те́рние ср., уст.

1. (о растении и перен.) це́рні, -няў мн.;

2. (колючки) калю́чкі, -чак мн.; ед. калю́чка, -кі ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Лопуцень ’лопух павуціністы, Arctium (L.) tomentosum Mill.’ (брэсц., Кіс.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ень ад ⁺лопут‑, якое, магчыма, генетычна суадносіцца з літ. lapúotas ’ліставы’, ’пакрыты лістамі’ — менавіта так выглядаюць учэпістыя калючкі лопуху.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́чкі1. Гл. су́чка2.

Су́чкі2калючкі’ (Барад.), ’сабачкі, расліна Bidens L.’ (Некр. і Байк., Бяльк.), ’ваўчкі, Bidens tripartita L.’ (Касп., ЛА, 1), ’расліна ваўчкі або адвар з іх’ (круп., Сл. ПЗБ; рас., в.-дзв., Шатал.), ’дзядкі, Agrimonia eupatoria L.’ (Кіс.). Да сучка1; параўн. ваўчкі, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

це́рні, ‑яў; адз. няма.

1. Уст. і кніжн. Пра калючыя расліны, а таксама калючкі на іх. Сонца ўзыдзе прыгожае, Цемра адхлыне варожая, Церні завянуць калючыя, Раны загоім балючыя. Пушча. — Зірні, — паказаў ёй [Лесі] Мяржынскі. — Усё заглушыў шэры камень: Дубы, непакорныя церні, А кветка прабіла яго. Жычка.

2. перан. Цяжкасці, пакуты, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху чалавека (паэта, мастака, вучонага і пад.). [Ярошка:] — Раз ты такі самакрытычны, то будзь гатовы да ўсяго: да лаўраў і да церняў. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лі́чнік1 ’лік простага дробу, які стаіць над рысай’ (ТСБМ). Запазычана з польск. мовы, дзе licznik ’тс’ (з XVIII ст.) < liczyć ’лічыць’ (Слаўскі, 4, 243–244) з’яўляецца калькай з с.-лац. numeralor ’лічыльнік’ < лац. ’той, хто лічыць’.

Лі́чнік2 ’апаўшыя камлючкі з хвоі або елкі’ (івац., Нар. сл.). Можна дапусціць роднаснасць са ст.-польск. licznik ’самшыт, Buxus sempervirens L.’ (Слаўскі, 4, 244), утвораным ад лац. lycium ’лікій — лякарства, якое складалася з сокаў розных раслін, у тым ліку і самшыту, крушыны’ > ’сок самшыту’ > ’самшыт’. Аднак больш імаверна, што гэта слова ўзыходзіць да ⁺іглічнік (< ігліцакалючкі з хвоі ці елкі’) — з адпадзеннем пачатковага і‑, а пасля і ‑г‑ (як, напрыклад, бел. лянь! < глянь!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́нік ’расліна ляскаўка, Silene cucubalus’ (віц., Кіс.). У іншых мовах адпаведнікаў як быццам няма. Не вельмі яснае паходжанне, магчыма, да калоць, параўн. рус. алан. колетуха ’расліна Cirsium, чартапалох’. Што датычыць семантыкі, падставы для такога меркавання ёсць — у некаторых відаў Silene як лісце, так і плады пакрыты восцю. Параўн. яшчэ рус. дыял. колкий у назвах раслін, у якіх ёсць калючкі, рожкі і да т. п., гл. СРНГ, 14, 137. Не выключана таксама, што тут утварэнне ад калоць ’расшчапляць і да т. п.’; семантыку тлумачаць нар. сінонімы: бел. ляскаўка. лускаецца, луснец, рус. хлопушка і да т. п. Гэтыя супастаўленні, аднак, не вельмі дакладныя. Магчыма, неабходна меркаваць аб утварэнні ад калець (Сколеть), параўн. калелая як назва хваробы (гл. ніжэй). Словаўтваральна гэта было б больш надзейна (*колетная трава), параўн. зах.-сіб. каленная ’расліна Dracoccphalum thymiflorum, змеегалоўнік’ — лекавы сродак ад радзімае, прыладка (хваробы ў маленькіх дзяцей), які суправаджаецца сутаргамі. Аднак рускі прыклад двухсэнсоўны, паколькі семантыка лацінскай назвы сведчыць хутчэй на карысць першай прапанаванай версіі. Магчымая сувязь з каляя не пераконвае па семантычных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

