Брак 1 ’нястача’ (Сцяшк. МГ, БРС, Яруш., Сцяшк., Шат.). Укр. брак ’тс’. Запазычанне з польск. brak ’тс’ (а гэта з с.-н.-ням. brak ’тс’); гл. Бернекер, 80; Брукнер, 38; Фасмер, 1, 206; Слаўскі, 1, 41; Рудніцкі, 191; Шалудзька, Нім., 22. Таксама бел. бракава́ць ’не хапаць’, укр. бракува́ти < польск. brakować; Рыхардт, Poln., 36; Кюнэ, Poln., 46. Параўн. яшчэ Булыка, Запазыч., 48.
Брак 2 ’дэфект’, бракава́ць. Рус. брак, бракова́ть, укр. брак, бракува́ти. Праз польск. brak, brakować з с.-н.-ням. brak ’дэфект, недахоп’ (параўн. ням. brechen ламаць’). Бернекер, 80; Фасмер, 1, 206; Рудніцкі, 191; Рыхардт, Poln., 36; Кюнэ, Poln., 46; Брукнер, 38; Слаўскі, 1, 41. Выходзіць, што гэта слова таго ж паходжання, што і брак 1 але развіццё семантыкі ішло рознымі шляхамі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бро́сня ’цвіль на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ), броснь (Нас., Чач.), бро́снець ’пакрывацца цвіллю’, таксама брасне́ць (Нас., Гарэц.). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. мове (бро́сня ’Sporengehäuse’, і гэта слова Рудніцкі (218) лічыць вытворным ад брость ’пупышка на дрэве; зелень на дрэве’ < слав. brъstь ’пупышка, парастак’; да апошняга гл. Бернекер, 90; Фасмер, 1, 219) і польскай (brośń; гэта слова Брукнер (41) з няпэўнасцю параўноўвае з слав. bronъ ’светлы колер’, broněti ’паспяваць (аб збожжавых)’). Тлумачэнне Рудніцкага пераконвае, і можна толькі ўдакладніць, што бел. броснь — утварэнне ад бро́снець (< *бростнѣти < *brъstь). Развіццё значэння: бро́снець < *бростнѣти (*brъstьněti) ’пускаць парасткі, пупышкі, зелянець’ → ’зелянець’ → ’пакрывацца зеленню’ → ’броснець’. Тады польск. brośń — запазычанне з усх.-слав. (бел. або ўкр.), як і brość (з укр. брость). Параўн. яшчэ Міхневіч, БЛ, 1972, 1, 72.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ві́шня (БРС, Касп., Бяльк., Кіс., Бес., КТС). Рус. ви́шня, укр. ви́шня, балг. вишня, серб.-харв. ви̏шња, славен. vȋšnja, чэш. višně, славац. višňa, польск. wiśnia, в.-луж. wišeń, н.-луж. wišńa. Прасл. *višьnʼa ’вішня’. Слова няяснага паходжання. Параўноўваецца са ст.-в.-ням. wîhsila, с.-в.-ням. wîhsel ’чарэшня’ і далей з лац. viscum, грэч. ἰξός (< *uiks) ’птушыны клей’ (таму што клей з вішні ўжываўся як птушыны клей) (Літаратуру гл. Фасмер, 1, 325). Іншыя даследчыкі (Г. Майер, Alb. Wb., 473 і наст.; Фасмер, ИОРЯС, 12, 2, 225; Гр.-сл. эт., 44; Шрадер, 17, 30) лічаць гэта слова запазычаннем з грэч. βύσσινος ’пурпурова-чырвоны’. Параўн., напрыклад, назву фарбы ў ст.-рус. вишъневый, вишьнявый (вишньневъ бархатъ). Махэк₂ (692) лічыць гэта слова праеўрапейскім. Балтыйскія адпаведнікі запазычаны са славянскіх моў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галамо́ўза ’бязрогая скаціна’, ’плюгавы чалавек’ (БРС), ’нікчэмны чалавек’ (Сцяшк. МГ). Сюды і галамоўзы ’бязвусы, без барады’ (Шатал.). Гэта слова дакладна адпавядае рус. дыял. голомо́лза ’балбатун, пустамеля; нерастаропны чалавек, разіня.’ Фасмер (1, 430) мяркуе, што першапачатковае значэнне ’даіць упустую’, і лічыць, што слова складаецца з гол‑ (’голы’) і молз‑, якое адпавядае ст.-слав. мльзѫ млѣсти ’даіць’ (параўн. і molozivo). Магчыма, што гэта так. Заўважым, што на ўсх.-слав. тэрыторыі ёсць сляды дзеяслова *mьlz‑ ’даіць’. Параўн. палес. мо́ўзать ’кусаць без зубоў, дзяснамі (пра дзіця, сысуна)’ (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 61). Але галамо́ўзы ’бязвусы, без барады’, здаецца, не сюды. Параўн. рус. дыял. голомо́зый ’лысы’, голомы́сый ’тс’, голомы́зый ’безбароды; без лісцяў (аб дрэвах)’, укр. голомо́зий ’лысы’, ми́дза, бел. мы́са ’морда’. Тут адбылася кантамінацыя слоў моўза і мы́са.