замацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.

1. што. Прыбіўшы, прывязаўшы, заціснуўшы і пад., зрабіць нерухомым, устойлівым; прымацаваць. Замацаваць канат. □ Іван замацаваў чарговую дэталь у патрон і ўключыў матор. Ваданосаў. Барыс не толькі ўставіў спіцы, але і падцягнуў ланцуг, замацаваў руль. Жычка.

2. што. Зрабіць пастаянным, трывалым, устойлівым. Замацаваць веды. Замацаваць перамогу. □ Пераход Зеленюка на кватэру да Малаха яшчэ больш замацаваў іхняе сяброўства з Віктарам. Зарэцкі. // Зафіксаваць. Хараство — мімалётнае, не замацуй яго на палатне ці ў радках — знікне без следу. Лужанін.

3. што. Утрымаць за сабой, арганізаваўшы абарону. Замацаваць занятую пазіцыю.

4. каго-што. Зацвердзіць за кім‑, чым‑н.; забяспечыць права на каго‑, што‑н. за кім‑, чым‑н. Замацаваць зямлю за сялянамі. Замацаваць кансультанта. □ Мінеральныя глебы замацаваліся за другой брыгадай. Дуброўскі.

5. што. Апрацаваць замацавальнікам. Замацаваць фотаздымак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)