пасмяя́цца, ‑смяюся, ‑смяешся, ‑смяецца; ‑смяёмся, ‑смеяцеся; зак.

1. Смяяцца некаторы час. Крыху пасядзеўшы, пагаманіўшы, пасмяяўшыся, Базыль звярнуўся да гаспадара, да «валачобнікаў», запрашаючы ўсіх да сябе. Колас. [Антось:] — Рабіць цэлы дзень і не пасмяяцца, не пажартаваць! Чарнышэвіч.

2. з каго-чаго. Выказаць смехам адносіны да каго‑, чаго‑н. Іван Сцяпанавіч і Наталля Аляксееўна пасмяяліся яшчэ з тых успамінаў і з той прыемнай яе дружбы і пайшлі далей. Васілевіч. [Пятрок] жыве з сваёй жонкай Ульянай і па-ранейшаму памагае Алімпе, якая з усяе тае заварухі толькі пасмяялася. Ракітны. // Аднесціся да каго‑, чаго‑н. з насмешкай; пажартаваць з каго‑, чаго‑н. «А што, калі ён з мяне пасмяяўся», — з смуткам падумала .. [Зося] пра пастушка. Чорны. Хлопчык думаў, што Сцёпка непісьменны, пасмяяцца хацеў з яго. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Павольна, не спяшаючы гуляць, хадзіць для адпачынку, забавы. — Глядзі ж ты, Матрона, не вельмі па вуліцах вечарамі разгульвай, — сказаў, прыпыніўшыся, Іван. Колас. Бачыцца Валянціне, быццам маці бяжыць з-за пагорка, махае рукою, здалёк крычыць, каб не разгульвала, не распявала тут на ўлонні, а брала кошык ды ў лес — па грыбы, ягады. Мыслівец. // Перамяшчацца свабодна, у любым напрамку. Цёмнарусы Кастусь, якому зараз, са студзеня месяца, ішоў дваццаць шосты год, мог спакойна разгульваць пад носам у самых спрытных жандараў. Якімовіч. / Пра з’явы прыроды. Па вуліцах горада разгульвалі вятры, прыносячы з сабою дзівосныя пахі квітнеючых садоў. Гурскі. // Свабодна дзейнічаць, займацца разгулам і разбоем. Петрусю давялося некалькі разоў выязджаць у начныя засады, дзе разгульвалі бандыты. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цар, ‑а, м.

1. Тытул манарха ў Расіі, Балгарыі і Сербіі. // Асоба, якая мае гэты тытул. Цар Іван Грозны. Цар Пётр І.

2. перан.; каго-чаго або які. Той, хто ўзвышаецца над усімі сабе падобнымі ў якіх‑н. адносінах. Чалавек — цар прыроды. Леў — цар звяроў. □ [Тайдо і Кос] ведалі, што гэта ёсць гняздо птушынага цара, — кондара. Маўр.

3. У спалучэнні з іншымі назоўнікамі характарызуе іх як штосьці незвычайнае сярод сабе падобных. Цар-гармата. Цар-звон. Царголад. Цар-баба. Кедр — цар-дрэва. □ — Такая гордая і паважная [Таня], што, здаецца, і прыступу да яе няма. Цар-дзеўка, ды і годзе! Машара.

•••

Без цара ў галаве — пра неразумнага, дурнаватага чалавека.

За царом Гарохам — вельмі даўно, не за нашай памяццю.

[Ад лац. caesar.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Вясе́лік 1, палес. вэсэ́лык ’журавель, Grus grus L.’ (Дразд.), укр. веселик ’тс’ — табуістычная «назва жураўля, якую трэба ўжываць тады, калі жураўлі прылятаюць, вясною, каб не журыцца цэлы год» (Грынчанка, 1, 141). Магчыма, гэта проціпастаўленне народнай этымалогіі лексемы вясна, якая звязваецца з лексемай вясёлы, у прыватнасці з яе значэннямі ’здаровы, радасны, ясны, каляровы, сонечны, асветлены, з буйной расліннасцю, які радуе багаццем, буйнасцю і г. д.’ Тое ж адносна наступных слоў: вяселік 2, вяселік 3. Сюды ж высё́лык ’эўфемістычная назва жураўля, заўважанага першы раз у гэтым годзе’ (Клім.).