калю́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які колецца, можа рабіць укол. Калючыя шыпы ліян ранілі .. рукі і рвалі вопратку. Самуйлёнак. Пад нагамі шумна зашастаў калючы ржэўнік. Якімовіч. // Які выклікае балючае адчуванне ўколу. Нізка плылі цяжкія хмары, сыпаўся калючы халодны снег. Лупсякоў. Толькі вецер ганяў калючы пясок па дарозе. Шыцік.

2. Які мае калючкі. Калючы дрот. Калючы куст. □ [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль.

3. перан. Востры, са злой насмешкай. Бацька ў роспачы, у злосці Кінуў жмут калючых слоў. Колас. // Злы, нядобры (пра погляд, вочы і пад.). Людзі слухалі паказанні, і твары іх камянелі, сухімі, калючымі рабіліся іх вочы. Лынькоў. Позірк Шамоты быў стрыманы, калючы, недаверлівы, позірк Варановіча — вясёлы, усмешлівы, з нейкай вострай думкай у вачах. Дуброўскі.

4. перан. Які непрыхільна, недаверліва ставіцца да ўсяго; нелюдзімы, злосны (пра чалавека). Паходню варта было б правучыць — занадта ён ужо порсткі і калючы стаў у апошнія гады. Хадкевіч.

5. перан. Асляпляльны, рэзкі, яркі (пра святло). Лежачы на цвёрдым белым стале, аслепленая калючым святлом, яна [Лёдзя] адчувала, што траціць апошнія сілы. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жасцёр ’куст або дрэва сямейства крушынавых, Rhamnus L.’ (ТСБМ), жасты́рь ’расліна, якая ’ўжываецца, калі баляць зубы або жывот’ (Нас.), жыстор, жысцёр(ына), жыстар, жысцяр(ына), засцір (Кіс.). Рус. жо́стер, же́стер, жесть, же́рест, укр. жо́стир, жестер, жосціл, ст.-польск. rzeszecina, rzeszenica, trzęsiecina, польск. szakłak, sakłak, szelestena, szestelena, н.-луж. rašeśin, raśešyna ’тс’, балг. дыял. жѐщель ’Acer tataricus’, шѐстил ’Acer platanoides’, серб.-харв. же́шља, жѐстика, же̏ст, же̑ст, жѐстила ’Acer tataricus’, славен. žestílj, žestika ’Acer monspessulanum’. Паводле Петарсана (Lunds Univ. Arsskr. NF., Bd. 19, № 6, c 41 і наст.), роднаснае англа.-сакс. gorst ’дзікі цёран’, ст.-інд. ghr̥stis̥ ’дзікі кабан’, рус. жерех, але найстаражытная форма няясная (Фасмер, 2, 49). Скок (3, 677) суадносіць з же̏сток ’жорсткі’, што патрабуе семантычнага ўдакладнення. Гл. яшчэ Махэк, Jména rostl., 145. Улічваючы, што жасцёр мае калючкі, ці не трэба параўнаць з і.-е. сям’ёй назваў раслін, да якой належаць ням. Gerste ’ячмень’, магчыма, грэч. ἄ‑χερδος ’дзікая груша, глог’, *g̑herzd(h) ’калючае’ (гл. Покарны, 1, 446), аб чым між іншым можа сведчыць і тое, што назва жэстэлина выкарыстоўваецца і для назвы калючай слівы ’Prunus spinosa L.’ (стол., Лексика Пол., 420) побач з назвай для жасцёра (жыстылы́на, стол., Нар. лекс., 124). Гл. жарства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калёныя ў выразе калёныя або вадзяныя арэхі ’расліна Trapa natans’. (Дэмб.). Адпаведнікаў у іншых бел. гаворках як быццам няма. Таксама нельга з упэўненасцю меркаваць аб іншаславянскіх паралелях. Семантыка беларускага слова не вельмі ясная. Вядома, што арэхі ўжывалі ў ежу як у сырым выглядзе, так і прыгатавання. Магчыма, слова неабходна разглядаць як вытворнае ад паліць ’смажыць і да т. п.’, параўн. рус. наўг. калить ’грэць’, кастр. ’кіпяціць ваду’, вяц. калить яйца ’запякаць яйкі ў закрытым гаршку без вады, у печцы’. Іншая магчымасць тлумачэння — сінонім, зафіксаваны таксама на Магілёўшчыне — каменныя арэхі. Калі разумець каменны як цвёрды, то калены ад паліць ’гартаваць’. Параўн. да семантыкі і формы рус. бран. калёный ’цвёрды’: «Кружовник калёный» (СРНГ, 12, 351), хоць тут, магчыма, адпаведнік бел. каляны (rл.). Разам з тым імаверна, што гэта назва адпавядае рус. дыял. колкие орехи, укр. дыял. їжачок, рагатка, ням. Stachelnuß, Spitznuß. У такім разе да калоцьf аднак словаўтварэнне не вельмі яснае. Параўн. рус. сіб. каленная ’расліна змеегалоўнік Dracoccphalum thymiflorum’ прыклад двухсэнсоўны, не выключана, што семантыка менавіта такая і паходзіць таксама ад калоць. Гл. колкай у назвах розных раслін, якія маюць калючкі. рожкі і да т. п. (СРНГ, 14, 137).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

