Лузга́ ’шалупінне, вотруб’е, луска’, лузґа ’кастрыца льну’ (Нас., Дразд., Гарэц., Грыг., Бяльк., ТСБМ, Выг. дыс.; беласт., Сл. ПЗБ). Укр. лузга́, рус. лузга́ ’тс’, каш. łuzga, lëzga ’гільза’, ’похва’, славен. luzgína ’шалупіны’. Прасл. luzga ’шалупіны, луска’ (Слаўскі, 5, 374–375). Гл. таксама луза́ць і луска́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напашэ́ве ’пад рукамі, нагатове, у патрэбную хвіліну’ (слуц., Вітка, Полымя, 1988, 7, 201), ’на такім месцы, дзе можна ўзяць адразу, не шукаючы’ (слуц., Нар. словатв.), напашэ́я ’пад рукою, навідавоку’ (дзярж., Нар. сл.), напашэўку ’пад рукамі, пад рукой’ (мін., Жыв. сл.; стаўбц., Нар. сл.; Янк. Мат.; шчуч., Сцяшк. Сл.), ’блізка, пад рукамі’ (Сл. ПЗБ). Відаць, са спалучэння на пашэве, дзе другая частка — назоўнік у месным склоне *пашэ́ва ці *пашэ́ўпохва’, параўн. польск. poszew, poszwa ’тс’, першапачаткова ’трымаючы руку на похве са зброяй’; у выпадку спалучэння на пашэўку — ’паклаўшы руку на похву’, параўн. польск. poszewkaпохва’, усё да шыць, шво (гл.). Магчыма і іншая версія, якая ўлічвае наяўнасць у радзе славянскіх моў прыслоўяў тыпу польск. poszewo ’коса, нахілена, крыва’ (магчыма, да szawiać ’кранаць, рухаць’, што Брукнер (542) параўноўвае з chwiać, параўн. ша́ваць ’рухаць’, рус. шевелить ’тс’), славен. pošev ’коса’, асабліва napošev ’коса, накасяк’, што дае падставы гаварыць аб адноснай старажытнасці слова, аднак адсутнасць фіксацыі зыходнай формы ў беларускіх гаворках прымушае лічыцца з магчымасцю запазычання. У карысць апошняй версіі сведчыць, магчыма, і ўкр. на‑похваті ’навідавоку, пад рукой’, дзе другая частка — аддзеяслоўны назоўнік похват (да хватати ’хапаць’); тады магчымае *пашэў ’рух, крананне’ (да шаваць ’рухаць, кранаць’). Цікава, што пры гэтым захоўваецца фармальная суадноснасць з іншым варыянтам назвы ножнаў — похва, што не выключае магчымых збліжэнняў у развіцці семантыкі слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тул1 ‘задняя частка ў процілегласць пярэдняй, у тым ліку патыліца, спіна, азадак’ (Нас., Гарэц. 1, Яруш., Некр. і Байк., Бяльк., Байк. і Некр.); сюды ж ту́лом ‘задам, схіліўшы галаву’ (Нас.). Параўн. рус. фалькл. тул ‘тулава [?]’, смал., валаг. ту́ло ‘тс’ (СРНГ). У сувязі з арэальнай і функцыянальнай абмежаванасцю беларускай формы (першапачаткова фіксуецца ва ўсходняй Магілёўшчыне, пазней са слоўніка Насовіча трапіла ў слоўнікі літаратурнай мовы) з’яўляецца мясцовым варыянтам асноўвай формы тыл (гл.), паралельна з якой ужываецца на адзначанай тэрыторыі. Аб мене ы > у ў гаворках з дысімілятыўным аканнем гл. Нарысы дыял., 53; Крывіцкі, Дыялекталогія, 182. Па меркаванні Куркінай (Этимология–1982, 23), у асобных выпадках можна дапусціць уплыў асновы тулава (гл.). Звяртае на сябе ўвагу славянскае запазычанне ў беларускім ідышы tul ‘тулава, туша’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 807). Фурлан (Jez. zap., 11, 1, 115–124) разглядае як праславянскі анатамічны тэрмін *tȕlъ (далучаючы сюды рэз’ян. túlac ‘патыліца’), утвораны ад прыметніка *tȕlъ ‘тоўсты, тлусты’, што звязана з тыл, тыць (Фасмер, 4, 131). Прапанаваная Фурлан (там жа) далейшая сувязь з *tulъ вытворнага тэрміна харв. zȃtuljak ‘патыліца’ (*zatűlъkъ) з беларускім геаграфічным тэрмінам зату́лак ‘зацішнае месца, куды сонца рэдка заглядвае’ (Нас., ад затуля́ць, (гл. туліць) здаецца штучнай (“закрыта” пярэдняй часткай галавы?).

