прыстро́іцца 1, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
1. Прымасціцца, размясціцца дзе‑н. Васілёк прыстроіўся каля табурэткі ў кутку і вельмі пільна ўглядаўся ў малюнкі ў кніжцы. Броўка. Якаў прыстроіўся на дубе, поруч з Юзікам. Чарнышэвіч. // Далучыцца, прыстаць да каго‑н. Касец з Яхіма так сабе, другі год як узяўся за касу, а тут яшчэ ў кампаніі сталых мужчын прыстроіўся Барын бацька. Дуброўскі.
2. Разм. Уладкавацца на работу, заняць якое‑н. месца, становішча ў жыцці. — Каб як гэта мне дзе-небудзь прыстроіцца — рабіць па сваёй сіле, каб ніхто не мяшаў мне жыць. Чорны. — Прыстроімся матросамі. Здорава было б трапіць на кітабойную флатылію. Асіпенка. — Ці не хочаш ты, дзед, ключнікам прыстроіцца? — запытаў Максім Ус. Грахоўскі.
3. Далучыцца да строю, стаць у строй; стаць у рад, у адну лінію з кім‑, чым‑н. Лёдзя, захапіўшы чатыры бляшаныя падносы, прыстроілася да чаргі за абедамі. Карпаў. Асцярожна, як бы баючыся аступіцца, машына выпаўзла з памяшкання і прыстроілася ў канцы калоны. Беразняк.
прыстро́іцца 2, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
Разм. Апрануцца па-святочнаму, прыбрацца. Прыстройся, дзяўчынка-нябожа, Так, як у дзянёчак святы,.. — Сягоння прыедуць сваты. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)