заступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. каго-што. Заняць чыё‑н. або вольнае месца; замяніць каго‑н. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас. // без дап. Заняць якую‑н. пасаду, прыступіць да работы. Заступіць на пасаду сакратара.
2. Прыступіць да работы, дзяжурства і пад., змяніўшы каго‑н. — Так і быць. — Конюх дастае з кішэні вялікі чыгунны гадзіннік. — Да дванаццаці ты дзяжурны, а там я заступлю. Курто. Увечары Міхалёў са сваім аддзяленнем заступіў у каравул. Хомчанка.
3. каго-што. Загарадзіць, засланіць сабой каго‑, што‑н. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна заступіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. Спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Мележ.
•••
Заступіць дарогу каму — а) нечакана з’явіўшыся перад кім‑н., спыніць яго рух. — Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу. — Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі. Чарнышэвіч; б) перашкодзіць дзейнасці каго‑, чаго‑н. Бывае так, што чалавек табе ніколі, як кажуць, не заступаў дарогу, а ты яго неўзлюбіш па нейкім прадчуванні. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збе́гчыся, збягуся, збяжышся, збяжыцца; збяжымся, збежыцеся, збягуцца; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. л. не ўжыв.). Хутка, бягом сабрацца ў адно месца (пра ўсіх, многіх). Тушыць пажар збегліся ўсе, малыя і старыя. Шамякін. Увесь лагер збегся да зямлянкі камандзіра. Шчарбатаў. // перан. Разм. Адбыцца ў адзін час, разам; супасці. Якім чынам усё так збеглася нечакана, тлумна і хаатычна, .. [Рыгор] не мог сказаць. Гартны. [Саўка] гатоў нават і спачуваць ім [партызанам], але што ты зробіш, калі так збегліся акалічнасці? Колас.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Зблізіўшыся, сысціся ў адно месца; самкнуцца. [Тодар] нічога не адказаў, толькі неяк збянтэжана засмяяўся, ад чаго старшынёвы бровы яшчэ больш збегліся на пераноссі. Крапіва. На твары ў .. [Тумаша] застыла ўхмылка, на пукатым ілбе збегліся баразёнкі зморшчын. Новікаў.
3. Разм. Паспець бегчы разам з кім‑, чым‑н. Каза .. спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку. А тая не можа збегчыся. Кулакоўскі.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Сцягнуцца, ссесціся. Сукенка збеглася.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стваражыцца, утварыць згусткі (пра малако). Малако збеглася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прывяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вежа; зак.
1. што. Звязаўшы, завязаўшы вузлом, прымацаваць да чаго‑н. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза і пайшоў .. поруч. Чарнышэвіч. // Прымацаваць да чаго‑н. пры дапамозе вяроўкі, рэменя і пад. [Параход] прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. Лынькоў. За канаўкаю чалавек прывязаў каня да мізэрнай астачы плота і сам крута павярнуў за вугал. Чорны.
2. перан.; каго. Цесна звязаць з кім‑, чым‑н., паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Без млына Нічыпар не мог пражыць. Пятнаццаць гадоў моцна прывязалі яго да старой, пахілай будыніны. Асіпенка. Некалькі разоў за той дзень .. [Антон] ўкрадкам варочаўся да дарогі і кожны раз адыходзіў назад. Але вялікая сіла прывязала яго да гэтага месца. Чорны.
3. перан., каго. Выклікаць прывязанасць да каго‑н. — І наогул — ён асілак-чалавек. Увойдзе, абзавецца і адразу прывяжа да сябе. Лужанін.
4. што. Спец. Звязаць з якім‑н. арыенцірам, суаднесці з чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Напісаць у дадатак да ўжо напісанага. Прыёмшчык у Максімавым лісце прыпісаў Тодарава прозвішча... Чорны. // Дадаць да якога‑н. афіцыйнага дакумента фальшывыя звесткі з якой‑н. карыслівай мэтай. Прыпісаць працэнты выканання плана. □ — Можа б калі і прыпісаў які працадзень, прыкладна, тваёй [Аўдулі] ці другому каму, дык, думаеш, можна? Ермаловіч.
2. Запісаўшы, унёсшы ў спіс, прылічыць, аднесці куды‑н., да чаго‑н. Да свайго надзелу прыпісаў Пракопавай [зямлі] больш як паўдзесяціны, і зямлі не абы-якой. Мележ. Потым князь забраў Данілу, Прыпісаў яго ў свой дом. Колас.
3. каму-чаму. Палічыць уласцівым каму‑н., зробленым кім‑н. «Навошта такі шум? Яшчэ, чаго добрага, усе дасягненні прыпішуць мне аднаму... А што пасля?» — з трывогай думаў.. [Анатоль]. Ваданосаў. [Марына:] — Калі я тых кароў баялася, як чарцей лазатых? Гэта ён сам, мабыць, баіцца, дык от і мне прыпісаў. Сабаленка. // Вытлумачыць што‑н. чым‑н., палічыць вынікам чаго‑н. Поспех акцёра прыпісалі яго прыгажосці.