Тул2, ст.-бел. тулъ ‘калчан, чахол для стрэл’ (XVI ст., ГСБМ, Скарына, Альтбаўэр, ПГС, Ст.-бел. лексікон), ту́ляпохва для стрэл’ (Ласт.). Захавалася як архаізм стараж.-рус. тулъ (тоулъ), ст.-рус. тулъ, у XVIII ст. — туло ‘тс’, ст.-рус. маск. тулъпохва для лука’. Найбольш працяглы час словы тул, ту́ло і вытворныя ад іх ужываліся ў стараўкраінскай мове і ўкраінскай мове пачатку XIX ст.: тульник ‘той, хто вырабляе калчаны’, ‘які носіць калчаны і стрэлы’, тульникі́вна ‘дачка тульніка’, тульниче́нко ‘сын тульніка’, тульничка ‘жонка тульніка’ (гл. ЕСУМ, 5, 671; Адзінцоў, Этимология–1973, 98–101). Польск. tuł, tół, tula, tuleja ‘калчан’ (Варш. сл.), ст.-польск. tuł (да XVII ст.) ‘тс’, чэш. toul, toulec, ст.-чэш. túl ‘калчан’, славац. tulec, славен. tul̑, tul̑ec, tul̑ičeh ‘тс’, ст.-харв. tul̑, харв. tuljac, серб. ту̑л, ту́лац, балг. тул ‘тс’, радоп. ‘скрынка з кары’, макед. тул ‘скураная похва для стрэл’, ст.-слав. тоулъ ‘тс’. Прасл. *tulъ ‘калчан, похва, чахол, футарал’ развілося з і.-е. *tu̯ah₃‑ul‑o, параўн. ст.-інд. tūn̥a‑, tūn̥í, tū́n̥iras ‘тс’ (Фасмер, 4, 117), інд. tūn̥ava ‘дуда’, ст.-грэч. σωλήν ‘труба, жолаб, канал’ (Сной₂, 791). Захаваныя вытворныя ў народных мовах, параўн. туле́йка (гл.), рус. вту́лка ‘трубка, затычка’, балг. дыял.туле́шник ‘жалезная скрынка на свечкі’, ту́ли́ще ‘кошык на арэхі’, макед. охрыд. тулина ‘жывот’ і інш., схіляюць да версіі пра першаснае значэнне ‘покрыва, накрыўка, схоў’ і сувязь з туліць ‘утойваць, хаваць’ (гл.). Агляд і абгрунтаванне версій у ESJSt, 17, 997; Куркіна, Этимология–1982, 21–23; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400; Анікін, РЭС, 9, 95.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуздро́ (пуздрё) ’мачавая машонка ў коней’ (Нас.), мн. л. пу́здра ’пазушныя поласці’ (ТС), пуздра ’ноздра, храпа’: конь пу́здры раздуў, ’тоўсты чалавек’ (Бяльк.), ст.-бел. пуздро ’скрынка’ (< польск. pūzdro, Булыка, Лекс. запазыч., 104), укр. пуздро ’мачавы пухір; машонка ў жывёл; ёмістасць для захавання прыпасаў’, пу́здря ’прышч, пухір’, рус. пуздро ’частка жывата ў жывёлы ніжэй пупа’, пу́здря ’чараваты чалавек’, польск. pūzdro ’машонка ў жывёл’; перан. ’дарожны футарал для захоўвання бутэлек’, славац. pūzdro ’футарал’, чэш. pouzdro ’тс’, славен. puzrovina ’дрэннае, жылістае мяса’, харв. pūzdrą ’penis у жывёл; жылістае мяса’, pūzdro ’частка сарочкі, якая ў малых дзяцей вылазіць праз прарэху штаноў’, серб. пу́здра ’цяціва’; ’penis у жывёл’, балг. пу́здра ’дрэннае поснае мяса, у асноўным з жывата’, макед. пуздра ’жылістае мяса’. Праслав. *puzdro ’машонка; похва’, варыянт *ригьго (Міклашыч, 268) звязваюць з пу́за, пузыр (гл.), ‑d‑ разглядаецца як устаўное, параўн. пузды́р (< пузыр) (гл.), так Брукнер, 449; Праабражэнскі, 1, 151; апошні звяртае ўвагу на паралель у ноздра, параўн. літ. nasrailnastrai ’морда, ноздры’, што адлюстроўвае першасную матывацыю ’наздраватасць, рыхласць’, ’уздутасць’; фармальная сувязь з літ. pautas ’яйка’ і інш. ненадзейная (Фасмер, 3, 403). У святле ўсяго сказавага і па лінгвагеаграфічных прычынах малаверагодна аднясенне пу́здра, пу́здря ’таўсцяк, таўстуха’ (Юрч.) да балтызмаў, параўн. літ. pūzrą ’маленькі, пузаты чалавек, хлопчык; санлівец’, pūzdrą ’хто надуўся’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 126), якія, відаць, запазычаны са славянскіх моў. Праабражэнскі (2, 151), Махэк₂ (476) для чэш. pouzdro, славац., польск. pūzdro ’футарал’ бачаць крыніцу ў гоц. Jodr ’тс’, ст.