) спіца ў калясніцы — а) чалавек, які адыгрывае нязначную ролю ў жыцці, грамадстве, у якой‑н. справе; б) тое, што мае малое значэнне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссіве́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ссівеў (пра валасы). Прысядуць [інваліды], цыгаркі закураць, У кут пастаўляўшы кіі, Ссівелыя бровы патураць, Успомняць: грымелі баі. Ляпёшкін. // З такімі валасамі (пра чалавека). На палубе два рудакопы сталі, Каля іх ссівелая жанчына. Зарыцкі. Падняў акуляры ўгору Ссівелы хірург вусаты: — Вам кім даводзіцца хворы? Нядзведскі. / Пра галаву. — Куды там мне, — паківаў ссівелай галавою стары. Ваданосаў. // перан. Які набыў колер сівізны. Сягоння сад, пад месяцам ссівелы, Не распачаў звычайную гамонку. Дзяргай. Узнімаецца бераг-скала. Да яго прыліпае імгла, І таежны ссівелы мох Да халоднай скалы прысох. Хведаровіч. // перан. Які даўно існуе, вельмі старажытны. Грымеў навальнічны харал, І плечы сутульваў Ссівелы Урал, І Волга ўспаміны гайдала. Барадулін. Аб ім [старым] толькі пеўнікі На кірхах ссівелых бязгучна крычаць. Калачынскі.
2. у знач. наз. ссіве́лы, ‑ага, м.; ссіве́лая, ‑ай, ж.; Той (тая), хто ссівеў, мае сівыя валасы. Сумненні, радасці, часамі беды З усіх канцоў трывожнае Зямлі На самую святую плошчу свету І юных, і ссівелых прывялі. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старо́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Адзін з двух бакоў ліста паперы (у кніжцы, сшытку). Там, на першай старонцы, надрукавана была прамова Андрэя Клыгі. Чорны. [Візэнер] падаў ім разгорнуты том Энгельса і паказаў [савецкім] афіцэрам першую старонку, дзе быў партрэт. Шамякін. Андрэй Міхайлавіч выняў .. блакнот, адшукаў чыстую старонкі). Самуйлёнак. // Ліст (у кніжцы, сшытку). Вырваць старонку з кніжкі. □ Перш чым ехаць сюды, я звярнуўся да Сямёнава. Пагартаў пажоўклыя старонкі старой кнігі. В. Вольскі.
2. перан.; чаго або ў чым. Перыяд, этап у гісторыі, у развіцці чаго‑н. Я гэты горад [Вільнюс] знаю з даўніх дзён. І кожны раз мне новыя старонкі Суровай былі адкрывае ён. Танк. Станковая графіка даваеннага перыяду — цікавая і своеасаблівая старонка нашай культуры. Шматаў.
•••
Упісаць новую старонку ў што гл. упісаць.
старо́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да старана (у 2 знач.). Паляцела дзяўчына Самалётам гонкім Над шчаслівай краінай, Над роднай старонкай. Купала. Ой, старонка мая ты лясная, Беларуская наша зямля. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да стукнуць (у 1–3 знач.).
2. Рабіць стук, шум пры ўдарах, штуршках; удараць са стукам. На дварэ стараставай сядзібы шорхаў гэбель, шыпела піла, стукалі малаткі. Самуйлёнак. Гаспадыня вынесла ў сенцы талеркі, графінчык, нешта рабіла там, тупала, стукала посудам. Арабей. / Пра механізмы і іх часткі. Ля клуба стукаў рухавік. Пташнікаў. У .. цішыні неяк ненатуральна гучна стукаюць ходзікі — нібы падкрэсліваюць імклівасць кожнай хвіліны. Шыловіч. / Пра аўтаматычную зброю. Гранаты рваліся бесперастанку раз за разам, і дробна стукалі аўтаматы. Чорны. / Пра сэрца, пульсуючую кроў. Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаркі] разгарэліся, як мак, і сэрца стукала моцна і часта. Колас. // безас. Пра адчуванне шуму, штуршкоў, удараў (у галаве, вушах і пад.) пры моцна пульсуючай крыві. У скронях стукала, як малаткамі. Лобан.
3. Удараць (у дзверы, акно і пад.), стукам выказваць просьбу ўпусціць куды‑н. Ціток стукаў у бляшаны верх кабіны і прасіўся: — Дай ногі выпрастаць. Ды перакусім. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сту́па, ‑ы, ж.
Драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што‑н. таўкачом. Першае, што ўбачыла .. [Аўгеня] там, была ступа і дзве маладзіцы, нявесткі дзеда Стукача: маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Колас. Каля прыпечка стаяла маці і, аберуч трымаючы таўкач, таўкла нешта ў ступе. Кулакоўскі.
•••
Таўчы ваду ў ступе гл. таўчы.
ступа́, ‑ы́, ж.
Тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок. Магчыма, мяккая трава прыглушыла конскую ступу, магчыма, хлопцы, заслухаўшыся, проста не звярнулі ўвагі і палічылі ступу варанога за тупат сваіх коней... Караткевіч. [Коля] раптам ірвануўся наперад па ўсю сваю шырокую ступу. Прысадзісты, каратканогі Міша ледзь паспяваў за ім. Якімовіч. // звычайна ў Т з азначэннем. Поступ, паходка. Нялёгка часам ладзіць нам з табою, І ў праваце сваёй — нібы нямы. Лепш падыдзі нячутнаю ступою І абнімі. Пысін. // Самы павольны алюр. Не прызвычаеная да ціхай хады Мяцеліца парывалася час ад часу перайсці з руплівай, дробнай ступы на рысь. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)