Вясе́лік 2 ’смаржок, Gyromitra (Helvella) esculenta’ (Янк. I); ’красавіковы грыб смаржок’ (КТС, К. Цвірка). Відавочна, да вясна (гл.) *вясеннік > вяселік. Магчыма, аднак, што назва была матывавана знешняй незвычайнасцю; параўн. весялуха 5 і ўкр. весе́лка воню́ча ’грыб Phallus impudicus’. Аднак славац. veseliarky ’Armillariella mellea, асенні апенак’.

*Вясе́лік 3, вэсэлык ’вясёлка’ (іван., ДАБМ). Утворана ад veselъ і суф. ‑ikъ. Названа, паводле шматкаляровасці, якая весяліць, радуе вока чалавека. Параўн., аднак, вясёлка 1, весялу́ха 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каплу́н 1 ’цура’ (браг., бяроз. Шатал.; вільн., Сл. паўн.-зах., ’ежа накшталт супу з кавалачкаў сухога хлеба, цыбулі, залатых варам і засквараных салам’ (драг. Нар. словатв.; драг., іван. Вешт.; кобр. Нар. лекс.), ’абрадавая страва з хлеба і салодкай вады або малака’ (івац. Жыв. сл.). Укр. жытомірск. каплу́н ’ежа з хлеба, вады і солі’, рус. н.-рас. ’халаднік’, польск. kapłun, kapłon ’тс’. Відавочна, балтызм, утвораны ад дзеяслова *kap(l)‑ (параўн. літ. kapóti ’рубіць, сячы’, ’з’ядаць, тачыць’, kaplỹs ’адрэзаны, адколаты’, ’бяззубы’), які азначаў ’ламаць, крышыць’ — галоўнае адрозненне каплуна ў тым, што хлеб ломіцца, крышыцца, а не варыцца, не закалочваецца (як жур), не смажыцца. Сюды ж і каплу́к.

Каплу́н 2 ’пакладаны певень’ (ТСБМ, Бес., Федар. 6; драг. Нар. словатв.), ’пражорлівы’ (Некр.). Ст.-бел. каплунъ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. kapłun ’тс’ (і kapłon), якое пры пасрэдніцтве ст.-чэш. kapún — з с.-в.-ням. kappūn ’тс’ < нар.-лац. cappōne (m) < cāpo ’тс’, ’малады пеўнік’, ’малакасос’ (Слаўскі, 2, 58). У польск. слове ł‑ — у выніку жартаўлівай ад’ідэацыі да kapłan ’свяшчэннік’, ’жрэц’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мы́каць 1, му́каць, мі́каць ’раўці (аб карове, цяляці)’ (ТСБМ, Юрч., Гарэц.; дзярж., ДАБМ, к. 300), ’ціха мычэць’ (ц.-бел., лельч., там жа; Нас.). Рус. пск., валаг., калін., арханг. мы́кать ’тс’. Гукапераймальнае. Ад аднаразовага выклічніка мы‑ы! (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 79).

Мы́каць 2, му́каць, мы́каты ’часаць лён на грэбені і скручваць яго ў мычкі’ (Гарэц., Юрч., Бяльк., Ян.; іван., петрык., лельч., Уладз.), мы́кнуць ’зрабіць трохі мычак’ (Юрч.). Укр. ми́канець ’расчасанае і падранае з мычкі пачассе’, ми́канка ’горшы гатунак прадзіва’, ми́кати ’торгаць, рваць, цягнуць’, рус. мы́кать ’мыкаць лён, пачассе’, польск. mykać ’рваць лён’, ’часаць лён’, ст.-чэш. mykati ’часаць воўну’, славац. mykať, славен. míkati ’часаць’. Прасл. mykati. Да імкну́цца (гл.).

Мы́каць 3 ’раздаваць, марнатравіць’, ’насіцца’ (Юрч.). Рус. валаг. мы́кать ’траціць час’. Семантычна блізка стаіць да мы́кацца (гл.).

Мы́каць 4 ’мармытаць, неразборліва гаварыць’ (ТСБМ, Шат.), любан. мы́каць‑пы́каць ’тс’ (Нар. словатв.), мы́кнуць ’буркнуць, крыкнуць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Гукапераймальнае. Утворана ад м‑м‑м! (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 72).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

крык, ‑у, м.

1. Вельмі моцны, рэзкі гук голасу. Бывала, ўлетку, ў час рабочы Не раз там чуўся крык вясёлы: — Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы! Колас. // Плач уголас (пра дзяцей). — Ма-ма! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. // Пра рэзкія гукі, якія ўтвараюцца птушкамі, жывёламі. Жураўліны крык. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.