-в.-ням. fitar, fuotar ’падкладка, чахол, похва’ (сюды ж, відаць, і ст.-бел. пуздро ’скрынка’, а таксама ст.-укр. пуздро, гл. ЕСУМ, 4, 628); гл. таксама Бязлай, 3, 140, насуперак Банькоўскі, 2, 968.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паха, па́хва, пахва́, драг. похва́, па́хвіна, пахві́на, паховіца, пахво́ ’унутраная частка плечавога выгібу, падпаха’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Мядзв., Дразд., Бум., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Сцяшк., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’сама рука’ (Нас.), петрык. ’частка рукава ў сарочцы пад пахай’ (Шатал.), ’падуздышная ўпадзіна ў жывёл’ (даўг., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’пасма валасоў, лёну’ (Касп.), пахві́ны ’частка цела ад ног да рэбраў’, па́хі ’крылцы або верхнія лапаткі ў чалавека’ (Нас.), пах ’падпаха’ (Мат. Гом.). Укр. паха́, пахва́ ’тс’, рус. пах, паха́ ’упадзіна’, ’пазуха’, ст.-рус. пахъ ’падуздышная ўпадзіна’, польск. pacha, ’пазуха, падпаха’, pachwina, чэш. pach ’пахвіна’, в.-луж. podrach ’падпаха’, серб.-харв. паху̀љ, па̀хуља ’пучок’, ’пасма’, балг. пах ’тс’. Можна, відаць, дапусціць прасл. paxъ ці paxy (Р. скл. paxъve), якія будуць роднаснымі да ст.-інд. pakṣás ’плячо, бок, палавіна’, pákṣas ’бок’, pājasyám ’брушная поласць’. Аднак некаторыя зах.-слав. формы (чэш. paždí, славац. podpažie, н.-луж. podpaža ’падпаха’) сведчаць пра зыходнае pazь (гл. пазуха), якое з *paz‑duxa, параўн. славен. pázduha, лат. podusē ’падпаха’. Такім чынам, можна гаварыць пра прасл. дублет paxъ/pazъ. Першы з іх узводзіцца да і.-е. *pā̆kʼ‑ (ст.-інд. pāśaḥ ’пятля, сувязь, вяроўка’, pákṣás ’плячо, бок, палавіна’, ст.-англ. foēgan ’звязваць’, ст.-грэч. πέσσω ’умацоўваю’) (Педэрсэн, IF, 5, 49 і 60; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 11), другі да *pāgʼ‑ (лац. compāges ’сувязь, сутык’, pango ’ўмацоўваю’, ст.-грэч. πάγη ’пятля’) (Мартынаў, Слав. акком., 126). Менш імавернымі здаюцца меркаванні Брукнера (389) і (KZ, 43, 309), Мукі (2, 98) пра скарачэнне слова pazuxa ў paxъ. Няма патрэбы гаварыць пра запазычанне з польск. мовы (Кюнэ, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ток1 ’струмень, цячэнне, плынь’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’электрычны зарад у правадніку’; ’электрычная энергія’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. токъ ’плынь’ (1535 г., КГС); часцей у спалучэннях выток, паток, атока (гл.). Параўн. рус. ток старое ’цячэнне’, ’электрычнасць’, польск. tok ’цячэнне, ход’, чэш. tok ’цячэнне, струмень’, славац. tok ’цячэнне’, н.-луж. tok ’рэчка’, славен. tok ’плынь, цячэнне’, серб.-харв. то̑к ’цячэнне; ход, напрамак’, балг. ток ’электрычнасць’, рэдка ’цячэнне’, макед. ток, тек ’цячэнне, ход’, ст.-слав. токъ ’цячэнне, плынь, струмень’. Прасл. *tokъ, роднаснае літ. tãkas ’сцежка, дарожка’, лат. taks ’тс’, што да і.-е. *tek‑ ’ісці, рухацца’ (Фасмер, 4, 69; Бязлай, 4, 191; Борысь, 637; Шустар-Шэўц, 1512), гл. цячы.

