спі́ца, ‑ы, ж.

1. Адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам. Вялізныя колы былі напалавіну без спіц, абады без шын. Машара. Пярэдняе кола веласіпеда ўдарылася аб пень, сагнулася, тырчаць вырваныя спіцы. Жычка. // Адзін з драўляных або металічных стрыжняў рулявога кола. Спіцы штурвала. // Адзін з металічных прутоў, што складаюць каркас парасона.

2. Драўляны або металічны стрыжань рознага прызначэння. На таку .. стаяла саматужная сячкарня — бервяно-к[о]злы на чатырох ножках з дзвюма парамі ўбітых наўскасяк спіц. Колас. [Міхалка] выведае тады ўсю механіку калёсікаў, зубчыкаў, спіц, шасцерняў, .. якіх у гадзінніку так многа. Бядуля.

3. Плоскае выгнутае шыла для пляцення лапцей. [Дзед:] — Чаго ты там слепішся ў тую кніжку. Хіба ты з яе хлеба наясіся... Вунь бы лепш наломваўся лапці пл[е]сці, а то вырасцеш і спіцы не будзеш умець у руках трымаць. Сабаленка.

•••

Апошняя (дзесятая) спіца ў калясніцы — а) чалавек, які адыгрывае нязначную ролю ў жыцці, грамадстве, у якой‑н. справе; б) тое, што мае малое значэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)