4. Назначыць хвораму якое‑н. лячэнне; прапісаць. Рыгору Лявонавічу прыпісалі мікстуру і забаранілі размаўляць цэлы месяц. Пянкрат. Доктар прыпісаў .. [хворай] сонца, белы хлеб, малако і гародніну. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыстро́іцца 1, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
1. Прымасціцца, размясціцца дзе‑н. Васілёк прыстроіўся каля табурэткі ў кутку і вельмі пільна ўглядаўся ў малюнкі ў кніжцы. Броўка. Якаў прыстроіўся на дубе, поруч з Юзікам. Чарнышэвіч. // Далучыцца, прыстаць да каго‑н. Касец з Яхіма так сабе, другі год як узяўся за касу, а тут яшчэ ў кампаніі сталых мужчын прыстроіўся Барын бацька. Дуброўскі.
2. Разм. Уладкавацца на работу, заняць якое‑н. месца, становішча ў жыцці. — Каб як гэта мне дзе-небудзь прыстроіцца — рабіць па сваёй сіле, каб ніхто не мяшаў мне жыць. Чорны. — Прыстроімся матросамі. Здорава было б трапіць на кітабойную флатылію. Асіпенка. — Ці не хочаш ты, дзед, ключнікам прыстроіцца? — запытаў Максім Ус. Грахоўскі.
3. Далучыцца да строю, стаць у строй; стаць у рад, у адну лінію з кім‑, чым‑н. Лёдзя, захапіўшы чатыры бляшаныя падносы, прыстроілася да чаргі за абедамі. Карпаў. Асцярожна, як бы баючыся аступіцца, машына выпаўзла з памяшкання і прыстроілася ў канцы калоны. Беразняк.
прыстро́іцца 2, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
Разм. Апрануцца па-святочнаму, прыбрацца. Прыстройся, дзяўчынка-нябожа, Так, як у дзянёчак святы,.. — Сягоння прыедуць сваты. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́зам, прысл.
1. Сумесна, у сукупнасці з кім‑, чым‑н. І радасць уцехі, і горкія слёзы Дзялілі вы, разам ў жыцці ідучы. Броўка. [Пніцкі:] — Адзін скажа, другі скажа, дык яно разам як збярэцца — паглядзіш тады, дык яно нешта і выходзіць. Чорны. — Ну што? наеліся аладак? — Жартуе дзядзька тут з малымі Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі. Колас. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Мацяш.
2. Разм. Адначасова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Канчаўся адлёт жураўлёў, а разам з ім і пагодлівае бабіна лета з яго белымі туманамі, павуцінай на ржышчы і барвовай квеценню лісцяў. Асіпенка. Хоць снягоў на дрэвах пена, Хоць займае вецер дух, — На дварэ заліўся певень Разам з песняй маладух. Янішчыц.
3. У адзін прыём. Амаль улабкі са мной прывіталася Алена Іванаўна. Не разабраўшы, што яна такое сказала мне, я адказаў ёй разам: — Ага, добры дзень. Ермаловіч.
4. Усяго (агульная сума чаго‑н.).
•••
Разам з тым — у той жа час, адначасова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскла́сці 1, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.
1. Пакласці асобна адно ад другога, размясціць па розных месцах. Раскласці яблыкі па кішэнях. □ [Балерын] сам расклаў яешню на тры мелкія талеркі, накроіў хлеба. Якімовіч. [Віктар і Мірон].. расклалі на сонцы і ўсю іншую маёмасць, асабліва запалкі. Маўр. // Пакласці ў пэўным парадку. Раскласці пасьянс. Раскласці бібліяграфічныя карткі па алфавіту.
2. Разгарнуўшы, расправіўшы, палажыць на што‑н. Раскласці падручнік. Раскласці карту. // Разгарнуць што‑н. складное, раскладное. Раскласці крэсла. □ Планшэтку можна было раскласці, як сшытак, а потым скласці назад і зашпіліць на раменьчык. Кудравец.
3. Склаўшы гаручы матэрыял, запаліць; развесці (агонь). Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь. Лынькоў. Любіць яшчэ пісьменнік вечарамі раскласці на двары вогнішча, прысесці ля яго пакурыць... С. Александровіч.
4. Размеркаваць паміж кім‑, чым‑н. Пачалося з таго, што ўстаўныя граматы прывезлі ў Браніборшчыну. Перавялі ў грошы аброк, расклалі ўстаўную суму на ўсе двары, палічылі, колькі пойдзе на кожную наступную дзесяціну зямлі. Караткевіч.
раскла́сці 2, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; зак., што.
Раздзяліць на састаўныя часткі, элементы. Раскласці ваду на кісларод і вадарод. Раскласці вокіс ртуці. Раскласці лік на множнікі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саро́мецца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; незак.