упі́цца 1, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Прысмактацца да чаго‑н. Упілася п’яўка ў цела. Упіўся камар у шыю. // Прыпасці губамі. А яна куды там — абхапіла мяне аберуч за шыю, упілася ў вусны. Быкаў. // перан. Глыбока ўрэзацца ў што‑н. Гаспадыня звязала [Дзячкову] рукі. Вяроўка балюча ўпілася ў цела. Асіпенка. // перан. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Тонкія пальчыкі дзяўчыны ўпіліся ў колцы кантролераў. Арабей.

2. Уваткнуцца вастрыём, глыбока ўвайсці, улезці ў што‑н. Першы мядзведжы ўзмах — і сякера ўпілася ў карычнева-сівы камель. Брыль. Блізка праракатаў аўтамат... Кулі ўпіліся ў яліну, пасыпалася кара. Ставер. [Асколак] прабіў халяву бота і ўпіўся да косткі. Федасеенка. Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Калючкі на ўсю даўжыню ўпіліся ў нагу. Мележ. [Генадзь] ляжаў на мастку, унурыўшы галаву, і чакаў, што вось-вось увап’юцца воўчыя іклы ў цела. Сабаленка. // Усадзіць зубы, кіпцюры і пад. у што‑н. І тады і пасля.. [Шурка] не памятаў, як кінуўся на п’янага айчыма, як упіўся зубамі ў яго чорны, прамазучаны маслам і бензінам кулак. Васілевіч. Надзя з прагнасцю ўпілася зубамі ў сала і чэрствы, прапахлы кменам хлеб. Бураўкін. // перан. Утаропіцца (пра вочы, позірк). [Хлопец] стаяў па ўскрайку катка без канькоў, і чорныя жывыя вочы яго.. нібы ўпіліся ў Надзю. Хадкевіч. Глянуў туды і Андрэй, куды упіўся напружаны і павесялелы позірк байца. Кулакоўскі.

•••

Упіцца вачамі — пільна, уважліва глядзець на каго‑, што‑н.

упі́цца 2, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Напіцца дап’яна. [Сваха:] — Мае галубочкі, да мяне і першую чарку пускалі, і другую, і... я ўжо ўпілася. Чорны.

2. перан. Атрымаць асалоду, зачаравацца чым‑н. Упіцца водарам. Упіцца музыкай. □ Сэрца Косці ўпілося такім нямым шчасцем, якога ён яшчэ ні разу не адчуваў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)