Гале́лы ’шэлег’ (манета; Нас., з заўвагай: «Dinarii Halenses была мелкая саксонская манета»). З формы галеръ ’назва манеты’, якую прыводзіць Булыка (Запазыч., 77), форму гале́лы атрымаць немагчыма, нават калі лічыць, што тут адбылася асіміляцыя: гале́лы < *галеры. Трэба шукаць іншае зыходнае слова. З нумізматычных даследаванняў вядома, што назва манеты denarii Hallenses ці проста Hallenses (ад назвы швабскага горада Hall) ужывалася і ў форме Halleri (гл. R. Kiersnowski, Wstęp do numizmatyki polskiej wieków średnich. W‑wa, 1964, с. 121). Гэта апошняя праз пасрэдніцтва польск. мовы патрапіла ў бел.: гале́лы (націск!) < Halleri (з асіміляцыяй lr > ll).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даве́дацца ’даведацца’ (БРС). Рус. дове́даться, укр. дові́датися, польск. dowiedzieć się, чэш. dověděti se і г. д. Прасл. *dověděti sę ’даведацца’. Звязана з *vědati ’знаць, ведаць’, *věděti ’тс’ (параўн. бел. ве́даць, рус. ве́дать, укр. ві́дати, ст.-рус., ст.-слав. вѣдѣти, чэш. věděti, польск. wjedzieć, славен. védeti, в.-луж. wjedźeć, н.-луж. wjeźeś і г. д.). Параўн. ве́даць (гл. ЭСБМ, 2, 80). Вельмі дзіўна, што гэта слова (*dověděti sę) адсутнічае ў Трубачова, Эт. сл., 5. Калі нават не лічыць яго агульнаславянскім, то прынамсі, у якасці праславянскага дыялектызма яно ўваходзіла ў праславянскі лексічны фонд.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Непералі́ўкі ’безвыходны стан’ (Касп.), ’неспакой, трывога, пагроза’ (Варл.), ’не на жарт’ (Шат.), неперэ́ліўкі, непярэ́ліўкі ’дрэнь справы, бяда будзе’ (Янк. 1, ТС), ст.-бел. непереливки ’не жарты, сур’ёзная справа’ (пач. XVI ст., КГС). Меркаванне Шатэрніка пра запазычанне з польск. nie przelewki ’тс’ не зусім абгрунтаванае, паколькі патрабуе дапушчэння фанетычнай адаптацыі слова ў беларускай мове. Хутчэй можна разглядаць як уласна беларускае ўтварэнне на базе фразеалагізма піва не пераліўкі ’пра цяжкае становішча, калі няма часу на разважанні’, параўн. у скарочаным выглядзе не пераліўкі ’не паласа, нічога добрага не чакай’ (ТС); ад пераліць, гл. ліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падло́га1 ’насціл у памяшканні, па якім ходзяць; пол (пераважна ў жыллёвым памяшканні)’. З польск. podłoga ’тс’ (Махэк, 120), якое ад dłażyć ’рабіць насціл’ (Брукнер, 425).

