ПО́ХВА,
1) абкладка розных органаў у жывёл і раслін (напр., П. нервовага валакна, П. ліста — ніжняя ч., расшыраная ў выглядзе жалабка або трубкі). Наяўнасць (або адсутнасць) і форма П. — пастаянная прыкмета ў сістэматыцы раслін.
2) Уцінанне скурных покрываў у жывёл, якое служыць умяшчальняй некат. органаў (напр., П. языка ў змей).
3) Канечны аддзел палавых праток самак млекакормячых (акрамя аднапраходных), што злучае шыйку маткі і мочапалавы сінус, які ўтварае пераддзвер’е П. У жанчын — мышачная расцяжная трубка ў малым тазе паміж мачавым пузыром і мочаспускальным каналам спераду і прамой кішкай ззаду.
т. 12, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДНЕРЭЛЁЗ, бактэрыяльны вагіноз,
бактэрыяльная хвароба палавых органаў чалавека. Узнікае ў выніку замяшчэння іх нармальнай мікрафлоры анаэробнымі бактэрыямі (напр., гарднерэла, адсюль назва). Перадаецца палавым шляхам. Найчасцей хварэюць жанчыны (паражаюцца похва і шыйка маткі), радзей мужчыны (пашкоджваюцца мочавыдзяляльны канал і прастата); магчыма ўнутрывантробнае інфіцыраванне плода. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Сімптомы: звадкаваныя выдзяленні з похвы і мочавыдзяляльнага канала з непрыемным пахам, сверб і смыленне ў палавых органах. Лячэнне: антыбіётыкі, змазванне слізістых абалонак похвы спец. растворамі.
т. 5, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГІНІ́ЗМ (ад лац. vagina похва),
сутаргавае скарачэнне мышцаў похвы і тазавага дна, спазма мышцаў сцёгнаў, што перашкаджаюць правядзенню палавога акта; разнавіднасць сексуальнай дысфункцыі. Можа прывесці да віргагаміі (дзявоцкі шлюб). Вагінізм узнікае пад уплывам фіз. і псіхічных фактараў (гвалтоўныя і грубыя паводзіны партнёра, пачатак палавога жыцця, неасцярожны гінекалагічны агляд урача), пры заўчасным семявывяржэнні, адсутнасці эрэкцыі, нерашучасці, недастатковай патэнцыі мужа, як засцерагальны механізм ад цяжарнасці. Узнікненню вагінізму спрыяюць пэўныя рысы характару жанчыны, антыпатыя да партнёра і інш. Вагінізм адрозніваюць ад псеўдавагінізму (бывае пры запаленчых працэсах, заганах развіцця палавых органаў).
І.У.Дуда.
т. 3, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГІНІ́Т (ад лац. vagina похва + ...іт),
кальпіт, запаленчы працэс сценак похвы. Прычына вагініту — парушэнні трофікі тканак похвы, абумоўленыя мясцовымі (хім., мех. пашкоджанні) і агульнымі (эндакрынныя расстройствы, інфекц. хваробы, хваробы абмену рэчываў) фактарамі. Найчасцей бывае серозны (гнойны) вагініт. Сімптомы і прыкметы: патаўшчэнне і пачырваненне слізістай абалонкі (магчымы эразійныя працэсы), выдзяленні з похвы, т-ра. Запаленне можа быць. другасным пры запаленчых працэсах маткі, прыдаткаў. Сенільны (узроставы) вагініт развіваецца ў перад- і пасляменструальны перыяды. Трыхаманіядны вагініт выклікаецца похвеннай трыхаманадай. Прыкметы: выдзяленні вадкія, жаўтаватага колеру, сверб, смыленне, прэласць скуры вонкавых палавых органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вагініт у жывёл бывае пры траўмах похвы, а таксама калі ў слізістую абалонку трапляюць хваробатворныя мікраарганізмы.
І.У.Дуда.
т. 3, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)