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гляк ’гаршчок з вузкім горлам’ (БРС, Шат., Касп.), глёк ’тс’ (Бяльк., Нас., Байк. і Некр.). Укр. глек, рус. гляк, глек, глёк, гилёк, ст.-рус. гълъкъ, голкъ, голькъ. Вельмі няяснае слова. Раней рэканструявалі прасл. формы тыпу *glьtъ і звязвалі гэта слова з прасл. glьjь ’глей’ (гл.). Так Бернекер, 1, 310; Трубачоў, Ремесл. терм., 217–218. Але Фасмер (1, 412) указвае на тое, што формы гэтага слова перашкаджаюць параўнанню з глей. Таму некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэта слова, магчыма, не спаконвечнае ў славян, і шукаюць крыніцу запазычання. Так, Гаўлава (гл. Этимология, 1966, 96 і наст.) думае, што ў даным выпадку да славян прыйшло культурнае слова з Міжземнамор’я. Параўн. грэч. лексемы, якія, як мяркуюць, маглі быць запазычаны ў слав. мовы: грэч. γαυλός ’збан’, γυλλάς ’від чашы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Право́дніца ’наступная нядзеля пасля Вялікадня (Паскі)’ (Гарэц., Мядзв.), правадная (нядзеля) ’памінальная’ (Нас.), приводная нядзеля, правадной ’Фаміна нядзеля’ (Шат.), правадны ’паслявелікодны’ (Мат. Гом.), провад ’паніхіда’ (Нас.). Рус. дыял. провады ’радаўніца, памінанне памерлых’, ’пахаванне’, ’праводзіны вясны’, проводная педеля ’Фаміны тыдзень’, укр. провады ’Фаміны тыдзень’, ’праводзіны русалак песнямі ў першы панядзелак пасля свят Сёмухі’, польск. przewocinica, przewodniczna, przewodna niedziela ’першы тыдзень пасля Вялікадня’, чэш. provod, provodm nedele ’першая нядзеля пасля Вялікадня’. Да праводзіць. У рымска-каталіцкай абраднасці назва тлумачыцца тым, што ў гэты дзень новаахрышчаныя людзі ішлі “провадам” да храма, або тым, што ў гэту нядзелю адбывалася працэсія да храма з вяночкамі. Але, відаць, першаснае значэнне — гэта сляды дахрысціянскага культу памерлых і ўшанавання духаў прыроды, як гэта захавалася ва ўсходніх славян (гл. Махэк₂, 452).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аплаві́чнік ’сушаніца балотная (багнавая) Gnophalium ulginosum’ (Крывіч, 4, 1923). Утворана ад кораня лексемы плаў ’багна’ (Талстой, Геогр., 171 і наст.) пры дапамозе прэфікса о‑, які ўказваў на тое, што расліна гэта расце каля багны; суфікс сведчыць аб магчымасці прамежкавай формы тыпу *плавіца. Параўн. таксама поплавіца трава, якая расце ў вадзе’ (Талстой, Геогр., 172).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арля́к ’гатунак папараці, Pteridium aquilinum’. Рус., укр. орляк. Назвы папараці і ў іншых народаў звязваюцца з паняццем птушак, крылляў: параўн. лацінскую назву, славац. kapraď orličí, чэш. křídlatěnec (Махэк, Jména rostl., 33), таму, магчыма, гэта не пераклад лацінскай назвы, а самастойнае ўтварэнне паводле знешняга выгляду лісця, якое нагадвае крылле птушкі; не выключана таксама калька.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Багаві́ца ’багіня, бажаство’ (Касп.), ’багіня; нейкая хвароба’ (Др.-Падб.), ’багіня (?) або назва нейкай хваробы’ (Гарэц.: «Багавіца цябе ведае!»). Вытворнае ад прыметніка богавы ’божы’. Як назва хваробы, гэта табуістычнае (эўфемічнае) утварэнне: хваробы часта называюць «божымі» (параўн. рус. бо́жья хвароба’, гл. Фасмер, 1, 184; чэш. božec, ням. Gewalt Gottes ’эпілепсія’, параўн. БЕР, 1, 61).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бая́н ’музыкальны інструмент’, укр. бая́н. Запазычанне з рус. бая́н ’тс’ (а гэта па імені легендарнага Баяна ў «Слове о полку Игореве»). Назва была дадзена рускім гарманістам А. Ф. Арланскім-Цітарэнкам (1877–1941) першаму ў свеце храматычнаму гармоніку, які сканструяваў тульскі майстар М. І. Белабародаў (1827–1912). Гл. БСЭ; Шанскі 1, Б, 65.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)