Ток2 ’гумно’ (ТСБМ, Касп., Варл., Сл. ПЗБ; леп., Яшк. Мясц.; ПСл, ТС; астрав., Ск. нар. мовы), ’будынак, дзе малоцяць’, ’гумнішча’, ’прыгуменне’ (полац., віл., арш., талач., ельск., ЛА, 4), ’месца ў гумне для малацьбы’ (Нас., Шат., Некр. і Байк., ПСл, Ян., Сцяц. Сл., Сцяшк., Бяльк.; ашм., Стан.; Мат. Гом.), ’пляцоўка для абмалоту збожжа’ (ТСБМ; ст.-дар., Нар. ск.), ’свабоднае роўнае месца, пляц, плошча’ (Ласт.), ’глінабітная пляцоўка’ (ТС, ЛА, 4), ’земляная падлога (звычайна гліняная)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Мат. Гом., Ян., ПСл; палес., Шатал.), ’под у печы, чарэнь’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Сцяц., Гіл.; палес., Шатал.; ЛА, 4), істо́к ’тс’ (ЛА, 4), ток ’цвёрдае дно (вадаёма, ракі)’ (лун., Шатал.), тэк ’земляная падлога’ (там жа), тык ’пляцоўка для малацьбы ў гумне’ (кам., Сл. ПЗБ), тӥк ’тс’, ’глінабітная падлога’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тік ’тс’ (Сл. Брэс.), сюды ж токо́ваты, токо́васты ’цвёрды, утоптаны, выбіты’ (ТС), ст.-бел. токъ ’ток, пляцоўка для абмалоту збожжа’ (1559 г., КГС). Укр. тік ’памяшканне для малацьбы’, рус. ток ’расчышчанае месца, пляцоўка для малацьбы, ачысткі і прасушкі збожжа’, польск., славац. дыял. tok ’тс’, балг. дыял. ток ’гумно, месца малацьбы’, ст.-слав. токъ ’тс’. З прасл. *tokъ ’утаптанае для малацьбы месца’, а літаральна — ’месца, дзе бегаюць коні ці іншая жывёла, з дапамогай якіх малоцяць (пры старым спосабе малацьбы)’. Роднаснае (з чаргаваннем галосных) да прасл. *tekti ’бегчы, цячы’ (Фасмер, 4, 69, 70; Брукнер, 573; Махэк₂, 646; ЕСУМ, 5, 578).

Ток3 ’растоплены, вытаплены тлушч’ (Мат. Гом., ТС; брагін., Нар. словатв.; жытк., Жыв. сл.; мазыр., ГЧ), ’тлушч’ (Шатал., ПСл), ’тук’, ток, тук ’тлушч’, ’тлушч са смажанага сала’ (Сл. Брэс.). Укр. дыял. ток, тік ’растоплены тлушч’. З іншым вакалізмам роднаснае да цячы < прасл. *tekti. Параўн. тук, гл.

Ток4 ст.-бел. ’утулка з дном, у якую укладалі задні канец гусарскай дзіды, каб павялічыць сілу удару’ (Arche, 2008, 1–2, 85). Параўн. укр. точо́кпохва для бруска ў касароў’, польск. tok ’трубчастая падстаўка, у якую ўстаўляецца канец дзіды’, ст.-польск. tok ’карыта, жолаб’, ’кадаўб’, славен. tok ’калчан’, серб.-харв. ток ’тс’, то̀чир ’пасудзіна з рога для бруска ў касароў’, ст.-слав. токъ ’калчан’. Этымалогія няпэўная. Борысь (637) лічыць аддзеяслоўным назоўнікам ад *tekti (гл. цячы) са значэннем ’тое, што робіць мажлівым цячэнне, напр., карыта’. Акрамя магчымага запазычання з венгерскай і румынскай моў (Скок, 3, 479), што цяжка давесці, прапануецца сувязь з *tъkati (Бязлай, 4, 148–149) (гл. тыкаць) або з *točiti ’вастрыць’ (ЕСУМ, 5, бі 1), гл. тачыць.

Ток5 ’шлюбныя гульні глушцоў, цецерукоў і іншых птушак, такаванне’, ’месца, дзе такуюць цецерукі, глушцы, бакасы’ (Некр.), на таку́ ’падчас такавання’ (Пятк. 1), ст.-бел. токъ ’такавішча (цецерукоў)’ (1663 г., КГС). Гл. такаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)