1. Адчуваць сорам, няёмкасць за свае паводзіны, учынкі і пад. [Максім] лавіў сябе на тым, што зайздросціць Мікодыму, і саромеўся гэтага. Машара. Пра гісторыю з лыжамі Воўка саромеўся расказваць у класе. Кавалёў. Пасля.. [Саша] прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям’і, расла без маці. Шамякін.
2. Адчуваць няёмкасць, бянтэжыцца, канфузіцца. Анежка ж, апынуўшыся ўпершыню на такой адзіноце з.. [Алесем], саромелася і таксама маўчала. Броўка. З імі быў Пеця Зварыкін — ціхі, непрыкметны юнак з доўгімі рукамі, якіх ён вельмі саромеўся і таму заўсёды трымаў за спіной. Васілёнак. // з інф. Не адважвацца рабіць што‑н. з-за няёмкасці, сарамлівасці. [Санька] падцягваць саромеецца, бо вельмі ж у яго тонкі голас супраць баса дзядзькі Якуба. Якімовіч. Валя саромеецца хадзіць на гэтыя вечарынкі і сядзіць вось так доўгімі вечарамі. Шамякін.
3. (звычайна з адмоўем). Не цырымоніцца з кім‑н.; дзейнічаць бессаромна, бесцырымонна. — Жылаваты чалавек ты, браце! — падумаў Лабановіч: — Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала. Колас. Не саромеўся [Андрэй] нахлусіць сябру пяць карабоў з коптурам, каб толькі выставіць сябе перад ім ад важным і смелым. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спабо́рніцтва, ‑а, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спаборнічаць; імкненне выявіць перавагу над кім‑н. у дасягненні чаго‑н. Эканамічнае спаборніцтва сацыялізма з капіталізмам. □ Хутка паміж братамі пачалося нейкае ўпартае і своеасаблівае спаборніцтва: кожны стараўся паказаць сябе лепшым, больш учэпістым гаспадаром. Ракітны. Перадаючы змест мастацкага твора сродкамі другой мовы, перакладчык міжвольна ўступае з аўтарам у творчае спаборніцтва. Шкраба.
2. Масавы сацыялістычны грамадскі рух працоўных, накіраваны на выкананне і перавыкананне планаў шляхам павышэння прадукцыйнасці працы і ўдасканалення вытворчасці. Выклікаць на спаборніцтва. □ Раўняйся па лініі ўдарных брыгад! Хто спаборніцтвам там не ахоплены? Крапіва. Калектыву МТС уручалі пераходны Чырвоны сцяг за першынство ў рэспубліканскім спаборніцтве механізатараў. Хадкевіч. Цэхі адзін за другім уступалі ў перадсвяточнае спаборніцтва. Данілевіч.
3. звычайна мн. (спабо́рніцтвы, ‑аў). Спартыўная сустрэча для выяўлення пераможцы. Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. □ Перадавалі.., хто з вучняў перамог у школьных лыжных спаборніцтвах. Шамякін.
4. Спец. Спрэчкі бакоў у спаборным судовым працэсе. Спаборніцтва бакоў у судзе.
•••
Сацыялістычнае спаборніцтва — эфектыўны метад сацыялістычнай і камуністычнага будаўніцтва, павышэння працоўнай і грамадска-палітычнай актыўнасці мае; сродак эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.
1. Сачыць за захаванасцю чаго‑н.; вартаваць што‑н. Я, як кажуць, пры выкананні службовых абавязкаў: коней сцерагу, мала што можа быць. Скрыпка. [Маша:] — Аб усім ты [Павел] паклапаціўся... І выйшла, што я толькі кватэру сцерагу. Гроднеў. // перан. Не даваць парушаць, трывожыць што‑н.; ахоўваць. Шмат год, як дубы ўжо Твой [дружа] сон сцерагуць, А я ўсё змірыцца Ніяк не магу. Гілевіч.
2. і з дадан. сказам. Уважліва сачыць, пазіраць за кім‑, чым‑н. [Ліба:] — Я сцерагла, каб у хаце ніхто не стукнуў. Заперла браму. Гартны.
3. Чакаць каго‑н., падпільноўваць. Хто ведае на вайне, дзе каго смерць сцеражэ. Шамякін. / у паэт. ужыв. Белы вус, як снег калядны, Смех хавае неразгадны, Вы ахвяру сцеражэ. Колас.
4. Клапатліва засцерагаць ад чаго‑н. [Змітрок] верна служыў ляснічаму. Ён сцярог яго ад бяды і немачы, паважаў і любіў, як сына... А ляснічы лічыў яго забойцам. Чарнышэвіч. Клёны шумелі панура, Вецер блукаў у галлі. Дрэўца малое ад буры Дбала яны сцераглі. Смагаровіч.
5. Клапатліва аберагаць, захоўваць. Краіна родная мая,.. Высокі твой дзяржаўны лад У сэрцы дбайна сцерагу я. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)