Падло́га2 ’падвалкі’ (Мат. Гом.), ’падаконнік; падсцілка’ (Бяльк.). Рус. подло́га ’падкладка, падвалю’, укр. підлі́жкі ’вялікія камні, якія падкладваюцца пад асноўныя бярвёны хаты, калі месца няроўнае’, підло́га ’два пярэднія і два заднія слупы ў кроснах’, чэш. podloha, podložka ’падстаўка; падкладка’, серб.-харв. по̏длог, по̏длога ’падсцілка, падкладка, падстаўка, фундамент’, славен. podlóga ’парог; ніжняе бервяно’, балг. подлога ’падкладка, падножка, падстаўка’. Аддзеяслоўнае вытворнае ад podložiti < ložiti (гл. лажы́ць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кара́чкі ’кукішкі, карачкі’ (Шат., Нас., Гарэц., Др.-Падб.), карачы ’тс’ (Сцяц. Нар.), укр. карачки ’тс’, рус. корячка ’тс’ да korakъ (параўн. серб.-харв. ко̏рак, славен. korák ’крок’), якое ў сваю чаргу да korkъ ’нага’ (гл. крок, якое запазычана з польск. мовы) (Трубачоў, Эт. сл., 2, 50, 77–80). Прасл. korakъ паводле Трубачова адлюстроўвае фальшывае поўнагалоссе, якое спарадычна ўзнікала яшчэ ў праславянскі перыяд. Калі гэта так, то лексема карачкі з’яўляецца рэліктам усходнеславянскіх паралеляў да серб.-харв. ко̀рак і іншых паўднёва-славянскіх лексем: карачка < koračьka < korakъ. Форма карачы хутчэй за ўсё другаснае ўтварэнне па аналогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касіе́р ’касір’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. дыял. ка́сієр, польск. (Ліндэ) kassyer, польск. kasjer, балг. касцѐр. У гэтай форме слова з’яўляецца запазычаннем з італ. мовы. Параўн. італ. cassiere ’касір’ (вытворнае ад італ. cassa ’каса’). Пры гэтым варта адзначыць, што, відавочна, у якасці крыніцы выступае італ. cassier — форма, магчымая для некаторых італ. дыялектаў, дакладней для паўночных, дзе часта адпадаюць галосныя ў канцы слоў. Калі гэта так, то мы маем магчымасць удакладніць крыніцу запазычання з пункту гледжання лінгвагеаграфіі і тым самым часткова праясніць роль паўночных італ. гаворак у фарміраванні еўрапейскай лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апру́дзіцца ’цяжка захварэць, акалець’ (Касп.), рус. арх. опру́дить ’пазбавіць жыцця (безасаб.)’; прудить(ся) ’мачыцца ў пасцель’; арл., прудиться ’грэцца каля агню і абіраць насякомых’, укр. прудити(ся) ’выганяць, давіць насякомых з адзення’. Толькі першае рускае значэнне супадае з беларускім; іншыя, магчыма, абазначаюць дзеянні, звязаныя з хваробай, старэннем, яны, напэўна, звязаны этымалагічна з прудить(ся) ’хутка цячы’ < ’гнаць’, што вынікла з прудить ’рабіць запруду’; параўн., аднак, пудзіць. Калі б не арханг. опрудить, магчыма, трэба было б параўнаць беларускае слова з літ. aprūdýti ржавець’. Параўн. яшчэ апрындзіцца. Гл. апруда2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабы́ль ’беззямельны, адзінокі чалавек’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк.). Рус. бобы́ль ’беззямельны селянін, падзёншчык’. Укр. (ст.) боби́льрус. мовы, гл. Рудніцкі, 155). Паходжанне слова няяснае. Няпэўна Мікала, Berühr., 89: запаз. з сканд. *ƀuabóli ’здольшчык’, а таксама Мікала, Ält. Bezieh., 50 (экспрэсіўнае слова, параўн. швед. bobbe, англ. bob ’цяльпук’ і г. д.). Не лепш і Фасмер, 1, 181, які прапануе звярнуць увагу на рум. bobîlcă ’від танца’, bobîlnic ’настурка’. Супраць рум. версіі сведчыць іменна адсутнасць гэтага слова (калі не лічыць запазычання з рус.) ва ўкр. мове. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 147–148.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Куб1 ’геаметрычнае цела’ (ТСБМ). Запазычанне праз рускую мову з нямецкай або непасрэдна з лацінскай (ням. Kubus, лац. cubus) (Шанскі, 2, 8, 427).

Куб2 ’пасудзіна цыліндрычнай формы’ (ТСБМ). Укр. куб, рус. куб ’тс’, ст.-рус. кубъ ’кубак’, н.-луж. kub ’кубак’. Фактычна, апрача ніжнелужыцкіх форм, толькі ўсходнеславянскае. Індаеўрапейскія паралелі: ст.-грэч. κύμβος ’келіх, кубак’, ст.-інд. kumbháḥ ’гаршчок, збанок’. Формы сведчаць аб насавым гуку ў корані. Таму, калі лічыць славянскія лексемы спрадвечнымі, трэба рэканструяваць прасл. kǫbъ. Альтэрнацыя ǫ/u ў даным выпадку малаверагодная (параўн. Слаўскі, SO, 18, 261). Гл. Махэк₂, 243–244.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лазаві́к1 ’мёд, які збіраюць з борцей вясной (астаткі леташняга)’ (Маш.) — ад лазовы мёд < лаза (відавочна, таму, што вясной пчолы збіраюць пылок з коцікаў на лазе і вярбе). Утворана паводле мадэлі верасавы (БелСЭ, 7, 168). Не выключана і магчымасць кантамінацыі лазіць і сакавік (красавік).

Лазаві́к2 ’жыхар балотнага краю’ (экспр.) (Шат.), ’лясун’ (Мат. Гом.). Ад лававы (жыхар) ’які жыве ў лазе’. Да лаза́ (гл.).

Лазавік3 ’вялікі цёмны лешч, які нерастуе ў сярэдзіне красавіка, калі з’яўляюцца першыя лісткі на лазе’ — басейн Нёмана (Жукаў, Рыбы, 1958, 115). Да лаза́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)