2. перан.; чаго. Моцнае праяўленне якога‑н. пачуцця. — Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. Шамякін.

3. Папрокі, нападкі рэзкім, павышаным тонам; сварка, лаянка. Падняць крык. □ — С-слухай... як цябе там... танцор... Ведаеш, не магу я глядзець на тваю работу... — І перайшоў на крык, прарэзлівы, хрыплы: — Брыгадзір! Дзе брыгадзір?! Вышынскі.

•••

(Апошні) крык моды — пра модную навінку [пераклад з фр. dernier cri (de la mode).]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інты́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Глыбока асабісты, патаемны, запаветны. Інтымнае жыццё. □ Лясніцкаму не заўсёды падабаліся жарты камандзіра і асабліва яго празмерная цікавасць да асабістых інтымных перажыванняў і пачуццяў камісара. Шамякін. Такая ўзнагарода была для Сушкевіча нечаканай. Праўда, былі іншы раз думкі аб гэтым. Але гэта былі самыя інтымныя думкі, якіх ён саромеўся нават сам. Дуброўскі. // Які датычыцца пачуццяў; сардэчны, любоўны. Інтымныя прыгоды. Інтымная лірыка. □ [Змітрок] ведаў, што пра Іну.. [Галі] расказваў Іван. Але не тое, што дзяўчына ведае аб яго інтымных справах з Інай, непакоіла яго. Ваданосаў.

2. Блізкі, сяброўскі, сардэчны. Анцыпік як бы прадчуваў замах свайго суседа і стараўся ўхіліцца ад усякіх адкрытых і інтымных гутарак. Колас. Успаміны-развагі паэта ўзрушаюць асабліва таму, што вядуцца яны ў вельмі даверлівым, інтымным тоне, надзвычай проста і натуральна. Ярош.

[Фр. intime.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.

1. што. Прыбіўшы, прывязаўшы, заціснуўшы і пад., зрабіць нерухомым, устойлівым; прымацаваць. Замацаваць канат. □ Іван замацаваў чарговую дэталь у патрон і ўключыў матор. Ваданосаў. Барыс не толькі ўставіў спіцы, але і падцягнуў ланцуг, замацаваў руль. Жычка.

2. што. Зрабіць пастаянным, трывалым, устойлівым. Замацаваць веды. Замацаваць перамогу. □ Пераход Зеленюка на кватэру да Малаха яшчэ больш замацаваў іхняе сяброўства з Віктарам. Зарэцкі. // Зафіксаваць. Хараство — мімалётнае, не замацуй яго на палатне ці ў радках — знікне без следу. Лужанін.

3. што. Утрымаць за сабой, арганізаваўшы абарону. Замацаваць занятую пазіцыю.

4. каго-што. Зацвердзіць за кім‑, чым‑н.; забяспечыць права на каго‑, што‑н. за кім‑, чым‑н. Замацаваць зямлю за сялянамі. Замацаваць кансультанта. □ Мінеральныя глебы замацаваліся за другой брыгадай. Дуброўскі.

5. што. Апрацаваць замацавальнікам. Замацаваць фотаздымак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́здзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. Паехаць куды‑н., пабыць там з якой‑н. мэтай і вярнуцца назад. З’ездзіць па дровы. З’ездзіць у горад. З’ездзіць у госці. З’ездзіць паглядзець новабудоўлю. □ У нядзелю Ганна Лявонаўна і Іван Трахімавіч з’ездзілі на базар, купілі тое-сёе. Корбан.

2. што. Пабыць у шмат якіх мясцінах, аб’ездзіць якую‑н. тэрыторыю. З’ездзіў усю краіну ўдоўж і ўпоперак. □ Не мала страціў зім, Не мала з’ездзіў свету. Не вытрымаў Максім, Рашыў: Дадому еду. Куляшоў.

3. каго-што. Разм. Сапсаваць, зрабіць непрыгодным ад частай язды. З’ездзіць колы. // Часта або многа ездзячы па чым‑н., стаптаць, папсаваць. З’ездзіць пасевы. З’ездзілі калёсамі ўсю пожню.

4. па чым, каму. Разм. Стукнуць, ударыць (у 6 знач.). — Трэба было, унучка, чапялою разы са тры па гарбу яму з’ездзіць. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)