Бро́сня ’цвіль на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ), броснь (Нас., Чач.), бро́снець ’пакрывацца цвіллю’, таксама брасне́ць (Нас., Гарэц.). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. мове (бро́сня ’Sporengehäuse’, і гэта слова Рудніцкі (218) лічыць вытворным ад брость ’пупышка на дрэве; зелень на дрэве’ < слав. brъstь ’пупышка, парастак’; да апошняга гл. Бернекер, 90; Фасмер, 1, 219) і польскай (brośń; гэта слова Брукнер (41) з няпэўнасцю параўноўвае з слав. bronъ ’светлы колер’, broněti ’паспяваць (аб збожжавых)’). Тлумачэнне Рудніцкага пераконвае, і можна толькі ўдакладніць, што бел. броснь — утварэнне ад бро́снець (< *бростнѣти < *brъstь). Развіццё значэння: бро́снець < *бростнѣти (*brъstьněti) ’пускаць парасткі, пупышкі, зелянець’ → ’зелянець’ → ’пакрывацца зеленню’ → ’броснець’. Тады польск. brośń — запазычанне з усх.-слав. (бел. або ўкр.), як і brośćукр. брость). Параўн. яшчэ Міхневіч, БЛ, 1972, 1, 72.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)